Вы тут

Каля Каложскай царквы ў Гродне будзе ўстаноўлена званіца з дзевяццю званамі


У хуткім часе каля Каложы пачнецца будаўніцтва званіцы. Праект прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі, а першы звон прагучыць на Дзень Перамогі. Працягваецца рэалізацыя доўгатэрміновага праекта па ўключэнні Барысаглебскай (Каложскай) царквы ХІІ стагоддзя ў спісы ЮНЕСКА.


Даказалі каштоўнасць

У Беларусі чатыры аб’екты ўжо ўнесены ў спіс ЮНЕСКА: Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежская пушча і геадэзічная дуга Струвэ. Яшчэ некалькі аб’ектаў унесены ў папярэдні спіс, у тым ліку і Каложская царква. Прычым храм знаходзіцца сярод кандыдатаў ужо 20 гадоў. Для паўнавартаснага ўключэння ў спіс ЮНЕСКА трэба выканаць пэўныя абавязацельствы. І такія меры прымаюцца.

— Адбор ідзе вельмі ўважліва, — заўважае настаяцель храма Аляксандр Балоннікаў. — Каб трапіць у гэты спіс, неабходна даказаць усебаковую каштоўнасць помніка для ўсяго чалавецтва. Гэта працэс не хуткі і не просты.

У сучасны момант вядзецца падрыхтоўка дасье. Менавіта па ім будзе дадзена заключэнне прадстаўнікамі ЮНЕСКА. Важнасць старажытнага аб’екта абгрунтавана міжнароднымі і беларускімі экспертамі падчас некалькіх навукова-даследчых канферэнцый, якія прайшлі пад агульным тэзісам «Каложская царква — пошук шляхоў захавання». Абмеркаванне праходзіла напярэдадні маштабнай рэканструкцыі, якая пачалася ў 2017 годзе і вялася больш чым год.

— У рабоце канферэнцый, арганізаваных сіламі прыхода, прымалі ўдзел спецыялісты з Масквы, Вільнюса, Львова, Чарнігава — людзі, якія прысвяцілі жыццё вывучэнню архітэктуры помнікаў, падобных Каложы, займаюцца рэстаўрацыйнымі работамі. У іх ліку Наталля Дужкіна, прафесар Маскоўскай архітэктурнай акадэміі. Беларускія навукоўцы БНТУ дапамагалі скласці інфармацыйнае заключэнне аб тэхнічным стане храма, правялі геарадарнае даследаванне грунтоў, сцен, даху, кроквеннай сістэмы. Была праведзена каласальная работа. Толькі пасля навуковых даследаванняў было прынята рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту, якому мы і цяпер радуемся, — зазначае настаяцель храма.

Маштабная рэканструкцыя дазволіла значна ўмацаваць храм з максімальным захаваннем яго аўтэнтычнасці. Але галоўнае — змянілася аблічча драўлянай сцяны, якую замянілі тэрмамадыфікаванай сасной. Сучасная апрацоўка драўніны дазваляе прыроднаму матэрыялу быць знешне вельмі прыгожым і, самае галоўнае, устойлівым да ўздзеяння вільгаці і сонца. Драўляная сцяна ўзведзена пасля таго, як частка царквы ў 1853 годзе літаральна спаўзла ў Нёман у выніку паводак.

Знайсці экспертаў

Вынікі канферэнцый і практычная работа па захаванні жамчужыны старажытнага дойлідства будуць выкарыстаны для папаўнення дасье Каложы. Як патлумачыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, падрыхтоўка дасье ўключае цэлы комплекс мерапрыемстваў.

— Упраўленнем культуры сумесна з Міністэрствам культуры распрацоўваецца склад экспертаў, якія добра знаёмыя з паспяховым вопытам работы па дадзеным кірунку. Адпаведны запыт накіраваны ў Акадэмію навук Беларусі. Паралельна рыхтуецца план кіравання аб’ектам. Накіраваны зварот у Расійскі навукова-даследчы інстытут прыроднай і культурнай спадчыны імя Ліхачова, дзе такі вопыт напрацаваны, — паведаміла кіраўнік упраўлення культуры аблвыканкама.

Работы запланаваны на сёлетні год, на іх прадугледжаны фінансавыя выдаткі. Як падкрэсліла Алена Клімовіч, вельмі важна знайсці прафесіяналаў, якія даказалі ўнікальнасць аб’екта, і ў гэтым плане акцэнт робіцца на асаблівасці гродзенскай архітэктурнай школы.

