Вы тут

Аляксей Пысін:«…Душой я ў кожным з мёртвых і жывых…»


Паэт Аляксей Пысін, як вядома, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Аднак вершаў пра вайну не пісаў амаль дзесяць гадоў. Чаму? Таму што і ўспамінаць тыя падзеі было жудасна. «Мне пажары, пажары ўсё сняцца…» — пісаў у адным з вершаў. А ў паэме «Белы камень» патлумачыў, чаму герой не расказвае пра вайну каханай дзяўчыне Бабінур.


Аляксей Пысін.

Я даражу яе сяброўствам,

Яе даверам даражу.

Даўно лічу сябе дарослым,

Па многім страчаным тужу.

Але расказваць я не стану

Пра ўсё, што зведаў на вайне,

І часам так здаецца мне:

Калі у вочы толькі гляну,

Яна жахнецца у змяненні,

Яна збянтэжыцца на міг,

Убачышы нямыя цені

Сяброў маіх,
                 
                 сяброў маіх…

Недзе ў канцы 70-х гадоў Аляксей Пысін, як толькі я пераступіў парог яго кватэры па праспекце Міру ў Магілёве, павітаўшыся, спытаў: «Віктар! Як ты думаеш: ці можа з’явіцца на Зямлі новы Гітлер?» Пытанне застала мяне знянацку, але хутка адказаў на яго:

— Можа!

Аляксей Васільевіч, відаць, і чакаў гэтага. Падыйшоў да кніжнай паліцы, дастаў свой зборнік «Пойма», разгарнуў і прачытаў такія радкі з верша «…Імчалі дні — без права спешыцца…»:

Няма ключа такога хітрага,

Каб адамкнуў ён склеп зямны.

Баюся ўсё ж з’яўлення Гітлера,

Пакуль жыве душа вайны.

Баюся не істотай страуса,

Вачмі адкрытымі гляджу:

З табою, свет мой добры, раюся,

Як звесці чорную душу.

Дачытаўшы апошні радок, уздыхнуў і падзяліўся трывогай, што па свеце ходзіць цень вайны.

Ён ведаў, што гаворыць. Прайшоў чатыры франты Вялікай Айчыннай, быў двойчы цяжка паранены, на свае вочы бачыў пачварны твар вайны, а пазней напісаў дзясяткі, хутчэй нават сотні, вершаў-шэдэўраў. Таму вельмі і хвалявала думка, каб тое жудаснае пекла, якое называюць Другой сусветнай вайной, не паўтарылася: «Баюся ўсё ж з’яўлення Гітлера, // Пакуль жыве душа вайны».  

А чорная душа яе з Германіі перабралася ў ЗША. Амерыканскія прэзідэнты адкрыта заяўляюць, што ЗША будуць устанаўліваць так званую дэмакратыю ва ўсім свеце. 

Сваім паэтычным словам Аляксей Пысін папярэджваў пры жыцці і сёння кліча наш народ: «Будзьце пільнымі!» Ён лічыў, што Вялікая Перамога над фашызмам павінна стаць урокам для моладзі. Усім разам трэба думаць, «як звесці чорную душу» заакіянскай карычневай чумы.

З твораў беларускіх пісьменнікаў пра вайну наймацнейшае гучанне мае яго паэзія на ўзроўні паэзіі Аляксандра Твардоўскага і Канстанціна Сіманава. У ёй столькі болю, смутку і адчаю. Алесь Бадак лічыць, што вайна да Аляксея Пысіна «ўрывалася ва ўспаміны, грымела і крычала ў снах», што вайна ў яго творах «жорсткая, бесчалавечая і праўдзівая… з асколкам у сэрцы», што ён «прыўнёс у літаратуру… у тэму вайны нешта сваё, адметнае, стварыў нешта сапраўды класічнае».

Таму Віктар Карамазаў, гаворачы, што моладзі патрэбна кніга, якая змагалася б за маладую душу, за яе чысціню і вышыню, прапанаваў звярнуцца да твораў яго паэта-земляка: «Аляксей Пысін пісаў найбольш пра вайну, салдата-франтавіка, але, думаю, яго ўзорная паэзія служыць і заўсёды служыць будзе больш за ўсё маладому чалавеку». Сваім жыццём, прыкладам сваёй асобы Аляксей Пысін паказвае маладым шлях, якога трэба трымацца ўсё жыццё. Паслухайце яго магутны патрыятычны верш:

Зямля, зямля! Шчаслівы лёс

Таго, хто твой араты,

Хто есць твой хлеб, хто п’е ваду,

Тваім паветрам дыша…

Няхай я сто зямель прайду — 

Зямлі не трэба іншай.

