Вы тут

Няхай жыве і пасецца беларуская птушка... бакас!


Няхай жыве і пасецца

беларуская птушка... бакас!

Фота: pexels.com

Некалі даўно мне давялося нямала пакалясіць па вёсках раёна, а значыць паслухаць мясцовыя гісторыі, выпадкі, забабоны, байкі... Найбольш спадабалася адна, пачутая ад жыхароў вёскі Жмурнае гадоў мо 40 таму, калі сяло яшчэ гуло! Жыхары яго — людзі разумныя, шчырыя, гумарныя — умелі працаваць, умелі песні спяваць, гасцей прымаць і байкі расказваць. Я вось такую пачуў.

Было гэта даўно, яшчэ пры царах. Вёска размяшчалася на невялікім узгорку сярод балот, і балот тых было куды болей, чым лесу. Цяжка жылося людзям. Але ж вось пракапалі канал, падсушылі балоты. Болей стала зямлі для ворыва, для выпасаў ды сенакосаў, адпаведна ў вяскоўцаў болей жывёлы, а жывёла ў хляве — дабрабыт у хаце...

Аднак ненадоўга ён там затрымаўся, бо здарылася няшчасце: зачасціла на ўгоддзі птушка, ды такая ж вялізная, што лятала над сялом і закрывала сабою сонца, крыламі ўзмахвала і са стрэх злятала салома... Жывёла баялася яе нават больш, чым ваўкоў: раўла, уцякала з пашы. Каровы не давалі малака, а сенакосы птушка стаптала так, быццам турэцкая конніца па іх праехала.

Трэба было нешта рабіць, і вяскоўцы пайшлі да старога паляўнічага, які ў свой час служыў у царскай арміі, нават ваяваў з французамі... Ён адзіны ў сяле меў прывілею — трымаў дома стрэльбу.

Дзед даўно быў стары і хворы, але ж яго кароўка таксама хадзіла ў статку — згадзіўся дапамагчы. Найперш загадаў нарубаць тоўстага дроту, бо шроту ў яго не было, не шкадуючы пораху, зарадзіў стрэльбу, прывязаў да правага пляча падушку, каб зменшыць аддачу, і пайшоў на самае высокае месца — на Лысу гару (гэта цяпер там лес парос, а тады была — голая, як калена), каб здалёк убачыць ворага і лацвей стрэліць.

Тры дні і тры ночы не спаў дзед, але ж дачакаўся моманту і... пацэліў! Падстрэліў бекуса! Праўда ўпаў ён акурат... у канал і тут жа перакрыў яго. Вада, пакуль вяскоўцы збегліся, каб выцягнуць птушку, паднялася аж да Кавыжава, пачала тапіць агароды, а ўніз, да Лельчыц, пацякла крывавая рака.

Людзі, усе разам, цягнулі бекуса рукамі — не далі рады, прыгналі тры пары валоў, зачапілі моцнай канаплянай вяроўкай, але і яна не вытрымала... Знялі ланцугі з калодзежаў і толькі так дасталі птушку на бераг.

Жанчыны ўзяліся скубці яе і наскублі цэлы стог пер’я (хтосьці мо і дагэтуль спіць на падушках?). Мужчыны ж нарубалі з бекуса сем бочак мяса і на радасцях запрасілі гасцей з навакольных вёсак.

Тры дні ў сяле было свята: месцічы ўсхвалялі стральца, частавалі гасцей і расказвалі ім пра бекуса, пра сваю перамогу...

З тога балю жыхароў вёскі Жмурнае і празвалі — бекусы. Ніякай ганьбы ў гэтым слове няма, бо невялічкая балотная птушка (памерам з дзятла) насамрэч называецца бакас...

І байкі такой, мусіць, нідзе няма — ні ў іншым сяле, ні ў кніжцы, ні ў інтэрнэце... А гэта, на мой погляд, дарэмна, бо па сваім каларыце, удалым спалучэнні сапраўднага з вымыслам, адлюстраваннем прыродных умоў, заняткаў і нават характараў людзей байку можна ўносіць у зборнік фальклору краіны.

Аляксандр Маскалевіч,

г. Лельчыцы.


Вочы бачылі, 

што куплялі?

Малюнак Анатоля ГАРМАЗЫ.

