Вы тут

Як беларуская прафесійная касметыка стала міжнарождным брэндам?


Самы аўтарытэтны спецыяліст нашай краіны ў галіне стварэння прафесійнай касметыкі, кандыдат біялагічных навук і кіраўнік ТАА «Лота Б’юці Сістэм» Людміла Калацкая расказала пра апошнія трэнды касметалогіі, пра шкодныя стэрэатыпы, якія ўдалося пераадолець, і пра тое, чаму варта ганарыцца беларускімі таварамі.


Беларуская касметыка — гэта, безумоўна, ужо міжнародны брэнд. А сакрэт папулярнасці ў тым, што яе стварэннем і распрацоўкай саставаў з самага пачатку займаліся людзі выключна кампетэнтныя — навукоўцы. Людміла Калацкая стаяла каля вытокаў брэнда «беларускія касметыка»: 30 гадоў таму кіравала лабараторыяй кампаніі «Беліта». Пазней разам з калегамі стварыла навуковы цэнтр, які працаваў на дзве знакамітыя кампаніі — «Беліта» і «Вітэкс»:

— Якасная касметыка «склалася» ў Беларусі даўно, і мне выпаў гонар быць у ліку першых, хто ўдзельнічаў у яе станаўленні. Трыццаць гадоў таму я прыйшла ў кампанію «Беліта», і за гады працы там усе мы атрымалі вялізны пласт ведаў, якога раней не было ў нашай краіне. Яго мы ўкаранілі. Так з’явілася беларуская касметыка, якую сёння ведаюць далёка за межамі.

«Беліта», дарэчы, на момант свайго стварэння была адным з усяго чатырох сумесных прадпрыемстваў Савецкага Саюза (беларуска-італьянскім, як і вынікае з назвы).

— Усе мы, па сутнасці, выйшлі з «Беліты», — падкрэслівае Людміла Калацкая. — Большая палова касметычных прадпрыемстваў Беларусі — у той ці іншай ступені выхадцы з «Беліты» і «Вітэкс». Створана, лічу, вельмі якасная масмаркет-касметыка. Яна шырока вядомая і ў краіне, і за мяжой, дэмакратычная па кошце, эфектыўная. Але паступова з’явілася разуменне, што ў нас няма менавіта прафесійнай касметыкі для салонаў прыгажосці, для работы касметолагаў і касметыкаў. Няма вышэйшага пласта касметычных сродкаў. Бо ўсе ідэі масмаркет-касметыка атрымлівае са сферы касметыкі прафесійнай. Таму мы ў ёй добра арыентаваліся, і гэта сапраўды вельмі цікавая галіна, у якой варта было папрацаваць. 

Так з’явілася беларускае прадпрыемства па выпуску прафесійнай касметыкі.

Сёння ў актыве «Лота» — два паўнавартасныя айчынныя прафесійныя брэнды: MesoExfolіatіon (16 відаў пілінгаў, якія цалкам закрываюць гэты сегмент у прафесійнай касметалогіі) і HyalSolutіon (прафесійныя сродкі догляду на аснове гіялуронавай кіслаты). Апошні ў снежні 2023 г. стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу Belarus Beauty Awards, у якім удзельнічалі таксама замежныя брэнды прафесійнай касметыкі, прадстаўленыя на рынку нашай краіны (з ЗША, Італіі, Іспаніі, Ізраіля, Польшчы, Расіі і г. д.).

— «Лота Б’юці Сістэм» працуе з 2015 года, — расказала на прэс-канферэнцыі Людміла Калацкая. — Мы выстаялі нават у ковід: калі ніхто не працаваў, Беларусь працавала. Дзякуючы яшчэ і гэтаму мы дасягнулі пэўных поспехаў.

Стаўка — на навуку

Аб імпартазамяшчэнні, гарантыі тэхналагічнага суверэнітэту і незалежнасці любой краіны ў сучасным свеце сёння гаворыцца шмат. Для Беларусі (асабліва ў Год якасці) гэта задача нумар адзін, рухавік эканомікі і ключавы прыярытэт развіцця краіны на найбліжэйшую перспектыву. Відавочна, што ў першую чаргу маецца на ўвазе ахова здароўя і фармацэўтыка, высокія тэхналогіі і машынабудаванне, аграрны сектар і харчовая бяспека... Але ж камфорт і сучасны ўзровень жыцця забяспечваюць у тым ліку такія «надбудовы» над жыццёва неабходнымі сферамі, як, напрыклад, тая ж касметалогія.

