Вы тут

Новы нумар «Полымя»: з лёгкім «прысмакам» спачування класікам


Прырода сваёй цыклічнасцю стабілізуе наша штодзённае жыццё, аналагічную функцыю выконвае рэлігія ў сферы чалавечай духоўнасці штогадовым «паўтарэннем» хрысціянскага цыкла свят. «Полымя» ж, выходзячы з зайздроснай для многіх выданняў рэгулярнасцю, таксама стабілізуе інтэлектуальна-культурнае жыццё беларусаў. На 2024 год часопіс, насуперак чаканням, вокладкі не змяніў, а вось каб зразумець, ці такі ж традыцыйны ён застаўся па сваім змесце, трэба разгарнуць ды ўчытацца...


У гэтым нумары заканчваецца першая частка рамана Віктара Праўдзіна «Непераможны злом», які абяцае перарасці ў вялізны твор і раскрыць шэраг гістарычна важных тэм. У апублікаваным тэксце чытач працягне назіраць за нядобрасумленнасцю некаторых камуністаў і тымі спосабамі, якімі яны дамагаліся перамогі. Прысутнічаюць у гэтай прозе і выхаваўчыя элементы: бацюшка дапамагае вярнуцца на правільны, хрысціянскі шлях свайму выхаванцу, які прыйшоў з вайны параненым фізічна і душэўна.

Споведзь героя па імені Іван прыадкрывае тое, як змагаюцца дабро і зло ў чалавеку, і гэтыя працэсы адвечныя, а вайна толькі выяўляе прыхаванае: «...Ува мне нешта як надламалася, недаверлівым зрабіўся, у чалавеку адно — загану — шукаю...» Разгортваецца мастацкая праўда: «Усяго некалькі намі перажытых ракавых год хапіла, каб стаць сведкамі поўнага разбурэння вялікай дзяржавы з векавымі традыцыямі і верай», — гаворыць бацюшка, навучаючы ахоўніка і падапечнага ў адной асобе.

Алесь Кажадуб прапаноўвае два апавяданні — «Вежа» і «Лобіа», якія больш нагадваюць літаратурныя ўспаміны, хоць і па-мастацку апрацаваныя, — асэнсаванне здзейсненых падарожжаў. Першы твор паказвае прафесійныя візіты ў Сербію, а другі — вандроўку ў Абхазію; абодва адметныя ўзнаўленнем мясцовых звычаяў.

Генадзь Пашкоў дзеліцца вершаваным цыклам «Калінавы звон», у якім апісвае творчыя пакуты («як бы верш мой з мелодыяй светлай з промнем сонечным зарыфмаваць?»), а тэлевізар у аўтара выступае варожым «антыподам тварэння». Супрацьваенная тэматыка фігуруе ў нізцы неаднаразова: з вершаў «Перад абразом», «Б’юцца два славянскія народы...» праступае простая ісціна, заключаная ў тым, што чалавеку не патрэбна вайна. Звяртаюць на сябе ўвагу спробы спрэчкі з філасофскімі ісцінамі: чалавек — толькі пылінка ў свеце, але і свет у сённяшнім выглядзе не існаваў бы без яе.

Паэтычная частка нумара знаёміць нас з творчасцю маладзейшага пакалення, у якім ёсць прыхільнікі як класічнай традыцыі вершавання, так і альтэрнатыўнай. У традыцыйным рэчышчы працуе Настасся Нарэйка, пра што сведчыць нізка «Шукаючы голас», назва якой даволі дакладна адлюстроўвае змест. Многія з прадстаўленых вершаў у той ці іншай форме прыадкрываюць таямніцу пакутлівага стварэння вершаў. Як часта бывае, паэтэсу хвалюе, што не пішацца, а ў пошуку голасу-натхнення яна прыпадабняе сябе да ракі ці дажджу... Аўтар прыслухоўваецца, ці адзываецца рытм у сэрцы, і выкарыстоўвае запамінальныя асацыяцыі, напрыклад, гаворыць пра «сшыванне» слоў.

Іншыя паэты, наадварот, не дбаюць пра рытм і эфект ад яго, таму што выкарыстоўваюць адметныя мастацкія сродкі, выбіраючы свабодную форму верша. Яна не новая, але і дагэтуль людзі сталыя часам здзіўлена паціскаюць плячыма, не могучы спасцігнуць і прызнаць такі спосаб паэтычнага выяўлення.

Рагнед Малахоўскі прапануе падборку безназоўных твораў «Зведаць таямніцы», у кожным з якіх стварае прапушчаны праз уласнае светаўспрыманне «здымак» навакольнага свету. Кацярына Шчасная ў нізцы вершаў «Прынясі дадому свой дом» пазначае вобразы-настроі, ідэі ўражанні: не ўсе з іх да канца празрыстыя, каб чытач мог дадумаць.