Цябе араў, цябе капаў

Штыком, лапатай, ломам,

У табе сяброў сваіх хаваў

Пад тым ваенным громам.

Я пазнаю цябе, зямля,

Па тым, як пласт кладзецца,

Як пахне свежая ралля,

Па тым, як колас гнецца.

Па тым, як сэрца б’ецца.

Былы гвардыі радавы, ён паважаў палітрукоў-франтавікоў: «Яны першымі ішлі ў атаку на ворага, яны першымі паміралі, яны не хаваліся за спіны салдат», — гаварыў мне не адзін раз. Пра былога палітрука Барыса Доўжыка, работніка Клімавіцкай раённай бібліятэкі, паэт напісаў верш «…Апошні снег і першы дожджык…» 

Прозвішчы яго герояў сапраўдныя. Пра знакамітага партызана Рыгора Паўлава — «Балада пра бараду», пра лейтэнанта Аляксандра Капусціна — верш «…Сцяжынкі лясныя стаптаны да дзір…», радавому Мікалаю Сірацініну, які загінуў летам 1941 года пад Крычавам, прысвяціў верш «Артылерыст Сірацінін». Ёсць творы, прысвечаныя паэтам-франтавікам Міколу Сурначову і Канстанціну Сіманаву. А колькі баёў, колькі ўзята сопак — столькі і пахаванняў:

Граната ў руках. Патрон у ствале.

Чаго нам, сябры, яшчэ не стае!

Стралковая рота сопку ўзяла.

…Пад намі зямля, над намі зямля.

Я ўсведамляў, калі ён чытаў мне гэтыя радкі, жудасны сэнс слоў, і ўсё ж не стрымаўся і спытаў: «Як разумець апошні радок, Аляксей Васільевіч?» «Так і разумей: магіла!» — коратка патлумачыў ён і напомніў, што цэнзары доўгі час не дазвалялі да друку. Потым з болем нагадаў, што не вельмі лічыліся ў вайну з жыццём салдат. Выказваў і пазней не раз пратэст супраць песні, у якой сцвярджалася, што мы «за ценой не постоим…». А на вайне як на вайне. Было такое і пад Полацкам у 1944-м: батальён паспяхова выбіў ворага, а самалёты спазніліся, і пасыпаліся на нашых салдат бомбы з нашых жа бамбардзіроўшчыкаў (Пысін вызваляў Полацк, быў відавочцам):

Пярэдні край зламалі ўжо штыкі,

Ужо за намі бліндажы і доты.

Спазніліся сюды штурмавікі:

Пяхота абагнала самалёты.

Пакуль камбат хрысціў 
 
                          чыесьці душы, — 

Ляглі свае… ляглі свае.

Паэт паказвае жорсткасць вайны, паказвае тую жудасць, якую яна нясе людзям. Праўдзіва піша пра чалавека на вайне:

Пяць патронаў у абойме,

Пяць патронаў.

Падымаемся у бой мы

Ў полі роўным.

У патроне кожным — куля

Дзевяць грамаў.

Не чакай, мая матуля, 

Тэлеграмы. 

Яго лірыка антываенная: вайна і ў мірны час яшчэ не закончылася, яна шукае сваіх ахвяр і, на жаль, іх знаходзіць:

Зноў у зямлі ўзарвалася граната,

Плыве ў вянках дзіцячая труна.

Хлапчук вайны не бачыў: вінавата

Яшчэ непахаваная вайна.

Усё гэта ўзята з уласнага вопыту, падзей і фактаў яго біяграфіі. Таму чытач верыць кожнаму слову. Успомнім хоць бы радкі з верша «Кінаэпапея “Вялікая Айчынная”»:

На кіламетрах здымкаў франтавых

Я, можа, болей, чым хто іншы, бачу.

Душой я ў кожным з мёртвых 
                                           
                                           і жывых…

Наступны заўтра фільм… 
                                             
                                           Пайду паплачу.

