Вы тут

«Наглядны прыклад павагі да краіны»


«Наглядны прыклад павагі да краіны»

Спыталі ў сенатараў, што яны думаюць пра выбары і чаму кожнаму трэба ў іх удзельнічаць

Сяргей Анюхоўскі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

Фота Віктара Іванчыкава

— Выбар, які мы зробім, прадугледжвае папярэднюю і дбайную падрыхтоўку кожнага грамадзяніна да электаральнай кампаніі. Таму што ў адзіны дзень галасавання выбаршчыкі сталіцы атрымаюць па два бюлетэні, абласных і раённых цэнтраў — па тры, а ў сельскай мясцовасці — па чатыры. І павінны быць гатовы выбраць людзей, якія б разумелі і падтрымлівалі аснову дзяржаўнага курсу, закладзеную Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы ўсіх нас арыентуе на тое, што палітыка ў аснове сваёй сёння неаддзельная ад эканомікі. Мы будуем моцную, квітнеючую Беларусь, хочам бачыць яе абароненай і быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Арыентуемся на мэты міру і стваральнай працы, павышэння якасці жыцця беларускага народа. Таму лічу, што дэпутатамі могуць стаць толькі сапраўдныя патрыёты сваёй краіны, якія не толькі пацвярджаюць гэтыя ідэі не толькі на словах, але і даказалі прыхільнасць ім штодзённай і ўпартай працай.

Арыенцірам пры выбары дастойных дэпутатаў для мяне таксама служаць словы Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай: «Парламентарыі, як ніхто іншы, павінны тонка адчуваць настроі грамадства, ведаць патрэбы выбаршчыкаў, своечасова рэагаваць на іх, добрасумленна і якасна працаваць на адзіную мэту — пабудова сапраўднай дзяржавы для народа, усяляк садзейнічаць далейшаму будаванню моцнай, незалежнай і квітнеючай Рэспублікі Беларусь».

Фелікс Яшкоў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Гісторыю ствараюць людзі, і вельмі шмат у яе развіцці залежыць ад таго, наколькі свядома і адказна гэтыя людзі падыходзяць да значных яе кропак. У слова «выбары» наймагутнейшая сэнсавая нагрузка. Гэта вырашальнае ў пэўным часавым моманце вызначэнне вектара, шляху і ідэйнага падмурка — або руху наперад, або адкату назад. Таму добрыя намеры і памкненні, вернасць традыцыям, павага да дасягненняў мінулага, адказнасць і свядомасць павінны ляжаць у аснове рашэння, хто стане прадстаўляць інтарэсы народа. Тут няма месца асабістым амбіцыям, імгненным парывам, запазычаным з інтэрнэту, веры ў пустыя абяцанні і лозунгі. У аснове нашага з вамі выбару 25 лютага — адзінства поглядаў на тое, якую Беларусь мы адбудавалі разам і якую перададзім нашчадкам. Зрабіць правільны выбар — цана мірнага неба і нашай шчаслівай будучыні!

Ала Смаляк, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— У адзіны дзень галасавання ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі нам трэба будзе абраць дэпутатаў усіх узроўняў. Менавіта гэтыя людзі, атрымаўшы наказ выбаршчыкаў, шмат у чым будуць уплываць на тое, у якім кірунку мы будзем рухацца далей, па якім курсе будзем выбудоўваць наш шлях развіцця, які падмурак закладзём для наступных пакаленняў.

І адказнасць выбаршчыкаў каласальная. Бо важна, каб галасы былі аддадзены сапраўды дастойным людзям. Сапраўдным патрыётам, здольным прадстаўляць і адстойваць інтарэсы грамадзян, прымаць эфектыўныя рашэнні, тым, хто шчыра імкнецца да таго, каб беларусы і далей жылі ў свеце, згодзе, адзінстве, бяспецы, каб стваральнай працай прымнажаліся даброты і дасягненні.

Прыйсці на выбарчы ўчастак у адзіны дзень галасавання — значыць прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю, актыўнасць, свядомасць, неабыякавасць да лёсу роднага краю, сваім выбарам паўплываць на яго будучыню і будучыню нашых дзяцей і ўнукаў.

