Вы тут

У першую суботу лютага ў Беларусі праходзяць вечары сустрэч выпускнікоў


У нас стартавалі ўсе

Гэта ўжо традыцыя: у першую суботу лютага ва ўсіх школах Беларусі праходзяць вечары сустрэч выпускнікоў. Многія з іх, наколькі ведаю, вельмі чакаюць гэтага мерапрыемства, загадзя тэлефануюць аднакласнікам, падбіраюць сукенкі і касцюмы, словы, каб выказаць удзячнасць сваім настаўнікам.

У нашай Вялікашылавіцкай базавай школе вечар сустрэчы прайшоў незвычайна — у форме спартыўнай гульнявой праграмы «Стартуюць усе!».

Дзве каманды — выпускнікі «Венікі» і вучні-настаўнікі (пад кіраўніцтвам дырэктара і завуча) «Школьная сіла» — спаборнічалі ў дзесяці спартыўных відах.

Само мерапрыемства пачалося з размінкі, якая адразу настроіла на пазітыў. Напэўна, таму на ўсіх этапах праграмы каманды ішлі, што называецца, поплеч. Конкурс капітанаў, у якім удзельнічала дырэктар школы Вольга Равінская, яшчэ раз засведчыў, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. І калі яму пад сілу кіраваць школай, то чаму б не паставіць рэкорд... у скачках на скакалцы?!

Карацей, мерапрыемства прайшло цікава і весела — на адрэналіне. Выпускнікі даказалі, что не згубілі спартыўных навыкаў, набытых за гады вучобы, а каманда школы не лішні раз пацвердзіла сваі згуртаванасць і сілу.

Паколькі згулялі ўнічыю, усе ўдзельнікі апроч станоўчых эмоцый і радасці сустрэчы з аднакласнікамі і настаўнікамі атрымалі ў якасці прызоў тарты.

Вераніка КРЭЧЫК, настаўніца

Слонімскі раён


Дзявочая памяць

Людзі часта задаюцца пытаннем, хто прыдумвае розныя анекдоты.

Я, здаецца, ведаю адказ: мы самі.

Не верыце? Тады паслухайце, а можа, і ўявіце: невялічкі горад, такая ж установа, абедзенны перапынак. Жанчыны-супрацоўніцы сышліся за адным сталом, дасталі ссабойкі — сілкуюцца, пра нешта гамоняць... Але ж ёсць і любімая тэма.

— Ой, ну калі ты ўжо замуж пойдзеш? — дапытваецца Іванаўна ў Наташы. — Так хочацца на вяселлі пагуляць!

— Дык за каго ж ісці? — бароніцца дзяўчына. — Хочацца, каб муж не піў, не курыў... А цяпер такіх, мусіць, няма?

— Знойдзеш! Не перажывай! А то, можа, каго пасватаць? І табе, Марыначка, трэба! Яно ж крыўдна, нябось — і прыгажуня, і гаспадыня, якіх пашукаць, а ўсё адна ды адна…

— Можна падумаць, што вы ў пары, — агрызаецца Марына.

— Я? Не! Я сабе чалавека век не дабяру, — адмахваецца «свацця».

— Гэта чаму?

— Дык жа мора няма.

— ?!

— ...А мне хіба што капітан падыдзе — з далёкага плавання, каб адзін раз на год прыплыў, шмат грошай пакінуў і бывай.

— А вось мне, — уздыхае Рэгіна, — трэба, каб добры быў, каб гаспадарлівы, каб разумеў ды шанаваў мяне, каб…

Жанчына пералічвае далей, сяброўкі здзіўлена маўчаць.

— Слухай, а табе навошта? — перапыняе ўрэшце Іванаўна. — Ты ж гадоў з 20 замужам?

— Ой, дзяўчаты, а я і забылася!

...Усё, можна смяяцца. Калі ёсць з чаго.

Таццяна НОВІК

г. Клецк

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.