Вы тут

Як унашавалі памяць паэта Аркадзя Куляшова ва установах культуры і адукацыі?


110-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Аркадзя Куляшова адзначалася ў розных установах культуры і адукацыі па ўсёй рэспубліцы. 


Так, у дзень нараджэння класіка ў бібліятэцы № 7 імя Якуба Коласа адбыўся творчы вечар «І сэрца абпалена смагай радка...», які правёў пляменнік А. Куляшова літаратуразнаўца, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віталь Маслоўскі. Віталь Іванавіч пачаў сустрэчу з верша «Калі вясною закукуе...», напісанага ў 1959 годзе. Аднак Аркадзь Аляксандравіч заўсёды імкнуўся зрабіць свае творы дасканалымі, таму ўжо ў 1974 годзе аўтар адрэдагаваў верш. Падобная гісторыя і са знакамітым «Бывай...», які 14-гадовы Кадзік Куляшоў (Віталь Іванавіч распавёў слухачам, што менавіта так юнага паэта называлі ў родных Саматэвічах) прысвяціў сваёй музе Алесі (сапраўднае імя — Аляксандра Карыткіна). Лёс разлучыў закаханых, аднак успаміны пра першае каханне ніколі не пакідалі Куляшова. У 1972 годзе гэтая гісторыя загучала з новай сілай дзякуючы «Песнярам» — тады «Алеся» стала ўсесаюзным хітом.

Чытач, вядома, памятае, з якой цеплынёй Аркадзь Куляшоў звяртаецца да тэмы роднага краю, з якім хваляваннем апісвае подзвіг чалавека, які апынуўся ў самым горане бязлітаснай вайны, з якім суперажываннем перадае той жорсткі боль, што бязлітасна мучыць сэрца маці, якая праводзіць «на бітву крывавую» сына. Вядомы «Сцяг брыгады» з уласцівым аўтару драматызмам перадае ўсю мужнасць савецкага салдата, які застаецца верным самому сабе і сваёй Радзіме. На сустрэчы Віталь Маслоўскі прызнаўся чытачам, што выдадзеная ў Маскве ў 1943 годзе кніжачка «Сцяг брыгады» стала для яго сям’і сакральнай каштоўнасцю, рэліквіяй, важнасць якой і дагэтуль немагчыма пераацаніць. А пра актуальнасць гэтага твора гаварылі не толькі ў Беларусі. Вядомы югаслаўскі паэт-партызан Радаван Зогавіч прызнаваўся, што ў пекле Другой сусветнай вайны «Сцяг брыгады» настолькі матываваў байцоў, што пасля прачытання гэтай паэмы ніхто не мог нават сумнявацца, што вораг будзе разгромлены. Кніга, адпраўленая з СССР антыфашыстам Югаславіі разам з боепрыпасамі, стала чарадзейным эліксірам, які ўмацоўваў маральны дух партызан, зброяй мацнейшай, больш суровай, чым штыкі і гранаты. 

На творчай імпрэзе Віталь Маслоўскі неаднаразова адзначаў, што ён хоча падзяліцца ў тым ліку і звесткамі, якія дапамогуць паказаць Куляшова ў жыццёвай практыцы. Адной з тэм, закранутых на мерапрыемстве, была ўжо згаданая тэма адносін з Аляксандрай Белазоравай (Карыткінай) — гэта тая самая Алеся, якую так моцна ў юнацтве кахаў паэт і вобраз якой пранёс да самай сваёй смерці. Лёс разлучыў закаханых — Алеся адправілася вучыцца ў Ленінград, а Аркадзь ужо тады разумеў, што з родным краем ён звязаны назаўжды. Да гэтага часу няма дакладнага адказу, ці адбылася тая самая сустрэча Куляшова і Белазоравай праз шмат гадоў, аднак мы можам зрабіць выснову, што гэтыя людзі на ўсё жыццё захавалі добрыя сяброўскія адносіны. Паэт адпраўляў зборнікі сваіх вершаў Аляксандры Васільеўне, спачуваў ёй, калі яна аўдавела, абмяркоўваў з ёй літаратурныя навінкі. Цудоўныя адносіны з Белазоравай захавалі і сваякі Куляшова, у прыватнасці маці Віталя Маслоўскага Надзея Аляксандраўна. Жадаючы лепш раскрыць сутнасць той глыбіннай сувязі, што склалася паміж паэтам і яго музай, Віталь Іванавіч прадставіў гледачам самую сапраўдную сенсацыю эпісталярнага жанру — перапіску Аляксандры Васільеўны і сястры Аркадзя Куляшова Надзеі Аляксандраўны. Раней гэтыя лісты не былі вядомы шырокай публіцы, аднак у гадавіну нараджэння народнага паэта Беларусі яны намаганнямі Віталя Маслоўскага былі выдадзены. Гэта 10 лістоў, якія па сваёй сутнасці з’яўляюцца споведдзю той самай, якая ўвайшла ў сэрца генія і засталася ў ім назаўжды. Несумненным з’яўляецца той факт, што Аркадзь Аляксандравіч быў выдатным сем’янінам і любячым бацькам, аднак, будучы паэтам у самым поўным сэнсе гэтага слова, ён не мог згладзіць тое юнацкае ўражанне, якое на світанку яго поўнага хваляванняў жыцця ўпілася ў сэрца і, верагодна, заставалася ў ім да канца, як іскра той боскай энергіі, якая прымушае мастака тварыць. 

А ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва 7 лютага адбылося ўрачыстае мерапрыемства і адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы «Перад сабой і светам будзь праўдзівы...», на якую былі запрошаны сваякі і даследчыкі творчасці Аркадзя Куляшова. Экспазіцыя ўяўляе сабой сапраўды ўнікальны збор, дзе ўвазе наведвальніка прадстаўлена багатая калекцыя рэчаў, лістоў, рукапісаў і дакументаў, якія непасрэдна звязаны з жыццёвым шляхам народнага паэта Беларусі. Уладзімір Бербераў, унук Аркадзя Куляшова, падчас размовы з чытачамі падкрэсліў, што творчасць паэта не абмяжоўвалася ваеннай тэматыкай. Мала хто ведае, што Аркадзь Куляшоў яшчэ да запуску першага касмічнага спадарожніка паспеў напісаць вершы, якія расказваюць пра жыццё за межамі планеты Зямля. Цікавасць да космасу, да існавання іншых форм свядомасці бударажыла пачуцці і розум народнага паэта Беларусі. Таксама сваякі Аркадзя Куляшова падзяліліся ўспамінамі аб яго паўсядзённых захапленнях. Так, прысутныя даведаліся, што Аркадзь Аляксандравіч быў вялікім аматарам футбола — ён да апошняга заставаўся адданым прыхільнікам мінскага «Спартака». Таксама ў кола інтарэсаў Куляшова ўваходзілі шахматы і гарадкі, ён у дасканаласці авалодаў навыкамі гэтых дастаткова складаных відаў спорту (мала хто ведае, што ў паэта быў разрад па шахматах). 

Адна з частак выставы прысвечана адносінам Куляшова з калегамі-літаратарамі. Падас сустрэчы родныя паэта неаднаразова ўспаміналі, як цёпла праходзілі сустрэчы трох добрых прыяцеляў — Аркадзя Куляшова, Максіма Танка і Міхася Лынькова. Апроч іншага, іх аб’ядноўвала і любоў да рыбалоўства. Ужо напрыканцы сустрэчы вядомы беларускі скульптар Іван Міско выказаў ідэю аб неабходнасці стварэння агульнага помніка тром вялікім пісьменнікам — Куляшову, Танку і Лынькову. Застаецца толькі спадзявацца, што будзе адкрыты конкурс на найлепшы манумент, бо захаванне памяці пра самых яркіх прадстаўнікоў літаратуры свайго часу — гэта наша найважнейшая задача і абавязак перад будучымі пакаленнямі.

Цёплыя сяброўскія адносіны таксама звязвалі Куляшова і са славутым Аляксандрам Твардоўскім. Як галоўны рэдактар найбуйнейшага літаратурнага часопіса СССР «Новый мир» Твардоўскі друкаваў у выданні і творы Куляшова, што было прызнаннем заслуг і вялікім гонарам для народнага паэта Беларусі. Любоў да роднай зямлі, памяць аб жахах страшэннай вайны, адчуванне важнасці той вялікай місіі, якую павінен выканаць Паэт, зблізіла гэтых людзей. У сучаснага чытача ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Аляксандра Твардоўскага ў перакладзе на беларускую мову, выкананым Аркадзем Куляшовым, — несумненна, ён дазваляе паглядзець на бессмяротныя творы вядомага рускага пісьменніка з новага, магчыма, нават нечаканага ракурсу. 

Фінал урачыстага мерапрыемства «Перад сабой і светам будзь праўдзівы...» стаў сюрпрызам для музейшчыкаў. Пляменнік паэта Віталь Маслоўскі перадаў у архіў сапраўды важны артэфакт — тыя самыя лісты Алесі (Аляксандры Карыткінай) да сястры Куляшова Надзеі Аляксандраўны. Нам застаецца толькі спадзявацца, што ў найбліжэйшы час гэтыя каштоўныя паперы дапамогуць праліць святло на ахутаную таямніцай гісторыю ўзаемаадносін паэта Аркадзя Куляшова са сваёй музай, якая падарыла яму так шмат незабыўных пачуццяў, якія з часам ператварыліся ў вершы.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Прэв’ю: museum.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.