Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Страціць такую ўнікальную структуру, як Белкаапсаюз, мы не павінны, проста не маем права»


Белкаапсаюз — сістэма, значнасць якой у эканамічным патэнцыяле краіны цяжка пераацаніць. За 2023 год сукупны аб’ём дзейнасці склаў 3,5 мільярда рублёў. Сістэма спажыўкааперацыі аб’ядноўвае 258 тысяч пайшчыкаў, забяспечвае занятасць, сацыяльныя гарантыі і стабільны даход 36,1 тысячы чалавек, абслугоўвае 3,2 мільёны чалавек, або 35 працэнтаў насельніцтва краіны. Белкаапсаюз з’яўляецца найбуйнейшым гандлёвым аператарам у краіне і налічвае звыш 4,9 тысячы магазінаў. Дзякуючы дзейнасці спажывецкай кааперацыі ўсё неабходнае маюць жыхары сельскай мясцовасці, паколькі значная частка гандлёвых аб’ектаў размешчана ў сельскай мясцовасці. Але дзейнасць такога буйнога прадпрыемства не можа быць абсалютна ідэальнай. Праблем у дзейнасці Белкаапсаюза больш чым дастаткова, на што неаднаразова звяртаў увагу і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова анансаваў агульны сход прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. Вызначальная і прынцыповая сустрэча прайшла ў Палацы Рэспублікі. 


Фота: БелТА

Мерапрыемства пачало новую старонку ў гісторыі Белкаапсюза. І пачалася яна з новым кіраўніком. Адкрытым галасаванне прадстаўнікі члены Белкаппсаюза абралі старшынёй праўлення Інэсу Караткевіч. Да гэтага яна працавала саветнікам у пасольстве Беларусі ў Арменіі. Раней з 2017 па 2022 была намеснікам старшыні праўлення Белкаапсаюза. Яе кандыдатура была ўзгоднена з Прэзідэнтам Беларусі. Аб яе працоўнай дзейнасці і лідарскіх якасцях на сходзе расказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, які выказаў упэўненасць, што яна справіцца з пастаўленымі задачамі. «Я разумею ўзровень адказнасці і разумею ўзровень попыту за выкананне намі ўсіх пастаўленых задач. Мы ведаем, што ёсць вынікі добрай працы нашай сістэмы. Але можна канстатаваць, што ёсць праблемы, а нас бо ацэньваюць людзі, прычым якія пераважна жывуць у сельскай мясцовасці», — сказала Інэса Караткевіч. І падкрэсліла, што Белкаапсюаз чакае шмат працы па вырашэнні праблем. Яна падзякавала за дапамогу дзяржаве, кіраўніку дзяржавы, ураду і губернатарам. Інэса Караткевіч выказала ўпэўненасць, што разам у 30-тысячнага калектыва Белкаапсаюза пры належнай дысцыпліне ўсё атрымаецца. «Настройваю ўсіх на складаную карпатлівую працу», — адзначыла новы кіраўнік Белкаапсаюза. 

У Год якасці мы не маем права рабіць штосьці абы-як

Асноўныя вектары дзейнасці перад новым старшынёй Праўлення і ўсім Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстаў абазначыў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што задача агульнага сходу — прыняць кардынальнае рашэнне, якое дазволіць Белкаапсюазу дзейнічаць эфектыўна. Кіраўнік нагадаў, што ў яшчэ ў мінулым годзе ананасаваў такую сустрэчу ў шырокім фармаце, каб навесці жалезную дысцыпліну, рассекшы гордзіеў вузел застарэлых праблем. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў яго, як у Прэзідэнта, асаблівае стаўленне да гэтай арганізацыі. Ён нагадаў, што у 90-я гады прапаноўвалася ліквідаваць Белкаапсаюз і перавесці ўсё ў прыватны гандль. Але такія прапановы не былі падтрыманы. Белкаапсаюз у краіне захавалі. 

«Так склалася гістарычна, што на тэрыторыі Беларусі вёска і спажыўкааперацыя, дапамагаючы адзін аднаму, развіваліся разам амаль 107 гадоў. І сёння вашымі паслугамі ахоплены кожны трэці жыхар краіны. У асноўным вясковы жыхар. А я не дарма паўтараю: калі страцім вёску — страцім краіну. Нашыя людзі, якіх мы абслугоўваем на вёсцы, вартыя самага лепшага. Працоўныя традыцыі ў вас найбагатыя. І досвед унікальны. І слоган ідэалагічна правільны: працаваць на карысць чалавека. У фарватары надыходзячага Года якасці мы проста не маем маральнага права рабіць штосьці абы-як рукавы. Трэба ставіць канкрэтныя мэты і дасягаць іх. Каб кожны чалавек адчуў: так, якасць і ўзровень жыцця ўзраслі», — сказаў беларускі лідар. Ён нагадаў, што прыкладна ў такім самым шырокім складзе падобная сустрэча праходзіла ў 2021 годзе. Тады разбіралі памылкі, знаёміліся з досведам перадавікоў, з дапамогай навукоўцаў вызначалі рэальную бізнэс-мадэль па кожным з кірункаў працы. Але, па словах Прэзідэнта, за амаль два з паловай гады, на жаль, прэтэнзій да Белкаапсаюза стала нават больш. Стратная дзейнасць, пытанні з боку кантралюючых органаў, скаргі насельніцтва. 

