Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы гатовы да дыялогу з усімі краінамі без выключэння і па любых пытаннях


У Палацы Незалежнасці прывіталі замежных гасцей, для якіх Беларусь стане другім домам. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад паслоў васьмі краін. «Сёння бярэ адлік новы этап у вашым прафесійным жыцці, і я вельмі рады, што вы вырашылі яго звязаць менавіта з нашай краінай. Са свайго боку зробім усё, каб ён пакінуў найлепшыя ўспаміны і прынёс нам карысць», — прывітаў дыпламатаў кіраўнік дзяржавы. 


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі ў прадстаўнікоў іншых краін ёсць цікавасць да досведу дзяржаўнага кіравання, беларускі бок гатовы ім падзяліцца. Ён адзначыў, што цырымонія праходзіць напярэдадні важных адказных мерапрыемстваў — выбараў дэпутатаў усіх узроўняў і першага Усебеларускага народнага сходу як новага канстутыцыйнага органа. Па словах Прэзідэнта, сапраўды знакавай падзеяй для беларусаў сёлета стане святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашызму. «Вы на свае вочы зможаце ўбачыць, як беларусы захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, яе героях і бязвінных ахвярах», — падкрэсліў ён. 

Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на тым, што 2024 год аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. Паводле яго слоў, гэта не проста паляпшэнне спажывецкіх або эксплуатацыйных характарыстык выпускаемай прадукцыі. Гэта курс на мадэрнізацыю, тэхнічнае пераабсталяванне вытворчасцей, стварэнне новых працоўных месцаў і скарачэнне выдаткаў. 

«Мы вельмі спадзяёмся ў гэтым працэсе на вас. Дзверы для вас адчынены ў Беларусі. Упэўнены, такія меры нададуць сур’ёзны імпульс нашаму вытворчаму сектару. Гатовыя да вашых сустрэчных прапаноў, якія арганічна ўпішуцца ў дасягненне дадзеных мэт у частцы сумесных праектаў, абмену вопытам і найноўшымі распрацоўкамі», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў нашай краіне зыходзяць з таго, што павышэнне якасці жыцця людзей магчымае пры ўмове падтрымання бяспекі, справядлівага размеркавання рэсурсаў і вынікаў працы. «Гэтага можна дасягнуць, калі будзем працаваць разам, а не паасобку. Толькі праз мір і стабільнасць мы здолеем гарантаваць годную будучыню нашым дзецям і ўнукам. Таму ў аснове беларускай знешняй палітыкі — прынцыпы павагі, раўнапраўя і справядлівасці. Мы гатовы да дыялогу з усімі краінамі без выключэння і па любых пытаннях», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка Аднак, па яго словах, асаблівая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзенню з тымі краінамі, з якімі Беларусь шмат што звязвае, з якімі ў нас сёння закрытых тэм няма. 

Азербайджан

«Мы вельмі шануем стратэгічнае партнёрства з Азербайджанам. Асабліва ўдзячныя за канструктыўны падыход нашым сябрам, і найперш Прэзідэнту, Ільхаму Гейдаравічу Аліеву, які атрымаў нядаўна каласальную ўсенародную падтрымку на прэзідэнцкіх выбарах», — сказаў беларускі лідар. Ён прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць дамоўленасці лідараў дзвюх краін для вырашэння пытанняў у сферах, якія цікавяць два бакі.

Узбекістан 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важны ўсебаковыя сувязі з Узбекістанам, у якім мы бачым стратэгічнага партнёра ў Цэнтральнай Азіі. «Вельмі ўдзячны Шаўкату Мірамонавічу Мірзіёеву за нядаўні цёплы прыём і прадметны дыялог, вынікам якога ўжо зусім хутка стане рэалізацыя новых прарыўных праектаў і развіццё міжрэгіянальных сувязей. Упэўнены, што вы, спадар Пасол, як чалавек, які папрацаваў у Беларусі і добра ведае нашу краіну, будзеце максімальна ўцягнуты ў рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні, прымяніце ўсе свае веды і вопыт для ўмацавання двухбаковых сувязей», — сказаў ён.

