Вы тут

Што і па якіх цэнах можна было набыць на рынку сто гадоў таму


Як сцвярджаюць гісторыкі, грошы чалавецтва прыдумала ў VІІ-VІ стагоддзях да нашай эры. І тады ж чалавек адкрыў для сябе задавальненне траціць гэтыя самыя грошы за патрэбныя і непатрэбныя рэчы. А вытворцы тавараў і паслуг, у сваю чаргу, сталі вучыцца прыцягваць пакупніка, робячы першыя нясмелыя крокі на шляху маркетынгу.


Зрэшты, глыбіні стагоддзяў пакінем археолагам, зазірнем усяго толькі крыху менш чым на стагоддзе таму. У якую суму абыходзіўся нашым прабабулям і прадзедам паход на рынак?

Каб адказаць на гэтае пытанне, адпраўляемся ў аддзел старадрукаў і рэдкіх кніг Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Фонды аддзела — больш за 70 тысяч адзінак унікальных выданняў, самае старажытнае з якіх датуецца 1537 годам (выданне на лацінскай мове па праву).

Дарэчы, нягледзячы на статуснасць установы, запісацца ў Прэзідэнцкую бібліятэку можа любы ахвотны, запэўнілі супрацоўнікі. І, у адрозненне ад іншых бібліятэк, а таксама музеяў, тут старыя выданні вам дадуць патрымаць у руках і пагартаць. Профіль бібліятэкі: эканоміка, палітыка, права і дзяржаўнае кіраванне. Акрамя старадаўніх фаліянтаў, у аддзеле рэдкіх выданняў сабраны ўнікальныя падборкі перыёдыкі і рознага кшталту брашур савецкага перыяду беларускай гісторыі, у тым ліку са змяшчэннем аглядаў цэн на світанку станаўлення БССР.

У 1920-я пры Інстытуце беларускай культуры (знакамітым Інбелкульце — папярэдніку Нацыянальнай акадэміі навук) актыўна працавала «Цэнтральнае бюро краязнаўства». Адным з кірункаў яго даследаванняў было вывучэнне і апісанне розных бакоў жыцця беларускіх рэгіёнаў — ад этнаграфіі да эканомікі. Першым даследаваннем стала «Апісанне Горацкага раёна», наступным — «Асіповіцкі раён». У прадмове да брашуры сказана, што мэта выдання — «даць масаваму краязнаўцу пэўны матэрыял аб адным з раёнаў Беларусі ў сістэматызацыі і апрацоўцы». Выданне дажыло да нашых дзён. Цікава, што штамп на брашуры — «Азербайджанская цэнтральная бібліятэка».

— Пасля Вялікай Айчыннай вайны фонды беларускіх бібліятэк фарміраваліся з розных крыніц. Наша бібліятэка не выключэнне — яна не была вывезена, і многія кнігі «загінулі» ў агні вайны, — расказвае загадчыца аддзела старадрукаваных і рэдкіх кніг Прэзідэнцкай бібліятэкі Святлана Паўлавіцкая. — Камплектатары нашай бібліятэкі (тады яна называлася Урадавая бібліятэка імя Горкага) прыклалі максімум намаганняў, каб адшукаць беларускія выданні ў бібліятэках гарадоў Савецкага Саюза. Таму на многіх выданнях нашага аддзела, якія ўбачылі свет да 1940 года, штампы бібліятэк Баку, Тбілісі, Ленінграда, Масквы і іншых гарадоў.

На рынак у Асіповічы

Дык вось, у брашуры Інбелкульта «Асіповіцкі раён», у артыкуле аб эканоміцы рэгіёна, ёсць вялікая табліца цэн на Асіповіцкім рынку — адным з найбуйнейшых на той момант у краіне — за 1928 год — з дэталізацыяй па месяцах і канкрэтнымі вёскамі, адкуль прывезены тавар. Зразумела, што ў тыя часы інтарэсы і запыты гарадскога і сельскага пакупніка адрозніваліся значна мацней, чым у ХХІ стагоддзі, і наша маленькае даследаванне не прэтэндуе на стварэнне нейкай аб’ектыўнай карціны. Але ўсё ж адважымся выказаць здагадку, што і сто гадоў таму, як і ў нашы дні, за самымі свежымі і, як цяпер прынята казаць, «экалагічнымі» прадуктамі любы спажывец адпраўляўся на рынак. Давайце паглядзім, што і пачым прапанаваў Асіповіцкі рынак сваім наведвальнікам.