«Таму не крыўдуйце, але размова сёння будзе жорсткая», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, ён растлумачыў, з чым гэта звязана: «Вы, напэўна, уважліва назіраеце за Прэзідэнтам і бачыце, што я ўсё больш і больш жорстка стаўлю задачы перад адпаведнымі міністэрствамі, ведамствамі і патрабую з кадрамі. Гэта не выпадкова. Я вельмі баюся, што вы і іншыя можаце раслабіцца. Да чаго прыходзіць раслабленне — вы ведаеце», — растлумачыў ён. 

«Мы будзем змагацца да апошняга за нашы землі»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння ўсе хочуць на Захадзе, і ў авангардзе беларускія збеглыя (у дачыненні Беларусі), паражэння Расіі ў вайне з Украінай. Ён прывёў цытату перагавораў збеглых з некаторымі асобамі на Захадзе: «Польшча мае права на заходнія землі Беларусі. А ў выпадку паражэння Расіі Беларусь будзе прырастаць за кошт заходніх зямель Расіі».

«Чытай, нам прырэжуць нешта са Смаленскай, Бранскай, можа, Пскоўскай абласцей. А заходнюю Беларусь мы павінны (да Мінска, як вы ведаеце, мяжа была) аддаць Польшчы. Гэта новыя «дэмакратычныя ўлады вядуць перамовы» на Захадзе на гэты конт, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Хто з вас можа з гэтым пагадзіцца? Можа, хтосьці і можа, але я — ні ў якім выпадку. Мы будзем змагацца да апошняга за нашы землі. Тым больш мы ж нікому праблем не дастаўляем. Мы ж нікому нічога не павінны. Мы не прэтэндуем ні на Вільню, ні на Беласточчыну, ні на расійскія, ні на ўкраінскія землі. Нам дастаткова таго, што гістарычна нам дасталося. Гэта нашы беларускія землі».

Таксама Прэзідэнт агучыў яшчэ адзін факт, як звязаны са становішчам на ўкраінскім напрамку: «Тое, што мне далажылі раніцай. Толькі сёння затрымалі некалькі дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. З дапамогай дронаў па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу граніцу, перакідвалі ўзрыўчатку для ўчынення дыверсій перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Толькі што скончылася контртэрарыстычная аперацыя, якую вы нават не заўважылі. І добра. Гэта не ваша справа. Вы павінны спакойна працаваць, рабіць сваю працу. Толькі што чэкісцкая ваенная аперацыя завяршылася. Затрыманыя былі ўсе дыверсанты. А сярод іх беларусы». Прычым па словах, Прэзідэнта, падобныя выпадкі здараюцца два-тры разы на тыдзень. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў такіх абставінах ні ў якім разе нельга дапускаць самазаспакоенасці. «І нам — і мне як Прэзідэнту, і ўладзе — перш за ўсё вельмі важная падтрымка і маналіт усіх нас і нашага народа. Мы — кіраўнікі. Ад нас усё залежыць. Будзем мы адзіныя і маналітныя — будзе і народ адзіны і маналітны. Тым больш пераважная большасць беларусаў зразумелі, што магло быць і чаго нельга дапусціць. Таму я ўвесь час напружваю органы ўлады: не расслабляйцеся — страцім краіну».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тыя, хто думаюць, што будзе лепш, калі нас падзеляць і па частках кудысьці прымуць — памыляюцца. Ён падкрэсліў, што калі б так было добра, то ў 20-30- гадах мінулага стагодззя, калі частка Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы, беларусы не змагаліся б за сваю незалежнасць.

«Таму давайце зробім усё для таго, каб на гэтай зямлі быў мір. А ён будзе толькі тады (як я кажу: дайце мне эканоміку), Калі дадзіце эканоміку. А вы, Белкаапсаюз, — вялізная частка нашай эканомікі — 30 працэнтаў насельніцтва вы павінны абслугоўваць. Рабіце вывады. Адсюль жорсткі падыход да многіх пытанняў— ад адукацыі, аховы здароўя да гандлю», — сказаў беларускі лідар. 

