Вы тут

Бібліятэка запрашае на выставу-летапіс да 80-годдзя вызвалення Беларусі


Магілёўская абласная бібліятэка ім. В.І. Леніна прысвяціла тэме вызвалення Магілёўскай вобласці і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выставачны комплекс «Хроніка памятных дзён. У летапіс Перамогі». У экспазіцыі кнігі, газеты ваеннага перыяду, дакументы, якія сведчаць аб гераічным ваенным мінулым беларускага народа, які страціў кожнага трэцяга за час страшнай Вялікай Айчыннай вайны.


Беларусь зведала на сабе ўвесь жах карніцкіх аперацый, атрымала мноства ран ад жорсткіх баёў. Аб гэтым сведчаць тысячы абеліскаў, манументаў і мемарыяльных комплексаў у розных кутках краіны. Яны як вечны напамін пра тое, які крохкі і бясцэнны мір і як важна яго берагчы. «Яны, як праваднікі ў той страшны час, адкрываюць самыя балючыя старонкі ваеннай гісторыі», — запрашае зрабіць экскурс у гісторыю вучоны сакратар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна Юлія Касцюк. 

Вёска Боркі адно з такіх месцаў, дзе і сёння адчуваеш боль вялікай трагедыі. 15 чэрвеня 1942 года на магілёўскай зямлі быў здзейснены найбуйнейшы на тэрыторыі Еўропы акт генацыду. Карнікамі была дашчэнту спалена вёска Боркі Кіраўскага раёна і шэсць прылеглых пасёлкаў: Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле, Хватаўка. Знішчана больш за дзве тысячы мірных жыхароў.

Карная аперацыя ў Борках лягла у аснову повесці  Алеся Адамовіча «Карнікі», па матывах якой савецкі рэжысёр Элем Клімаў стварыў моцны па ўздзеянні кінафільм «Ідзі і глядзі». Да гэтай тэмы нас адсылае і паэма «Марыйка» Алеся Казекі, маці якога цудам пазбегла страшнага лёсу быць спаленай разам з роднымі.

У 2009 годзе на месцы трагічных падзей адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця абноўленага мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Месцам гонару для кожнага беларуса з’яўляецца мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Усакіна» у Клічаўскім раёне. Партызанская зона з цэнтрам у вёсцы Усакіна налічвала больш за 18 тысяч партызан. Гэтыя лясы і балоты акупанты абыходзілі бокам, бо спробы зламаць супраціўленне неслі ім толькі смерць. Тут пад аховай партызан знайшло прытулак амаль усё насельніцтва краю, партызаны называлі гэта месца «наша Ялта». Тут была адноўлена савецкая ўлада, знаходзіліся базы атрадаў і шпіталі, дзейнічалі аэрадром і друкарня. Сорак гадоў таму ў Клічаўскім раёне быў адкрыты, а нядаўна грунтоўна адрамантаваны мемарыяльны комплекс. 

Пешым вызваленым райцэнтрам Магілёўскай вобласці стаў Хоцімск. У сводках Інфармбюро навіна аб гэтай шчаслівай для савецкага народа падзеі прагучала 26 верасня 1943 года. У выніку наступальнай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён» была цалкам вызваленая Беларусь. Апошні акупант пакінуў тэрыторыю Магілёўскай вобласці ў канцы чэрвеня 1944 года. У гонар вызвалення Магілёва вялікая тады яшчэ краіна пад назвай СССР салютавала 28 чэрвеня.

У гонар найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў чэрвені 2014 года каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці быў устаноўлены манумент «Баграціён». Менавіта адсюль савецкія войскі распачалі маштабнае вызваленне Беларусі.

Вялікае значэнне ў набліжэнні Перамогі мела буйная бітва каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна. У ноч на 24 чэрвеня 1944 года савецкія войскі авалодалі вышынёй 150,9 м і на працягу 20 гадзін — да падыходу падмацаванняў — утрымлівалі яе. У баях за вышыню было знішчана больш за 400 нямецкіх салдат і афіцэраў. Большасць чырвонаармейцаў, у тым ліку старшы лейтэнант Уладзімір Мартынаў, капітан Гулям Якубаў, радавы Сундуткалі Іскаліеў загінулі ў гэтым баі смерцю адважных. Пётр Вінічэнка, Галактыён Размадзэ і Іван Барысевіч вызначыліся ў баях пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Быхава. Усе шасцёра ўдастоены высокага звання Герой Савецкага Саюза і ўшанаваны на сцяне-стэле створанага тут мемарыяла воінскай славы «Лудчыцкая вышыня».