Мае бацькі (светлай памяці!) вельмі любілі ўспамінаць, як калісьці, яшчэ да вайны, жаніўся мамін стрыечны брат... Гэта і сапраўды цікавая гісторыя.
Значыць, той брат, Антось, у сваёй сям’і быў першынцам (пасля яго — яшчэ чацвёра дзяцей). Адпаведна — першым ён вучыўся пасвіць гусей, баранаваць, касіць, вазіць, араць, запрагаць каня, разам з бацькам — цяслярыць, хаты будаваць іншым людзям ... Тады ж наспявала думка, што можна ўжо і сабе: самы час ажаніцца, аддзяліцца ад бацькоў, завесці сваю гаспадарку, зажыць самастойна...

Карацей, стаў Антось прыглядацца да дзяўчат, але ў сваёй вёсцы ні адна з іх хлопцу не падабалася.

Тады, па нядзелях, ён зачасціў да царквы: на службы з усёй акругі людзі збіраліся: прычым сталых, старых было тады менш, чым моладзі.

Сярод яе і згледзеў хлопец Марусю: загаварыў і адзін раз, і другі... Потым падумаў, а навошта час марнаваць — трэба засылаць сватоў, няхай дамаўляюцца наконт вянчання ды вяселля... Не падумаў ён неяк, што ў Марусі яшчэ тры сястры, што ў яе вёсцы, у сем’ях — няпісаны закон: замуж выходзіць па чарзе, то-бок пакуль старэйшую не возьмуць, малодшыя таксама «на печы сядзяць».

Маруся была другой, але ж Антосевых сватоў бацькі прынялі, пачаставалі — дамовіліся, што вяселле зладзяць на Каляды (ЗАГСаў не было, вянчаў ды шлюб рэгістраваў бацюшка).

І вось той самы дзень. У сваёй больш заможнай сваячкі Антось пазычыў адмысловай брычкі, разам са «світай» з найбліжэйшай радні хораша прыбраў яе і паехаў да царквы.

Нявеста са сваёй радзінай была ўжо на месцы — у прыгожым вышываным кажушку, у цёплай вялікай хустцы... Твар пад ёй не дужа і разгледзіш.
Але ж вось усе вясельнікі зайшлі ў царкву, распрануліся і... Што гэта: ці не гром пасярод зімы: замест Марусі — у вяночку яе старэйшая сястра! Хораша ўсміхаецца, смела бярэ Антося за руку (а яму і няма як вырывацца: людзі ж вакол!), рашуча вядзе да бацюшкі...

Толькі потым, за вясельным сталом, малады змог неяк ачомацца, добра разгледзець нявесту: дзеўка як дзеўка — не брыдкая, вясёлая, шчаслівая... Высакаватая, праўда... Але ж з такой на сенакосе добра.

...Як паказала далейшае жыццё, — не толькі там. Маладыя паціху-памалу пабудавалі сваю хату, завялі гаспадарку, нарадзілі і выгадавалі чацвярых дзяцей. Антось у калгасе шафёрам працаваў, Люба — даяркай. У вёсцы іх вельмі паважалі.

Не засядзелася ў дзеўках і Маруся: за свайго аднавяскоўца замуж пайшла. Швагры паладзілі адразу: дапамагалі адзін аднаму, прыходзілі ў госці, жылі!
У мяне пытанне: а што ж гэта робіцца цяпер? Знаёмяцца, сустракаюцца, любяцца-кахаюцца, а пажэняцца — праз паўгода развод. Чаму? Вочы ж (не тое, што ў Антося) бачылі, што куплялі?

Ніна Горгуль,

г. Мінск.


Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж, і ў працяг апошняй гісторыі — хатняе заданне.

У аднаго ну вельмі талковага бацькі (разумнага, багатага, добрага, майстравога...) было аж тры дарослыя дачкі — хоць сёння замуж выдавай! Прычым — усіх! Але... за каго, калі на гарызонце — ну нікога вартага!

Перажываў бацька, малілася маці і такі ж вымаліла — з’явіўся жаніх! Якраз той, што патрэбна!.. Пагасціў у гэтай сям’і, пабачыў нявест, у адну закахаўся без памяці, — згодны жаніцца!.. Але ж як пра гэта сказаць, каб сясцёр не пакрыўдзіць, каб, крый бог, бацькоў не прагнявіць?

Думаў ён думаў і прыдумаў: папрасіў прынесці тры аднолькавыя чайнікі, у кожны з іх — наліць вады (пароўну!), усе тры паставіць на пліту... У каторай з дзяўчын вада загатуецца найраней, тая за жонку стане.

Як надумалі ў тым доме, — так зрабілі: чайнікі ўжо на пліце.

Пытанне: якая з трох сясцёр — старэйшая, сярэдняя ці малодшая — стане жонкай гэтага вынаходніка? 

Ёсць здагадкі? Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.