Кырыгзстан

Прэзідэнт назваў Кыргызстан сябрам і надзейным партнёрам Беларусі. Па яго словах, у апошнія гады аб’ёмы ўзаемнага гандлю ўвесь час растуць, але нам па сілах дасягнуць значна большага. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Беларусь і Кыргызстан здольныя значна актывізаваць гандлёва-эканамічныя адносіны, надаўшы ім сістэмны і мэтанакіраваны характар.

Турцыя 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Турцыя з’яўляецца даўнім стратэгічным партнёрам Беларусі. «Мінск і Анкару аб’ядноўваюць прыярытэт нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, значнасць традыцыйнай сям’і, захаванне гістарычнай памяці і шмат іншага. Чакаем сустрэчных прапаноў і ініцыятыў, якія будуць рэалізаваны на карысць нашых дзяржаў», — сказаў ён.

Японія 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь разлічвае на аднаўленне паўнавартаснага ўзаемадзеяння з Японіяй. «Мы гатовы рухацца па шляху супрацоўніцтва настолькі хутка і далёка, наколькі да гэтага гатовы нашы японскія партнёры. Нагадаю, што Мінск і Токіа маюць унікальны вопыт навуковага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Нам, спадар пасол, трэба гэтым не абмяжоўвацца, трэба ісці наперад, знаходзіць шляхі супрацоўніцтва. Мы да гэтага гатовы», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок вельмі высокай думкі аб Японіі, высокатэхналагічнай краіне, дзе жыве адказны, працавіты народ, такі ж, як у Беларусі. «Давайце будзем шукаць шляхі ў гэтай складанай абстаноўцы да нашага супрацоўніцтва», — прапанаваў ён.

Непал

«Лічым, што надышоў час больш эфектыўна задзейнічаць неабходны рэсурс для развіцця сувязей з Непалам. Пачаць можна з праектаў па мадэрнізацыі аграрнага сектара, прамысловасці і энергетычнага комплексу. Гатовы дзяліцца ведамі і вопытам у навукова-тэхнічнай сферы і навучаць вашых студэнтаў па запатрабаваных спецыяльнасцях», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Аман

Прэзідэнт падкрэсліў, што адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Султанатам Аман заўсёды адрозніваліся высокім узроўнем узаемаразумення. «Ваша краіна — адзін з нашых найважнейшых партнёраў на Блізкім Усходзе. Трэба нам аднавіць нашы кантакты і наша супрацоўнцітва. У вас выдатная краіна, я быў у вашай краіне. У вас цудоўныя людзі. Давайце супрацоўнічаць. Гатовы працягваць канструктыўны палітычны дыялог і ажыццяўляць сумесныя інвестыцыйныя, лагістычныя і прамысловыя праекты». — сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, беларускаму боку варта ўважліва паглядзець на Аман, не замыкацца на адной-дзвюх краінах Арабскага заліва. «Разлічваю, што Вы будзеце частым госцем у беларускім урадзе, арганізацыях, на прадпрыемствах», — сказаў ён.

Гвінейская Рэспубліка

«У апошні час Афрыка стала адным з галоўных арыенціраў беларускай знешняй палітыкі. Мы зараз вядзем актыўную работу па эканамічным асваенні гэтага кантынента, пашыраем сваю дыпламатычную прысутнасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што гэты досвед можна і нават трэба прымяніць і ў Гвінейскай Рэспубліцы. Галоўным рухавіком беларускі лідар назваў праекты ў гандлёва-эканамічнай сферы. «Гэта перш за ўсё кааперацыя ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі, сумесная здабыча карысных выкапняў, развіццё інфраструктуры, арганізацыя сістэмы — аказання першаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву», — сказаў ён. 