Рыгор Пратасавіцкі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

— Якая ж роля выбаршчыка ў гэтай электаральнай кампаніі? Найперш, на мой погляд, прыйсці на выбары і зрабіць свой выбар. Гэтым дзеяннем чалавек паказвае, што яму неабыякавы лёс краіны. Прыйсці на выбары — значыць не даць нашым ворагам абнуліць эканоміку, культуру, мову, перакананні, рэлігію, пасеяць раз’яднанне ў грамадстве і знішчыць краіну, дзе жывуць нашы дзеці і ўнукі, дзе нашы бацькі. Прыйшоўшы на выбары, кожны грамадзянін яшчэ раз пацвярджае сваё грамадзянства, падкрэслівае, што ён плаціць падаткі, служыць ва Узброеных Сілах, стаіць за станком, вырошчвае хлеб, вучыць дзяцей і гэтым самым сваім удзелам клапоціцца аб краіне, аб яе адзінстве.

Таццяна Абель, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Той факт, што ў адзіны дзень галасавання беларусы змогуць абраць дэпутатаў розных узроўняў, фактычна вызначыўшы кірунак развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў, кажа пра дастатковую сталасць беларускага грамадства. 25 лютага — гэта найважнейшы дзень для кожнага беларуса, паколькі мы заўсёды стаім на перадавой дэмакратыі. Мы ўжо зрабілі Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам. А цяпер упарадкавалі працэс галасавання, зрабіўшы яго зручным і празрыстым. Усе дасягненні цывілізаванага дэмакратычнага свету на практыцы прымяняюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Упэўнена, што прымаць такое сур’ёзнае рашэнне ў адзіны дзень галасавання мы будзем, як гэта і ўласціва беларусам, разам, пацвердзіўшы чарговы раз адзінства нашага народа.

Уладзімір Катовіч, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

— Выбары — гэта заўсёды рух краіны наперад. Таму што народнымі выбраннікамі будуць у асноўным новыя людзі з ідэямі, пачутымі ў народа, з жаданнем зрабіць нашу краіну лепшай. Для мяне, маёй сям’і дзень выбараў — гэта свята, якое аб’ядноўвае людзей. Малодшае пакаленне ідзе за кампанію разам з дарослымі на выбарчыя ўчасткі. Дзеці бачаць, як дарослыя ўдзельнічаюць у галасаванні. Гэта адзін з этапаў фарміравання грамадзяніна — наглядны прыклад павагі да краіны.

Якім мусіць быць дэпутат новага склікання? Настойлівым, упартым, разумным, ініцыятыўным, сумленным. І галоўнае — сапраўдным патрыётам роднай Беларусі! І ўсё роўна, хто ён будзе па прафесіі: урач, дырэктар завода, настаўнік, працоўны-працаўнік, праграміст. Важна яго стаўленне да краіны і людзей.

Юрый Дзяркач, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Сёння ніхто з грамадзян нашай краіны не хоча страціць мір, бяспеку, працу, якая добра аплачваецца, незалежнасць, сацыяльную абароненасць. Гэтым і тлумачыцца высокая актыўнасць жыхароў нашага рэгіёна ў электаральнай кампаніі, жаданні выбраць годных людзей, якія будуць прадстаўляць іх інтарэсы ў Саветах усіх узроўняў і Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Прыярытэтнасць кандыдатаў у дэпутаты — гэта адданасць дзяржаве, народу, высокі прафесіяналізм.

Аляксандр Ляхаў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Для кожнага з нас удзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў і парламента — не толькі магчымасць рэальна паўплываць на лёс свайго населенага пункта, рэгіёна і ўсёй краіны, але і той важкі ўклад, які грамадзянін можа і павінен зрабіць для ўмацавання дэмакратыі, захавання міру, стабільнасці і развіцця грамадства. Цяпер у свеце склалася няпростая сітуацыя. Сучасная гісторыя і досвед паказваюць, што ў такі час без сталай грамадзянскай пазіцыі ўсяго народа, мудрасці і вытрымкі немагчыма захаваць стабільную ўнутрыпалітычную сітуацыю, незалежны курс і нават саму дзяржаўнасць.

