Вы тут

Імідж беларускіх пісьменнікаў ствараюць іх землякі


Завяршыўся абласны літаратурна-краязнаўчы праект «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю», які праводзіўся намаганнямі публічных бібліятэк. Падведзены вынікі абласнога конкурсу на стварэнне найлепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на афіцыйных сайтах бібліятэк.


Памятны камень Васіля Віткі ў Слуцку.

Асновай для стварэння гэтай ініцыятывы стаў асветніцкі праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» (2019–2023) Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з партнёрамі. Новы праект рэалізоўвае Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна, якая з’яўляецца каардынатарам дзейнасці публічных бібліятэк Мінскай вобласці. Ініцыятыва ажыццяўлялася кніжніцамі Міншчыны сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі
беларускай літаратуры і яго філіяламі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Выдавецкім домам «Звязда» (газетай «Літаратура і мастацтва»), Саюзам пісьменнікаў Беларусі, часопісам «Полымя» і Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача.

Гэты праект — адна з формаў краязнаўчай дзейнасці, задачай якой з’яўляецца захаванне памяці пра знакамітых пісьменнікаў-землякоў праз рэалізацыю разнастайных мерапрыемстваў на базе бібліятэк: святочных імпрэз; літаратурных і мастацкіх конкурсаў; правядзенне круглых сталоў і прэзентацый; падрыхтоўка кніжных выстаў пісьменнікаў і чытанняў іх мастацкіх кніг; удзел у навуковых канферэнцыях, дзе ёсць магчымасць падзяліцца вопытам і распавесці пра свае ініцыятывы; кантактаванне з роднымі пісьменнікаў; стварэнне літаратурных экспазіцый — музейных куткоў, прысвечаных знакамітым землякам і іншыя. Адной з самых яркіх старонак праекта стала правядзенне міжнароднага анлайн-конкурсу чытальнікаў «Пад зоркай Венеры» па творчасці Максіма Багдановіча ў снежні 2022 года, арганізатарам якога стала Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна. У ініцыятыве прыняло ўдзел каля 2000 дзяцей ад 6 да 18 гадоў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Яраслаўля, дзе знаходзіцца музей Максіма Багдановіча.

Актыўна ажыццяўлялася супраца з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і яго філіяламі, з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва: праходзілі сумесныя імпрэзы, круглыя сталы, прэзентаваліся музейныя выставы ў бібліятэках. У сваю чаргу ў рамках праектнай дзейнасці кніжніцы атрымалі адсканаваныя дакументы з музейных фондаў для размяшчэння на сваіх рэсурсах. Да праекта далучаліся члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія выступалі на бібліятэчных пляцоўках, дапамагалі ў рэалізацыі самых розных ініцыятыў

Узнагароджванне пераможцаў анлайн-конкурсу ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Праект завяршыўся падвядзеннем вынікаў абласнога конкурсу на стварэнне найлепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на сайце бібліятэкі, які праходзіў з 15 сакавіка да 15 снежня 2023 года. Такая форма праектнай работы спрыяе не толькі рэалізацыі краязнаўчай дзейнасці, але і дазваляе палепшыць імідж і рэйтынг афіцыйнага рэсурсу ўстановы, зрабіць яго больш запатрабаваным і прывабным.

У планах Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна — падрыхтоўка выдання «Мемарыяльныя віртуальныя музеі на сайтах бібліятэк: метадычныя рэкамендацыі па стварэнні», да рэалізацыі якога далучаны бібліятэкі — удзельніцы абласнога конкурсу. Для таго каб дапамагчы ў стварэнні віртуальных праектаў, былі арганізаваны майстар-класы, прайшлі 10 лістапада 2022 года круглы стол «Віртуальныя музеі, інфармацыйныя рэсурсы публічных бібліятэк» (у рамках абласной школы метадыста) і 20 красавіка 2023 года — абласны семінар на базе Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі «Папулярызацыя чытання: арганізацыя інфармацыйнай прасторы ў бібліятэцы».

Праектам «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю» і конкурсам зацікавіліся многія раённыя бібліятэкі Мінскай вобласці, прычыны прыняць удзел у ім у кожнай установы былі свае.

Напрыклад, Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка шмат гадоў ушаноўвае памяць дзіцячага пісьменніка Васіля Віткі (1911–1996), з 2008 года праходзяць штогадовыя Майскія Віткаўскія чытанні. У рамках акцыі «Культурная сталіца Беларусі г. Слуцк — 2023» удалося закласці алею Васіля Віткі з адкрыццём памятнага каменя, якая знаходзіцца недалёка ад вуліцы Васіля Віткі. Стварэнне такога віртуальнага музея на сайце цэнтральнай бібліятэкі, які сабраў бы ўвесь фактаграфічны і бібліяграфічны матэрыял пра пісьменніка, было даўно ў планах. Такім чынам, конкурс падштурхнуў да ажыццяўлення задуманага.

