Вы тут

Горкія вішні, або з такімі сябрамі і ворагаў не трэба


Горкія вішні,

або З такімі сябрамі і ворагаў не трэба

Фота: pixabay.com

...Мікола з Паўлам блізкімі знаёмцамі ніколі не былі, але і чужымі, здаецца, таксама: на адным заводзе працавалі, часам размаўлялі — адзін пра аднаго хоць нешта ды ведалі. Мікола, у прыватнасці, жыў у камунальнай кватэры, Павел — у асобным доме са сваім агародам і нават садам.

Дык вось. Надумала неяк жонка першага зварыць на зіму духмянага вішнёвага варэння, узяла Міколу пад руку — у нядзельку ўдваіх ідуць на рынак па вішні. І трэба ж — Павел насустрач! Павіталіся, сказалі, куды ідуць... Той адразу ж з пытаннем:

— Людзі, а навошта вам рынак? У мяне гэтых вішань сёлета — хоць вазамі вазі! Дразды не склююць... Пайшлі са мной — наабіраеце, колькі захочаце!

Мікола памкнуўся адмовіцца, бо чуў, што ў Паўла снегу зімой не выпрасіш, але... не паспеў, бо жонка ўжо загарэлася: згадзілася, пацягнула яго да Паўлавай сялібы.

Вішань там было шмат — старых, высокіх (метры па чатыры), але ж прыйшлі — значыць, трэба лезці... І Міколавай жонцы — хоць трохі зручней, бо па драбіне. А вось яму самому прыйшлося чапляцца па дрэве, асцерагацца, каб, не дай бог, не зламаць нейкі сук, не пакінуць ягад ды не парваць новыя порткі…

Намучыліся, карацей, абое, змарыліся, а толькі прыселі, каб даць адпачыць рукам і нагам, — гаспадар падыходзіць, пытае:

— Ну, як разлічвацца будзем?

— Ды па сумленні, — кажа Мікалай.

— Тады паслухайце: расклад такі, — пачынае даводзіць Павел. На рынку вядзерца вішань каштуе шэсць рублёў. Але ж ягады там усялякія. А ў мяне вы рвалі найлепшыя (?) — якія хацелі. То за два вядзерцы плаціце па сем і разыдземся.

Жонка Мікалая аж здрыганулася ад гэтых слоў! А вось сам Мікола, здаецца, не: падаў гаспадару пятнаццаць рублёў:

— Рэшты, — сказаў, — не трэба. Рубель — за арэнду драбіны.

...Усю дарогу дамоў жонка ледзь не плакала: казала, што не трэ было ісці да Паўла, шкадавала змарнаванага часу, заплачаных грошай, сваіх да крыві падрапаных рук, парванай сукенкі... Ёй не хацелася больш вішнёвага варэння — ні варыць, ні есці.

Але ж гэта яшчэ не канец гісторыі.

Пакуль абіралі вішні, высветлілі, што ў абедзвюх сем’ях былі сабакі адной і той жа пароды — толькі ў Паўла «дзяўчынка», а ў Міколы — «хлопчык».

— Дай на вязку свайго кабяля, — папрасіў неяк Павел. — З’явяцца шчанюкі, — аднаго табе аддам. Сам выбераш... Якога захочаш.

«З твайго двара не захачу ніякага», — так хацеў адмовіць Мікола, успомніўшы вішні. Аднак стрымаўся: уголас сказаў, што сабака трохі прыхварэў…

— Шкада, — уздыхнуў Павел. — Я думаў, што мы табой сумесны бізнес адкрыем, будзем шчанят прадаваць, сябрамі станем.

«Ты мне ўжо вішань прадаў, — успомніў Мікола. І зноў прамаўчаў.

А нехта ж, напэўна, згадзіўся? Бо не ведаў, што з некаторымі сябрамі і ворагаў не трэба.

Васіль КАБАЧЭЎСКІ

г. Орша


Прыйшоў нязваны 

і ідзі нягнаны

Студзень, дзень, бадзёры марозік, пад нагамі рыпіць сняжок. Крочу да аўтакрамы. Па дарозе да мяне далучаецца сябар маленства і таксама вялікі аматар праўдзівых звяздоўскіх гісторый.

— Апошнім часам, — кажа, — пра паляўнічых ды рыбаловаў друкавалася шмат... Можна б і пра нашага Пятровіча... Помніш, як мы яму зайца ў двор загналі?

— А як жа! Вёска з тыдзень смяялася!

...Зіма ў той год была досыць халодная, але ж нас, хлапчукоў, гэта не палохала. Не мелі мы ні камп’ютараў, ні планшэтаў, ні «мабілак», а вось лыжы ды санкі былі ці не ў кожнага. «Гайда на іх да жвіроўні!», — прапанаваў нехта, і мы ўсім кагалам рванулі з месца.