8 мая 1945 гады быў падпісаны Акт аб безумоўнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл. Гэты дакумент азнаменаваў перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў і завяршэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе. 70 гадоў таму ў Мінску ў гонар воінаў Чырвонай арміі і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў збудаваны велічны манумент Перамогі. 

— Мемарыялы Вялікай Айчыннай вайны заўсёды будуць сімвалам усеагульнага гонару і месцам пакланення Подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, — расказвае Юлія Касцюк. — Гэта сувязь часоў і пакаленняў, нябачная нітка, якая злучае усе народы былога Савецкага Саюза. Выдатным помнікам подзвігу беларускага народа стала і шматтомнае серыйнае выданне гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Рэспублікі Беларусь «Памяць». З 1985 па 2005 год было выдадзена 160 кніг. У 2021-2022 гадах усімі раёнамі Магілёўскай вобласці рэалізавана абласная ініцыятыва па стварэнні электронных версій рэгіянальных кніг «Памяць». Зводная анлайн-платформа «Электронная Кніга Памяці Магілёўскай вобласці» прадстаўлена на галоўнай старонцы афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама, а таксама на сайце абласной бібліятэкі ў раздзеле «Краязнаўчы партал Магілёўскай вобласці». Спецыялісты абласной бібліятэкі вядуць маштабную даследчую работу па вывучэнні ваеннай гісторыі Магілёўскага краю. На сайце бібліятэкі анлайн-карыстальнікам даступны краязнаўчыя інтэрнэт-рэсурсы, якія расказваюць пра гераічнае мінулае нашага рэгіёна.

Юлія Касцюк паведаміла таксама пра мемарыяльную базу даных «Жывая памяць пакаленняў», якая змяшчае ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне больш як тысячы жыхароў Магілёўскай вобласці, ў тым ліку тых, хто браў удзел у яе абароне і вызваленні. Успаміны дапоўнены біяграфіямі і артыкуламі аб персаналіях, фатаграфіямі, ваеннымі дакументамі і франтавымі лістамі.

База даных «Вуліцы герояў» расказвае пра 73 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, імёны якіх носяць бульвары, вуліцы і завулкі Магілёва.

Ваенна-патрыятычны праект «Вайна пазбавіла іх юнацтва», як кажа навуковы сакратар бібліятэкі, знаёміць з трагічнымі лёсамі 36 адважных падлеткаў — абаронцаў Магілёўскай вобласці. 27 маладых патрыётаў не дажылі да Перамогі, з іх адзінаццаць атрымалі званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

Інфармацыйны партал «Праз вайну, скрозь памяць, праз лёсы» дае доступ да калекцыі краязнаўчых медыярэсурсаў аб Вялікай Айчыннай вайне, ствараныных спецыялістамі Магілёўскай абласной бібліятэкі за перыяд з 2009 года і па цяперашні час.

Аб жахах тых гадоў нам праўдзіва расказалі магілёўскія пісьменнікі-франтавікі, якія з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх Васіль Карпечанка, які трапіў на вайну шаснаццацігадовым юнаком, удзельнік бітвы на Курскай дузе Пётр Прыходзька, франтавік і партызан Васіль Бурносаў, паэт і журналіст Аляксей Пысін. Пісьменнік Іван Скарынкін стварыў нямала цікавых вобразаў як радавых салдат, так і афіцэраў, у тым ліку свайго земляка — генерала арміі Іосіфа Гусакоўскага. Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў у гады вайны працаваў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты «Знамя Саветаў». Народнаму пісьменніку Івану Чыгрынаву на пачатак вайны ішоў толькі сёмы год, але шматлікія яго творы прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай і заснаваны на асабіста перажытым і ўбачаным у ваенным дзяцінстве. 

Рызыкуючы сваім жыццём, нашы пісьменнікі-землякі змагаліся на фронце, у партызанскіх атрадах, у падпольных арганізацыях. Іх зброяй было яшчэ і трапнае слова, якое падымала народ на барацьбу з акупантамі. Выстава ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя В.І. Леніна дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з іх творчасцю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва абласной бібліятэкі імя У. Леніна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?