Трэба выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання сельскага насельніцтва

Прэзідэнт расказаў, што прапановы па арганізацыі гандлю ў вёсцы яму паступаюць розныя: ад перадачы нерэнтабельных магазінаў прыватнікам, тым жа сеткам, да навядзення жалезнай дысцыпліны ў сістэме Белкаапсаюза, каб яна існавала і працавала. «Калі ўскалыхнуць сістэму, навесці парадак з выдаткамі, змяніць падыходы да арганізацыі гандлю, удасканаліць механізм кіравання, усё атрымаецца. Я ведаю, што такое Белкаапсаюз. Я ведаю, што такое спажывецкія таварыствы. Я іх назіраў з савецкіх часоў і да сёння. У вас поўны бардак у арганізацыі. І калі вы толькі парадак навядзеце, вы не будзеце ўступаць на прыватнікам, ні дзяржаўнаму гандлю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я перакананы: страціць такую ўнікальную структуру, як Белкаапсаюз, мы не павінны, проста не маем права. Мы павінны прымусіць яе працаваць. І не трэба мне ў чарговы раз расказваць пра складаныя ўмовы». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў складаных умовах працуюць усе, у розных сферах. Што тычыцца гандлю, то ў адрозненне ад прыватнікаў, Белкаапсаюзу аказваецца сур’ёзная падтрымка з бюджэту. А таму дзяржава мае права разлічваць на аддачу, перакананы кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адрасаваў крытычныя заўвагі не толькі кіраўнікам розных узроўняў Белкаапсаюза. Ён нагадаў, што на два гады таму была дамоўленасць аб шчыльным узаемадзеянні з органамі ўлады. «Але паўнавартаснай падтрымкі як не было, так і няма. Старшыні аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, райвыканкамаў па-ранейшаму не бачаць развіццё Белкаапсаюза сярод сваіх першарадных задач. Абыякава глядзяць на праблемы нашай спажыўкааперацыі. Ні адзін з пяці заяўленых паказчыкаў не выкананы, заўважыў — беларускі лідар. — Губернатары лічаць сваёй задачай — пасеяў, сабраў, адчытаўся: «ураджайнасць, пала столькі жывёлы і нармальна». Пра старшыняў райвыканкамаў я увогуле не кажу — іх не бачна. Займіцеся гэытм пытаннем. Калі для гэтага трэба стварыць жорсткую вертыкаль Белкаапсаюза і прыняць нейкія рашэнні, каб вы маглі ўмешвацца ў любы час сваімі паўнамоцтвамі на сваёй тэрыторыі абласцей і раёнаў у работу арганізацый — унясіце прапановы, яны будуць прыняты неадкладна. Самыя жорсткія рашэнні і паўнамоцтвы вам будуць прадстаўлены для таго, каб мы абслужылі нашых людзей», — заявіз Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ўсе сваімі каранямі сыходзяць у вёску, таму неахайна ставіцца да людзей, якія сёння жывуць у сельскай мясцовасці — недапушчальна. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў свой тэзіс, агучаны на сходзе ў 2021 годзе, аб тым, што мясцовая ўлада павінна быць не проста ў курсе існуючых праблем у галіне, а бегчы наперадзе паравоза і аказваць усебаковае садзейнічанне пазітыўным пачынанням і ідэям, кіраваць, накіроўваць і пры неабходнасці прымушаць, як бы непапулярна гэта ні гучала. «Патрэбны вынік. І яго трэба дасягнуць любымі сродкамі. Любымі, падкрэсліваю. Калі нехта бачыць сябе па-за нашым саюзам — бог з вамі, праблем няма. Вы павінны вызначыцца і не перашкаджаць працаваць тым, хто жадае працаваць, — заявіў Прэзідэнт. — Працуеце ва ўбытак, без датацый не можаце. А восем дзеясяткаў наверсе сядзіць белкаапсаюзаўцаў. Спакойна жывуць і працуюць, і заработная плата амаль у тры разы вышэй, чым ў сярэднім па Белкаапсаюзу. Гэта што праблема, навесці парадак?». Ён акцэнтаваў увагу, што гэта вельмі важнае пытанне для новага старшыні. 

Прэзідэнт заявіў, што не трэба гэтых адгаворак, што спажыўкааперацыя — самастойны гаспадарчы суб’ект, маўляў, вы нам не перашкаджайце. «Добра, ніхто да вас лезці не будзем. Але за вынік спытаем», — падкрэсліў ён. Але Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што тады і ў бюджэт хадзіць не трэба.