Напрыклад, ржаная мука каштавала 1 рубель 60-65 капеек за пуд у студзені і 1 рубель 80 капеек у жніўні. Грэчка з’явілася ў продажы толькі ў ліпені (са студзеня яе ў асартыменце не было), і прасілі за пуд 1 рубель 70. Да лістапада, у адрозненне ад мукі, яна таннела — ужо каштавала 1,6-1,65 рубля. Цікава, што крупы і муку на рынку, мабыць, закуплялі оптам — цэны прадстаўлены адразу ў пудах, а пуд — гэта 16,38 кг. Гарох таксама прадавалі пудамі, і каштаваў пуд 1,2-1,45 капейкі па рынку. 

Найбольш танным гарнірам, як вынікае з табліцы, была бульба — у студзені яна каштавала 35 капеек за пуд, да сакавіка кошт паднімаўся да 40 капеек за той жа аб’ём, але да лістапада вяртаўся да ранейшага ўзроўню — 30-35 капеек. Прычым бульба на рынку была прадстаўлена ўвесь год, у адрозненне, напрыклад, ад грэчкі.

А вось буракі прадавалі фунтамі (1 фунт = 453 г). Такім чынам, каштавала амаль паўкіло буракоў на рынку ў Асіповічах у 1928 годзе 3 капейкі, а да жніўня кошт падаў да 2 капеек. Рэпчатую цыбулю прадавалі даражэй — 10 капеек за фунт. Яблыкі таксама прадавалі фунтамі — ад 4 да 7 капеек у студзені (сушаныя — аж 15 капеек за фунт).

Да жніўня кошт чакана зніжаўся, а прапанова павялічвалася (паведамляецца, што ў ліпені на рынак прывезена 2 вазы яблыкаў, і каштаваць «вітаміны» новага ўраджаю сталі 3-5 капеек за фунт). Мёд у сезон каштаваў 40 капеек за фунт, морква — 1,15 рубля за пуд.

Грыбы ў 1928 годзе былі дарагімі, як, зрэшты, і ў нашы дні. За сушаныя баравікі ў маі прасілі 50 капеек за фунт. Свежых грыбоў не прапаноўвалася і ўвосень: хочаш пасмажыць — збірай сам. Ды і сушаныя — не на кожным прылаўку. У кастрычніку на ўвесь рынак іх было ўсяго 3 фунты, а кошт даходзіў нават да 80 капеек за фунт. Журавіны прадаўцы лічылі квартамі (0,94 кг), то-бок у бліжэйшай сучаснаму пакупніку «вагавой катэгорыі» (у сярэднім 10 капеек па рынку ў сезон). За чарніцы ў ліпені прасілі 5 капеек за кварту. Капуста прадавалася па 6 капеек за фунт. Агуркі новага ўраджаю ў ліпені каштавалі 8-10 капеек дзясятак (аказваецца, іх прадавалі за дзясяткамі, як яйкі). Грушы былі таннейшыя: 5-8 капеек за фунт летам, а восенню 2 рублі — пуд. Вішню прадаваць пачыналі ў ліпені і заканчвалі ў жніўні. Кошт не мяняўся — 20 капеек за фунт. А вось буякі былі таннымі: 4 капейкі за кварту. Як і сёння, дастаткова дарагі (у параўнанні з цыбуляй) быў часнок: у сакавіку — 40 капеек за фунт, і да канца года больш яго на рынак не прывозілі. Затое слівы прадаваліся пудамі: 1,2 рубля за пуд у сезон. Гарбузовыя семачкі лічылі шклянкамі — 5 капеек за шклянку. Была прадстаўлена летам на рынку і зеляніна (салата): 7-8 капеек за фунт.