— Ствараючы якасную прафесійную касметыку, мы таксама — і гэта маё глыбокае перакананне — падтрымліваем тэхналагічную бяспеку краіны, — кажа Людміла Калацкая.

Заўважым, што беларуская кампанія «Лота», адзіная сярод вытворцаў прафесійнай касметыкі краін СНД, прынята ў члены Еўрапейскага таварыства вытворцаў касметыкі.

— Мы працуем з калегамі па ўсім свеце, з усёй сусветнай касметычнай супольнасцю. Гэта дазваляе трымаць руку на пульсе. У стварэнні прафесійнай касметыкі спыняцца нельга: пастаянна з’яўляюцца новыя тэндэнцыі, трэнды, даследаванні.

Як і касметыка масмаркета, прафесійная касметыка, якая ствараецца ў нашай краіне, робіць стаўку на навуку — гэта ў цэлым асноватворны прынцып стварэння айчынных сродкаў па доглядзе скуры. Распрацоўшчыкі беларускай прафесійнай касметыкі бяруць удзел як у міжнародных навуковых форумах, так і ў канферэнцыях, якія арганізоўвае Нацыянальная акадэмія навук.

— Цесна працуем з інстытутам мікрабіялогіі. Бо што такое сёння львіная доля ўсіх сучасных касметычных інгрэдыентаў высокага ўзроўню? Мікрабіялогія — тое, чым я займалася ўсё жыццё, — тлумачыць Людміла Калацкая. — Вы падбіраеце прадуцэнт, задаяце яму праграму, і ён выдае вам тое, што вы хочаце атрымаць. Таму мікрабіялогія сёння найбольш запатрабавана пры вытворчасці касметычных сродкаў. Акрамя таго, апошнім часам мы пачалі працаваць з навуковымі цэнтрамі, што задзейнічаны ў вывучэнні ўласцівасцяў лактаферыну, — гэта тры моцныя даследчыя структуры Нацыянальнай акадэміі навук. Касметалогія — адна з галін прымянення лактаферыну, гэта новы, вельмі дарагі і запатрабаваны на сусветным рынку касметычны кампанент.

Што ў трэндзе?

Якія ж кірункі ў распрацоўшчыкаў прафесійнай касметыкі лічацца найбольш перспектыўнымі?

У першую чаргу падтрыманне здаровага мікрабіёму скуры, адзначае суразмоўніца. Гэта сусветны трэнд. Нябачны воку мікрабіём скуры чалавека — экасістэма тысяч мікраарганізмаў, якія жывуць на паверхні эпідэрмісу. Мікрабіём знаходзіцца ў сінергіі са скурай, і яго баланс мае вялікае значэнне для нашага здароўя, прыгажосці і маладосці. На сёння біёлагі лічаць верхнім пластом эпідэрмісу чалавека не stratum corneum, як было яшчэ дзесяць гадоў таму, а stratum mіcrobіomum. І новы кірунак прафесійнай касметалогіі — стварэнне сродкаў, якія падтрымліваюць неабходны баланс гэтых мікраарганізмаў.

— Я вельмі вітаю і такі актуальны сёння кірунак, як скінімалізм, — распавядае Людміла Калацкая. — Перад ковідам, гадоў 5-6 таму, існавала мода — яна прыйшла з карэйскага рэгіёна — на велізарную колькасць пластоў сродкаў па доглядзе. Скура перагружаецца такой колькасцю прэпаратаў, і паступова стваральнікі касметыкі пачалі скарачаць колькасць сродкаў, робячы кожны з іх больш эфектыўным. Скінімалізм — трэнд натуральнасці, дастатковасці. Ізноў жа, мы не засмечваем прыроду ўсімі гэтымі флаконамі…

Наступны трэнд выцякае з папярэдняга — скарачаюцца склады сродкаў, становячыся больш зразумелымі і празрыстымі.