«З якіх часоў гандаль, адзін з вашых асноўных накірункаў, грамадскае харчаванне, былі стратнымі?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, работа Белкаапсаюза — гэта не толькі эканамічныя паказчыкі. Гэта пытанне палітычнае. «Беларусь — дзяржава, дзе абсалютным прыярытэтам з’яўляецца дабрабыт простага — чалавека-працаўніка. — Асабліва вяскоўца. Таму мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вёску. Менавіта ў абслугоўванні жыхароў вёсак і маленькіх пасёлкаў заключаецца сацыяльная роля спажывецкай кааперацыі. У тым ліку і па якасці вашай працы людзі ацэньваюць усю вертыкаль улады. Вы — аблічча гэтай улады. І гэта народная ацэнка павінна быць толькі станоўчай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Але сёння гэтая ацэнка не надта станоўчая. Старшыні райвыканкамаў, здаецца, забыліся, што на іх ляжыць адказнасць за даручаную тэрыторыю, за ўсе справы ў раёне, у тым ліку і за спажывецкую кааперацыю. Прэзідэнт упэўнены, што яе работу ў вёсцы не заменяць няікія прадпрымальнікі: «Не павінна быць так, што ў райцэнтры на адным пятаку нос у нос працуюць 4-5 крам, ствараюць канкурэнцыю адзін аднаму, а ў вёску ніхто не едзе. Або выбіраюць самыя прывабныя маршруты, вакол горада праехацца, зняць вяршкі. Да межаў раёна, дзе 10 — 20 жыхароў, прыватнік не асабліва рвецца, у лепшым выпадку летам, калі там дачнікі з’ехаліся. Давайце дамовімся так: усе рашэнні аб арганізацыі гандлю прымаем зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва. І галоўнай фігурай тут будзе старшыня райвыканкама. Хоча прыватнік працаваць на тых жа сацыяльных умовах і ў сумленнай канкурэнцыі: няхай бярэ пад адказнасць усю тэрыторыю, каб людзі нідзе і ні ў чым не мелі патрэбы».

Прэзідэнт прывёў у прыклад Расію, дзе спажывецкую кааперацыю спачатку загубілі, а зараз спахапіліся і шукаюць магчымасць адрадзіць. Але безвынікова. «Не можа, ды і не хоча там прыватнік вырашыць усе пытанні! Яму не выгадна, а пакутуе просты чалавек. Таму я кожны год падтрымліваю Белкаапсаюз і спрабую ўсяляк разварушыць. Але трэба глядзець і на выдаткі», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы параіў кіраўніку Белкаапсаюза разам з мясцовай уладай пралічыць свае магчымасці, скласці апаведны бізнес-план. «Ды ўвогуле. Надышоў час выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання сельскага насельніцтва. Людзі, якія працуюць на зямлі, не павінны ні ў чым мець патрэбу. Яна самыя адданыя і надзейныя. Успомніце пандэмію, 2020 год, калі па Мінску хадзілі шатуны хісталі краіну. А яны працавалі», — сказаў беларускі лідар. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы чакае ад урада канкрэтных прапаноў па рэгіёнах і населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 200 чалавек. Па яго словах, неабходна зацікавіць усіх суб’ектаў гаспадарання ў абслугоўванні сельскага насельніцтва, стварыць стымулюючыя ўмовы. І ў такога гіганта, як Белкаапсаюз, тут будзе асаблівая роля. Прэзідэнт даручыў ураду, асабіста прэм’ер-міністру, камітэту дзяржаўнага кантролю ўзяць на асаблівы кантроль усе дамоўленасці, агучаныя на сходзе. 

Кіраўнік дзяржавы таксама агучыў самыя праблемныя пытанні дзейнсці Белкаапсюза, па якіх трэба неадкладна прымаць рашэнні. 

Першае. Гандаль

«На жаль, прадаўжаецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўдзельнай вагі спажыўкааперацыі ў рознічным тавараабароце гандлёвых арганізацый рэспублікі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У пацверджанне сваіх слоў ён прывёў лічбы. Калі ў 2010 годзе на долю спажыўкааперацыі прыходзілася 12,2 працэнта агульнага аб’ёму, то ў 2020 годзе — 3,9 працэнта, у 2023-м — не дацягваеце і да 3! (2,7 працэнта).