Што тут можна сказаць шаноўным аматарам і праціўнікам «альтэрнатыўнага» верша? Другія мусяць пашыраць гарызонты мыслення, старацца спазнаваць незразумелае, спасцігаць яго законы існавання. Першыя — у гэтай свабоднай і пазбаўленай патрабаванняў метра, рытму і рыфмы форме тварыць так, каб у аматараў традыцыйнага займала дух, без асцярогі выяўляць індывідуальнасць, у якой толькі і жыве талент. У Р. Малахоўскага, К. Шчаснай адметны погляд на свет пракладвае мастацка-вобразную дарогу ў атмасферных мініяцюрах, жанр якіх яшчэ не раз будзе ўдакладнены тэарэтыкамі.

Навум Гальпяровіч выступае з публікацыяй «Крокі лёсу», у якой у свабоднай эсэістычнай манеры мазаічна згадвае падзеі свайго жыцця. Пісьменнік прызнаецца ва ўласцівым, думаецца, многім рупліўцам філалагічнай сферы ў часы маленства поглядзе: «Я думаў, што кнігі пішуць казачныя чараўнікі, якія жывуць у гарах ці на нябёсах...» Па меры разгортвання жыцця, як і кожны з нас, аўтар зразумеў, што не Багі гаршкі лепяць, а такія, як ён, адданыя сваёй справе, улюбёныя ў слова звычайныя людзі.

Сярод слайдаў-успамінаў звяртаюць на сябе ўвагу аповеды пра тое, якім спосабам лёс «судакранаў» аўтара з класікамі літаратуры Якубам Коласам і Уладзімірам Караткевічам. Закранае Н. Гальпяровіч і такую пікантную ва ўсе часы тэму, як прапарцыянальнасць сапраўднага ўзроўню таленту пісьменніка і атрыманых ім хваласпеваў ды ўзнагарод, а таксама ступень залежнасці апошніх ад пасад і званняў. Навуковыя публiкацыi прадстаўлены артыкулам Людмілы Саянковай-Мяльніцкай «Першыя беларускія спецыялізаваныя часопісы пра кіно (1920–1930-я гг.)». У ім на матэрыялах выданняў «Трыбуна мастацтва» і «Мастацтва і рэвалюцыя» даследуюцца часы, калі кіно толькі пракладвала шлях да чытача, а стваральнікі асэнсоўвалі шматстайныя магчымасці стужкі. Стагоддзе таму даследчыкі ўжо распачыналі спробы вызначэння ролі кіно ў асвеце, адукацыі, прапагандзе, закладвалі асновы кінакрытыкі, фарміравалі прафесійныя стратэгіі ў прэзентацыі кінамастацтва.

Яшчэ адну навуковую публікацыю прадстаўляе Аляксандр Бярозка — «„Быццам я пражыў ужо ўсё сваё жыццё“: спавядальна-дзённікавая проза Алеся Жука». Даследчык адзначае, што матэрыял, пра які вядзецца гаворка, не меў устаноўкі на чытача, наадварот, як часта бывае, гэта былі выключна запісы для сябе — асабістая інфармацыя, якая не павінна адкрыцца грамадскасці. Таму, «руйнуючы традыцыйныя рысы жанру (нерэгулярнае вядзенне запісаў, адсутнасць датавання, абсалютная адсутнасць жадання іх публікацыі), празаік прадставіў яшчэ адзін з магчымых варыянтаў развіцця спавядальна-дзённікавай прозы ў канцы XX стагоддзя».

Калі чытаеш «Полымя», часам крыўдна за класікаў, і хочацца нават паспачуваць некаму з іх, таму што гэтыя вядомыя людзі як быццам сабе і не належаць, вымушаныя, нярэдка без асабістай згоды, адкрываць душу людзям да самага «дна». Такое ўражанне пакідае знаёмства з публікацыямі, у якіх прыводзяцца асабістае ліставанне, прыватныя дзённікі, дакументы. Тым не менш для даследчыкаў і чытачоў гэтыя старонкі могуць стаць адкрыццём — праліць святло на важныя жыццёвыя акалічнасці...

У рубрыцы «Юбілеі» Віталь Маслоўскі прапануе «Успаміны радасці і смутку. Да 110-годдзя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова». На суд грамадскасці выдаюцца асабістыя матэрыялы не самога класіка, а блізкіх яму людзей, якія таксама вымушаны расхінуць душу ў выглядзе сваіх думак, пачуццяў. Публікацыя ўключае старонкі перапіскі блізкіх народнаму паэту людзей — ліставанне Аляксандры Белазоравай (у дзявоцтве Алесі Карыткінай), сяброўкі дзіцячых і юнацкіх гадоў класіка, да яго сястры і маці. Даследчык адабраў толькі тыя лісты, дзе можна знайсці нешта новае пра паэта і чалавека Аркадзя Куляшова. Першапачаткова яны былі напісаны па-руску, а ў «Полымі» прапанаваны ў перакладзе Марата Азярца на беларускую мову. Знайшлі месца ў тэкстах і пікантныя згадкі пра жончыну рэўнасць да сяброўкі, хоць у гэтым не было сэнсу, таму што чалавек — адно, а паэт — іншае: ён жыве і ўспамінамі пачуццяў, каб ствараць добрае, прыгожае.

