Вы тут

Якія якасці павінны быць у паспяховага інжынера?


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі стаў летась самай папулярнай ВНУ ў выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. 65 абітурыентаў, якія засвоілі яго адукацыйныя праграмы, абралі месцам навучання вядучую ў краіне ВНУ па падрыхтоўцы спецыялістаў у вобласці інфармацыйных тэхналогій, радыётэхнікі і электронікі.

Місіяй універсітэта абвешчана падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, здольных генерыраваць і ўвасабляць у жыццё інавацыйныя ідэі, ствараць канкурэнтаздольную навукаёмістую прадукцыю ў галіне інфарматыкі і электронікі. Дарэчы, БДУІР быў удастоены прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці па выніках 2011, 2016, 2019 і 2022 гадоў. У бягучым годзе ўніверсітэт адзначыць свой 60-гадовы юбілей.


Прахадныя балы

Напрыканцы мінулага года БДУІР пацвердзіў свой статус вядучай установы вышэйшай адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы інфарматыкі і радыёэлектронікі не толькі ў Беларусі, але і на прасторах СНД.

— Гэта адзін з паказчыкаў высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў. У Год якасці мы яшчэ больш увагі будзем удзяляць адбору абітурыентаў і якасці падрыхтоўкі студэнтаў, — паабяцаў на Дні адкрытых дзвярэй рэктар БДУІР Вадзім Богуш. — Наш універсітэт уяўляе сабой буйны комплекс, які забяспечвае падрыхтоўку на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Мінскім радыётэхнічным каледжы, падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па праграмах агульнай вышэйшай, спецыяльнай вышэйшай і паглыбленай вышэйшай адукацыі ў магістратуры. У нас ёсць магчымасць працягнуць навучанне ў аспірантуры, дактарантуры з атрыманнем вучоных ступеняў кандыдата і доктара навук. Ну і, увогуле, рэалізаваць сябе не толькі ў распрацоўцы сучасных электронных інфармацыйных сістэм, але і ў навуковай дзейнасці, стварэнні новых прадуктаў і інавацыйных тэхналогій.

Дарэчы, летась для паступлення на бюджэтную форму навучання ў БДУІР 300 балаў было недастаткова. На платнай форме атрымання адукацыі таксама былі спецыяльнасці, дзе прахадныя балы складалі 305, 308, 320 і больш... Цікавасць з боку абітурыентаў да ВНУ — высокая, матывацыя — высокая і ўзровень падрыхтаванасці абітурыентаў — дастаткова высокі.

Сустрэча з кіраўнікамі ВНУ і членамі прыёмнай камісіі — абавязковы пункт у праграме кожнага Дня адкрытых дзвярэй. Яны, дарэчы, праводзяцца цягам навучальнага года некалькі разоў. Але чым бліжэй чарговая прыёмная кампанія, тым больш пытанняў узнікае ў патэнцыяльных абітурыентаў.

Так, маладых людзей, напрыклад, цікавіла, як можа паўплываць на прахадныя балы вяртанне ў тэсты заданняў пятага ўзроўню складанасці? Ёсць меркаванне, што сітуацыя можа быць непрадказальнай…

— Дазвольце з вамі не пагадзіцца. Хто добра вучыцца, той і сесію здае добра. Тое ж самае і ў школе. Прагназаваць прахадныя балы — справа няўдзячная. Кожны год складваецца свая ўнікальная конкурсная сітуацыя, у залежнасці ад якой фарміруюцца прахадныя балы, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — Мы разлічваем на тое, што да нас прыйдуць матываваныя і таленавітыя абітурыенты. Вучыцца ў БДУІР вельмі няпроста, і, я спадзяюся, што гэта будзе сплаў добрых ведаў і працавітасці, які дазволіць абітурыентам стаць студэнтамі, а пазней — адукаванымі і добрымі інжынерамі. Заўважу, што арыентавацца трэба не толькі на прахадныя балы, бо ў БДУІР практыкуецца агульнаўніверсітэцкі конкурс, які дазваляе пашырыць магчымасці абітурыентаў для паступлення, але трэба бліжэй пазнаёміцца і з факультэтамі, і са спецыяльнасцямі, таму што ёсць шэраг спецыяльнасцяў, якія маюць адметнасці пры фарміраванні конкурснай сітуацыі.

Трэба патлумачыць, што конкурс у БДУІР праводзіцца па групе факультэтаў і групе спецыяльнасцяў. Абітурыенты маюць магчымасць пры падачы заявы ў прыёмную камісію выбіраць і расстаўляць свае прыярытэты, падаць заяву на розныя факультэты на некалькі спецыяльнасцяў і ўдзельнічаць у конкурсе на падставе агульнага рэйтынгу, які выбудоўваецца па групе спецыяльнасцяў. Калі абітурыент не праходзіць па балах на першую ўпадабаную спецыяльнасць, згаданую ў прыярытэтах, то ўдзельнічае ў конкурсе на другую, трэцюю і гэтак далей.