«Пры наяўнасці самавітай інфраструктуры недапрацоўваеце ў некаторых райцэнтрах і буйных населеных пунктах, суцэльныя страты на вёсцы. У спажывецкай кааперацыі ёсць свая ніша — гэта магазіны крокавай даступнасці. Іх не заменіць ніводны гіпермаркет. Зразумела, канкурэнцыя вельмі жорсткая. Але ў барацьбе за пакупніка вас ніхто не стрымлівае», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў мінулы раз дамаўляліся аптымізаваць сам працэс арганізацыі гандлю — ад закупкі тавару, уваходных коштаў, асартыменту, дастаўкі ў гандлёвыя аб’екты да яго выкладкі, рэкламы і таму падобнага. Казалі аб адзіным аператары закупак, развіцці інтэрнет-гандлю. У выніку нічога дзейснага так і не ўкаранілі. «І не таму, што вы слабейшыя чым людзі, якія ў горадзе працуюць у гандлі. Рукі апусцілі. А з нашага боку не было патрабавальнасці», — заўважыў беларускі лідар. Але, па яго словах, і на такім непрывабным агульным фоне ёсць арганізацыі, якія змаглі дастойна забяспечыць попыт насельніцтва, нарасціць аб’ёмы продажаў. А іх праца выклікае ў людзей толькі станоўчыя водгукі. Напрыклад, стабільна з чыстым прыбыткам у апошнія 5 гадоў працуюць Брэст і Гродна. Але Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба сур’ёзна паглядзець, што за гэта прыбытак. «Я не падвяргаю пакуль крытыцы. Але падвяргаю сумненням. Трэба дакладна ведаць. Калі яны дакладна спрацавалі з прыбыткам, хто перашкаджае іншым?» — заўважыў ён. Пры гэтым гродзенцы аднымі з першых завяршылі структурную перабудову, працуюць як адзіная юрыдычная асоба, актыўна ўкараняюць аўтаматызацыю і прынцыпы сеткавага гандлю. І прыклады рэнтабельнай работы мясцовых райспажыўтаварыства ёсць ва ўсіх абласцях. «Што ж замінае астатнім працаваць так, каб людзі не скардзіліся ў выканкамы і не ладзілі бурныя дэбаты ў сацсетках? Так, пра такія выпадкі мяне таксама інфармуюць. Таму я амаль кожны дзень атрымліваю інфармацыю з месцаў, у тым ліку аб вашай рабоце», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры ўсіх недахопах, рэзервы ў Белкаапсаюза вялізныя. І там, дзе аб’ектыўна неабходна дапамога, дзяржава заўсёды падстаўляла і падставіць плячо. Але, як настойвае Прэзідэнт, варушыцца трэба і самім. Ён прывёў у прыклад адкрыты ў канцы мінулага года ў Мінску Першы нацыянальны гандлёвы дом, дзе сабралі вытворцаў з усіх рэгіёнаў. Гандлёвы цэнтр адразу стаў папулярны і ў мінчан, і ў гасцей сталіцы. Штодзень яго наведваюць да 20 тысяч чалавек. «А чым там прадстаўлены Белкаапсаюз? — спытаў Прэзідэнт. — Футрамі? Развесіць футры і чакаць — гэта самае простае. А дзе вашыя аб’екты грамадскага харчавання? Вам там адкрытыя дзверы. Калі не — вы скажыце. Усе кіраўнікі тут, мы выправім. Чаму няма кафэ і прадуктовай крамы, дзе прадаюцца цудоўныя, (як вы часта дэманструеце і мне ў тым ліку), выпечка, салёныя агуркі, квашаная капуста, дранікі, сала і іншыя скваркі? Ніхто лепш за вас не ўмее гэта ўсё прыгатаваць. Прадукцыя натуральная, якасная, па традыцыйных рэцэптах. Гэта ж у Мінску людзі, якія ў асноўным ужо забылі гэта, купяць з вялізным задавальненнем, і турысты. А вам дадатковая рэклама. І гэта толькі адзін з прыкладаў таго, як можна аднавіць паўнавартасную прысутнасць кааператыўнага гандлю ў гарадах».