Сапраўды, паэт бачыць больш за іншых, яму не забыць жорсткае крывавае мінулае: «Мне пажары, пажары ўсё сняцца», — гаворыць ён. Цягніком праязджае мясціны, дзе ваяваў. Іншыя пасажыры не бачаць, а ён бачыць: 

Расце трава. Цвіце язмін,

З усіх, хто едзе сёння міма,

Бліндаж той бачу

Я адзін. 

Паводле паэтычай філасофіі Аляксея Пысіна, жыццё чалавека не канчаецца з яго смерцю. Так, пры дарозе, на тым месцы, дзе загінулі салдаты, расцвілі кветкі іван-чая:

Узышлі травой і гарыцветам, 

Узышлі на радасць ці жальбу?

Паэту мроіцца, што «стаіць Іван па-над кюветам» і прапануе пачаставацца чаем:

Не, Іване, з чаем пачакаем,

Закурыць не лішне нам было б.

Мы цыгарку скруцім па-былому,

Пусцім шызы дым на правады.

Першая зацяжка — мне, жывому,

Бо занадта ў сэрцы гаркаты…

………………

Чырвань, чырвань, колер праваты…

Аляксей Васільевіч «узяў на плечы яшчэ з акопаў груз вайны», і яго мара ў тым, «каб у чашах палігонаў жывыя кветкі расцвілі». І яго запавет моладзі — змагацца супраць вайны, адстаяць мір на зямлі:

Не спіце, людзі! 

         Узніме хтось ракету — 

Не кінешся за ёю наўздагон;

Не дождж, не дождж — 
    
          трывога б’е ў планету,

Трывога ў сэрца б’е, нібыта ў гонг.

Яшчэ пры жыцці яго называлі паэтам ваеннай тэмы. З гэтым не згаджаўся і гаварыў, што ён паэт-лірык. Я поўнасцю з ім згодзен. Бо пысінская лірыка пра родны край і чалавека працы, пра прыроду і ўсё жывое на зямлі, пра каханне не меней таленавітая, чым пра вайну. На маю думку, яна яшчэ болей тонкая і глыбокая. Як у вершы «Ёсць на свеце мой алень»: 

Ёсць на свеце мой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды у аленя

Цёмны мох і светлы дзень!

Вы, разумныя браты — 

Я і сам страляць умею, —

Дайце жыць майму аленю

Пад галінкай дабраты. 

Чалавекам мужным і светлым быў Аляксей Пысін. Нават загалоўкі яго зборнікаў, не кажу пра вершы, выпраменьваюць святло і дабрыню: «Сіні ранак», «Сонечная паводка», «Твае далоні», «Да людзей ідучы», «Пойма», «Мае мерыдыяны», «Ёсць на свеце мой алень», «Вярбовы мост», «Белы камень», «Жураўліны бераг» і інш. Для дзяцей выдаў зборнікі «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам», «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» і інш. Стварыў цікавыя і светлыя казкі-паэмы «Алёшка», «Казярог», «Незвычайнае падарожжа».

А яшчэ выдаў дзве кніжкі перакладаў. Па-беларуску перастварыў «Маабіцкі сшытак» Мусы Джаліля (разам са Сцяпанам Гаўрусёвым) і «Жураўлі над стэпам» Міхаіла Хонінава. У сваіх творах паэт выкарыстоўваў усе колеры, апрача чорнага, яго пакінуў ворагу. 

Пра талент Пысіна-лірыка сведчыць той факт, што ніхто з беларускіх паэтаў не стварыў столькі вершаў-балад, колькі ён. І па якасці іх ніхто яго не абагнаў. У баладах пысінскае слова свеціць і нясе дабрыню, як, напрыклад, у «Матчыным чаканні»:

Доўга сына чакала з вайны,

У сэрцы нылі чакання званы.

Сын вярнуўся, а маці няма,

Толькі чуе, як моліць яна:

— Прыпыні свой натомлены крок,

Не спяшайся ка мне, сынок.

Мне не будзе з табой весялей — 

Дачакайся сабе дзяцей.

На магілках трава і пясок.

Ціхі голас кранае слых:

— Вучы дабрыні унукаў маіх,

— Не спяшайся ка мне, сынок…

Аляксей Пысін — паэт душою народны… Яго талент магутны. Яго паэзія золатам зіхаціць у скарбе нацыянальнай мовы і культуры. Яна будзе жыць, пакуль жыве беларускі народ.

Віктар АРЦЁМ’ЕЎ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?