Вы тут

14 лютага спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Яроменкі-малодшага


У сераду 14 лютага спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння акцёра тэатра і кіно, кінарэжысёра, народнага артыста Расіі Мікалая Яроменкі-малодшага. На сацыякультурным тэлеканале з гэтай нагоды пакажуць мастацкі фільм «Піраты ХХ стагоддзя», дзе артыст зняўся ў галоўнай ролі. А ў наступную суботу 17 лютага на канале «Расія-Культура» ўбачым дакументальны фільм пра акцёра.


Прыгодніцкі баявік «Піраты ХХ стагоддзя» рэжысёра Барыса Дурава, які выйшаў на экраны ў 1979 годзе, мае ў сваёй аснове рэальную гісторыю. У заметцы, змешчанай у канцы 1970-х гадоў у «Известиях», паведамлялася пра нападзенне піратаў на італьянскае судна, якое перавозіла ўранавую руду. Ніхто на караблі пасля гэтага не выжыў. Даведаўшыся пра такое здарэнне, Станіслаў Гаварухін, аўтар сцэнарыя будучага фільма, загарэўся ідэяй распавесці пра гэта мовай кіно. І ўжо на экране гледачы знаёмяцца з гісторыяй савецкага сухагрузнага карабля, якім перавозяць опіум для фармакалагічнай прамысловасці. І вось каштоўны тавар і экіпаж трапляюць у рукі сучасных піратаў, і пачынаецца напружаная барацьба паміж маракамі і разбойнікамі, якія не ведаюць літасці…

Савецкі баявік, якому сёлета спаўняецца 45 гадоў з моманту выхаду, стаў тады «адказам Галівуду». Бо ў фільме было ўсё, за што так гледачы любяць адпаведны жанр: прыцягальная гісторыя супрацьстаяння «сваіх» і «чужых» з бойкамі, стралянінай і небяспечнымі трукамі. «Піратаў ХХ стагоддзя» паглядзела ў той год 90 мільёнаў чалавек. Феномен папулярнасці фільма, верагодна, абумоўлены і тым, што на экране савецкія акцёры дэманстравалі прыёмы каратэ, баявога мастацтва, якое ў той перыяд пачынала масава распаўсюджвацца па краіне. Пастаноўшчыкам баёў у карціне быў вядомы майстар усходніх адзінаборстваў Тадэвуш Касьянаў. Добра валодаў каратэ і Талгат Нігматулін, якога называлі «савецкім Брусам Лі». Дарэчы, менавіта дзякуючы Нігматуліну ў акцёрскі склад «Піратаў...» трапіў і Мікалай Яроменка-малодшы. Артысты былі сябрамі з часоў універсітэта, і Талгат параіў свайму калегу пайсці на пробы. Яроменка зняўся ў карціне ў галоўнай ролі, і пасля ў 1980 годзе, па апытанні часопіса «Савецкі экран», як выканаўца ролі старшага механіка Сяргея Сяргеевіча быў названы найлепшым акцёрам.

Будучы вялікі артыст нарадзіўся ў Віцебску ў 1949 годзе ў сям’і акцёраў — народнага артыста СССР Мікалая Яроменкі-старэйшага і народнай артысткі БССР Галіны Арловай.

Ва ВГІКу, які скончыў у 1971 годзе, Яроменка-малодшы трапіў на курс рэжысёра Сяргея Герасімава, які потым зняў акцёра ў сваім фільме «Чырвонае і чорнае», зрабіўшы артыста неверагодна папулярным. Дэбютнай для яго стала кінастужка «Каля возера» (1969), знятая зноў жа яго настаўнікам. За сваю творчую кар’еру артыст паспеў сыграць у дзясятках фільмаў, сярод якіх «У пошуках капітана Гранта» (1985), «Я аб’яўляю вам вайну» (1991), «Сын за бацьку» (1995) і іншыя. Даведацца больш пра артыста мы зможам, паглядзеўшы дакументальны фільм пра яго ў суботу 17 лютага на канале «Расія-Культура». Кінастужка «Сапраўднае жыццё Жульена Сарэля» з цыкла «Астравы» адкрывае біяграфію Мікалая Яроменкі-малодшага з новага ракурсу.

Ён быў любімым вучнем Сяргея Герасімава, і яго любілі жанчыны розных узростаў у Савецкім Саюзе: нездарма рэжысёр запрасіў яго на ролю Жульена Сарэля ў фільм «Чырвонае і чорнае». На здымках Яроменка ўсё рабіў сам: скараў глыбіні акіянаў, вяршыні гор, ездзіў верхам, асвойваў прыёмы дзюдо і каратэ. Маладыя рамантычныя героі пасля гэтага сталі візітнай карткай артыста, а ён сам здаваўся многім халодным, рацыянальным і непрыступным, хаця насамрэч Мікалай Яроменка-малодшы быў вельмі ранімым чалавекам... У дакументальным фільме пра акцёра раскажуць Наталля Белахвосцікава, Наталля Бандарчук, Уладзімір Гасцюхін, Уладзімір Носік і Святлана Дружыніна. Глядзіце і ўспамінайце выдатнага артыста.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.