Шчыра прызнаюся, зборнікі апавяданняў я люблю значна больш, чым раманы. Здараецца часам, што пачынаеш чытаць шматстаронкавую «цагліну» і міжволі разумееш: распісаны на 400 старонак твор лёгка змясціўся б і на трыццаці, а астатнія лепш было запоўніць іншымі творамі. Але ж важнае яшчэ ў тым, што ў зборніку апавяданняў раскрываецца цэлы сусвет, створаны пісьменнікам. А ў нашым выпадку — пісьменніцай Алёнай Беланожка.
Так, менавіта «Дзіця Зямлі» раскрые цэлы сусвет, складзены з цаглінак — апавяданняў. І хоць героі ў іх розныя, і сюжэты адрозніваюцца, і дэкарацыі заўсёды іншыя, аднак разам апавяданні вымалёўваюць панарамны відарыс імавернай будучыні. У дадзеным выпадку навукова-фантастычныя творы ўтрымліваюць у сабе значны элемент «навуковасці», за што асаблівая ўдзячнасць стваральніцы такой цікавай кнігі.
Аўтары «сайенс фікшн» будуюць сваю фантастыку менавіта на навуцы, таго вымагаюць крытэрыі жанру. Прытым будаваць можна не толькі на матэматыцы ці астраноміі, але і на гуманітарных дысцыплінах, напрыклад, той самай сацыялогіі і інш. У Алёны Беланожка падобнае атрымліваецца бліскуча. З першых твораў бачна, як аўтар закладвае пад сюжэт грунтоўны падмурак з навукі, і таму ў змест апавяданняў пачынаеш верыць. А гэта добры знак — сведчанне таго, што пісьменніца валодае прадметам гутаркі, абгрунтоўвае ўласныя тэорыі, апранаючы іх у мастацкія вобразы. І з тых вобразаў складваецца гарманічная мазаіка, поўная размаітых пачуццяў: ад аптымістычна-вясёлых да змрочна-самотных. Наогул, існуе шмат разнастайных варыянтаў імавернай будучыні нашай планеты і чалавецтва, у апавяданнях кнігі яны захапляльна пададзены.
Алёна Беланожка напісала шматсэнсоўную і шматпланавую кнігу. Кажучы сухой мовай, аўтар зрабіла спробу асэнсаваць імаверныя шляхі развіцця цывілізацыі. Але з падобнага выразу ніхто нічога не зразумее. Таму спынюся на некалькіх апавяданнях, якія мяне найбольш уразілі.
Узорам сацыяльнай фантастыкі можна назваць апавяданне «Белы дом». ...Людзі стварылі сабе месца, у якім можна стаць шчаслівым, праўда, насяляюць тое месца асобы, у якіх, па меркаванні грамадства, назіраюцца псіхічныя адхіленні — пісьменнікі, музыканты і гэтак далей. Жывуць яны дружна ў сваім запаветным месцы. Так званых «вар’ятаў» яднае любоў і дабрыня, яны не ўжываюць адкаголь, не кураць, не брыдкасловяць, адно займаюцца творчасцю, любімай справай. І ўвесь гэты свет рушыцца, калі да іх пранікае журналіст, каб напісаць, што ж там робіцца... У фінале ўзнікае важнае пытанне: хто ж на самай справе вар’яты — насельнікі Белага дома ці «здаровыя» людзі, якія з-за зайздрасці прыйшлі натоўпам прыгаданае месца знішчыць?
Узорам касмічнай оперы падаўся твор «Маладзік па небе ходзіць». Часам мы грашым, параўноўваючы айчыннага пісьменніка з вядомымі мэтрамі сусветнай «сай-фай», і я не выключэнне, бо адразу ўспомніў пра Гарэта Л. Паўэла і Дэна Сіманса. А што рабіць, калі жанр космаоперы даўно пераўзышоў сам сябе і стаў чымсьці большым, чым быў раней? Гісторыя «жывога» карабля «Маладзік» з разумнай Пеларгоніяй на борце выглядае як невялікі эпізод нейкай буйной эпічнай сагі, якая адчуваецца за кожным абзацам апавядання. Прытым эпіка тая — уся айчынная, без намёку на заходнія літаратурныя ўзоры.