Упэўнены, што кожны з нас павінен прыйсці на свой выбарчы ўчастак 25 лютага, а калі няма такой магчымасці, то зрабіць гэта падчас правядзення датэрміновага галасавання і аддаць свой голас за тых кандыдатаў, якіх вы лічыце дастойнымі, якія з’яўляюцца прафесіяналамі з неабыякавым сэрцам і сапраўднымі патрыётамі Беларусі.

Таццяна Полушкіна, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Электаральная кампанія — заўсёды вельмі значны, важны і хвалюючы этап у жыцці дзяржавы і грамадства ў цэлым. Упершыню ў гісторыі нашай краіны пройдзе адзіны дзень галасавання, які ў адпаведнасці з патрабаваннямі абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэкса завершыць разнастайную, шматпланавую работу дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый з грамадзянамі нашай краіны.

Думаю, што адкрытасць нашай дзяржавы і яе лідара, Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, бачанне перспектыў і развіцця краіны ў розных напрамках, вялізная інфармацыйная работа будуць садзейнічаць якаснаму правядзенню выбарчай кампаніі. Упэўнена, кожны грамадзянін нашай краіны выканае свой грамадзянскі абавязак і зробіць выбар на карысць развіцця і росквіту Рэспублікі Беларусь, міру і згоды ў грамадстве.

Валянцін Байко, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

— Электаральная кампанія — гэта квінтэсэнцыя ўзаемадзеяння грамадства і дзяржавы. Механізм прамога волевыяўлення дазваляе кожнаму чалавеку, кожнаму суб’екту грамадскіх адносін уплываць на грамадска-палітычнае жыццё краіны, на фарміраванне палітычнай культуры і выбудоўвання давернага дыялогу грамадства і дзяржавы. Дзякуючы электаральнай кампаніі грамадзяне краіны зробяць свой выбар, накіраваны на адзінства, стваральную працу і росквіт Беларусі, выкажуць сваё меркаванне і ўнясуць уклад у фарміраванне сістэмы каштоўнасцяў беларускага грамадства, асноўным пасылам якога з’яўляецца эканамічная і сацыяльная стабільнасць. Удзел у галасаванні — абсалютна добраахвотная справа. Але ці можа разумны чалавек ставіцца абыякава да таго, якой хоча бачыць Беларусь у будучыні, якой пакінуць яе сваім дзецям? Зрабіць свой выбар — гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Але не толькі перад дзяржавай ці грамадствам. Гэта абавязак перад сабой, перад папярэднімі пакаленнямі беларусаў, многія з якіх аддалі жыцці за існаванне краіны, перад будучымі пакаленнямі, якія жадаюць жыць у міры, спакоі і дастатку.

Віктар Лісковіч, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Удзел у выбарах — праява актыўнай грамадзянскай пазіцыі чалавека, сведчанне яго неабыякавасці да лёсу роднага краю, а таксама магчымасць прама паўплываць на лёс краіны і свайго рэгіёна.

Электаральная кампанія 2024 года стане найбуйнейшай за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. І дзяржава зробіць усё для таго, каб забяспечыць электаральны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, правесці выбары-2024 спакойна, адкрыта і аб’ектыўна. А мы, выбаршчыкі, без сумневу, аддадзім свае галасы за людзей, якім уласцівыя пачуццё высокай адказнасці, прыстойнасць, сумленнасць і прафесіяналізм у сваёй справе.

Кацярына Серафіновіч, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— 25 лютага не проста адкрые новую старонку ў гісторыі сучаснай Беларусі, а прадэманструе ўсяму свету: беларусы адзіныя, яны галасуюць за сваю будучыню, будучыню сваіх дзяцей. Галоўнае — у беларусаў ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні! Найперш таму, што кіраўніцтва нашай краіны, наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, уся вертыкаль улады, дзейнічаючы ў нацыянальных інтарэсах, самастойна вызначаюць знешнюю і ўнутраную палітыку. Упэўнена, што ў гэты сапраўды гістарычны дзень у нашых гарадах і вёсках будзе панаваць святочны настрой: такая наша беларуская традыцыя — у важныя моманты жыцця быць разам і радавацца таму, што жывём мы ў мірнай краіне, якая насуперак усім прагнозам нядобразычліўцаў упэўнена будуе сваю паспяховую будучыню.

