Вы тут

Валянцін Таўлай шліфаваў радок, як сталь...


Лёсам Валянціну Таўлаю было адпушчана ўсяго 33 гады. З іх амаль сем правёў у турмах — пілсудскіх і гітлераўскіх. Выстаяў, не зламаўся. Інакш і быць не магло. Голас Усявышняга як бы напамінаў: спяшайся жыць, табе не шмат адведзена, але можаш шмат зрабіць. Голас гэты ён, праўда, не чуў, бо атэістам быў. Аднак падсвядома ён уваходзіў у яго. І гэтаксама падсвядома прымушаў да дзеянняў. Не толькі для сябе, а для многіх з тых, хто пры панскай Польшчы людзьмі не лічыўся. З той розніцай, што многія пакутавалі, аднак маўчалі. Ён не маўчаў, а дзейнічаў так, як не ўсе і ў сталым узросце адважваюцца. А ён зусім яшчэ юнаком быў.


Валянцін Таўлай.

Па лязе абставін

Біяграфія яго не такая і вялікая, але надзіва змястоўная. Найперш калі гэта тычыцца выпадкаў, звязаных з праяўленнем характару. Красамоўны ўжо такі факт. Далёка нямногія ў Заходняй Беларусі, дзе, як вядома, праводзілася паланізацыя, каб задобрыць улады, згаджаліся назвацца палякам. Валянцін Таўлай жа, калі яшчэ вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, катэгарычна заявіў, што ён — беларус. У 11 гадоў не пабаяўся гэта сказаць, хоць ведаў, чым такое прызнанне для яго скончыцца. Аднак і пасля не скарыўся, што і пацвердзіла вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі. За ўдзел ў арганізацыі вучнёўскай забастоўкі не проста выключылі, а пад канвоем адправілі да бацькоў. Гэта таксама не спыніла. Заняўся падпольнай камсамольскай дзейнасцю. Вынік — знаходжанне ў слонімскай і гродзенскай турмах.

Пасля вызвалення з-за засценкаў рэвалюцыйную дзейнасць працягнуў. Перабраўся ў Савецкую Беларусь. Працаваў інструктарам Рэчыцкага райкама камсамола, пасля ў рэдакцыі газеты «Звязда» і нават вучыўся ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце. Потым зноў нечаканы паварот у лёсе. У снежні 1932 года вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Не таму, што расчараваўся ў тым, што пабачыў. Наадварот, поспехі так уразілі, што вырашыў працягваць змагацца за лепшую долю народа супраць пілсудчыкаў, якія беларусаў за людзей не лічылі.

Накіраваны на падпольную работу, стаў членам Цэнтральнай рэдакцыі пры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў Варшаве. Быў адным з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку «Літаратурная старонка» — яны з’яўляліся легальнымі неафіцыйнымі органамі КПЗБ у Вільні. Потым прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. З паплечнікамі стварыў Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў.

Работы ставала, а сэрца... Сэрца клікала зноў туды, дзе з таварышамі асабліва хораша працавалася. Калі першы раз пераходзіў польска-савецкую мяжу, пашанцавала. А вось 4 студзеня 1934 года натрапіў на куды больш пільных польскіх пагранічнікаў. Цікава, што пракурор, які вёў справу, хоць для яго Таўлай злачынцам быў, кваліфікаваў яго як самага здольнага і таленавіта літаратара сярод падсудных. Але ўсё адно далі 8 гадоў турмы. Быў вызвалены ў верасні 1939 года рабочымі. Не задумваючыся, уступіў у дружыну. Ды яе хутка раззброілі польскія часці, якія адступалі. Прыгавор атрымаў па ваенным часе: яму і іншым — расстрэл. Выратавала заняцце Гродна Чырвонай арміяй.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р. Катоўскага брыгады імя Ф. Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння, разведчыкам, кіраўніком навагрудскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік». Па заданні партызан у 1943 годзе перабраўся ў Навагрудак. У верасні чарговы арышт — тымі, хто наводзіў «новы парадак». Вяртаючыся з Вільні, у Лідзе заначаваў у родных — бацька, мачыха, сястра перабраліся туды яшчэ ў 1935 годзе. Пашанцавала, што за яго заступіліся паэты Ніна Тарас і Сяргей Хмара, а вось сваякі загінулі ў Асвенціме.

Ці хопіць залатога зерня

Творчасць Валянціна Таўлая цесна звязана з жыццём беларускага народа ва ўмовах Заходняй Беларусі. Як бачым, у актыўных шарэнгах барацьбітоў за лепшую долю ішоў і толькі пачынаючы свой творчы шлях. Змаганне гэтае падказвала тэмы вершаў, паэм, станавілася магутным каталізатарам, які абуджаў думкі, скіроўваў іх у рэчышча рэвалюцыйных інтарэсаў. Спалучэнне глыбока сімвалічнае: пачатак літаратурнай дзейнасці па часе амаль супадае з пачаткам рэвалюцыйнай барацьбы. У 1928 годзе на старонках газеты «Сіла працы» быў надрукаваны яго верш «Жаданне». Як паэт ён і пачаўся з гэтага верша. Не з таго, што называўся «Верабейка» і пісаўся на чужой яму мове.

