Вы тут

Жыццё і перспектывы кніжніцы Наталлі Маеўскай


Можна смела сцвярджаць: цэнтральная раённая бібліятэка невялікага горада Беразіно на Міншчыне за кароткі час пасля правядзення рамонту і рэарганізацыі будынка ў 2022 годзе стала адным з цэнтраў сацыякультурнага жыцця рэгіёна. Адзначым, што гэтае жыццё і раней не стаяла на месцы, а цяпер завіравала на поўную моц. Гутарым пра дзейнасць кніжніцы з дырэктарам установы Наталляй Маеўскай.


Наталля Маеўская

— Наталля Мікалаеўна, з якімі вынікамі завершаны 2023 год, ці радуюць яны і натхняюць?

— Несумненна, радуюць. Прыемны факт: бібліятэка выканала ўсе нарматыўныя паказчыкі. Напрыклад, па праграме «Культура Беларусі» вызначаны нарматыў паказчыка наведвальнасці, дык вось ён у нас перавыкананы, як і шмат іншых паказчыкаў. Але чытачам сухія лічбы будуць не даспадобы, лепш расказаць словамі, хаця, трэба прызнацца, і словамі ўсяго не раскажаш за раз, варта спыніцца на асобных знакавых падзеях і момантах.

Бібліятэка сёння — гэта не толькі кнігі, жыццё бібліятэкараў не абмяжоўваецца выдачай кніг і перыёдыкі. У нас заўсёды праводзяцца мерапрыемствы па розных кірунках, а часам нават і па дзве-тры імпрэзы за дзень. Напрыклад, сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мы правялі шмат сустрэч школьнікаў і працоўных калектываў на тэму генацыду беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Таксама арганізавалі вялікае мерапрыемства па прафарыентацыі для вучняў 9-х класаў горада з удзелам спецыялістаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Барысава, Мінска і Магілёва. І гэта толькі вяршыня айсберга...

Працягвалася рэалізацыя распрацаваных аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці доўгатэрміновых праектаў: шостага школьнага дня для старшакласнікаў «Культурная субота», летняга «Чытай — дворык», сацыяльна-культурнага «Горад — гэта мы», інклюзіўнага «Чароўнае святло кнігі» ў партнёрстве з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва, краязнаўча-асветніцкага «Краязнаўства для ўсіх і кожнага». Праекты прадугледжваюць нетрадыцыйныя формы масава-асветніцкай агітацыі, прапаганды і выхавання з адметным творчым почыркам, выкарыстаннем монатэатралізаваных прыёмаў, маюць грунтоўную літаратурна-мастацкую і краязнаўчую платформу і павышаны вобразна-эмацыянальны тонус уздзеяння на аўдыторыю.

Яшчэ мы ўдзельнічалі ў розных святах, напрыклад, на XXII Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне прэзентавалі інтэрактыўную пляцоўку «Муза Бярэзіншчыну не пакідае», на якую завіталі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч.

— Патрыятызм, любоў да Радзімы — гэта тэма, якая ніколі не губляе актуальнасці. Як яна гучала ў вас у Год міру і стваральнай працы?

— Шырокае асвятленне ў бібліятэках Бярэзіншчыны атрымала трагедыя генацыду ў гады вайны. У кожнай сельскай бібліятэчнай установе былі прадстаўлены стэнды «Генацыд: злачынства перад чалавецтвам». У цэнтральнай раённай бібліятэцы на працягу года экспанаваліся выставы экспазіцыі: «Памяць без тэрміну даўнасці», «Акупацыя — знак бяды». З удзелам пракурора раёна прайшла сустрэча-дыялог старшакласнікаў горада «Мы жывём, каб памятаць!».

Да 80-годдзя трагедыі спаленай фашыстамі ў гады вайны разам з жыхарамі вёскі Хатынь у бібліятэках Бярэзіншчыны прайшоў тыдзень памяці «Званы Хатыні — памяці набат». Была прэзентавана карта-схема «Бярэзінскія Гарыні», на якой пазначана 6 спаленых бярэзінскіх вёсак — малых сясцёр Хатыні. Паглядзець на трагедыю праз успрыманне ахвяр і сведак тых падзей, даць сучаснікам адчуць вайну праз драматызм чалавечых лёсаў дазволіў тэатр-рэквіем «Мы з вогненнай вёскі», прадстаўлены старшакласнікам райцэнтра і супрацоўнікамі раённай бібліятэкі.

— Што было найбольш цікавым, якія падзеі адбыліся ў бібліятэчным жыцці ў 2023 годзе?

— Навацыяй года сталі Першы літаратурны рэгіён-фэст «Масты сяброўства» і фестываль беларускай кнігі «Кніжныя гарызонты» пад куратарствам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Алеся Карлюкевіча.

