Вы тут

Летась у санаторыях пабывала рэкордная колькасць адпачывальнікаў


Кошт аднаго дня ў беларускім санаторыі ў студзені — сакавіку бягучага года абыдзецца ў сярэднім у 102 рублі ў суткі за стандартны двухмесны нумар, у красавіку — чэрвені — 103–105 рублёў. Пры гэтым запаўняльнасць чакаецца высокая. На люты ўжо забраніравана 85% месцаў, на сакавік — 73%, красавік — 63%, май — 60%. Многія санаторыі адкрылі браніраванне і на летнія месяцы. Пра вынікі работы беларускіх здраўніц летась і планы на бягучы год расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.


Госці з 70 краін свету

Ён паведаміў, што мінулы год быў паспяховы для сістэмы аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння па ўсіх паказчыках. Па большасці з іх удалося перавысіць планавыя лічбы. Так, сярэднегадавая запаўняльнасць беларускіх здраўніц склала 84,1%. Рэкорднай стала лічба тых, хто аздаравіўся і адпачыў у санаторыях — 1 мільён 483 тысячы чалавек. Дынаміка па выручцы склала 21% і перавысіла 1 мільярд 63 мільёны рублёў.

Экспарт паслуг таксама вырас. Колькасць замежных адпачывальнікаў павялічылася на 15,5% і склала за год 217,5 тысячы чалавек. Больш за 95% гасцей — расіяне. Аднак, усяго беларускія здраўніцы ў мінулым годзе наведалі прадстаўнікі 70 краін.

— Санкцыйны ціск і рыторыка заходніх суседзяў адыгралі сваю ролю, і нягледзячы на бязвізавы ўезд, у нас знізілася колькасць грамадзян з заходніх краін. Але згодна з апошняй інфармацыяй, якую мы атрымліваем са штотыднёвых зводак, штодзень у нашых санаторыях адпачывае каля 100 грамадзян з краін Балтыі і Польшчы, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Выручка ад экспарту паслуг вырасла на 26% і перавысіла 311 мільёнаў рублёў.

Значна больш укладанняў зрабілі санаторыі ў абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і набыццё абсталявання. На гэта было выдаткавана 159 мільёнаў рублёў, што ў 1,6 раза больш, чым у 2022-м (98 мільёнаў).

Выкананы і сацыяльныя праекты і дзяржпраграмы па аздараўленні — па льготных пуцёўках у санаторыях прайшлі лячэнне і адпачылі 793 тысячы чалавек. Гэта таксама найвышэйшы паказчык за апошнія гады.

Генадзь Балбатоўскі нагадаў, што інваліды 1–2 груп могуць атрымаць бясплатную пуцёўку ў санаторый раз на два гады. Непаўнагадовыя могуць аздаравіцца раз на год ва ўсіх тыпах лагераў — з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, а таксама спартыўным. Такім чынам, на працягу двух месяцаў дзіця можа знаходзіцца ў лагерах па пуцёўках з дзяржпадтрымкай.

Улічваючы высокі працэнт браніравання ў санаторыях на вясеннія месяцы, мяркуецца, што бягучы год стане не менш паспяховым. Чакаецца, што гэта дазволіць павялічыць выручку не менш чым на 10%, а экспарт паслуг — не менш чым на 15%.

Каля 105 рублёў за суткі

Кошт пуцёвак на аднаго чалавека летась склаў у сярэднім 92 рублі ў суткі за стандартны двухмесны нумар. У першым квартале гэтага года — 102 рублі, што на 4% ніжэй за снежаньскія цэны 2023-га. У другім квартале гэтага года рост цэн не будзе перавышаць 4% і складзе 103–105 рублёў у суткі. 

Гэта цэны для пуцёвак у вольнай рэалізацыі. Цана для льготных катэгорый грамадзян, якія атрымліваюць пуцёўкі праз Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, складае 65 рублёў у суткі.

Комплекс паслуг у санаторыях штогод удасканальваецца, новыя з’яўляюцца літаральна кожны дзень.

— Набываецца новае самае дасканалае абсталяванне, удасканальваюцца методыкі. Мы робім акцэнт на выкарыстанні прыродных фактараў. Нядаўна ў мяне была сустрэча з прадстаўнікамі швейцарскай кампаніі, якая зацікаўлена ў продажы нам абсталявання, таму комплекс паслуг пастаянна развіваецца, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Амбіцыйныя мэты па аздараўленні дзяцей

Падчас дадатковых канікул для вучняў 1-2 класаў з 19 да 25 лютага больш за 14 тысяч дзяцей пройдуць аздараўленне ў лагерах, найперш дзённай формы. Пачата работа і па летняй аздараўленчай кампаніі. Тут пастаўлены амбіцыйныя мэты — аздаравіць каля 400 тысяч дзяцей. Летась гэта лічба склала 388 тысяч.

— Фінансаванне пацверджана і выдаткавана. Плануюцца работы па прывядзенні матэрыяльна-тэхнічнай базы ў гатоўнасць прыняць летам такую колькасць дзяцей, — дадаў Генадзь Балбатоўскі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.