У «Жаданні» ўжо бачыцца паэт з абвостраным сацыяльным чуццём, паэт, для якога рэвалюцыя — жыццядзейная і жыццядайная сіла, што дапамагае перайначыць свет. Паскоранаму фарміраванню яго творчай індывідуальнасці спрыяла не толькі вялікая адоранасць. Гэтаму ў многім садзейнічалі і жыццёвыя рэаліі, калі, не зважаючы на дзейнасць улад, як кволыя парасткі збажыны, да жыцця цягнуліся маладыя таленты. Прагрэсіўна настроеная грамадскасць, самыя шырокія слаі насельніцтва хацелі бачыць у літаратуры сваё жыццё, свае мары, свае спадзяванні. Жаданні паэта і жаданні чытачоў супадалі:

Гром, — загрымі! Віхор, — завый!

Пад бляск маланак агнявы

Хай задрыжаць прасторы неба:

Скрануць Зямлю з падвалін трэба!

Хай затрашчыць пад буры шквал

Ланцуг, які Зямлю скаваў;

На гром нябёс — маланак гоман —

Народ Зямлі адкажа громам!

Да народа звяртаўся Валянцін Таўлай, таму і імкнуўся пісаць так, каб народ яго разумеў, каб адчуваў патрэбу ў паэтычным слове. У яго творах праўда жыцця не прыкрытая, не прыхаваная:

Сноп хай пад сонца ўзнімецца стогам,

А на такі — сыпне спорны ўмалот...

Толькі... ці ж зерня таго залатога

Хопіць, каб голад засыпаць на год?

 

Доля ты наша — сумнае жніва,

Думка пра сноп, што сцяжэе ў руках...

Капае звонка на сэрца, на ніву

Горкая песня — сляза жаўрука.

Пілаваў вершам краты

Яго, 15—16-гадовага юнака, не маглі не хваляваць тэмы кахання, дружбы, сяброўства, да якіх рана ці позна звяртаецца кожны паэт. Аднак і каханне ў яго творчасці таксама неаддзельнае ад барацьбы. Чытаеш такія вершы і бачыш перад сабой іх аўтара, не можаш не бачыць. Такі даверлівы ён. Такі адкрыты, якім і павінен быць той, хто любіць па сапраўднаму, гатовы змагацца за сваё каханне. Тым больш ніколі, ні ў якім разе не ідзе на кампраміс з уласным сумленнем, калі ведае: час, абставіны патрабуюць ад яго выразнай грамадзянскай пазіцыі. Тады ў вершах гучала споведзь барацьбіта. Гэта голас тых, хто гібеў у Лукішках, каго ламаў, але не мог зламаць гродзенскі астрог. Гэта прызнанне юнакоў, якія абліваліся крывёй на барыкадах. Паміралі, а раненыя падымаліся. Каб змагацца і кахаць:

Ізноў загарэліся нашы зоры, —

Аднак не пабачымся мы:

Дарагая мая напаткнулася ўчора

На шэрыя сцены турмы.

Хрэстаматыйным стаў твор «Лукішскія вершы», напісаны ў 1935 годзе ў адным з самых жорсткіх астрогаў Польшчы часоў Пілсудскага. Нават калі б Валянцін Таўлай больш нічога не стварыў, ужо гэтага верша дастаткова, каб яго імя жыло ў паэзіі. Асабістае ў «Лукішскіх вершах» пераплятаецца з агульначалавечым — настолькі дакладна і праўдзіва перадае аўтар тое, чым жыла моладзь былой Заходняй Беларусі. Паэт у ім дае сваё разуменне літаратуры, паэзіі ў вызначальныя гістарычныя моманты, калі нават слова не можа не быць змагаром:

Я сам і пасядзець магу,

А вершам — часу шкода:

Шумець ім трэба на сцягу

І калыхаць паходы.

Глядзі ў ваўчок як дзень, так ноч, —

Не ўбачыш, чорт зіркаты,

Што я заўзята і даўно

Пілую вершам краты.

Ёсць у яго і такія радкі:

Судзіце Рэчы Паспалітай імем, —

пакуль што вам судзіць,
                                  а нам — ламаць турму,

і пад рукамі нашымі худымі

яшчэ пасыплецца халодны мур.

Я — камунар! Такіх, як я, — нямала

На нашай стогнучай спакон вякоў зямлі.

Ні разу нас магнаты не зламалі,

турма і шыбеніца не змаглі.

