Вы тут

Добры старт для будучых чэмпіёнаў


Лядовы палац, узведзены па даручэнні Прэзідэнта Беларусі, 31 студзеня адкрыты ў Светлагорску. Наваселле ў шматфункцыянальным спартыўным будынку адзначылі матчам дзіцячых каманд Гомельскай і Бранскай (Расія) абласцей. 


Сучасны спартыўны палац — доўгачаканая падзея не толькі для жыхароў буйнога райцэнтра, але і спартыўнага асяроддзя Гомельшчыны ў цэлым. У лядовым палацы ў Светлагорску цяпер ёсць магчымасць актыўна развіваць хакей з шайбай і фігурнае катанне. 

Гонар палаца — лядовая арэна — класічная канадская пляцоўка памерам 60 на 26 метраў. Для яе абслугоўвання комплекс аснашчаны сучасным халадзільным абсталяваннем, сістэмай кандыцыяніравання, электроннымі лёдазалівачнымі камбайнамі. Сёння ў палацы прыняты на працу штатны трэнер, які праводзіць набор юных хакеістаў. Яны ўжо пачалі падрыхтоўку. Ёсць перспектывы і для культывіравання ў раёне фігурнага катання. 

Між тым у палацы будуць праходзіць і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, спаборніцтвы, аздараўленчыя і вучэбна-трэніровачныя заняткі. Дарэчы, на лядовай арэне арганізуюць і масавае катанне на каньках для ўсіх ахвотных: прадугледжаны пакоі для захоўвання, завострывання, сушкі і выдачы канькоў. 

У палацы акрамя лядовай арэны размясцілася залы харэаграфіі, акрабатыкі, адпрацоўкі кідкоў, навучальны клас, трэнерскія і судзейскія пакоі, раздзявалкі для спартсменаў, а таксама трэнажорная зала плошчай 180 «квадратаў». 
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага спартыўнага аб’екту ў Светлагорску прынялі ўдзел старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз. Кіраўнікі беларускага і расійскага рэгіёнаў асабіста апрабавалі магчымасці і абсталяванне кідковага пакоя палаца.

— Сёння ў спартыўнай гісторыі Светлагорска адкрылася новая цікавая старонка. Горад атрымаў для развіцця зімовых відаў спорту сучасную лядовую арэну, — павіншаваў жыхароў і гасцей райцэнтра старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёну, адкрыццё чаканага спартыўнага аб’екта дапаможа рыхтаваць перспектыўных спартсменаў, ігракоў прафесійных каманд. Лядовы палац — выдатная магчымасць карысна і цікава праводзіць час усім ахвотным аматарам здаровага ладу жыцця.

Павіншаваў жыхароў Гомельшчыны і губернатар Бранскай вобласці Расіі Аляксандр Багамаз. Па словах кіраўніка расійскага рэгіёна, сімвалічна, што самыя маленькія хакеісты Гомельскай і Бранскай абласцей першымі апрабавалі лёд новенькай светлагорскай арэны. Тут прайшоў сяброўскі матч паміж дзіцячымі камандамі беларускага і расійскага рэгіёнаў.

— Я як балельшчык і мы ўсе хваляваліся, балелі. Гэта была годная гульня дзвюх каманд, — падзяліўся ў размове з журналістамі губернатар Бранскай вобласці. — Самае галоўнае, заўжды падкрэсліваю, што хлопцы, якія сёння гулялі — гэта будучыня нашых краін. Гэта не толькі хакеісты — гэта і будучыя кіраўнікі раёнаў, абласцей, будучыя міністры, прэзідэнты, магчыма. Тое, што мы закладвае разам, каб як мага болей згуртоўваць нашых дзяцей — у нас працуе шмат праграм сярод школьнікаў, каля ста мерапрыемстваў мы правялі за мінулы год — каб дзеці і спаборнічалі, і сябравалі потым па жыцці. 

Каб прывітаць жыхароў горада і павіншаваць з адкрыццём лядовага палаца ў Светлагорск з хакейнай камандай прыехаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый Баскаў. Ён падзяліўся, што без сумненняў Светлагорск абяцае стаць хакейным цэнтрам прыцягнення. 

— І ў наступны раз мы прыедзем сюды ўжо глядзець на мясцовых дзяцей, якія будуць радаваць нас сваімі перамогамі. Бо пабудаваць лядовы палац — адно, а насыціць яго жыццём — зусім іншае. Перакананы, што ў жыхароў, кіраўніцтва горада гэта атрымаецца, — адзначыў Дзмітрый Баскаў. 

Парламентарый у чарговы раз нагадаў, наколькі значная ўвага надаецца сацыяльнай дзяржаўнай палітыцы ў нашай краіне. 

— Будаўніцтва такога роду аб’ектаў — у тым ліку яе неад’емная частка, неабходная для развіцця новага пакалення беларусаў. Давайце ўзгадаем пачатак двухтысячных гадоў, калі па даручэнні Прэзідэнта пачалі будаваць лядовыя палацы. Сёння мы бачым тое пакаленне беларусаў з розных рэгіёнаў, якія трапляюць у лепшыя каманды НХЛ, вялікую колькасць дзяцей, якія выігрываюць міжнародныя спаборніцтвы, — падкрэсліў Дзмітрый Баскаў. 

Між тым сёлета на Гомельшчыне плануецца справіць наваселле шэрагу спартыўных комплексаў — узводзяцца стадыёны ў гарадскім пасёлку Карма, у Нароўлі, запланавана адкрыццё ўнікальнага для рэгіёна палаца гульнявых відаў спорту ў Мазыры.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.