Дарагая «малочка» і танная цяляціна

Цікава, што свініна была на прылаўках не круглы год. Напрыклад, з ліпеня па кастрычнік яна не прапаноўвалася пакупніку. Затое ў студзені прапанова была вялікай і каштавала гэта мяса 22 капейкі за фунт. Да вясны цэны падраслі: 25 капеек за фунт, а ў маі знізіліся — 20 капеек за той жа аб’ём. А вось курынае мяса было ў асартыменце практычна круглы год (ад 70 капеек да 1,5 рубля за тушку). Пеўні ішлі асобнай катэгорыяй і былі таннейшымі: 50-55 капеек за штуку. Гусі (не паказана, жывыя ці абскубаныя) каштавалі 2 рублі за штуку ў студзені і
1,5-1,6 — у лістападзе. Ялавічына, дарэчы, была таннейшай за свініну — для сучаснага пакупніка гэта нечакана. Каштавала яна 20 капеек за фунт у студзені, але бывала на рынку рэдка. Цяляціна ў маі і ўвогуле ішла па 15 капеек за фунт.

Дастаткова дарагімі затое былі яйкі (85-90 капеек дзясятак) і смятана (40-45 капеек за фунт). Цана на тварог вагалася ад 7-8 да 15 капеек за фунт, але з’яўляўся ён на рынку толькі з мая па жнівень. За кварту свежага малака прасілі 12 капеек.

Рыба (не сказана, мясцовая рачная ці марская прывазная) была сапраўдным далікатэсам — з’яўлялася на рынку толькі ў студзені, і прадавалі яе па 20 капеек за штуку. Атрымліваецца, 20 капеек за адну рыбку? Танней налавіць самому! Сыр таксама прадавалі «штукамі» (мабыць, галоўкамі?) — 40-45 капеек за адзінку, масла — 20 капеек за фунт і толькі зімой.

Сала, наш галоўны прадукт, на рынку было амаль круглы год. Зрэшты, улетку прапанова моцна падала, а вось кошт змяняўся не надта — ад 45 да 55 капеек за фунт. Такім чынам, і сто гадоў таму было яно дарагім, удвая даражэйшым за свежую свініну. 

Шырокім быў выбар, мяркуючы па агульнай колькасці тавару, і каўбас (па ўсёй верагоднасці, «пальцам пханых» — аднаго з пазачасавых брэндаў нашай нацыянальнай кухні). Аматары каўбаскі павінны былі выкласці 30 капеек за фунт.

Што яшчэ можна было набыць на рынку? У вялікім асартыменце — рознага роду хатнюю жывёлу. Напрыклад, каня. За жарабя ў студзені прасілі 35 рублёў, але ў снежні дарослага каня прапаноўвалі ўжо за 80 рублёў. Да каня не шкодзілі б сані — яны ў студзені каштавалі 5-8 рублёў, але калі «рыхтаваць іх летам», то ўсяго 3 рублі. Карова каштавала 60 рублёў у студзені, у лютым кошт даходзіў да 75 рублёў, але, калі купляць «карміцельку» ўвосень, калі прапанова вышэйшая, можна было знайсці варыянты і больш бюджэтныя (23-35 рублёў). А вось авечак (ягнят) аддавалі ўсяго па 5 рублёў за штуку, парасят — за 1,5-2,5 рубля, верагодна, гледзячы па ўкормленасці (кошт на дарослую асобіну вар’іраваўся ад 10 да 25 рублёў), а куранят — па 20-25 капеек за адзінку.

