Вы тут

У Мінску прайшоў міжнародны турнір па самба на прызы Прэзідэнта


Сталічны палац спорту зноў сабраў самых моцных целам і духам людзей. У 28-ы раз Мінск прымае міжнародны турнір па самба на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў турніры ўдзельнічаюць больш за 200 спартсменаў. Геаграфія спаборніцтваў уключае 10 краін: Беларусь, Арменія, Балгарыя, Германія, Казахстан, Кіргізія, Расія, Таджыкістан, Туркменістан. У гэтым годзе ўпершыню ў спаборніцтвах прымае ўдзел зборная каманда Кітая.


Турнір у Мінску для самбістаў — першы старт новага сезона. Таму і адказнасць асаблівая. Падчас спаборніцтваў трэнеры праглядаюць і адбіраюць найбольш моцных спартсменаў для ўдзелу ў іншых важных стартах. А іх сёлета будзе нямала. «На шчасце, нашы спартсмены маюць магчымасць выступаць на міжнародных спаборніцтвах. І гэты год для іх будзе вельмі насычаным: чэмпіянаты свету і Еўропы, Еўразійскія гульні, Гульні БРІКС, Гульні сяброўства. Нашы спартсмены ўсюды заяўлены. Таму нам трэба ўважліва іх праглядзець і адабраць наймацнейшых. І, канешне, варта прыгледзецца да сапернікаў», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі самба Аляксандр Кобрусеў. 

А сапернікі тым часам таксама не губляюць пазіцый. І турнір у Мінску гэта паказаў. «Моцную каманду прывёз Казахстан, у некаторых катэгорыях у іх нават больш спартсменаў, чым у нас. Канкурэнцыю можа скласці каманда Кітая. На першы погляд, можа, дзіўна бачыць кітайскіх самбістаў, але насамрэч у Кітаі добра развіты гэты від спорту. Увогуле самба актыўна развіваецца ва ўсім свеце, нават у тых краінах, якія раней не маглі пахваліцца высокімі вынікамі. Сёння сюрпрызы могуць падкінуць усе сапернікі, і нам трэба быць да гэтага гатовымі», — падзяліўся галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па самба Юрый Рыбак. Ён параіў звярнуць пільную ўвагу на маладых спартсменаў. Па яго словах, у новым сезоне яны павінны паказаць сябе ва ўсёй красе. Канешне, не варта забываць пра лідараў, яны знаходзяцца ў выдатнай форме. 

І гэта даказалі чэмпіёны і прызёры турніру. Уладзіслаў Бурдзь стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтваў у вагавай катэгорыі 58 кг. Ігар Міраеўскі заваяваў бронзавы медаль у катэгорыі 64 кг. Уладзіслаў Мардусевіч стаў чэмпіёнам у катэгорыі 71 кг, а Іван Ярмуш у дадзенай катэгорыі заняў трэцяе месца. У катэгорыі 79 кілаграмаў Ілья Ламіваротаў і Аляксандр Кокша сталі сярэбраным і бронзавым прызёрамі адпаведна. У катэгорыі 88 кг Данііл Патачыц заняў другое месца, Васіль Мішчанказаняў трэцяе месца ў катэгорыі 98 кг. Ілья Жупікаў заваяваў бронзавы медаль у катэгорыі звыш 98 кг.

Найлепшым барцом у катэгорыі 58 кг стаў Яўген Рэбікаў. Уладзіслаў Хацкевіч і Васіль Астапец занялі трэція месцы ў катэгорыі 64 кг. Максім Якаўлеў — сярэбраны прызёр спаборніцтваў у катэгорыі 71 кг. Раман Гліцук — бронзавы прызёр катэгорыі 79 кг.

Таксама па традыцыі Прэзідэнцкі спартыўны клуб заснаваў спецыяльныя прызы. Прыз «За лепшую тэхніку» атрымаў прадстаўнік Расіі Уладзіслаў Панаў, «За волю да перамогі» — беларуска Даніэла Ждан. Усяго беларускія спартсмены заваявалі 33 медалі, у тым ліку 8 залатых. 

У жанчын Анфіса Капаева стала чэмпіёнкай у катэгорыі 50 кг.