Сам факт уключэння храма ў спіс помнікаў культурнай спадчыны важны для дзяржавы, бо дае магчымасць на сусветным узроўні гаварыць аб краіне на прыкладзе тых помнікаў, якія тут захоўваюцца. Каб праз Каложу людзі іншых краін даведваліся аб Беларусі, аб яе самабытнай культуры.

Званіца — новы аб’ект старажытнага храма

Для таго каб Каложа адпавядала ўсім канонам храма, тут плануюць устанавіць званы. Аб’ект размесціцца за дзесяць метраў ад храма, на невялікім узвышшы. Плошча пляцоўкі складзе крыху больш за 50 «квадратаў».

Як расказаў галоўны архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандр Захарчук, і сама пляцоўка, і дарожка да яе па адхоне будзе выбрукавана натуральнымі камянямі. Званіца выконваецца з драўляных канструкцый, работы па распілоўцы дуба пачаліся.

— Званіца будзе мець крыжападобную форму і павернутая да дарожкі. Накрытая яна будзе такой самай бляхай, як і Каложа. У сугучнасці з храмам будзе зроблены вітраж з рознакаляровай пліткай, якая прысутнічае на сценах царквы. Дэкор упрыгожыць крыж і браму, — раскрыў асаблівасці праекта Аляксандр Захарчук.

На рэйцы размесцяцца дзевяць званоў, восем з якіх ужо дастаўлены з Варонежа. Адліты і самы галоўны звон вагой 1,3 тоны. Хутка ён прыбудзе на аўтамабільным транспарце ў Гродна.

Каб пазбегнуць актаў вандалізму, будзе зроблена металічная агароджа вышынёй 1,2 метра. Але ў наведвальнікаў і прыхаджан будзе магчымасць зайсці і на саму пляцоўку.

У ХІІ стагоддзі Каложская царква будавалася разам са званіцай. Па даследаваннях археолагаў і гісторыкаў архітэктуры, выказана здагадка, што званіца тады была ўбудавана ў сцяну храма і ўзвышалася над паўднёва-заходнім вуглом, які, на жаль, абрынуўся ў Нёман.

— На малюнках ХІХ стагоддзя, там, дзе адлюстраваны фасады старажытнага храма, якраз і відаць выступы, якія не сіметрычны леваму боку. У сувязі з гэтым было выказана меркаванне, што тут знаходзілася лесвіца, па якой падымаліся на званіцу. На малюнках Напалеона Орды і іншых мастакоў, якія зафіксавалі помнік пасля аварыі, званіцу можна ўбачыць ужо драўлянай і з іншага боку храма. Двух’ярусная званіца квадратнай формы была ўстаноўлена збоку ад алтара. На пачатку ХХ стагоддзя яна перабудавана і ўяўляе сабой форму брамы — два стаўбы, перакрытыя невялікім дахам, дзе высока на перакладзіне размешчаны званы, — заўважае святар.

Калі яна была разабрана і куды зніклі званы, невядома. На думку Аляксандра Балоннікава, тайны Каложскай званіцы рана ці позна павінны адкрыцца. Некаторыя звесткі ўжо з’явіліся. Напрыклад, падчас работы над праектам у архівах быў знойдзены невялікі газетны артыкул аб звоналіцейным заводзе братоў Усачовых у Расійскай імперыі, дзе пісалі, што «ў горад Гродна ў Барысаглебскі Каложскі манастыр адліты звон у 210 пудоў». Гэта амаль 3,5 тоны. Магчыма, з цягам часу адкрыюцца і іншыя гістарычныя звесткі як аб званіцы, так і аб званах.

— Для нас заўсёды было марай аднавіць званіцу, — расказаў настаяцель храма. — І калі мы рабілі ў 2017 годзе рамонт, таксама аб гэтым задумваліся. Тады зрабіць яе не атрымалася. Па промысле Божым мы прысвецім званіцу важнай падзеі — 80-годдзю вызвалення Беларусі. У сувязі з гэтым вырашана назваць званіцу мемарыяльнай, аб чым сведчыць і самы вялікі звон вагой больш за тону. На ім зроблены адпаведны надпіс. Ён, як і астатнія восем званоў, упершыню прагучыць у Дзень Перамогі як Дабравесце юбілейнай даты мірнага жыцця нашага народа.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і інстытута «Гроднаграмадзянпраект»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.