Эмануіл Іофе ў наступнай публікацыі «„Відаць, небам было так наканавана“. Да 100-годдзя Алеся Савіцкага» ставіць мэту расказаць пра жыццё пісьменніка, таму што папярэднікі (іх было нямала) засяроджваліся часцей на творчасці. Тым больш у прынятай біяграфіі ёсць памылкі — у даце нараджэння, звестках пра бацькоў. Герой гэтага тэксту прайшоў Вялікую Айчынную вайну (пачаў пісаць якраз у гады свайго партызанства), таму прысвяціў яе падзеям значную частку мастацкай спадчыны. Першую кнігу выдаў ва ўзросце 35 гадоў, а раман «Жанчына» створаны за адны суткі, хоць пасля шмат дапрацоўваў. Э. Іофе давярае чытачу і непасрэдныя ўражанні ад дзвюх асабістых сустрэч з А. Савіцкім.

У рубрыцы «Постацi» ў цэнтры ўвагі Тамары Нуждзіной яе настаўнік «Дзмітрый Бугаёў у шматгалоссі студэнцкага і навукова-літаратурнага жыцця». Аўтар падкрэслівае таямнічасць духоўнага шляху гэтага чалавека, які асабліва не дзяліўся звесткамі, калі не лічыць яго палымянскай публікацыі «Жыццём ідучы». З яе адкрываецца «працэс пераадольвання штодзённых, расцягнутых на дзесяцігоддзі, складаных выпрабаванняў голадам, холадам, вялікай няпраўдай, абрабаваным дзяцінствам, дачасным сталеннем». Да навуковай работы літаратуразнаўца падыходзіў з сялянскай руплівасцю і цягавітасцю, а на філфаку БДУ вырашыў застацца, таму што, у адрозненне ад акадэмічных устаноў, немагчыма было кантраляваць кожную лекцыю. Нуждзіна падкрэслівае, што Бугаёў меў мужнасць адкінуць уласныя амбіцыі і прызнацца ў памылках. Погляд на твор, пісьменніка ці літаратурны працэс змяняецца: справа не толькі ў часавых ідэалагічных рамках, але і ва ўласным досведзе, набыццё якога дазваляе праз гады іначай глянуць на тыя ці іншыя рэчы.

У рубрыцы «Спадчына» часопіс прапануе зазірнуць у допісы, пакінутыя яшчэ адным класікам — Уладзімірам Караткевічам. Перададзеныя сястрой пісьменніка Наталляй Кучкоўскай запісныя кніжкі захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі. І гэтыя матэрыялы, прапанаваныя чытачу пад назвай «„Які ж мы багаты народ...“ З запісных кніжак. 1950–1954 гг.», відавочна, не прызначаліся для шырокай публікі. Чытачу (у перакладзе Пятра Жаўняровіча з рускай мовы) прыадкрываецца тое, чым ментальна «жыў» паэт і празаік. Сярод шматлікіх разрозненых занатовак і прыгожыя думкі, і ідэі твораў, і цытаты, і інсайты. Кожны (можа, як і я, з лёгкім «прысмакам» спачування вымушанай адкрытасці творцы?) здолее нешта знайсці ў глыбінях думкі і душы класіка, прачытаўшы гэтыя старонкі.

У рубрыцы «Крытыка i лiтаратуразнаўства» Алесь Карлюкевіч знаёміць з «Перакладамі паэзіі Янкі Купалы на мовы народаў Расіі ў ХХІ стагоддзі». Аўтар артыкула, па-першае, нагадвае пра тое, што існуюць выданні, у якіх сабраны пераклады класіка, па-другое, расказвае пра іх выканаўцаў і міжнародныя сувязі Беларусі з іншымі краінамі ў галіне культуры і мастацтва. Унёсак, зроблены перакладчыкамі ў пашырэнне ведаў пра сваю і чужыя літаратуры, неацэнны: мастацтва не можа развівацца адасоблена, пісьменнікі павінны станавіцца часткай сусветнай культуры.

Тамара Кавальчук выступае з рэцэнзіяй «Споведзь жыццю» на кнігу Міхася Пазнякова пад назвай «Голас», дзе сабраны яго эсэ, аповесці, абразкі. Гэта своеасаблівая «справаздача за пройдзены жыццёвы шлях, размова з самім сабой, гэта — голас роднай зямлі, бацькоў, продкаў». Рэцэнзент прызнаецца, што пасля прачытання ёю авалодала «светлае пачуццё». Думаецца, гэта вельмі важнае ўражанне, якое мы павінны атрымліваць ад мастацтва: безумоўна, чытачу патрэбна паказваць і адмоўнае ў рэчаіснасці, але нельга ператвараць літаратурны працэс у «беспрасветнасць». Менавіта мастацтва павінна не забывацца нагадваць пра добрае, каб тым самым сцвярджаць яго і множыць, паказваючы, да чаго чалавеку варта імкнуцца.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?