«Усе супернікі былі вельмі складаныя і гэтая перамога мне далася цяжка. Я сваю перамогу прысвячаю бацькам, таму што яны дома, хвалююцца за мяне, я не дазваляю ім прыязджаць на свае спаборніцтвы, каб яны яшчэ больш не хваляваліся. І не забываю пра свайго любімага трэнера. І, канешне, Беларусі. Я вельмі радая, што такі цудоўны турнір праходзіць у нас, і вялікае шчасце выйграць у сябе дома!» — не хавала пачуццяў Алена Купава, пераможца ў катэгорыі 54 кг.
Таццяна Мацко стала сярэбраным прызёрам у катэгорыі 59 кг, у гэтай жа катэгорыі Дар’я Навіцкая заняла трэцяе месца. У катэгорыі 65 кг Даніэла Ждан заваявала залаты медаль, Настасся Скварцова — бронзавы. У катэгорыі 72 кг безумоўным лідарам стала Анжэла Жылінская. Карына Шут перамагла ў катэгорыі80 кг, Паліна Граматнева — на другім месцы. У спаборніцтвах у катэгорыі звыш 80 кг Валерыя Хрушчова заняла другое месца, Інэса Гупала і Настасся Еўсеева раздзялілі трэцяе месца. 

У баявым самба Ілья Грышановіч стаў сярэбраным прызёрам, Глеб Каўкоў — бронзавым у катэгорыі 88 кг. Ілля Каралёў заваяваў бронзу ў катэгорыі 98 кг. Выдатныя вынікі паказалі беларусы ў катэгорыі звыш 98 кг: Раман Даміеў стаў чэмпіёнам, Барыс Булыга — сярэбраным прызёрам, Дзяніс Ігнаток і Валянцін Наталевіч — бронзавымі прызёрамі. 

Турнір па самба на прызы Прэзідэнта сабраў мноства легенд айчыннага самба. Трохразовы чэмпіён свету і чатырохразовы чэмпіён Еўропы Уладзімір Япрынцаў, які стаяў ля вытокаў турніра, яго прапусціць не можа. І не толькі таму, што з’яўлецца членам выканкама Сусветнай федэрацыі самба і наведваць такія мерапрыемствы — яго службовы абавязак. На турнір у Мінск ён прыязджае і па закліку сэрца.

«Я ганаруся, што турнір не спыніў свайго існавання. Гэта сведчыць аб тым, што самба на тэрыторыі Беларусі жыве. Многае змянілася за 28 гадоў. Але галоўнае, што ў спартсменаў засталося жаданне перамагаць і сяброўства, якое пануе паміж самбістамі за межамі дывана. Самба — гэта мая любоў, гэта лепшае, што было ў маім жыцці. Змяняюцца людзі, якія змагаюцца на дыване і тыя, якія іх судзяць. Але той дух, які заўсёды пануе на нашых спаборніцтвах, застаецца. Таму я стараюся не прапускаць гэты турнір», — прызнаўся ён. 

Па словах Уладзіміра Япрынцава, тое, што на турніры ў Мінску выступаюць каманды з 10 краін, у першую чаргу, паказвае павагу да Беларускай федэрацыі самба, да нашай каманды і да нашай краіны. «Адразу пасля нашага турніру пройдуць унутраныя ў Расіі, ды і ў іншых краінах. Але нягледзячы на гэта, спартсмены прыехалі выступіць у Беларусь, і гэта дарагога каштуе», — падкрэсліў ён. 

Турнір на прызы Прэзідэнты наведала і яшчэ адна легенда самба. Таццяна Масквіна — чатырохразовая чэмпіёнка Еўропы і дзесяціразовая чэмпіёнка свету па самба даўно не жыве ў Беларусі, але турнір стараецца не прапускаць. «Самба — гэта маё жыццё. А ў Мінску — мае карані. На гэтым турніры заўсёды адчуваецца сямейная атмасфера. Нягледзячы на складаную палітычную сітуацыю, самба жыве і будзе жыць. І гэта мяне шалёна радуе. Самба гэта не проста самаабарона без зброі, гэта тое, што трымае на плаву і не дае апускаць рукі», — прызналася яна.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.