Прэзідэнт заўважыў, што ўніверсальных крам сёння ў краіне дастаткова. Цяпер запатрабаваны гандлёвыя кропкі, якія працуюць па пэўнай асартыментнай канцэпцыі, напрыклад, кандытарскія, мясныя, дробнаоптавыя. Па словах кіраўніка дзяржавы, цяпер можна не толькі развіваць уласны фірменны гандаль, але і наладзіць узаемадзеянне з беларускімі вытворцамі, стаць своеасаблівым бізнес-хабам для ўсяго беларускага. «Вашы пляцоўкі — іх прадукцыя. Вы павінны быць правадніком айчынных тавараў у рэгіёны, асабліва ў глыбінку. Ад гэтага выйграюць усе. Але ўважліва ацаніце далягляды. Калі гэта апраўдана, пастаўце на маршрут аўтакраму са звычайным графікам працы. Вяскоўцы павінны атрымаць якасную замену стацыянарнай краме», — параіў беларускі лідар. У пацверджанне сваіх слоў ён прывёў рэальны выпадак з жыцця. У Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці ў сувязі са звальненнем прадаўца была прыпынена работа магазіна. Часова. Арганізавалі аўтакраму. Але ў першай палове дня. І настаўнік сельскай школы скардзіцца: яму пакінуць дзетак без нагляду, каб купіць прадукты, ці галодным сядзець? «Трэба думаць аб людзях. У рэшце рэшт, прааналізуйце магчымасць аптымізацыі маршрутаў з улікам выязнога абслугоўвання сельскага насельніцтва іншымі арганізацыямі», — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён адзначыў, што сёння вёску абслугоўваюць шмат арганізацый: і пошта, і бытавыя паслугі, сацыяльная абарона, ФАПы. «Старшыні райвыканкамаў не працуюць: яны гэта павінны аб’яднаць, выпрацаваць лагістыку. Едзе Белкаапсаюз — можна завезці туды і пошту, і лекі падкінуць, і гэтак далей», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Асобную ўвагу Прэзідэнт звярнуў на працу крам на калёсах: яны павінны быць сучаснымі, зручнымі для пакупнікоў. «І гэтыя крамы на калёсах павінны быць такімі, каб з маршрута яны не маглі з’ехаць — адразу «засвецяцца». Вы кажаце, нерэнтабельныя гэтыя аўтакрамы. А вы паглядзіце, куды яны ездзяць і што яны робяць» — абазначыў яшчэ адну праблему кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што добрыя айчынныя напрацоўкі дазволяць годна абнавіць аўтапарк. Улічваючы сацыяльнае значэнне такога фармату, Прэзідэнт даручыў ураду, губернатарам прапрацаваць пытанні фінансавага забеспячэння набыцця сучасных абсталяваных аўтамабіляў для гэтых мэт. Гэтыя пытанні ён даручыў узяць на кантроль і Адміністрацыі Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Белкаапсаюзу трэба будзе адрамантаваць і існуючы аўтапарк — не трэба разлічваць выключна на новыя машыны. «Лішніх грошай няма. Нават калі будуць, проста так іх ніхто вам не дасць, — папярэдзіў ён. — Таму разумна падыдзем да гэтага пытання. Але ў гэтым годзе праблему трэба вырашыць».

Асобна беларускі лідар спыніўся на пытаннях арганізацыі гандлёвага працэсу, захавання нормаў і правілаў. «Наяўнасць тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці — гэта чырвоная лінія. Няма тавару — дрэнна, але пратэрміноўка наогул недапушчальная», — заўважыў ён. А фактаў такіх дастаткова. Камітэт дзяржаўнага кантролю ў 2023 годзе правёў праверкі і маніторынгі ў 271 гандлёвым аб’екце. Парушэнні ўстаноўлены практычна ў кожным з іх. У выніку да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 165 чалавек. Накіравана 107 рэкамендацый па паляпшэнні працы.

«Я гэта зараз кажу і думаю, што быў шэраг скарг — працаваць няма каму. Ты з прадаўца патрабуеш: звольню і іншае — кажа: звальняйце. Губернатары, запомніце, з сённяшняга дня вы навядзеце парадак так, што ніхто не зможа адкрыць рот і сказаць: «Звальняйце, я сыходжу». Паўтараць больш не буду, вы ведаеце, пра што ідзе размова. Я вам казаў навесці парадак у краіне з кадрамі, каб не было гэтых балбатуноў, дармаедаў, лайдакоў. Думаю, начальнікі мяне пачулі», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. 

Другое. Грамадскае харчаванне

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ва ўсіх кутках нашай краіны працуе цэлая сетка — звыш тысячы аб’ектаў грамадскага харчавання Белкаапсаюза. «Тое, што вы можаце здзівіць сваімі кулінарнымі шэдэўрамі на выставах, кірмашах, розных мерапрыемствах, — факт. Для мяне факт, што вы ўмеце гэта рабіць. Але я адразу думаю: чаму не робіце? Неабходна забяспечыць такі ж узровень сэрвісу і ў паўсядзённай працы. Насельніцтва, асабліва моладзь, зараз актыўна наведвае розныя кафэ, сеткі хуткага харчавання, цікавіцца, спрабуе, выбірае, параўноўвае. Чым можаце зацікавіць вы? У вас шмат чым можна зацікавіць. А як на справе? Вядома, любоў да звыклых страў мінулых гадоў у людзей будзе заўсёды. Але маладое пакаленне больш патрабавальнае. Трэба перапрафіляваць дзеючыя кропкі, адкрываць канцэптуальна новыя. Развівайце далей свае ўласныя брэнды», — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама параіў зрабіць акцэнт на дастаўцы, абедзеных меню, абслугоўванні выязных мерапрыемстваў, развіцці прыдарожнага сэрвісу, з якім спажывецкая кааперацыя ўвогуле заціхла. 

Як акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы, работа галіны грамадскага харчавання сёння з’яўляецца рэзервам для павелічэння рознічнага тавараабароту. «І сёлета Белкаапсаюз павінен яе максімальна актывізаваць. Распрацуйце адзіную маркетынгавую канцэпцыю, каб чалавек, які ўбачыў вашу шыльду, сапраўды ведаў: будзе па-дамашняму натуральна і смачна», — паставіў задачу беларускі лідар. 

