Вы тут

У Марый Эл пераклалі купалаўскі «Курган»


Добрая літаратурная, сяброўская навіна прыляцела з Йошкар-Алы — сталіцы Марый Эл. У гэтым расійскім рэгіёне выходзіць літаратурна — мастацкі часопіс «Ончыко» («Наперад»). На старонках выдання, якое ўжо шмат дзесяцігоддзяў прапагандуе марыйскую літаратуру і марыйскую мову, апошнім часам штогод друкуюцца пераклады твораў беларускіх паэтаў і празаікаў. У прыватнасці, надрукаваны вершы, апавяданні, казкі Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Рыгора Барадуліна, Навума Гальпяровіча, Алега Ждана, Міколы Мятліцкага... Новая публікацыя — паэма «Курган» народнага песняра Беларусі Янкі Купалы ў перакладзе на марыйскую мову, які здзейсніў Анатоль Ціміркаеў. Паэма друкуецца ў трэцім, сакавіцкім, нумары часопіса «Ончыко». 


Створаная болей як стагоддзе назад, паэма-балада Я. Купалы «Курган» (упершыню надрукавана ў газеце «Наша ніва» 2 чэрвеня 1912 года) перакладзена на многія мовы народаў свету — рускую (існуе некалькі перакладаў — М. Браўна, С. Гарадзецкага, Н. Кісліка і іншых яркіх паэтаў), узбекскую (перакладчык Міртэмір), асецінскую (А. Пухаеў), балгарскую (Н. Вылчаў), кітайскую (Чжу Цзі)... Марыйскі паэт і перакладчык Анатоль Ціміркаеў — вядомы ў Расійскай Федэрацыі, у Марый Эл літаратар. Нарадзіўся ў 1952 годзе. Друкуецца з 1965 года. У свой час займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Ончыко». Вершы Анатоля Ціміркаева перакладзены на рускую, эстонскую, фінскую, чувашскую, удмурцкую, мардоўскую мовы. Дарэчы, марыйскі перакладчык «Кургана» — і перакладчык «Яўгенія Анегіна» А. С. Пушкіна (за гэтую працу Анатоль Ціміркаеў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Мары Эл імя С. Чавайна). 

— Я пад уражаннем купалаўскай творчасці, — пракаменціраваў літаратурную падзею перакладчык Анатоль Ціміркаеў. — «Курган» захапіў усю маю свядомасць. І праз стагоддзе чуцен боль, чуцен стогн не толькі гусляра, народнага музыкі, чуць голас мастацтва, якое ў сваёй шчырасці і нераўнадуушнасці заўжды абуджае народ, даносіць да яго праўду. Зараз я працую над перакладамі паэзіі сучасных беларускіх паэтаў. У бліжэйшы час з’явяцца новыя публікацыі, якія адкрыюць марыйскаму чытачу шмат новага і цікавага. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.