Вы тут

У Мінску прайшоў круглы стол — выстаўка да 110-годдзя Аркадзя Куляшова


Аркадзь Куляшоў пакінуў настолькі багатую спадчыну — творы шырокага эпічнага гучання, заглыбленыя ў будзённае і касмічнае, па-майстэрску выкананыя пераклады, літаратурную крытыку, — што яго набытак і сёння, і надалей будзе актуальным, прыдатным да пераасэнсавання. Унёскам у гэтую справу стаў арганізаваны ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы круглы стол — выстаўка да 110-годдзя пісьменніка.


Выступленне Івана Саверчанкі.

Іван Саверчанка, дырэктар інстытута, доктар філалагічных навук, у сваім прывітальным слове падкрэсліў, што мэта юбілейнага мерапрыемства — вызначыць тую ролю і місію, якую адыгрывае творчасць Аркадзя Куляшова ў сённяшнім грамадскім, культурным жыцці, выхаваўчым працэсе, прасачыць уплыў класікі на сучасную літаратуру.

«Усё напісана любоўю, прапушчана праз сэрца», — так рэзюмавала паэзію сёлетняга юбіляра найбольш аўтарытэтная яго даследчыца Тэрэза Голуб. Выдадзены ёй «Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова» на сёння найбольш поўная крыніца для вывучэння біяграфіі класіка. Літаратуразнаўца расказала пра сваю працу, аднак акрэсліла і важную праблему — даўно наспела неабходнасць падрыхтаваць новы, навукова каментаваны збор твораў Аркадзя Куляшова, і належнае месца ў ім павінна заняць эпісталярная спадчына. Тым больш, што такая праца ўжо была распачата: над лістамі Аркадзя Куляшова працавала Людміла Хрышчановіч, якая нават сустракалася і вяла перапіску з Алесяй Карыткінай — першым юначым каханнем паэта. І ліставанне, і творчая спадчына Аркадзя Куляшова патрабуюць самай пільнай увагі з боку айчынных тэкстолагаў — пераканана Тэрэза Голуб.

Яе падтрымаў і доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі. Як характэрную рысу творчай майстэрні Куляшова ён адзначыў звычку перапрацоўваць тэксты, звяртацца да іх праз пэўны час і перапісваць. Такім чынам, многія з іх існуюць у розных варыянтах, што і трэба адлюстраваць у навуковым каментарыі да збору твораў. Яўген Гарадніцкі выступіў з дакладам, прысвечаным узаемадзеянню лірыкі і эпікі ў творчасці Аркадзя Куляшова. 

Пра выкананыя народным паэтам пераклады, а таксама перастварэнні яго ўласных твораў на іншыя мовы расказала доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына. Асаблівую ўвагу яна засяродзіла на гісторыі перакладаў Аркадзем Куляшовым твораў Аляксандра Пушкіна, вынайдзеных ім мастацкіх рашэннях, параўнанні яго пераклада «Яўгенія Анегіна» з перастварэннем Алеся Дудара. 

Розныя аспекты творчасці Аркадзя Куляшова закранулі іншыя выступоўцы. Алена Манкевіч расказала пра матыў вернасці сяброўству ў цыкле вершаў «Маналог», пры гэтым падкрэсліла, што матыў вернасці ў паэзіі аўтара быў уласцівы не толькі сяброўству, але і першаму каханню, роднай зямлі, планеце, пра якую ён не стамляўся пісаць. Ганна Новік прысвяціла свой даклад вобразу часу ў лірыцы Аркадзя Куляшова, Ігар Шаладонаў — тэме творцы і творчасці ў яго філасофскай лірыцы, Жанна Шаладонава — ролі пейзажных замалёвак, канцэнтрацыі ў іх светапоглядных ідэй і філасофскіх роздумаў. Алесь Лапата-Загорскі ахарактарызаваў Аркадзя Куляшова як аўтара, які не спыняўся і ўвесь час шукаў новае таму, мяркуе літаратуразнаўца, яго творы будуць пераадкрывацца па-новаму і з дыстанцыі часу разумецца ясней.

Алена КАРП

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.