З самага пачатку дваякія пачуцці ўзнікаюць, калі чытаеш апавяданне «Грэбень у скрыні». Уявіце свет, у якім раптам знікла хрысціянства, а замест яго пануе рэлігія ўніверсалізму. Людзі вывучаюць непадуладныя ім з’явы і палююць на русалак, лазнікаў ды іншых істот. Хочуць дакапацца да існасці ўсяго... І атрымліваецца ў выніку, што на самай справе хрысціянства нікуды не падзелася, і калі ў сэрцы галоўнага героя ўзнікае каханне, раптам вынікае, што толькі хрысціянства можа тое каханне ўратаваць.
Наогул жа, у фантастыцы ёсць тэмы, якія можа па-сапраўднаму раскрыць толькі пісьменніца-жанчына. У зборніку процьма падобных прыкладаў, і гэта вам не ружовыя соплі так званых «жаночых раманаў», ад якіх гнуцца паліцы сучасных бібліятэк. Прыемна ўражваюць «Твары». Па-мастацку апісваецца свет, у якім жанчынам забаранілі вучыцца. Тут прызначэнне жанчыны адно: нараджаць і гадаваць дзяцей. І ўсе жонкі — прыгажуні, бо кожная абавязана зрабіць пластычную аперацыю, каб падабацца мужу. Гэта ўсё спрыяе дэмаграфіі і ўмацаванню інстытута сям’і, аднак зусім не адмяняе такую з’яву, як наяўнасць публічных дамоў. Толькі займаюцца ў іх не звычайным сексам (яго і дома хапае з жонкамі-прыгажунямі), а сексам інтэлектуальным: паразмаўляць з жанчынай пра творчасць Альбера Камю ці тэарэму Пуанкарэ — вось для чаго ідуць у «інтэлектуальны» бардэль мужчыны — бо дома з уласнымі жонкамі падобнае нельга! Ведаеце, з майго пункту гледжання, адно толькі гэтае апавяданне ўжо варта гучнай літаратурнай прэміі па фантастыцы.
Сацыяльна значная тэма ўзнімаецца і ў «Вясновых кветках». Уявіце сабе спецыяльную службу, якая займаецца выратаваннем сям’і. Агенты яе адсочваюць сем’і, у якіх нешта пайшло не так, распрацоўваюць цэлыя спецаперацыі, у выніку якіх мужоў матывуюць быць сапраўднымі мужчынамі, а жанчынам нагадваюць, што яны ўсе пяшчотныя прыгажуні. «Моцная сям’я — моцная дзяржава» — гэта ж актуальны лозунг сённяшняга дня! Фантастыка — толькі ў метадах рэалізацыі дадзенага лозунгу. Дазволю сабе прывесці цытату: «Ліза несла дадому прадукты, каб пакарміць любімага мужа. Пайшоў трэці год, як ён звольніўся, але, кінуўшы працаваць, не кінуў есці. Калі муж быў галодны, дык хадзіў харчавацца да суседзяў, і тады яны, сустракаючы Лізу, незадаволена бубнілі: «Вось, Ліза, ізноў твой мужчына галадае. Што ж ты за жанчына такая, што не можаш яго пракарміць?»»
Для сучаснай айчыннай літаратуры гэтая кніга з’яўляецца падзеяй, бо сапраўднай навуковай фантастыкі ў нас столькі, што можна пералічыць на пальцах. А тое, што прапанавала чытачу Алёна Беланожка, — сапраўдная з’ява. Кожны чытач знойдзе тут «свае» тэмы, кожны твор прымусіць задумацца «свайго» чытача. Тут і адлюстраванне сучасных сусветных тэндэнцый, і рэакцыя на тэмы, якія бясконца ўзнімаюцца ў папулярных сацыяльных сетках, і многае з таго, што адпавядае запатрабаванням сённяшняга дня. Да таго ж, усе творы дынамічныя, чытаюцца лёгка, хоць і ўспрымаюцца часам складана. Фантастыка Алёны Беланожкі жыццёвая, вельмі сапраўдная, па-жаночаму прасякнута шчырымі пачуццямі. Хочацца павіншаваць аўтара і пажадаць далейшага плёну на гэтым няўдзячным і даволі пакручастым шляху літаратурнай фантастыкі, на якім выжыве толькі той, хто піша сэрцам. А ў Алёны Беланожка, калі меркаваць па кніжцы, сэрца шчырае, поўнае надзей і стоенай веры.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.