Трэцяе. Нарыхтоўчая дзейнасць

Гэта традыцыйная функцыя спажыўкааперацыі. Работа па закупцы лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай ва ўласных падсобных і фермерскіх гаспадарках, ідзе круглы год. У сезон дадаюцца дары лесу. «Судзячы па статыстыцы, вамі з зайздроснай сталасцю забяспечваецца штогадовы прырост нарыхтоўчага абароту. Але трэба прызнаць, што тэмпы росту відавочна недастатковыя. Яны проста чарапашыя. — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Неабходна пашыраць сетку прыёмных пунктаў. Бо ініцыятыву перахапляюць іншыя, у тым ліку прыватнікі. Але там, дзе выгадна, а вы губляеце. А вы па-ранейшаму паўтараеце, што нарыхтоўчая дзейнасць не бізнеспраект, а сацыяльны напрамак. Прыватніку чамусьці выгадна, а кааператарам няма? Такога не бывае. Калі прыбыткова прыватніку, то вам — удвая. Бо гэта сыравіна для вашых жа прадпрыемстваў». Прэзідэнт падкрэсліў, што задачу выйсці на 90 працэнтаў перапрацоўкі ва ўласнай сістэме закупак да 2025 года ніхто са спажывецкай кааперацыі не здымаў. 

Чацвёртае пытанне. Кааператыўная прамысловасць

Беларускі лідар заўважыў, што перапрацоўка — гэта не толькі рэзерв нарошчвання аб’ёмаў дзейнасці, але і разам з грамадскім харчаваннем дадатковы механізм кампенсацыі нізкаэфектыўнага гандлю ў вёсцы. «У вас дастаткова канкурэнтных пераваг. Вытворчасць прадуктаў харчавання для спажыўкааперацыі мае некалькі стратэгічных пасылаў. Гэта натуральнасць, пашырэнне асартыменту, рост прадукцыйнасці. Хлеб, кандытарскія вырабы, мяса, каўбаса, традыцыйныя саленні, замарожаныя грыбы — многае з таго, што вы робіце, заўсёды карыстаецца попытам. Пашырайце свой асартымент», — настойвае Прэзідэнт.

Ён расказаў, што падчас наведвання горада Свіслач у 2021 годзе зайшоў у невялікую пякарню. Але хлеб, які там выраблялі, Прэзідэнт назваў самым лепшым. Пасля наведвання Аляксандрам Лукашэнкам той пякарні пляцёнку сталі называць «бацькавай булкай». І ў горадзе нават пачалі праводзіць аднайменны каравай-фэст. Гэта стварае імідж і раёну, і вобласці. А ў той жа час, як заўважыў Прэзідэнт, скаргі на якасць пякарнай прадукцыі з іншых гарадоў не перастаюць паступаць. У прыклад ён прывёў Рагачоў. Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца ў гэтым пытанні і прыняць неабходныя захады. «Зрабіце, каб у вялізным горадзе Рагачове людзі мелі свой хлеб! — запатрабаваў Прэзідэнт. — Абслугоўвайце як мае быць людзей».

Старшыні праўлення Белкаапсаюза Інэсе Караткевіч ён параіў пачаць з навядзення дысцыпліны і парадку, структураваць арганізацыю. «З сябе пачніце. Калі трэба нечым дапамагчы, я абавязкова дапамагу. Але толькі дзейнічайце. Разам з органамі ўлады. Віцэ-прэм’ер Заяц будзе кантраляваць, мы будзем дапамагаць. Прэм’ер-міністр да гэтага асабіста падключыцца. Так яму і перадайце. За вёску вы галавой адказваеце. Мы з вамі ўсе вясковыя людзі. Яшчэ раз паўтараю: адтуль пайшла наша краіна — мы павінны іх падтрымаць. Мы вас прымусім працаваць. Разумейце мяне, як хочаце. Вы можаце. Калі б вы не маглі, я б сёння прыйшоў і пачаў з галоўнага: як будзем развальваць Белкаапсаюз і на гэтым месцы фарміраваць новы гандаль. Але я яшчэ спадзяюся на вас», — заявіў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на мінулай сустрэчы ўзнімалі пытанне пра важнасць імпартазамяшчэння. Каб не даводзілася Беларусі закупляць за валюту кансерваваны гарошак, кукурузу, дзіцячае харчаванне, кетчупы і да таго падобнае. Два гады назад кіраўнік дзяржавы звяртаў увагу, што наш рынак запоўнены толькі напалову беларускімі садавінагароднінымі кансервамі, крыху больш чым на 60 працэнтаў — сокамі і марынаванай гароднінай. Ён прапаноўваў Белкаапсаюзу паднапружыцца і заняць гэтыя нішы. «Дамаўляецеся, высаджвайце сады, калі іх мала. Цяпліцы будуйце. Забірайце адтуль тавар і вырабляйце гатовую прадукцыю ад гарошку да агуркоў і таматаў. — нагадаў ён. — І вось сёння мы бачым па дадзеных статыстыкі: доля айчыннай прадукцыі ў раздробным продажы за 2023 год падрасла толькі па соках і садавінагародніных кансервах, ды і тое менш чым на 10 працэнтаў. Але гэтага відавочна недастаткова. Уразумейце ж нарэшце, чым больш будзе на нашым рынку беларускага, натуральнага і якаснага, тым лепш будзе для ўсіх. Ды і свае вытворчыя магутнасці загрузіце. Бо пакуль, мяркуючы па прадстаўленых дакументах, яны задзейнічаны далёка не поўнасцю. Значыць, трэба больш актыўна рэкламаваць сябе, свае магчымасці знаходзіць тых, хто гатовы размяшчаць на вашых заводах свае заказы. Яшчэ раз паўтаруся: на выставах вока цешыцца, а на крамы скаргі паступаюць. Так не пойдзе».

