Вы тут

Інтымная гігіена: як рабіць гэта правільна?


Як ні дзіўна, многія жанчыны для інтымных абмыванняў выкарыстоўваюць звычайнае мыла, у той час як яно парушае натуральны кіслотна-шчолачны баланс слізістай. А гэта небяспечна не толькі непрыемнымі адчуваннямі, але і захворваннямі палавых органаў. Давайце разбяромся, як трэба даглядаць самыя далікатныя ўчасткі цела і якія сродкі выкарыстоўваць. Пра асноўныя правілы інтымнай гігіены расказала ўрач акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірына Барысевіч.


— Ірына Андрэеўна, якія асноўныя правілы жаночай інтымнай гігіены?

— Падмывацца неабходна кожны дзень, мінімум раз у дзень і кожны раз пасля гэтага апранаць свежую бялізну. Калі ў вас месячныя, падмывацца неабходна так часта, як вы мяняеце пракладку — кожныя 3-4 гадзіны.

Яшчэ адзін важны момант — вада. Падмывацца трэба пад праточнай вадой, а не ў ванне або ў тазіку. Накіроўваючы струмень вады на палавыя органы, імкніцеся, каб вада сцякала зверху ўніз, а не знізу ўверх на похву. Сюды ж адносіцца і спрынцаванне.

Падмываючыся, выкарыстоўвайце толькі рукі: ніякіх мачалак, губак або махрыстых пальчатак. Гэтыя сродкі добрыя для ачышчэння ўсяго астатняга цела, але не падыходзяць для далікатнай скуры.

Важнае правіла — падмывацца звонку, але не ўнутры. Не трэба мыць усярэдзіне похвы — яна можа ачысціць сябе сама, без старонняй дапамогі. Да таго ж пальцамі падчас падмывання можна пашкодзіць слізістую абалонку похвы і выклікаць з’яўленне дыскамфорту. Таму не трэба гэтага рабіць.

Выкарыстоўваючы туалетную паперу, выцірайцеся спераду назад і ні ў якім разе не наадварот.

— Як правільна падбіраць сродкі для інтымнай гігіены? Ці можна выкарыстоўваць звычайнае мыла?

— Нават простае падмыванне вадой дазваляе належным чынам ачысціць вонкавыя палавыя органы. Аднак калі вам зручней і камфортней карыстацца дадатковымі сродкамі для падмывання, выбірайце менавіта тыя, якія прызначаны для інтымных абласцей. Ні ў якім разе не падмывайцеся гелямі для душа, мылам ці шампунем — гэтыя сродкі маюць шчолачны pH і могуць выклікаць сверб і запаленне. Выбіраючы сродак для інтымнай гігіены, звярніце ўвагу на інструкцыю: гэтыя сродкі могуць быць прызначаны для розных узроставых груп — асобна для дзяўчынак да 12 гадоў, для дзяўчат і жанчын, і для жанчын, старэйшых за 45 гадоў.

Сваім пацыенткам я рэкамендую вадкае мыла для інтымнай гігіены купляць у аптэках, у залежнасці ад узросту, бо pH похвы залежыць ад гарманальнага статусу, у кожным узросце ён розны. Ёсць для дзяўчынак, пры інфекцыях, у менапаўзе — на прыёме сродак падбіраецца індывідуальна.

На падмыванне звычайна патрэбна не больш за адну хвіліну — няма неабходнасці ў больш доўгім мыцці. Нават больш за тое: чым даўжэй вы падмываецеся, тым вышэй рызыка парушыць мікрафлору і справакаваць запаленне.

— Якой павінна быць бялізна?

— Найперш для інтымнай зоны павінен быць асобны ручнік. Пасля падмывання прамакніце ім скуру. Гэта павінен быць толькі ваш ручнік (ніхто з членаў сям’і больш яго не выкарыстоўвае), і ім вы не выціраеце рукі, твар і іншае.

Аддаваць перавагу лепш якаснай ніжняй бялізне, пажадана з бавоўны. Трусікі, пашытыя з сінтэтычных матэрыялаў, з’яўляюцца вельмі частай прычынай запалення. Падбірайце ніжнюю бялізну свайго памеру: трусікі не павінны ўпівацца ў скуру ці націраць. Лепш адмовіцца ад стрынгаў: яны не даюць скуры нармальна «дыхаць», што можа выклікаць запаленне і сверб. Па апошніх навуковых даных, жанчынам у менапаўзе, якія пакутуюць на сухасць слізістай вонкавых палавых органаў з-за недахопу эстрагенаў, рэкамендуюць насіць бялізну з шоўку.

— Ці варта адразу пасля сексу ісці ў ванны пакой?

— Калі вы жывяце палавым жыццём, трэба падмывацца кожны раз перад сексам і пасля.

— Ці можна падчас крытычных дзён пастаянна карыстацца тампонамі?

— Падчас месячных аддавайце перавагу пракладкам, а не тампонам. Апошнія можна выкарыстоўваць, калі гэта сапраўды неабходна, напрыклад, вы сабраліся ў басейн, але не больш чым на шэсць гадзін запар. Ніколі не кладзіцеся спаць з тампонам. Кроў — спрыяльнае асяроддзе для мікраарганізмаў, таму тампон не самы лепшы варыянт, а толькі на крайні выпадак.

— Чаму не пажадана выкарыстоўваць штодзённыя пракладкі?

— Гінеколагі не рэкамендуюць іх выкарыстоўваць, бо яны ствараюць ідэальнае асяроддзе для размнажэння бактэрый (у пракладцы звычайна цёпла і вільготна). Але калі вам камфортней выкарыстоўваць штодзёнкі, то мяняйце іх кожныя 3–4 гадзіны.

