Вы тут

У Магілёве Касцюковіцкі раён прэзентаваў свае абрады і традыцыі


Прэзентацыя адбылася ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная». Касцюковічы — горад з болей як пяцісотгадовай гісторыяй цікавы рознымі традыцыямі і абрадамі. У фае лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» — Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы гэта можна было прасачыць па выстаўцы работ народных умельцаў ад раённага Дома рамёстваў, цэнтральнай раённай бібліятэкі, раённага краязнаўчага музея. Свае ткацкія дасягненні дэманстравала член Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь па ручным ткацтве Валянціна Волкава. А яшчэ раён знакаміты сваімі добрымі літаратурнымі традыцыямі. Тут нарадзіліся такія паэты і пісьменнікі, як Іван Чыгрынаў, Васіль Хомчанка, Алесь Пісьмянкоў, Аркадзь Куляшоў.


— Таленавітыя і адораныя жыхары Касцюкоўшчыны сталі галоўнай фішкай канцэртнай праграмы, — удакладніла метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР Юлія Астапкіна. — Публіка пазнаёміліся з гісторыяй горада, з людзьмі, якія ўслаўляюць сваю родную зямлю. Імёны касцюковіцкіх класікаў ужо ўсім добра вядомыя. Але ў іх ёсць вельмі таленавітыя паслядоўнікі. Гэта члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Азаранка і Мікалай Леўчанка, цікавыя паэткі Ірына Коршунава, Святлана Даськова, Наталля Дробышава. Наталля, дарэчы, аўтар песні, якая перамагла ў конкурсе песеннага тэксту «Вытокі — 2023» і прагучала ў выкананні эстраднага беларускага спевака Тэа. 

Гледачы змаглі ацаніць разнастайнасць і народнасць «касцюковіцкіх брэндаў» , якімі з’яўляюцца фестываль паэзіі аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», свята «Ільінскі кірмаш», «Гусінае свята», «Свята бульбы», «Лукаў дзень», «Юр’еў дзень». Традыцыі касцюковіцкай зямлі адлюстраваліся ў фрагменце абраду «Ільінская вадзіца». Продкі збіралі 2 жніўня дажджавую ваду, якой надавалі магічныя ўласцівасці, і прасілі надвор’я на жніво і абароны ад погані.

Чырвонай ніткай праз канцэртную праграму прайшла тэма Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб доблесці і ратным подзвігу салдат на Касцюкоўшчыне моцная. Яна захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Цёплыя эмоцыі дарылі салісты студыі «Шанец», народнага ансамбля «Калініца», народнага вакальнага ансамбля «Альянс», эстраднай студыі «Д.Т.П.», сямейна-роднаснай групы «Радня», ансамбляў «Сяброўкі» і «Касцюковіцкія музыкі». Разыначкай свята стала выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля «Этыкет». 

Поспеху касцюковіцкіх артыстаў спрыяла і выступленне на абноўленай сцэне абласнога метадычнага цэнтра з якаснымі светлавымі і гукавымі спецэфектамі. 

Прэзентацыя Касцюковіцкага раёна стала сёлета другой па ліку ў рамках фестывалю «Беларусь родная, музычная, народная». Першым быў Хоцімскі раён. Зараз эстафету прымае Магілёўскі раён, які выступіць 21 сакавіка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.