Вы тут

На выстаўцы Святланы Ярмак можна пабыць сам-насам з унутраным светам


У мастацкай галерэі «VILNIUS» працуе выстаўка карцін Святланы Ярмак «Сам-насам з сабой». Жывапіс і акварэль мастачкі прывабліваюць колеравай палітрай і абуджаюць фантазію.


«Стварэнне».

Вялікую частку экспазіцыі складае вытанчаная і далікатная акварэль. Гэты від выяўленчага мастацтва сумяшчае ў сабе элементы жывапісу і графікі. Ад жывапісу акварэль узяла яркія колеры і разнастайнасць тэхнік, а ў графікі пазычыла тонкае накладанне фарбы і выкарыстанне паперы не толькі ў якасці простага матэрыялу, а як «паветра», фон. Таму творцы не выкарыстоўваюць белую фарбу, бо яе замяняе звычайны ватман. Такая тэхніка малявання дазволіла мастакам больш выразна паказаць лёгкасць і вільготнасць. Менавіта з вынаходніцтвам акварэлі была вырашана праблема з адлюстраваннем дажджу. Але працаваць з акварэльнымі фарбамі дастаткова цяжка. Мастак амаль не мае права на памылку, бо з-за сваёй празрыстасці і вадзяністасці акварэль немагчыма сцерці ці замяніць іншым колерам.

Аднак Святлану Ярмак такія цяжкасці не палохаюць. Яна даўно працуе ў гэтай тэхніцы. Мастачка ўпэўнена, што ў такой рабоце перш за ўсе трэба давяраць сабе, фарбам і пачуццям, якія самі выліваюцца на паперу. Святлана любіла маляваць з дзяцінства, але толькі апошнія 10 гадоў цалкам аддала сябе творчасці. І за такі невялікі тэрмін дасягнула немалога поспеху. Мастачка ўдзельнічала ў міжнародных фестывалях акварэлі ў Італіі, Чэхіі, Расіі, яе творы занялі 1-е месца на выстаўцы-конкурсе абстрактнага мастацтва «Знешняе-ўнутранае» і на выстаўцы-конкурсе «Палітра вясны. Пакуль расце трава на Беларусі». Шмат яе работ знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі, Канады і Вялікабрытаніі.

«Бяссонніца».

Выстаўка «Сам-насам з сабой» — гэта спроба перадаць пачуцці і падзяліцца імі з гледачамі. «Гэта погляд знутры, але накіраваны не на знешні свет, а на самога сябе. У нас у душы заўсёды столькі эмоцый, перажыванняў, асацыяцый, якія я хацела адлюстраваць у гэтых карцінах», — расказвае мастачка. Святлана Ярмак пачынала свой творчы шлях са звыклых партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, але ў нейкі момант зразумела, што ніколі не зможа намаляваць кветку лепш, чым гэта зрабіла прырода. А аналітычны склад розуму і адукацыя інжынера-праграміста перашкаджаюць у напісанні гарадскіх пейзажаў, бо на першы план выходзіць строгая логіка. «Стварэнне карціны для мяне — медытацыйны працэс. Бяру любую паперу, пэндзлі, фарбу... І паглыбляюся ў думкі і эмоцыі, слухаю музыку. У гэты момант абсалютна адсутнічае адчуванне часу. Карціна атрымліваецца не адразу, бо толькі ў працэсе пачынаеш разумець, што з’яўляецца на паперы і якія вобразы адгукаюцца ў душы», — дзеліцца аўтар. Часта мастачка не ведае, што атрымаецца ў выніку. Аднойчы зразумела: каб перадаць неабходны сэнс, карціну трэба перавярнуць. Мастацтва дае магчымасць паспрабаваць штосьці новае, паглядзець на рэчы з іншага ракурсу, перавярнуць не толькі малюнак, але і свой унутраны свет.

Часам знаходзіць натхненне ў паэзіі і прыродзе. Карціна «Пад ільдом», прадстаўленая на выстаўцы, была створана на аснове аднайменнага верша Канстанціна Бальмонта. Мастачка асацыіруе карціну з наступнымі радкамі:

Над окованной льдом глубиной я иду,

И гляжу, и скольжу я на льду.

Лучезарна поверхность холодного льда,

Там в студеных садах,

                                в тишине темноты,

Цепенея, бледнеют цветы.

Але акварэль цікавая яшчэ тым, што з-за размытасці вобразаў, вычварных формаў і багацця колераў кожны чалавек можа ўбачыць на карціне штосьці сваё. Выстаўка «Сам-насам з сабой» пераносіць нас у дзяцінства, дзе ў малюнках бабулінага дывана, у марозных узорах на вокнах мы бачылі міфічных істот і чароўныя расліны. Мастачка пачала працаваць і з алеем. Першая такая спроба адлюстравана на карціне «Архітыпія», дзе спачатку таксама быў выкарыстаны акварэльны падыход. Твор адлюстроўвае разнастайнасць вобразаў і масак, якія чалавек прымярае ўсё жыццё. Яркія фарбы і раслінныя матывы надаюць карціне фантастычныя ноты.

Акрамя прыроды і асабістых пачуццяў мастачка звяртаецца да касмічнай тэматыкі. Адной з адметных работ з’яўляецца карціна «Зараджэнне Галактыкі». Мастацтвазнаўца Ксенія Сяліцкая-Ткачова ахарактарызавала гэтую работу як адзін з тых твораў, што за знешняй абстрактнасцю формы хаваюць глыбокі філасофскі падтэкст. «Дадзеная акварэль узыходзіць сваёй тэматыкай да старажытных касмаганічных міфаў пра паходжанне сусвету, якія пачынаюцца з хаосу, адсутнасці парадку, узаемадзеяння стыхій. У акварэлі Святланы Ярмак, быццам з першародных вод, адбываецца зараджэнне матэрыі і жыцця. У першапачатковым хаосе, які перадаецца ў рабоце свабодным перацяканнем форм, ажыццяўляецца структураванне касмічнай прасторы і часу, падзяленне зямлі і неба, стварэнне раслін і жывёл. Выкарыстанне кантрасту халодных і цёплых адценняў лагічна працягвае ідэю ўзнікнення сусветнай гармоніі, у якой свет і цемра, дабро і зло заўсёды знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі», — так апісвае твор культуролаг.

«Архітыпія».

Нягледзячы на тое, што ўсе работы мастачкі напісаны ў розны перыяд і ў розных тэхніках, яны маюць адзіны стыль. Можна заўважыць, што творы ў экспазіцыі напісаны з выкарыстаннем пераважна блакітнага і сіняга колеру, прысутнічае і зялёны, але ў меншай ступені. Гэта робіць атмасферу ў выставачнай зале ўтульнай, а колеры неба і глыбіні акіяна прыносяць у душу спакой.

Пра творчыя планы мастачка не можа сказаць з упэўненасцю. Магчыма, працягне маляваць акварэллю і алеем, магчыма, паспрабуе нешта новае. «У мяне вялікі выбар і шмат часу. За жыццё мы многа чаго вучым, спазнаём, але мала звяртаем увагі на свае пачуцці. Як кажа мая дачка, ты ведаеш усё, але не ведаеш сябе. Цяпер у мяне ёсць магчымасць гэта выправіць».

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.