Вы тут

З нагоды 35-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана каля мемарыяла «Востраў Мужнасці і Смутку» адбыўся мітынг-рэквіем


Кожны год да гэтага сімвалічнага месца, якое ў народзе называюць Востравам слёз, накіроўваюцца людзі. Вялізныя людскія плыні сцякаюцца да сталічнага помніка, які сціпла ўвасобіў і мужнасць беларусаў, якія годна выканалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, і смутак усіх тых, хто не дачакаўся дамоў сваіх сыноў, мужоў, бацькаў, братоў, вярнуўся на Радзіму без баявых таварышаў...


Гэтая дата, якая адзначаецца і як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, мае сакральны сэнс для многіх нашых грамадзян. На працягу дзесяці гадоў (з 1979 да 1989 гг.) доўжыўся ўзброены канфлікт паміж афганскімі ўрадавымі і саюзнымі савецкімі войскамі, якія імкнуліся захаваць у Афганістане пракамуністычны рэжым, з аднаго боку, і мусульманскім афганскім супраціўленнем — з іншага. 15 лютага 1989 года з Афганістана былі поўнасцю выведзены савецкія войскі. Па апошніх афіцыйных даных, беззваротныя страты ў афганскай вайне склалі 15 051 чалавек. У палоне апынуліся 417 вайскоўцаў. Параненымі, траўміраванымі і кантужанымі дадому вярнуліся 53 753 чалавекі.

У кожнага свой боль і свая памяць

Штогод Уладзімір Рухлінскі ўскладае кветкі да скульптуры маленькага анёла, які сімвалізуе смутак па загінулых у Афганістане. Для мужчыны гэта нешта большае, чым проста даніна памяці і павагі баявым таварышам. «Жыць памяццю хлопцаў — гэта ўжо мой лад жыцця, — прызнаецца воін-інтэрнацыяналіст. — Мае таварышы загінулі ў імя міру. У імя іх памяці я і жыву. Расказваю аб тых падзеях на сустрэчах са школьнікамі, моладдзю. Свае пачуцці ўвасобіў у кнізе „Афганістан баліць у маёй душы“. Так лягчэй перажываць мінулае. Невыпадкова ў гэты дзень сустракаемся з баявымі таварышамі, сваякамі загінулых воінаў: мы ўсе — блізкія людзі, бо нас аб’ядноўвае агульная памяць».

Менавіта памяць прывяла на Востраў слёз і Юлію Чыжык, якая прыехала ў Мінск з Мар’інай Горкі. У яе руках — партрэт афіцэра. Як высвятляецца, мужа. У Афганістане Уладзімір Чыжык служыў салдатам, быў кіроўцам аўтабаміля. «Іх называлі „факельшчыкамі“: машыны звычайна падрываліся першымі, — кажа жанчына. — Такі лёс напаткаў і майго мужа. Яго таварыш загінуў, муж атрымаў кантузію. Нягледзячы на дыягназ, працягваў служыць. Вярнуўшыся на Радзіму, паступіў у Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Калі заканчваў, установу перайменавалі ў Ваенную акадэмію: муж быў адным з першых яе выпускніком. Выкладаў на ваенна-тэхнічным факультэце ў БНТУ. Ужо два гады як мужа няма ў жывых...»

Цяпер місію воіна-інтэрнацыяналіста — кожны год 15 лютага бываць на Востраве Мужнасці і Смутку — працягвае жонка афіцэра. Як заўважае жанчына, указваючы на партрэт, прыходзіць сюды разам з ім — святы абавязак.


Вольга Стражэвіч і Таццяна Грышчук, якія не маглі схаваць слёз, у Афганістане страцілі свайго пляменніка. Юрый Горбат загінуў акурат у свой дзень нараджэння. Маладому чалавеку споўнілася толькі 19 гадоў... «Быў мінамётчыкам, — расказвае Вольга Пятроўна. — Калі прывезлі яго ў вёску, казалі, што біўся да апошняга...» Як самую каштоўную рэліквію жанчыны захоўваюць два лісты пляменніка, якія ваеннаслужачы даслаў дадому.
Валянціна Ліпінская трапіла ў Афганістан у 30 гадоў. Добраахвотна. Медыцынскія супрацоўнікі там былі вельмі патрэбны. Працавала рэнтген-лабарантам у Цэнтральным ваенным шпіталі ў Кабуле. Праз яе рукі прайшло нямала параненых ваеннаслужачых. «У шпіталі страшна не было: мы знаходзіліся пад пастаяннай аховай, — расказавае Валянціна Васільеўна. — Страшна было за параненых, якіх я ўвесь час шкадавала. Мне балела разам з імі».

Па словах жанчыны, Афганістан звёў яе з людзьмі, з якімі сябруе да гэтага часу. «Сяброўства на ўсё жыццё», — так яна называе сваіх калег-медыкаў. Удзельніцы тых падзей заўсёды на сувязі. Нягледзячы на розныя гарады і краіны, дзе цяпер жывуць, рэгулярна сустракаюцца. Наступная сустрэча баявых сябровак адбудзецца ў Кіславодску. Валянціна Ліпінская ўжо купіла білет на самалёт. Падчас сустрэчы яна абавязкова раскажа сваім баявым таварышам аб тым, як у Беларусі шануюць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, пакажа фотаздымкі той людской плыні, якая на працягу некалькіх гадзін з кветкамі ішла да помніка.

