Вы тут

У памяць юбіляра Валянціна Таўлая


Талент вядомага заходнебеларускага паэта-рэвалюцыянера быў высока адзначаны народнымі пісьменікамі Беларусі Янкам Брылём, Максімам Танкам, Аркадзем Куляшовым, расійскім пісьменнікам Канстацінам Сіманавым і інш. За яго плячыма — 33 гады нялёгкага жыцця. А 8 лютага гэтага года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння.


Дом Валянціна Таўлая.

Памяць пра яго займае асобнае месца ў культурнай прасторы горада Ліда і раёна. У Лідзе ён вучыўся ў школе, напісаў першы верш на польскай мове «Верабейкі». З пачатку кастрычніка 1939 да 22 чэрвеня 1941 года працаваў у рэдакцыі лідскай газеты «Уперад». З Лідчынай Валянціна Паўлавіча звязвае арганізацыя сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага савета БССР па Лідска-Слабадской акрузе, народным паэтам Беларусі Янкам Купалам. У гэтым горадзе жылі яго бацька Павел Дзям’янавіч, мачыха Сцепаніда Паўлаўна, брат Аляксандр, сястра Ніна. У Лідзе быў пазбаўлены волі: разам з роднымі трапіў у фашысцкую турму.

Бясспрэчна, ушанаваннем творчай і жыццёвай дзейнасці паэта рэвалюцыянера займаліся і ў іншых музеях Гродзеншчыны. У Слоніме — у раённым краязнаўчым музеі імя І. І. Стаброўскага і раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа, у Баранавічах — у краязнаўчым музеі, цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. П. Таўлая, сярэдняй школе № 4. Гэтыя ўстановы захоўваюць у сваіх фондах некаторыя матэрыялы пра яго. Да 2008 года на Слонімшчыне працавала Вялікакракоцкая бібліятэка імя Янкі Купалы, у якой быў сабраны багаты матэрыял пра жыццё і творчую дзейнасць Валянціна Таўлая.

Аб стварэнні асобнага музея ў Лідзе пачалі гаварыць яшчэ ў чэрвені 1989 года, а зборам звестак займаліся з 1964-га. У фондах захоўваюцца лісты-звароты тагачаснага дырэктара Мікалая Іванова. Адзін з іх — на імя старшыні выканкама Лідскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных А. С. Сямёнава, у якім ён хадайнічае аб усталяванні мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе жыў паэт. Падобны ліст накіраваны ўдаве Лідзіі Таўлай у рэдакцыю часопіса «Маладосць», у якім, апроч намаганняў адкрыць дошку, просіць паспрыяць у выданні поўнага збору твораў, а таксама ў перавыданні кнігі за 1961 год. Нагадваў і аб звароце ў Гродзенскі музей, каб адтуль далі экспанаты.

2010 год для дома, дзе жыў паэт, стаў вырашальным: 22 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея з экспазіцыямі і мемарыяльным пакоем паэта. Яго называюць Домам Валянціна Таўлая. Ужо даволі значны плён праведзенай працы быў змешчаны ў выданнях як мясцовага, так і рэспубліканскага друку. У зборніку «Ад лідскіх муроў» надрукаваны ўспаміны сястры паэта Ніны Таўлай-Радзюкевіч «Раны сэрца майго».

Па ўспамінах Ніны Таўлай, супрацоўнікі рэканструявалі пакой, у якім працаваў паэт. Мэбля — стол з друкаркай, крэсла-гушкалка, шафа, этажэрка з кнігамі таго часу — усё гэта прыцягвае наведвальнікаў. Ёсць і сцізорык, прыложкавая тумбачка, перададзеныя Мікалаем Грабёнкіным — сынам камандзіра партызанскага атрада асобага прызначэння «Буравеснік» Мікалая Іванавіча Грабёнкіна. Па звестках, былі падараваны Таўлаем. Шэраг фотаздымкаў, копіі рукапісаў, лідская газета «Уперад» за перадваенны час дапамагаюць акунуцца ў мінулае.

8 лютага 2014 года была арганізавана ўрачыстасць да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая, у якой прынялі ўдзел дачка паэта Галіна, яго сваякі. Былі адкрыты мемарыяльныя дошкі работы лідскага скульптара Рычарда Грушы на будынках рэдакцыі «Лідскай газеты» і літаратурнага аддзела, а таксама здзейснена экскурсія па аб’ектах горада, якія звязаны з жыццём і творчай дзейнасцю паэта «Шляхам Валянціна Таўлая», адбылася прэзентацыя кнігі «Этапы жыццёвых дарог» Анастасіі Каладзяжнай — навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Аднак час не стаіць на месцы. У 2019 годзе быў распрацаваны інсцэніраваны аповед «У Таўлая пабываем». Падчас інсцэніроўкі наведвальнікі быццам трапляюць у 1939–1941 гады, у жылы пакой паэта. Паколькі вучэбная праграма не згадвае творчасць Валянціна Таўлая, супрацоўнікі музея гэтыя веды для іх узнаўляюць. У квэст-гульні знаёмяцца з прадметамі ў мемарыяльным пакоі, у ролі газетчыкаў ствараюць макет газеты «Уперад» і інш. Незвычайнай архітэктурнай аздобай з’яўляецца металічная лесвіца, якая вядзе на другі паверх і налічвае на пад’ём і спуск 32 прыступкі. Паводле іх вучні-пачаткоўцы развучваюць беларускі алфавіт. Для прыезджых пісьменнікаў-гасцей парэнчы служаць месцам размяшчэння сімвалічных бірак з аўтографамі.

17 верасня 2020 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка згадаў: «Мы памятаем тую жорсткасць, з якой было задушана Скідзельскае паўстанне, калі польскія жандары рэзалі ўсіх запар, не шкадуючы старых, жанчын і дзяцей. Памятаем дзікія катаванні, якім падвяргаліся вязні канцлагера Бяроза-Картузская. І будзем памятаць герояў, якія сталі сімваламі народнага супраціўлення ў Заходняй Беларусі: Сяргея Прытыцкага, Веру Харужую, дзеда Талаша, Кірыла Арлоўскага, Станіслава Ваўпшасава і іншых нашых землякоў. Мы і сёння бачым сілу і веліч непакоранага беларускага духу ў творчасці Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Максіма Сеўрука, Рыгора Шырмы і многіх іншых. Бачым, адчуваем і памятаем...»

Памятаем і верым у тое, што справа, за якую аддаў сваё жыццё паэт-рэвалюцыянер Валянцін Таўлай, будзе і далей жыць у нашых сэрцах.

Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.