— Тры дзесяцігоддзі таму актыўна выкарыстоўваліся ўсяго 5-6 актыўных інгрэдыентаў, якія і пазначаліся на ўпакоўцы, — расказвае суразмоўніца. — Адзначу, дарэчы, што Беларусь — першая краіна на постсавецкай прасторы і доўгі час адзіная, якая ўказвала састаў касметыкі так, як гэта належыць у адпаведнасці з сусветнымі патрабаваннямі. Сёння мінімальнасць саставу — гэта вельмі важна. Неапраўдана вялізныя хімічныя саставы не толькі робяць даражэйшымі касметычныя сродкі, але і дэзарыентуюць спажыўца, у тым ліку практыкаў б’юці-сферы, адзначае вучоны. Ідзе перанасычэнне скуры, і сродкі губляюць эфектыўнасць.

Наша скура вельмі адаптыўная, дзякуючы гэтаму чалавек і выжывае, адзначае Людміла Калацкая. Залішне вялікія саставы спараджаюць так званы эфект адмены.

— Таму важна, каб нішто не перашкаджала працаваць галоўнаму кампаненту прэпарата, а для гэтага трэба мінімізаваць формулу — сусветнае патрабаванне ў сучаснай прафесійнай касметалогіі.

І нарэшце, найважнейшы кірунак даследаванняў — абарона скуры ад выпраменьвання гаджэтаў (тое, што прынята называць «сінім святлом»). Уздзейнічаючы франтальна з невялікай адлегласці, «сінім святлом» паскарае працэсы старэння, спрыяе абязводжванню скуры і ўтварэнню пігментных плям.

— Ад гаджэтаў людзі не адмовяцца, — падкрэслівае навукоўца. — Мы павінны з гэтым жыць. 

І адпаведна, павінна быць касметыка, якая абараняе скуру.

Дарэчы, парада ад прафесіянала: калі вы на канапе са смартфонам у руках, накладзіце на твар любую тканінную касметычную маску. Эфект — два ў адным: і абарона, і б’юці-працэдура. Нават хатняя маска, напрыклад з зялёнага чаю на марлечцы, хоць у нейкай ступені абароніць ад «сіняга святла».

А ў цэлым, кажуць спецыялісты, у абароне мае патрэбу не толькі скура твару: кірунак пачаў развівацца з неабходнасці пратэктаваць скуру рук.

— Падчас пандэміі ўсе мы выкарыстоўвалі санітайзеры, асабліва пакутавала скура рук ва ўрачоў, — гаворыць суразмоўніца. — І як «рэспект» медыкам мы распрацавалі крэм для рук, састаў якога аналагічны суперэфектыўнаму крэму для твару. Яго, дарэчы, спачатку ацанілі спажыўцы ў Расіі, а нашы суайчыннікі — крыху пазней.

Аб шкодзе стэрэатыпаў

Сёння прафесійная беларуская касметыка запатрабавана ў многіх краінах свету — не толькі ў Расіі, але і, напрыклад, у Азербайджане, Арменіі, Турцыі. У нашай краіне на пачатку станаўлення брэнда прыйшлося змагацца са стэрэатыпамі, адзначаюць прадстаўнікі кампаніі «Лота». У даковідныя часы канкурэнцыя ў сферы прафесійнай касметыкі была вельмі высокай, расказваюць яны. На рынку Беларусі было шмат сусветных брэндаў, і справа не ў якасці — якасць імпартнай касметыкі была рознай. Справа ў стэрэатыпе «еўрапейскае — добрае, айчыннае — так сабе». Сёння еўрапейская касметыка стала значна даражэйшай для беларускага спажыўца. Ды і людзі навучыліся чытаць саставы і параўноўваць: спажывец стаў больш адукаваным, з’явілася разуменне: навошта пераплачваць, калі не менш (а часам і больш) за якасны прадукт, ад айчыннага вытворцы ён абыдзецца танней.

— Стэрэатып «Ай, гэта беларускае...», праўда, усё яшчэ праяўляецца. Мы не прывыклі сябе паважаць. І час гэтаму навучыцца, — кажа Людміла Калацкая. — Бо ў нашай краіне вырабляецца шмат тавараў, якімі па праве варта ганарыцца. Давайце паглядзім нават на бытавым узроўні: бюстгалтары беларускай вытворчасці — супер, калготкі — супер, ежа, наша беларуская мясная і малочная прадукцыя — проста супер! І касметыка супер. Дык чаму ж мы сябе не любім?.. Брэнд «Лота» можна было зрабіць сумесным з французамі або італьянцамі, але мы вырашылі — не, няхай ён будзе менавіта беларускі. Гэта наш выбар, наша падзяка краіне, якая нас вывучыла. І сёння мы аддаём ёй свае веды.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.