Аляксей Кушнарэнка, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Кожны грамадзянін нашай краіны павінен скарыстацца сваім законным правам — прыняць удзел у выбарах дэпутатаў і паўплываць на лёс усяго беларускага народа. Падыходзячы да гэтага мерапрыемства свядома, мы прадвызначаем вектары нашага развіцця.

Галоўная задача — захаваць увесь той здабытак, які ў нас ёсць, і прымножыць яго на карысць росквіту нашай краіны, аддаючы даніну тым, хто стаяў каля вытокаў яе стварэння. Гэта наш родны дом і наш святы абавязак, завешчаны нашымі дзядамі і прадзедамі, — захаваць у ім мір і дабрабыт, стварыць неабходныя ўмовы для развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі, для дабрабыту нашых сем’яў і наступных пакаленняў беларусаў.


«Гэта перш за ўсё адказнасць»

Спыталі, з чым ідуць на выбары нашы чытачы з розных рэгіёнаў краіны

Леанід Качанаў, дырэктар Слаўгарадскай сярэдняй школы № 2:

— Гэта прамы абавязак любога грамадзяніна краіны. Уладу сапраўды трэба выбіраць. Дэпутаты мясцовага ўзроўню ў маштабах дзяржавы, магчыма, вялікай пагоды і не зробяць, але яны здольныя эфектыўна вырашаць на месцы нейкія лакальныя пытанні. У прыватнасці, гэта датычыцца добраўпарадкавання населенага пункта, дарог. Пра стан дарог наогул сёння ў раёне на кожным пасяджэнні гучыць размова. Гэта тое, што сапраўды хвалюе людзей. І яны, у тым ліку праз дэпутатаў, аб гэтым сігналізуюць. На маім прыкладзе было такое, што людзі ў зімовы час звярталіся з просьбай дапамагчы набыць сена для дамашняй жывёлы. І гэта вырашалася. Але такіх бытавых пытанняў гучыць менш, народ больш зацікаўлены ў больш значных справах....

Нельга думаць, што ад выбаршчыка нічога не залежыць. Калі нешта здараецца, чалавек падымае свае праблемы, звяртаецца і да ўлады, і да дэпутатаў. Цяпер час падтрымаць кандыдатаў у дэпутаты, выбраць менавіта самых годных і неабыякавых, якія змогуць прадстаўляць інтарэсы грамадства. Ад гэтага залежыць, якім будзе наша будучыня. Ігнараваць такую важную палітычную падзею нельга ні ў якім разе. На чале краіны знаходзіцца вельмі моцны Прэзідэнт. Моцнай павінна быць і прадстаўнічая ўлада. Выкарыстанне права зрабіць свой выбар дае кожнаму без выключэння чалавеку магчымасць удзельнічаць у працэсе кіравання дзяржавай і непасрэдна ўплываць на фарміраванне органаў улады. Вылучаючы ў парламент чалавека ад таго ці іншага рэгіёна, мы загадзя разлічваем на тое, што ён будзе агучваць нашы праблемы, выказваць думкі наконт іх вырашэння. І перш за ўсё менавіта ад пазіцыі грамадзян залежыць далейшае жыццё раёна, рэгіёна і краіны ў цэлым.

«Нам трэба спраўдзіць давер старэйшага пакалення»

Анастасія Дудзінская, галоўны спецыяліст Гродзенскага гарадскога камітэта БРСМ:

— Аб выбарах я ведала яшчэ з дзяцінства, калі разам з бацькамі хадзіла на выбарчыя ўчасткі. Мама з татам заўсёды давяралі мне апусціць бюлетэнь, і гэта было даволі хвалюючым момантам. Вельмі падабалася абстаноўка на ўчастку: іграла музыка, працаваў кафетэрый... Тады нават не ўяўляла, што і сама некалі буду выступаць на выбарчых участках. Сёння я вакалістка гродзенскай студыі «Струны сэрца». Мы выконваем сучасныя песні, якія гучаць на беларускай эстрадзе.