У Першым літаратурным рэгіён-фэсце ў Беразіно прынялі ўдзел творчыя дэлегацыі ў складзе рэгіянальных літаратараў і бібліятэкараў Барысаўскага, Бярэзінскага, Крупскага раёнаў Мінскай вобласці і Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Была прадстаўлена выстава выданняў «Малюем літарамі вобразы жыцця».

Ганаровымі гасцямі фестывалю беларускай кнігі «Кніжныя гарызонты» ў Беразіно стала прадстаўнічая дэлегацыя вядомых у краіне літаратараў. Праграма прадугледжвала эстафетную трансляцыю творчых сустрэч пісьменнікаў з прыхільнікамі чытання. Лаўрэата літаратурных прэмій розных краін, уладальніка медаля К. Сіманава, празаіка і публіцыста Алену Брава запрасілі на сустрэчу са старшакласнікамі на імпрэзу «Ластаўка беларускай літаратуры». Кіраўніка клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца», паэтэсу, дзіцячую пісьменніцу Ірыну Карнаухаву віталі ў час імпрэзы «Укаранаваная талентам». Паэтэса, празаік, перакладчыца, укладальнік чытанкі «Верасок» для юных аматараў мастацкага слова Іна Фралова правяла імпрэзу «Караблік дзяцінства ў кніжным моры». Падчас сустрэчы з чытачамі Алесь Карлюкевіч расказаў пра цікавыя выпадкі з уласнага жыцця і творчыя пошукі, падзяліўся момантамі з краязнаўчай працы, сакрэтамі збірання матэрыялаў для мастацка-дакументальных кніг цыкла «Беларусь праз шкельца гісторыі». Увагу ўдзельнікаў фестывалю прыцягнула выстаўка кніг сучасных беларускіх аўтараў «Суквецце талентаў — суквецце імёнаў». Завяршыліся «Кніжныя гарызонты» круглым сталом на тэму «Сучасная беларуская кніга: прыярытэты кнігавыдання і прапаганды» з абмеркаваннем сучаснай нацыянальнай канцэпцыі развіцця дзіцячай літаратуры, партнёрскіх стасункаў бібліятэкараў, выдаўцоў і пісьменнікаў па папулярызацыі беларускай кнігі, ролі маладых пісьменнікаў у сучасным літаратурным працэсе.

— Раскажыце, калі ласка, пра творчыя сустрэчы. Гэты сегмент, упэўнены, вельмі цікавы для чытачоў-пісьменнікаў.

— Творчыя сустрэчы ў нас праводзяцца рэгулярна. Запрашаем на іх не толькі літаратараў, але і кампазітараў, і мастакоў, наогул творчых людзей. Напрыклад, сустрэча «Адданыя роднаму слову, адданыя роднай зямлі», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы і 75-годдзю часопіса «Маладосць», прайшла з удзелам таленавітых землякоў — пісьменнікаў, прыхільнікаў роднай мовы: галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» Вольгі Рацэвіч, пісьменніка і журналіста Алеся Бычкоўскага, а таксама Таццяны Каленік — аўтара кнігі «Бабуліны шпулькі», укладальніка альманаха «Сябрына», ілюстратара кніг, дызайнера літаратурна-мастацкіх буклетаў.

Госцем вечара паэзіі «Муза прыходзіць без дазволу» стаў жыхар Беразіно, аўтар вершаў, дыпламант фестывалю паэзіі і бардаўскай песні «Вялікая рыбалка» Уладзімір Сіткевіч. Госцем Клуба творчых сустрэч была таксама Галіна Пярун, якая нарадзілася на Бярэзіншчыне ў вёсцы Журоўка, а цяпер жыве і працуе ў Магілёве. Цікавай і змястоўнай стала сустрэча з акцёрам тэатра і кіно, пісьменнікам і драматургам, прафесарам мастацтвазнаўства і педагогам, жыхаром Беразіно Юрыем Сохарам.

— Бібліятэка сёння застаецца сэрцам краязнаўчай работы і пошукаў?