«Прыклад мужнасці і гераізму»

Як адзначыў старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый ГАЙДУКЕВІЧ, кожны год людзей, якія прыходзяць да гэтага сімвалічнага месца, не памяншаецца. Наадварот, іх становіцца ўсё больш і больш. «Гэта сведчыць аб тым, што не дарма мы выконвалі тыя баявыя задачы, — дадаў ён. — Асаблівы смутак — аб тых, хто не вярнуўся. У нас добрыя, шчыльныя сувязі з мясцовымі органамі ўлады і з дзяржаўнымі структурамі. Па ўсіх пытаннях, якія ўзнікаюць, мы звяртаемся і, як правіла, атрымліваем станоўчыя адказы і рашэнні. Большасць людзей у нас ні ў чым не мае патрэбы. Але ёсць і тыя, каму неабходна дапамога. Нядаўна, напрыклад, набывалі ложак інваліду першай групы».

Воіны-інтэрнацыяналісты вядуць актыўнае грамадскае жыццё, рэгулярна сустракаюцца з моладдзю. Па меркаванні Валерыя Гайдукевіча, гэта надзвычай важна. «Нам трэба дапамагаць моладзі ісці ў тым напрамку, у якім трэба, і тады будзе ўсё добра», — падкрэсліў ён.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ агучыў зварот кіраўніка дзяржавы да воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў вайны ў Афганістане. Ад імя Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, сябе асабіста ён павіншаваў воінаў-інтэрнацыяналістаў з такой памятнай і знакавай датай, як 35-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

«Вы людзі гонару і абавязку, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — Вы, як ніхто іншы, ведаеце цану міру, бяспецы, суверэнітэту. Вы 35 гадоў таму выканалі з гонарам задачу, пастаўленую перад вамі дзяржавай: паехалі ў далёкую краіну, праявілі мужнасць і гераізм. На жаль, многія не вярнуліся адтуль, але памяць аб іх жывая. Нізкі вам паклон за тое, што вы сёння знаходзіцеся ў страі, што працягваеце выконваць задачы па выхаванні падрастаючага пакалення. Вы з’яўляецеся прыкладам мужнасці і гераізму».

«Надзейная апора беларускай дзяржаўнасці»

Па словах міністра абароны Віктара ХРЭНІНА, 35-я, юбілейная, гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана адзначаецца ў няпростых геапалітычных умовах, калі моцныя гэтага свету спрабуюць перапісаць гісторыю. «Ідуць спробы прынізіць ролю подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў, але, нягледзячы на гэта, мы памятаем і ведаем праўду, — звярнуў увагу кіраўнік абароннага ведамства. — А праўда ў тым, што ўжо тады, тры дзесяцігоддзі таму, ішла жорсткая сутычка за геапалітычныя інтарэсы на афганскай зямлі. Злучаныя Штаты з іх саюзнікамі ўжо тады спрабавалі стварыць раён нестабільнасці каля граніц Савецкага Саюза з задачай перанесці яе на тэрыторыю краіны. Праўда ў тым, што нашы салдаты і афіцэры не дазволілі гэтага зрабіць. І сёння перад намі стаяць жывыя сведкі тых падзей. На жаль, таксама ёсць тыя, хто ніколі ўжо не вернецца з той вайны. Але мы будзем памятаць, і памяць будзе жыць у нашых сэрцах і розумах».

Віктар Хрэнін падкрэсліў, што савецкія воіны заходзілі і выходзілі з Афганістана па загадзе, з высока ўзнятай галавой і з баявымі сцягамі. «У сучасных умовах мы памятаем і ведаем іншыя прыклады, калі асобныя краіны Захаду, урываючыся на тэрыторыю іншых краін, сеялі там хаос і потым баязліва беглі з разбураных імі ж краін, — канстатаваў ён. — Нашы воіны не толькі змагаліся з сусветным тэрарызмам, які спансіраваўся Захадам, а яшчэ і аказвалі дапамогу афганскаму насельніцтву. І ў гэтых умовах і сёння нашы воіны-інтэрнацыяналісты застаюцца надзейнай апорай нашай беларускай дзяржаўнасці, уносячы значны ўклад у захаванне міру, стабільнасці і згоды ў нашым грамадстве, у патрыятычнае выхаванне нашай моладзі».

Як заўважыў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, памяць аб воінах-інтэрнацыяналістах жывая, пакуль не зарасла сцежка да помніка на Востраве Мужнасці і Смутку. «Упэўнены, так будзе заўсёды, — перакананы кіраўнік міліцэйскага ведамства. — У нашай краіне шануюць тых, хто аддаў свае жыцці, дапамагаючы іншым. Мы памятаем, ведаем і робім усё для таго, каб на нашай зямлі быў мір і парадак. Аб тых, хто загінуў, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак, у МУС памятаюць не толькі ў дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Мы з асаблівым клопатам ставімся і заўсёды дапамагаем ветэранам ведамства, якія бралі ўдзел у той страшнай вайне. Сімвалічна, што сёння тут з намі маладыя супрацоўнікі, ліцэісты, курсанты, хлопцы з ваенна-патрыятычных клубаў. Выхоўваем моладзь на подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.