Жвіроўня (вяскоўцы там бралі пясок) была зусім недалёка, побач з полем, з маладым калгасным садам. Для зайцаў — самае тое, бо ў садку ды на полі з азімымі (на адкрытых участках снег здзімала) — для іх добрая сталоўка, у самой жвіроўні — лежні... Заяц там сёмы сон, можа, бачыў, а тут мы — на лыжах.

Касы падхапіўся, падскочыў уверх і даўся ў бок чыгункі. Мы — ну як было ўтрымацца?! — кінуліся ўслед, нават, здаецца, дагналі: заяц, добра такі адбегшы, прысеў на заднія лапы і нібыта чакаў... Потым рэзка сарваўся з месца, даў цягу — уздоўж пасадак, цераз лог — а далей — знік у вясковых гародах!

І ўжо там, мусіць, аддыхвацца хацеў, як насустрач (мы пра гэта потым даведаліся) выскачыў дзядзька Пятровіч, наш паляўнічы. Ён, аказваецца, сеў абедаць, глянуў у акно і вачам не паверыў — заяц пад яблыняй, сярод белага дня…

Дзядзька стрэльбу з цвіка і ледзь не голы — на двор. Глянуў у адзін бок, у другі, збегаў у гарод, — касы як срозь зямлю праваліўся!

Такім чынам стрэльба ў той раз прамаўчала, а вёска — ды ні ў якім разе! Бо дзіва ж: заяц — сам — да паляўнічага на абед прыходзіў, а той нават пораху пашкадаваў.

«Прыйшоў нязваны — ідзі нягнаны», — здаецца, так нашы продкі казалі пра гасцей?

І. БУКОЎСКІ

в. Шуневічы, Глыбоцкі раён


Грэх у мех

(Споведзь лавеласа)

— Не святы я —

вінаваты:

Прыпаўзаў дамоў паддаты,

Па чужых кутах бадзяўся,

Вось аднойчы і папаўся.

Гэта ж лёг —

бяды не чую,

З жонкай сплю,

А сн-ю-ю —

дру-гу-ю.

Лашчу мілку сваю ў сне

Мармычу імя яе...

Жонцы

мову адняло:

Побач

зноў (?!)

такое зло!..

Помсту выдумала, выдра —

Ціхай сапай,

тонка, хітра:

Сню —

каханка абдымае,

Явай — жонка...

спавівае:

У прасціну ўкруціла,

Скотчам густа абляпіла.

Пабудзіла рана-рань,

Кажа:

«Ну, мілок, паглянь:

Добра я нагрэла прас...

Здраджваў ты

апошні раз:

Шашні строіць

больш не будзеш,

Нават думкі ўсе забудзеш!»

Мне ж і праўда —

не да гуляў,

Я — нібыта — у той кашулі,

Што ў дурдоме надзяюць:

Цяжка...

Нават уздыхнуць...

Як жа я тады ўзмаліўся,

На калені станавіўся:

— Жонка, любая, прабач!

Зажыву цяпер інакш:

Ні на яве, ні ў сне

Больш не здраджу я табе!

Слёзы лью,

клянуся Веры

Ды...

не верыць ні халеры!

Бо ў каторы ж раз «малюся»

А пасля...

Вазьму й сарвуся:

Распачну «любоў» спачатку...

Жонка —

прасам —

ляп пячатку —

На залысіне — кляймо,

Каб здалёк відаць было,

Каб урэшце помніў я,

Што ёсць жонка і сям’я.

...З меткай выгляд маю кепскі,

Як Ільіч — заўжды я ў кепцы,

Дома вечарам-уночы

Да залётак не ахвочы —

Рукі, ногі нібы ў путах...

За грахі мае пакуты.

Лавеласам жа — наказ:

Як налева сцягне вас,

Калі гулі — ваша шчасце,...

Каб у пастку не папасці,

Не пытайце ў любак згоды,

А завіце іх заўсёды

Рыбкай, зайкай,

Кіскай, ласкай

Ці яшчэ якою трасцай!

Мо прыгода і удасца.

Кара жончына міне

І не будзе так, як мне!

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж напамін: усе «Вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую.

Для таго, каб вызначыць іх, працуюць два журы — малое рэдакцыйнае і вялікае чытацкае, у склад якога можа ўвайсці кожны ахвотны, той, хто, цягам года будзе чытаць усе змешчаныя гісторыі (бібліятэкі ці сайт «Звязды» ў дапамогу!), ды нейкім чынам пазначаць, выразаць, адкладваць, запісваць тое, што спадабалася... Каб бліжэй да Каляд перачытаць, магчыма, яшчэ раз, выбраць дзясятку найлепшых і пералік даслаць у рэдакцыю. Творы, якія набяруць максімальную колькасць галасоў, выйдуць у лідары — з усімі адсюль наступствамі... Так што чытайце, пішыце! (калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі) і, вядома ж, выпісвайце — сваю, найстарэйшую, «родную газету на роднай мове»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?