— Гэта несумненна так. У 2023 годзе асноўны акцэнт краязнаўчай дзейнасці быў сканцэнтраваны на ўшанаванні памяці слынных землякоў. Імідж-акцыя «Бярэзіншчына падарыла свету генія навукі» была прымеркавана да 100-годдзя нараджэнца Бярэзіншчыны, прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Мікалая Барысевіча. Вечарына-прысвячэнне «Вучоны з душой скрыпкі» сабрала ў раённай бібліятэцы школьную моладзь райцэнтра і аграгарадкоў Брадзец і Сяліба. Арганізатарам юбілейнага мерапрыемства ўдалося паказаць вобраз слыннага земляка ва ўсёй велічы, з пачуццём радства, гонару, захаплення, пагартаць кнігу жыцця вялікага чалавека і вучонага. Юбілеі мастакоў-землякоў братоў Гараўскіх сталі нагодай для правядзення ў Бярэзінскай раённай бібліятэцы арт-экскурсу з прэзентацыяй фотаэкспазіцыі рэпрадукцый таленавітых землякоў «Пэндзаль у спадчыну» на базе інфармацыйна-краязнаўчага цэнтра. У Брадзецкай сельскай інтэграванай бібліятэцы-клубе прайшла прэзентацыя мастацкай экспазіцыі «Таленавіты род Гараўскіх». Наогул жа, наш інфармацыйна-краязнаўчы цэнтр — выдатная альтэрнатыва раённаму краязнаўчаму музею, якога ў нас пакуль няма. Тут пастаянна праводзяцца экскурсіі для дзяцей і дарослых, школьнікаў і працоўных калектываў. Яго наведваюць ганаровыя госці, знаёмяцца з нашымі здабыткамі. Работа ў краязнаўчым кірунку не спыняецца.

— Што яшчэ прыцягвае ўвагу наведвальнікаў бібліятэкі?

— Пасля глабальнага рамонту і рэканструкцыі будынка раённай бібліятэкі ў нас з’явілася больш магчымасцей для рэалізацыі творчых праектаў. Пастаянную прапіску атрымалі экспазіцыі і выстаўкі твораў таленавітых землякоў з прэзентацыйным суправаджэннем бібліятэкара-экскурсавода. Бібліятэчная міні-галерэя «Талент. Творчасць. Энтузіязм людзей Бярэзіншчыны» прадставіла выставы карцін мясцовых мастакоў Анатоля Вайніловіча, Алы Семяняка, Сняжаны Нікулінай, Людмілы Хадасок, Аляксандра Кудрашова, Віктара Коласа, якія дазволілі наведвальнікам дакрануцца да таямніц творчасці самабытных землякоў.

У 2023 годзе адбылася сустрэча-дыялог з маладым таленавітым мастаком манументальнага мастацтва, супрацоўнікам раённай бібліятэкі Аляксандрам Кудрашовым. Госці знаёміліся з яго работамі, у тым ліку і ў фармаце 3D. На працягу лістапада экспанавалася выстава карцін «Нацюрморт» вядомага савецкага мастака Мікалая Казакевіча, ураджэнца вёскі Дулебы, узноўленая ў сучаснай мастацкай інтэрпрэтацыі Аляксандрам Кудрашовым. Дарэчы, аўтарскія карціны гэтага таленавітага супрацоўніка бібліятэкі былі прадстаўлены ад Бярэзінскага раёна на абласных «Дажынках-2023» у Салігорску.

— А як бібліятэкары бавяць вольны час?

— Мы з задавальненнем ездзім на экскурсіі па Беларусі. У рамках Клуба выхаднога дня «Мерыдыян» ездзім па гістарычных і памятных месцах Радзімы. З 2004 года дзе мы толькі не былі!

У 2023 пабывалі ў Булгакаўскім палацы ў Жылічах Кіраўскага раёна, у Оршы, Хатыні. Двойчы наведалі шоу-праграмы Беларускага дзяржаўнага маладёжнага тэатра. З’ездзілі ў адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Яшчэ прымаем удзел у розных велапрабегах. Усё гэта спрыяе згуртаванню і захаванню спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў калектыве. Мы поўныя творчай і жыццёвай энергіі і сіл весці далей нашу работу.

— Падзяліцеся планамі на 2024 год...

— Мяркуем правесці два глабальныя літаратурныя фестывалі. Сканцэнтруем яшчэ больш увагі на краязнаўстве. Краязнаўчы форум «Нас яднае гісторыя роднага краю», які праводзіўся ў 2023-м да Дня народнага адзінства, сабраў неабыякавых да лёсу Бацькаўшчыны: мясцовых краязнаўцаў, актывістаў грамадскага руху, журналістаў раённай газеты, прыхільнікаў беларускай мовы, настаўнікаў гісторыі, школьнікаў. Форум стаў пляцоўкай па вызначэнні асноўных кірункаў калектыўнай краязнаўчай дзейнасці з распрацоўкай плана грамадскіх ініцыятыў да 100-годдзя Бярэзінскага раёна ў 2024 годдзе.

З падказкі Алеся Карлюкевіча будзем спрабаваць правесці сёлета краязнаўчыя чытанні. Запланавалі на лета. Калі атрымаецца і будуць станоўчыя водгукі, працягнем краязнаўчыя чытанні далей, зробім іх традыцыйнымі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ

Фота даслана аўтарам і з сайта berezinolib.ucoz.net

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.