Як у давераснёўскай творчасці Валянціна Таўлая адметнае месца займаюць «Лукішскія вершы», так у лірыцы часоў Вялікай Айчыннай вайны — верш «Лісты з турмы». Там і тут — праўда аб барацьбе з ворагам, з тымі, хто пасягаў на Беларусь, хацеў зрабіць яе сваім каланіяльным прыдаткам. «Лісты...» адрасаваліся сябрам, жонцы Лідзіі Сяргееўне. Паэт быў адкрыты, калі пісаў ім, таму і знаходзіў аптымістычныя радкі:

Бывайце, хлопцы! Нашы гоняць немцаў.

Ужо над Прыпяццю і песні, і сцягі:

Калі зямля пад танкамі ўздрыгнецца —

Мы ўчуем нават праз пясок магіл.

9 мая 1945 года ён напісаў верш «Ранак перамогі». Пісаў пра ўласна пражытае, калі душа аўтара становіцца своеасаблівым камертонам, які чуйна рэагуе на падзеі:

Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін,

Воблік светлы твой снілі начамі

                                                 ў астрогах

І тужылі тугою магіл і краін

Па табе, залатая вясна перамогі.

У пасляваенны час ён напісаў вершы «Памяці Янкі Купалы», «Якуб Колас»і іншыя, у якіх звяртаецца да незабыўных вобразаў нашых песняроў.

І ў іншых жанрах

Даволі актыўна працаваў і ў галіне нарыса. Асаблівую значнасць набываюць яго дакументальныя творы, напісаныя пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Працуючы адказным сакратаром навагрудскай газеты «Звязда», ён у нарысе «Ворагу не ўцячы ад расплаты» выкрываў зверствы гітлераўцаў і адначасова гаварыў пра аднаўленне разбураных вёсак Навагрудчыны. У нарысе «Катоўцы» — дакладныя штрыхі з жыцця партызанскага атрада. У згаданых творах адчуваецца аўтарская дасведчанасць у падзеях, уменне са шматлікіх фактаў і назіранняў выбіраць самае характэрнае і істотнае.

Вядомы Валянцін Таўлай і як крытык, літаратуразнаўца. Яго артыкулы «Ідэя ўз’яднання беларускага народа ў паэзіі», «Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа» і іншыя адметныя цікавай спробай глянуць на творчы працэс з дыялектыка-гістарычных пазіцый, вызначыўшы асноўныя кірункі ў асваенні адной з самых важных тэм. Пісаў ён таксама рэцэнзіі, выказваўся пра творчасць калег па пяры і, вядома, жыў творчымі задумамі.

У артыкуле «Пераступіўшы парог», змешчаным у «ЛіМе» 13 красавіка 1946 года, прызнаваўся: «Выношваю тэмы нізкі вершаў аб творчых буднях працоўных заходніх абласцей і ўсёй рэспублікі». І далей: «Побач з гэтым у мяне нарадзілася ідэя дзвюх новых паэм. У першай з іх, якую ўмоўна называю „Сустрэча“ і мяркую закончыць да верасня, хачу ў лірычным плане раскрыць здзейсненую мару нашага пакалення аб уз’яднанні народа. У другой — хочацца паказаць гераічны шлях тыповага партызанскага атрада». Яшчэ: «У далейшым, а можа, і адначасова давядзецца „падужацца“ з паэмай-легендай пра Палессе, у сувязі з усенародным рухам і планам асушкі балот». І такое было ў планах: «Пішу папулярную біяграфію народнага паэта (з 1945 да 1946 года Валянцін Таўлай працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, а потым намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. — А. М.) і рыхтую на першыя купалаўскія чытанні даклад на тэму „Янка Купала і Заходняя Беларусь“».

Працаваў, гледзячы далёка наперад. Так працаваў, як апантана працуе чалавек, які яшчэ не задумваецца над пройдзенымі жыццёвымі вёрстамі. А сэрца, спакутаванае ў засценках, даўно збалелае ад надзвычайнага фізічнага і маральнага напружання, білася ўсё слабей і слабей. Трапіў у бальніцу. Паміраў доўга — цэлых паўгода, не здагадваючыся аб гэтым. Не стала паэта 27 красавіка 1947 года. Так і не паспеў патрымаць сваю першую кнігу — «Выбранае», якая неўзабаве пабачыла свет.

* * *

Хораша сказаў пра яго Мікола Арочка: «„Пілую вершам краты“ — у гэтай пакутнай таўлаеўскай метафары сканцэнтраваўся ўвесь воблік паэта-рэвалюцыянера, яго жыццёва-эстэтычная пазіцыя, яго ўвесь стыль работы, у іх (вершах. — А. М.) творча адбілася і знайшла свой далейшы наватарскі працяг адна з вядучых традыцый рэвалюцыйнай паэзіі». Ён з намі, Валянцін Таўлай. З намі яго прызнанне:

Толькі аднаго адкінуць нельга:

шліфаваў радок, як сталь звяна;

ланцугі тады на мне звінелі, —

можа, й вершы ад таго звіняць.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.