— Сурвэткі для інтымнай гігіены таксама непажаданыя для частага выкарыстання?

— Калі ў вас будзе доўгая паездка і не будзе магчымасці падмыцца, можна карыстацца спецыяльнымі сурвэткамі для інтымнай гігіены. Не выкарыстоўвайце для гэтых мэт звычайныя сурвэткі: яны маюць непадыходзячы pH і могуць утрымліваць спірт.

Калі ў вас з’явіўся сверб, выдзяленні з непрыемным пахам ці незвычайным колерам (жоўтыя, зялёныя), сухасць, дыскамфорт, не чакайце, гэта не пройдзе само. Звяртайцеся да гінеколага.

— Калі з’яўляецца сухасць слізістых, з чым гэта можа быць звязана?

— Сухасць у похве найчасцей назіраецца пры клімаксе і абумоўлена зніжэннем выпрацоўкі яечнікамі эстрагенаў, якія ў норме дабратворна ўплываюць на функцыі похвавага эпітэлію. Дэфіцыт гармонаў прыводзіць да знікнення з эпітэліяльных клетак глікагену і кератыну, з-за гэтага памяншаецца колькасць лактабактэрый, якія складаюць аснову мікрафлоры похвы і неабходныя, каб падтрымліваць у ёй аптымальнае кіслае асяроддзе. PH слізістай похвы павышаецца, яна патанчаецца і становіцца значна больш уразлівай да ўздзеяння негатыўных фактараў і траўматызацыі.

Зніжаны ўзровень эстрагенаў таксама прыводзіць да парушэння структуры эластыну і калагену, з-за чаго вагіна губляе складчатасць, становіцца менш эластычнай, апускаюцца яе сценкі. З-за дэфіцыту кровазабеспячэння змяняецца ў меншы бок колькасць змазкі, што цягне за сабой сухасць слізістай і звязаныя з гэтым непрыемныя адчуванні жанчыны.

Праз пяць гадоў з пачатку менапаўзы сухасць у похве турбуе практычна кожную другую жанчыну, а праз 15 гадоў клімаксу на яе пакутуюць чатыры пацыенткі з пяці. Сухасць вонкавых палавых органаў і похвы можа развівацца і ў дастаткова маладых пацыентак у выніку фізіялагічнай або паталагічнай гіпаэстрагеніі.

Прывесці да лакальнага зніжэння ўзроўню эстрагенаў могуць атрафічны кальпіт, які развіваецца як асноўная праява менапаўзальнага сіндрому; нядаўнія роды і перыяд лактацыі; гіперпралакцінемія, якая ўзнікае без сувязі з грудным кармленнем (на фоне прыёму пэўных груп медыкаментаў (напрыклад, нейралептыкаў) або як вынік хвароб органаў эндакрыннай сістэмы); прыём камбінаваных аральных кантрацэптываў (супрацьзачаткавых прэпаратаў) як пабочны эфект; заўчасная недастатковасць функцыі яечнікаў, звязаная з іх выдаленнем, аперацыямі, якія парушаюць кровазабеспячэнне, прамянёвай або хіміятэрапіяй у вобласці малога таза, некаторымі хваробамі аўтаімуннай прыроды, а таксама генетычнымі анамаліямі.

Пастаянны або часовы атрафічны кальпіт можа ўзнікнуць і без сувязі з гарманальнымі расстройствамі, а з прычыны ужывання сродкаў для інтымнай гігіены, нерацыянальнага спрынцавання, выкарыстання прэзерватываў, прымянення лекаў у форме вагінальных таблетак або супазіторыяў, бактэрыяльнай, грыбковай мікрафлоры.

Гэтыя фактары, кантактуючы з далікатнай слізістай похвы, парушаюць структуру яе эпітэлію, прыводзяць да раздражнення, алергічнага або інфекцыйнага запалення, якія таксама могуць праявіцца адчуваннем сухасці.

Спрыяюць патанчэнню слізістай гіпадынамія, якая прыводзіць да застою крыві, запаволення працэсаў абмену рэчываў у вобласці органаў малога таза; лішняя маса цела; зніжэнне функцый мясцовага і агульнага імунітэту; няякасная сподняя бялізна (з сінтэтычных матэрыялаў); курэнне; бязладныя палавыя сувязі; некаторыя саматычныя хваробы (цукровы дыябет, гіпатэрыёз, ВІЧ і іншыя).

Фота: pixabay.com

Сухасць, як правіла, з’яўляецца не адзінай прыкметай атрафіі слізістай похвы ці іншых паталагічных станаў. Яе суправаджаюць і іншыя праявы, сярод якіх пачуццё свербу ці пякоты ў вагіне, вобласці геніталій, адчуванне дыскамфорту, боль пры вагінальным сексе, крывяністыя выдзяленні з палавых шляхоў пасля палавога акта (вынік мікратраўматызацыі сасудаў атрафіраванай слізістай), зніжэнне палавой цягі, складанасці з дасягненнем аргазму.

Адначасова з сімптомамі з боку палавых органаў нярэдка ўзнікаюць і ўралагічныя праявы, у прыватнасці дыскамфорт, боль пры мочаспусканні, частыя пазывы памачыцца, нетрыманне невялікіх порцый мачы.

Пры ўзнікненні такіх сімптомаў вельмі важна своечасова звярнуцца да свайго гінеколага для высвятлення прычыны і неабходнасці лячэння.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.