Набор вядзецца па спецыяльнасцях, якія адносяцца да інжынернага профілю, і па двух спецыяльнасцях (гэта «Электронная эканоміка» і «Лічбавы маркетынг»), якія знаходзяцца на стыку сучасных інфармацыйных тэхналогій і метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў цяперашні час у эканоміцы. На гэтыя спецыяльнасці трэба здаваць матэматыку, англійскую мову і адну з дзяржаўных моў. На інжынерныя спецыяльнасці — матэматыку, фізіку і адну з дзяржаўных моў.

Ёсць спецыяльнасці, востра запатрабаваныя эканомікай. На іх без уступных іспытаў будуць залічвацца ўладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, школьныя медалісты і абітурыенты, якія маюць дыплом аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай.

Для выпускнікоў каледжаў прадугледжаны шэраг спецыяльнасцяў, па якіх можна атрымаць вышэйшую адукацыю ў скарочаны тэрмін у завочнай форме. Гэта, як правіла, людзі, якія ўжо працаўладкаваныя і адпаведна атрымліваюць больш высокі ўзровень кваліфікацыі.

Асобная траекторыя

Абітурыентаў таксама цікавіў мэтавы набор.

Доўгатэрміновае планаванне развіцця рынку працы і, адпаведна, сістэмы падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй — надзвычай складаная задача, лічыць Вадзім Богуш. Складаная перш за ўсё ў сувязі з тым, што тэхналагічная дынаміка ў інжынернай падрыхтоўцы вельмі высокая.

— Кожны год разам з заказчыкамі кадраў мы складаем пэўны прагноз па бюджэтных месцах. Бо кожны студэнт дзённай бюджэтнай формы навучання павінен атрымаць гарантаванае месца для накіравання на работу, — тлумачыць Вадзім Богуш. — Усё гэта робіцца для таго, каб дакладна разумець, як будзе змяняцца рынак працы, каб маладыя спецыялісты былі запатрабаваныя і занялі заслужанае месца ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь.

Таксама мы звяртаем увагу будучага наймальніка на тое, што ён мае ўсе магчымасці для ўдзелу ў працэсе падрыхтоўкі студэнта і, атрымаўшы якаснага спецыяліста, павінен стварыць максімальныя ўмовы для яго прафесійнага росту. Развіццё мэтавай падрыхтоўкі, выкарыстанне бюджэтных магчымасцяў, праходжанне практыкі з’яўляюцца важнымі элементамі работы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Для таго каб абітурыент мог прэтэндаваць на мэтавае месца, павінна быць арганізацыя, якая пажадае яго бачыць у якасці мэтавіка. Для таго каб прыйсці на мэтавае месца, у яго павінен быць на руках дагавор, падпісаны паміж ім і гэтай арганізацыяй. Заказчыкі кадраў ужо пачынаюць працаваць са старшакласнікамі. Зацікаўленыя арганізацыі павінны будуць заявіць свой заказ на мэтавы набор, напрыклад, у Міністэрства прамысловасці, калі арганізацыя падпарадкаваная яму. А тое — у Міністэрства адукацыі. У красавіку Міністэрства адукацыі зацвярджае план мэтавага набору і даводзіць лічбы да ВНУ.

«Пры гэтым мэтавікі паступаюць па асобнай траекторыі, — заўважыў рэктар універсітэта. — Яны здаюць адзін унутраны іспыт па матэматыцы. Ён праводзіцца па ста пытаннях, якія ўжо вядомыя і размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі. У экзаменацыйную камісію будуць уваходзіць і выкладчыкі ВНУ, і выкладчыкі са школ. Мэтавікі будуць залічвацца ў першую хвалю. Спачатку залічваюцца мэтавікі, бо ў адпаведнасці з правіламі прыёму, калі застаюцца незапоўненыя мэтавыя месцы, яны перадаюцца на агульны конкурс. Таму спачатку мэтавікі здаюць іспыты, затым праводзіцца конкурсны адбор і залічэнне. Пасля гэтага мы праводзім залічэнне па агульным конкурсе».

Асаблівасцю прыёму абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў 2024 годзе з’яўляецца магчымасць паступлення па конкурсе сярод асобных арганізацый-заказчыкаў, калі конкурс па спецыяльнасці ў цэлым не адбыўся. Для абітурыентаў-мэтавікоў таксама ўводзіцца ніжні парог сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, не ніжэйшы за 7 балаў (за выключэннем найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў)».

«Якімі льготамі пры паступленні карыстаюцца пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі і школьныя медалісты?» — пацікавіліся ў Вадзіма Богуша.

— Астраномія і інфарматыка прыраўноўваюцца да фізікі, таму пераможцы рэспубліканскага этапу алімпіяд па гэтых прадметах могуць без экзаменаў паступаць на ўсе інжынерныя спецыяльнасці, дзе прадугледжана здача фізікі. Што датычыцца школьных медалістаў, уладальнікаў дыпломаў з адзнакай і ўладальнікаў дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, яны могуць без экзаменаў паступаць на востразапатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Іх у нас пяць, — праінфармаваў рэктар БДУІР. — Дарэчы, цяпер прапрацоўваецца пытанне па пашырэнні пераліку такіх спецыяльнасцяў з улікам тых задач, якія стаяць па развіцці мікраэлектронікі і сферы радыётэхнікі і інфармацыйных тэхналогій у нашай краіне.