Мае першыя самастойныя выбары адбыліся ў студэнцкія гады, а цяпер буду прымаць удзел як малады спецыяліст. Вельмі часта гучаць словы, што моладзь — будучыня Беларусі. Старэйшае пакаленне верыць у нас, таму варта спраўдзіць гэтыя спадзяванні, а, значыць, актыўна ўдзельнічаць у электаральнай кампаніі. Для мяне асабіста пытанне інакш і не стаіць. Паколькі мы будзем выступаць з канцэртам на выбарчых участках, збіраюся прагаласаваць датэрмінова. Свой участак ведаю, буду знаёміцца з праграмай кандыдатаў. Думаю, гэта дастойныя людзі.

Сёлета мы назіраем даволі актыўную работу падчас падрыхтоўкі да выбараў. Думаю, што і самі выбаршчыкі разумеюць важнасць свайго ўдзелу ў галасаванні. Бо як жа інакш мы забяспечым сваё стабільнае і спакойнае жыццё ў нашай мірнай краіне? Пытанне далёка не рытарычнае, а канкрэтнае, на якое кожны сам павінен даць адказ. І найлепшы адказ — гэта той бюлетэнь, які чалавек апускае ў скрыню для галасавання.

«Іду на выбары, каб не быць у баку ад жыцця сваёй краіны»

Зухра Тажыбаева, начальнік гандлёвага аддзела ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Гомельскага раёна:

Жыхарка Гомельскага раёна Зухра Тажыбаева родам з горада Фергана ва Узбекістане. Нарадзілася ў інтэрнацыянальнай сям’і: мама — беларуска, тата з Таджыкістана. На маміну радзіму з бацькамі Зухра прыехала, калі якраз ішла ў першы клас. Вось ужо сорак гадоў — у Беларусі. Жыве ў вёсцы Пясочная Буда Гомельскага раёна.

— На выбары мы заўжды хадзілі ўсёй сям’ёй. Як дачка была маленькая — утраіх, цяпер яна вырасла, ходзіць галасаваць сама, а мы — з мужам разам. Звычайна на вёсцы гэта цэлае свята для многіх. Дэпутатаў мясцовых нашых мы добра ведаем. Наша Пясочная Буда — тэрыторыя Грабаўскага сельсавета. У нас на вёсцы арганізаваны выбарчы ўчастак. Падрабязную інфармацыю пра кандыдатаў буду вывучаць, ужо калі прыйду на галасаванне. Бо ведаю, што як чалавек, які пражывае ў сельскай мясцовасці, буду галасаваць за дэпутата ў Палату прадстаўнікоў і абіраць дэпутатаў абласнога, раённага і сельскага ўзроўняў. У нас на прадпрыемстве арганізаваны куток выбаршчыка, дзе ёсць уся інфармацыя па адзіным дні галасавання, ёсць выданні абноўленых Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса. Гэта вельмі зручна. Лічу, увогуле вельмі добра, што арганізаваны менавіта адзіны дзень галасавання. Я асабіста для сябе ўсвядоміла, што іду на выбары, каб таксама не быць у баку ад жыцця сваёй краіны. Хачу, каб быў мір, была работа, стабільнасць, — падзялілася Зухра Тажыбаева.

Па рабоце супрацоўніца курыруе больш чым пяцьдзясят гандлёвых пунктаў гаспадаркі і ведае, што ўсе дзяўчаты, працаўніцы яе ўчастка работы, дакладна таксама пойдуць галасаваць.

— Пойдуць з задавальненнем, асэнсавана, з разуменнем, што выконваюць свой грамадзянскі абавязак. У нас у калектыве ўвогуле так было заўсёды, — дадала жанчына.

«Грамадзянская свядомасць — у нашай традыцыі»

Пётр Білецкі, дырэктар ААТ «Мурава» Пружанскага раёна:

— На тэрыторыі нашай гаспадаркі традыцыйна фіксаваўся адзін з самых высокіх паказчыкаў яўкі на выбарах усіх узроўняў. Можна спытаць любога працаўніка «Муравы», чаму ён лічыць патрэбным ісці на выбары, і большасць, я ўпэўнены, скажа: каб галасаваць за стабільнасць, мір і спакой. Апошнія тры словы, відаць, і заключаюць у сабе матыў падобнай актыўнасці.