«Веру ў тое, што вы палюбіце Беларусь»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы заўсёды шчыра сустракаюць сяброў і партнёраў, зацікаўленых ва ўмацаванні адносін з нашай краінай. «І гэта не проста дыпламатычны этыкет ці даніна модзе. Гасціннасць — адзін з галоўных беларускіх брэндаў, якім мы вельмі ганарымся і перадаём з пакалення ў пакаленне. А найвялікшыя каштоўнасці для беларусаў — мір і згода, магчымасць спакойна працаваць і развівацца. Менавіта таму мы з’яўляемся адназначнымі прыхільнікамі адзінай і непадзельнай бяспекі, выступаем за новы, больш справядлівы светапарадак, за магчымасці для развіцця і годнай будучыні для ўсіх народаў, а не толькі для так званага залатога мільярда. — сказаў кіраўнік дзяржавыю — Веру ў тое, што вы палюбіце Беларусь так, як любім яе мы, яе жыхары і грамадзяне».

Аляксандр Лукашэнка сардэчна павіншаваў паслоў з афіцыйным пачаткам ганаровай і адказнай дыпламатычнай місіі ў Рэспубліцы Беларусь. Ён пажадаў дыпламатам моцнага здароўя і поспехаў. 

У тэму

Патэнцыял для супрацоўнітва вялікі

Планам і задачамі на свае дыпламатычныя місіі паслы падзялілся з журналістамі. Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кыргызстана ў Беларусі Эрбол Султанбаеў адзначыў, што паміж лідарамі краін склаліся выдатныя асабістыя і рабочыя адносіны. «Разам з культурнай і гістарычнай агульнасцю нашых народаў гэта з’яўлецца трывалым фундаментам для сучасных двухбаковых адносін Кыргызстана і Беларусі. У якасці пасла Кыргызстана я маю намер удзяляць прыярытэтнае значэнне такім накірункам, як эканамічнае-гадлёвае і культурна-гуманітарнае узаемадзеянне», — сказаў ён. Па словах пасла, сёлета ў Мінску пройдуць дні культуры Кыргызстана, а ў Бішкеку — чарговае пасяджэнне міжурадавай камісіі. Таксама плануюцца ўзааемныя візіты бізнес-місій для наладжвання прамых кантактаў. «Мы павінны глядзець на нашы ўзаемныя патрэбнасці і на нашы магчымасці, дзе мы можам адзін аднаму дапамагчы і пераняць адзін у аднаго найлепшыя практыкі. Мы будзем над гэтым працаваць», — падкрэсліў Эрбол Султанбаеў. Ён заўважыў, што Беларусь і Кыргыстан сёння актыўна супрацоўнічаюць у рамках розных інтэграцыйных аб’яданняў і саюзаў, найперш СНД, ЕАЭС, АДКБ. «Таму як у двухбаковым, так і шматбаковым плане ў нас ёсць усе перадумовы для таго, каб паглыбляць і выводзіць на больш якасны ўзровень наша ўзаемадзеянне», — канстатаваў пасол. 

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Узбексітана Рахматула Назараў падзякаваў беларускаму боку за давер. «Як пасол я вельмі рады працаваць на цудоўнай, гасціннай беларускай зямлі. Я прыкладу ўсе намаганні, каб адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам развіваліся па нарастаючай», — сказаў ён. Пасол нагадаў, што падчас нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан прайшлі вельмі плённыя перагаворы і быў дасягнуты шэраг дамоўленасцей. Цяпер прыйшоў час іх рэалізоўваць. «Прысутнічаючы на перагаворах на найвышэйшым узроўні, я яшчэ раз упэўніўся, што нашы эканомікі дапаўняюць адна адну і ў нас вялікі патэнцыял. У цэлым асноўныя накірункі, якім мы будзем удзяляць увагу, — гэта рэалізацыя сумесных праектаў, накіраваных на засванне рынкаў трэціх краін. Гэта сапраўды выгадна для Беларусі і Узбекістана», — адзначыў Рахматула Назараў. Ён запэўніў, што Узбекістан зацікаўлены ў плённым і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Магерам Абыш аглу Аліеў, падкрэсліў, што даўняе сяброўства Азербайджана і Беларусі будзе прадаўжацца. Па яго словах, у двухбаковым супрацоўніцтве краін шмат вельмі важных пытанняў. «Самая галоўная задача пасла — аб’ядноўваць узаемныя намаганні, дапамагаць развіваць узаемадзеянне паміж дзвюма дзяржавамі», — падкрэсліў дыпламат. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.