Па ініцыятыве супрацоўнікаў Салігорскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія актыўна працавалі над віртуальным кабінетам Фёдара Гурыновіча сумесна з самім аўтарам, на імя А. М. Карлюкевіча, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, быў накіраваны запыт аб перавыданні кнігі «Птушыная азбука», за якую ў 1998 годзе пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Маўра. Прапанова была прынята, і ў 2024 годзе кніга будзе перавыдадзена ў Выдавецкім доме «Звязда», з’явіцца ў бібліятэках і кнігарнях нашай краіны.

Лагойская раённая цэнтральная бібліятэка ў гэтым годзе запусціла афіцыйны сайт. Пакуль ён толькі напаўняецца новымі матэрыяламі. Для стварэння іміджу бібліятэкі і прасоўвання яе ў прасторы работа над віртуальным музеем народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча (1931–2016) спрыяла росту віртуальных наведванняў новага рэсурсу.

Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева стварыла віртуальны музей пісьменніка-земляка Леаніда Рашкоўскага (1937–1994), які змяшчае поўныя тэксты кніг пісьменніка, яго публіцыстыку, алічбаваныя матэрыялы пра яго. У мэтах папулярызацыі рэсурсу супрацоўнікі бібліятэкі плануюць стварэнне віртуальнага клуба літаратараў-«карчагінцаў» (пісьменнікаў, якія маюць інваліднасць), а таксама калектыў бібліятэкі ўзяўся за рэалізацыю ідэі стварэння Мемарыяльнай літаратурнай прэміі імя Л. Рашкоўскага «Пераадоленне».

12 снежня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прайшло пасяджэнне сяброў журы абласнога конкурсу на стварэнне найлепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на афіцыйных сайтах бібліятэк Мінскай вобласці. У склад журы ўваходзілі спецыялісты абласной бібліятэкі і прадстаўнікі з іншых бібліятэк, запрошаныя ў якасці незалежных экспертаў: галоўны бібліятэкар аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ганна Солушка і старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікола Трус. Запрашэнне спецыялістаў з іншых устаноў дало магчымасць найбольш аб’ектыўна ацаніць віртуальны кантэнт, даць незалежную ацэнку кожнаму рэсурсу і вызначыць найлепшых:

Дыплом І ступені за стварэнне найлепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка атрымалі дзве публічныя бібліятэкі: Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка — за віртуальны музей Васіля Віткі «Народжаны пад знакам паэзіі» і Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка — за віртуальны кабінет Фёдара Гурыновіча, які быў значна перапрацаваны за час дзейнасці абласнога праекта «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю».

Дыплом ІІ ступені атрымала Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса за віртуальны музей Паўлюка Труса, які таксама вельмі актыўна папаўняўся і дапрацоўваўся ў 2022 — 2023 гадах.

Дыплом ІІІ ступені атрымалі: Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча — за рэсурс «Пісьменнік дабрыні і шчырасці: віртуальны музей Янкі Галубовіча» і Лагойская раённая цэнтральная бібліятэка — за «Віртуальны музей народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча».

Заахвочвальнымі дыпломамі адзначаны: Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева — за ўклад у развіццё літаратурнага краязнаўства («Віртуальны музей Леаніда Рашкоўскага»), Мінская раённая цэнтральная бібліятэка — за актыўную работу па папулярызацыі віртуальнага музея Язэпа Пушчы, Смалявіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча — за даследчую працу ў рамках віртуальнага музея Міколы Нікановіча, Старадарожская раённая цэнтральная бібліятэка — за паспяховы старт пры стварэнні віртуальнай старонкі Міхася Парахневіча.

Арт-сустрэча «З любоўю да роднага краю» ў Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэцы

Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна таксама далучылася да абласнога конкурсу, але па-за яго межамі, бо з’яўляецца арганізатарам. У рамках праектнай дзейнасці мерапрыемствы прысвячаліся класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу. На новым сайце бібліятэкі сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва быў створаны віртуальны музей Максіма Багдановіча. Яго размяшчэнне стала завяршэннем праекта «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю» ў Мінскай абласной бібліятэцы.

18 снежня 2023 года ва ўстанове сумесна з вышэйадзначанымі бібліятэкамі прайшоў літаратурны вечар «Па Максімавых сцежках», прысвечаны дню нараджэння паэта. На ім былі падведзены вынікі дзейнасці бібліятэкі ў рамках праекта, а таксама прэзентаваны новы віртуальны рэсурс.

Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна выказвае шчырую падзяку партнёрам, даследчыкам, пісьменнікам, якія сумесна з публічнымі бібліятэкамі Мінскай вобласці працавалі над праектам.

Таццяна ЛАЎРЫК

Фота дасланы аўтарам

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.