Стабільнасць краіны ў цэлым складаецца з прадпрыемстваў, што стабільна працуюць, плацяць зарплату, адлічваюць у бюджэт падаткі для функцыянавання сацыяльнай сферы. У нас менавіта такая гаспадарка: невялікая, кампактная, якая стабільна развіваецца. Апошнія дзесяцігоддзі мы дэманструем устойлівы рост асноўных паказчыкаў у галінах жывёлагадоўлі, земляробства, што дасягаецца эканамічнай палітыкай прадпрыемства, культурай вытворчасці ды стараннай работай, стаўленнем да працы кожнага члена калектыву. Як вынік работы — добрая зарплата, забеспячэнне жыллём маладах працаўнікоў, упэўненасць кожнага ў заўтрашнім дні.

А каштоўнасць міру, спакою нашы людзі, як той казаў, нават уласнай скурай адчуваюць. Мы жывём на памежжы, прадстаўнікі старэйшага пакалення ездзілі туды­сюды вольна, стваралі агульныя сем’і, і ў нас пражывае нямала выхадцаў з Украіны. Таму бяду суседзяў мы асабліва востра ўспрымаем. Любая вясковая бабулька раскажа вам, як трэба быць удзячнымі за мірнае неба і чаму трэба ісці на выбары.

І яшчэ лічу, што грамадзянская свядомасць — у традыцыі беларусаў. Можна ўспомніць, як сорак, пяцьдзясят гадоў таму бацькі цяперашніх выбаршчыкаў успрымалі гэты дзень як своеасаблівае свята. Па­святочнаму апраналіся, ішлі ў сямейным складзе на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас. Таму няма ніякай нагоды парушаць гэтую традыцыю, варта таксама выбірацца на выбары ўсёй сям’ёй. А наша гаспадарка традыцыйна дапамагае транспартам, каб падвезці выбаршчыкаў з самых аддаленых вёсак альбо даставіць членаў камісіі са скрынямі да тых, хто па ўзросце і стане здароўя не можа прыйсці на ўчастак, але жадае выканаць грамадзянскі абавязак.

«На выбарчы ўчастак прыйду з дачкой і ўнучкай»

Ксенія Шніткоўская, пенсіянерка, Віцебскі раён:

— Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі выбары дэпутатаў усіх узроўняў пройдуць у фармаце адзінага дня галасавання. І калі з выбарам, за каго аддаць свой голас, нам яшчэ трэба будзе вызначыцца, то адказ на пытанне, чаму мы павінны ісці на выбары, ужо цяпер відавочны.

Мы будзем галасаваць за нашу будучыню, будучыню дзяцей і ўнукаў. Апошняе для нас, людзей пажылога ўзросту, як нішто, важна. І голас кожнага — гэта яго асабісты ўклад у стабільнасць і росквіт Беларусі. Таму і выбар павінен быць адказным і прадуманым.

Нашы правы абаронены дзяржавай. Нашым дзецям даступныя адукацыя і медыцынская дапамога, мы, пенсіянеры, атрымліваем дапамогу ад дзяржавы незалежна ад знешніх фактараў. Мы захоўваем гісторыю краіны і выхоўваем моладзь на трывалых традыцыях, ствараючы ўмовы для станаўлення і ўсебаковага развіцця маладога пакалення. Усё ў нашай краіне залежыць толькі ад нас. Мы не хочам страціць мір і спакой, незалежнасць і сацыяльную абароненасць.

Каб у нас была свая дзяржаўнасць, свае сімвалы, свабода і незалежнасць, мы павінны самі, сваімі сіламі кіраваць дзяржавай. А дэпутаты — гэта народныя выбраннікі, прадстаўнікі насельніцтва краіны, надзеленыя заканадаўчай уладай, якая дае ім права прымаць узважаныя рашэнні на карысць кожнага з нас. А гэта якасныя дарогі ў вёсцы, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, чыстая вада і шэраг, можа, не глабальных, але жыццёва важных пытанняў.

Для многіх беларусаў, як і для маёй сям’і, удзел у выбарах ужо стаў добрай сямейнай традыцыяй. На выбарчы ўчастак я, як і заўсёды, прыйду разам з дачкой і ўнучкай. Такія падзеі назаўсёды застаюцца ў памяці. І гэта не толькі значная традыцыя, якой варта прытрымлівацца, але і наш абавязак і права як грамадзян краіны.

Апытанне правялі Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?