Асаблівая катэгорыя — гэта выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія маюць ільготы пры паступленні на шэраг спецыяльнасцяў і паступаюць на іх без уступных іспытаў, па выніках сумоўя. Мэта сумоўя — ацаніць дзелавыя якасці, здольнасці, матывацыю і ўзровень падрыхтоўкі гэтай катэгорыі абітурыентаў. У нас ёсць студэнты, якія скарысталіся льготай у мінулым годзе, і яны пацвярджаюць свой высокі ўзровень падрыхтоўкі. Мы будзем рады, калі ўсе рэкамендаваныя Назіральным саветам тэхнапарка яго выхаванцы прыйдуць да нас, але рэкамендацый насамрэч даецца не так і шмат. У гэтым годзе пералік спецыяльнасцяў, на якія змогуць паступаць па выніках сумоўя выпускнікі тэхнапарка, якія маюць рэкамендацыю, пашырыцца.

Як трапіць у студэнцкі інтэрнат?

Гэта традыцыйнае пытанне, якое задаюць на кожным Дні адкрытых дзвярэй…

— Усіх іншагародніх першакурснікаў і бюджэтнай, і платнай формы навучання, мы забяспечым месцам у інтэрнаце, — паабяцаў рэктар. — А далей ужо ўсё будзе залежаць ад вас. Ёсць рэйтынгі, якія ўлічваюць паспяховасць студэнта, яго ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, навуковай дзейнасці... Зыходзячы з гэтага, пасля заканчэння першага курса вырашаецца пытанне з месцам у інтэрнаце на наступны навучальны год.

Восенню мінулага года ў Студэнцкай вёсцы быў уведзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін дваццаціпавярховы студэнцкі інтэрнат БДУІР. Умовы пражывання там вельмі камфортныя. Блок — гэта фактычна двухпакаёвая кватэра з кухняй і санвузлом. На кухнях устаноўлены электрычныя пліты, халадзільнікі, ёсць кухонная мэбля, абедзенныя сталы з крэсламі. На жылых паверхах прадугледжаны таксама агульныя і дапаможныя памяшканні. У вестыбюльнай зоне першага паверха размешчаны буфет. У прыбудаванай частцы падвальнага паверха — трэнажорная зала, якая прызначана толькі для тых, хто пражывае ў інтэрнаце.

Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю новага інтэрната з’явілася магчымасць забяспечыць месцам у інтэрнаце не толькі ўсіх першакурснікаў, але і амаль усіх старшакурснікаў з добрай паспяховасцю.

Транспартныя зносіны з вучэбнымі карпусамі БДУІР таксама добрыя. Да любога з іх можна дабрацца на метро. Улічваючы, што заняткі ў
нас пачынаюцца цяпер не ў восем, а ў дзевяць гадзін раніцы, можна без праблем спланаваць свой ранішні час: прачнуцца, зрабіць зарадку, паснедаць і прыехаць на заняткі.

Пытанняў да кіраўніцтва ВНУ на Дні адкрытых дзвярэй заўсёды паступае шмат. На некаторыя з іх пакуль адказаць праблематычна. Таму што яшчэ не зацверджаны пералік востразапатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў, даты прыёмнай кампаніі, кантрольныя лічбы набору, невядомая колькасць мэтавых месцаў.

— Наша прыёмная камісія цяпер працуе ў штатным рэжыме. Да мая мы перавядзем яе на ўзмоцнены рэжым работы, будзем актыўна інфармацыйна падтрымліваць усіх нашых абітурыентаў, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Ёсць сацыяльныя сеткі, чат-бот рэктарата, на сайце ўніверсітэта ёсць асобная ўкладка для абітурыентаў, ёсць «электронны абітурыент». І па меры таго як інфармацыя будзе абнаўляцца, яна будзе выкладвацца на адпаведных інфармацыйных рэсурсах, — паведаміў рэктар.

Звяртаючыся да патэнцыяльных абітурыентаў, Вадзім Богуш пажадаў ім паспяхова здаць выпускныя і ўступныя іспыты. І дадаў, што паступіць ва ўніверсітэт — гэта першая задача, а другая — не самая простая і не менш важная — гэта яго скончыць, бо сучасны ўзровень тэхналогій патрабуе пастаяннай работы над сабой. «Універсітэт, вядома ж, выбудоўвае працэс навучання так, каб студэнты ўжо з першага курса разумелі, што ў сучасным свеце заставацца спецыялістам — значыць пастаянна працаваць над сабой, пастаянна ўдасканальвацца ў сваёй галіне ведаў», — дадаў рэктар.

Святлана ГЕРМАН

Фота прэс-службы БДУІР

Загаловак у газеце: Формула паспяховага інжынера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.