Хочаш сэканоміць — зрабі сам

Прапаноўвалася на рынку ў Асіповічах і магчымасць набыць мэблю. Праўда, дастаткова дорага. Камод, напрыклад, аддавалі за 20 рублёў (амаль па цане жарабяці). Шафку малую (напэўна, посудную) — за 15 рублёў, у такую ж суму абыходзіўся стол. Абрусы каштавалі ад 3 рублёў да 1,8. З кухоннага начыння самым бюджэтным набыццём былі лыжкі (думаецца, драўляныя) — 2 капейкі за штучку. А вось дзяжа (у якой пакідаюць «падыходзіць» цеста для хлеба) з «посуду» каштавала даражэй за ўсё — ад 50 капеек да 1,6 за адзінку: верагодна, у залежнасці ад якасці і відаў дрэва (хлеб атрымліваўся смачнейшы, калі гатаваўся ў дзяжцы з розных відаў дрэва, прычым дошчачкі павінны былі правільна чаргавацца). Але хлеб на рынку не прадаваўся, так што нічога не зробіш, трэба пячы самому. Булачныя, вядома, у Асіповічах былі, і ўсё ж свой хлеб для многіх быў калі не таннейшы, дык дакладна смачнейшы. Як і сёння — нездарма ж гаспадыні купляюць хлебапечкі і выкладваюць у «Інстаграм» фота выпечанага імі хатняга хлеба.

З таго, што быццам бы не патрэбна, але прыгожа, прапаноўваліся штучныя кветкі (думаецца, для дэкору жылля) — 15-25 капеек за адну (як фунт свініны!) — і тканыя дываны — 3 рублі за штучку. Можна было і адзецца. Напрыклад, світы (не пазначана, мужчынскія ці жаночыя) прапаноўвалі па 15 рублёў. Палатно белае прадавалася аршынамі (0,711 метра) і каштавала 25 капеек за аршын, нябеленае — танней.

У цэлым выснова просіцца сама сабой:нашым прабабулям і прадзедам, незалежна ад роду заняткаў, выгадней і эканомней было ўмець як мага больш у побыце рабіць сваімі рукамі. Дарэчы, такую ж выснову можна зрабіць, пагартаўшы рэкламныя аб’явы тых часоў у перыёдыцы. Што ж рэкламавалася?

— Цікава, што, пераважна, не спажывецкія тавары (як прывыклі нашы сучаснікі), а паслугі. Напрыклад, паслугі па рамонце. Відавочна, людзі былі ашчаднымі (і небагатымі), і аддавалі перавагу рамонту рэчаў, а не набыццю новых. А таксама паслугі медыцынскія і, што цікава, адукацыйныя, — распавядае Святлана Паўлавіцкая, гартаючы ўсесаюзны штотыднёвы ілюстраваны часопіс «Прожектор» за 1929 год.

Беражна перагортваючы старонкі, яна тлумачыць, што часопіс меў вялізны тыраж і быў папулярны ў тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у тагачаснай БССР.

— Значныя плошчы ў часопісе былі адведзены пад рэкламу кніг, якія выходзяць у розных выдавецтвах Саюза, — кажа суразмоўніца. — І сярод іх — велізарная колькасць дапаможнікаў. Проста адкрываем наўздагад і адразу ж бачым: «Кніга для гаспадынь, нарыхтоўкі і запасы на зіму» (кошт з перасылкай — 1 рубель), дапаможнік «Хатні рамеснік» (3 рублі), «Новы поўны дапаможнік кройкі і шыцця» і нават «Аўтамабільны даведнік, кіраўніцтва па ўсіх пытаннях» (таксама 3 рублі, высылаўся накладной платай). Выходзіла велізарная колькасць сельскагаспадарчых даведнікаў, якія складалі навукоўцы, — і для асабістага падворка, і для буйных гаспадарак, напрыклад вядомы «Каляндар калгасніка». Такія кнігі і брашуры выпісвалі, на іх не шкадавалі грошай, бо новыя ўменні і веды дазвалялі і эканоміць, і развівацца.

Дарэчы, нядрэнная парада з мінулага: а ці не асвоіць у якасці эканоміі, адпачынку і развіцця які-небудзь карысны навык? Скажам, шыць або пячы хлеб... Нават калі не атрымаецца — будзе цікава. З аднаго боку, купіць цяпер можна амаль усё, з другога — дык і кнігі-дапаможніка ў нашы дні не трэба: знаходзь майстар-клас і спрабуй…

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.