Пятае. Зверагадоўчая галіна

Прэзідэнт невыпадкова асобна спыніўся на гэтым пытанні. Зверагаспадаркамі Белкаапсаюза сёння вырабляецца амаль 90 працэнтаў рэспубліканскіх аб’ёмаў клетачнай пушніны. Гэты кірунак Аляксандр Лукашэнка назваў перспектыўным, хоць і складаным, і схільным да вонкавых рызык. Ён звярнуў увагу, што ў Еўропе гэтую галіну сталі знішчаць. Вызваліўся рынак, і за гэту магчымасць неабходна ўхапіцца. 

«Дзяржава ў няпросты перыяд аказала вам вельмі самавітую падтрымку. Далей самі. Але каб развівацца, вы павінны сапраўды адказаць сабе на наступныя пытанні. Якая якасць нашага футра? І што мы робім са скуркамі? Па вашых справаздачах бачу, што большую частку іх прадаем проста як сыравіну. А футры добрыя вы ўмееце рабіць. Вы ўмееце, але часта для сябе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Свой тэзіс Аляксандр Лукашэнка ўзмацніў лічбамі. За 2023 год экспарт пушна-футравай сыравіны склаў амаль 520,5 тысячы штук (98,8 працэнта да ўзроўню 2022 года) на 13 мільёнаў долараў, дублёных і вырабленых футравых скур −121 тысячу штук (47 працэнтаў) на 2 мільёны долараў. А далей лічбы проста дзіўныя. За 2022 год экспарт склаў ажно 23 (!) футравыя шубы, а за 2023 год — і зусім ні адной. Пры гэтым у 2022 годзе з-за мяжы Беларусь завезла футравых вырабаў на 2,3 мільёны долараў, а ў 2023 больш чым на 2 мільёны. «Як жа так? Хіба так цяжка пашыць футры, шапкі і што там яшчэ трэба ў халады? — спытаў Прэзідэнт. — Можа і складана, але мы ўмеем гэта рабіць. Запомніце: ад вас патрабуецца вельмі жорсткая тэхналагічная і вытворчая дысцыпліна. Ва ўсім: ад захаванасці пагалоўя да рэалізацыі гатовых вырабаў, а таксама аплаты за іх».

Шостае. Знешнеэканамічная дзейнасць.

Тут, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Белкаапсюаз недапрацоўвае. Ізноў лічбамі гэта пацвердзіў. Калі за мінулы год у цэлым Беларусь зарабіла на знешніх рынках амаль 50 мільярдаў долараў, то ўклад арганізацый спажыўкааперацыі ў агульнарэспубліканскі аб’ём экспарту Аляксандр Лукашэнка назваў арыфметычнай пагрэшнасцю — сотыя долі працэнта. У 2022 годзе арганізацыі Белкаапсаюза экспартавалі тавараў крыху больш, чым на 41 мільён долараў. Гэта на 13 працэнтаў менш, чым у 2020-м. У 2023 годзе негатыўныя тэндэнцыі ўзмацніліся. За 2023 год экспарт тавараў склаў 33,2 мільёны долараў, скараціўшыся амаль на 20 працэнтаў у параўнанні з 2022 годам. Не адбываецца таварнай дыверсіфікацыі. Аснову, як і раней, складаюць 2 тавары нізкай ступені перапрацоўкі: ялавічына (41,5 працэнта вартаснага аб’ёму экспарту) і пушнафутравая сыравіна (40 працэнта). І ў асноўным усе пастаўкі ў Расію. «Вазьміце гэта на кантроль. Навошта вы сыравіну прадаеце? — Так, Расія наш асноўны гандлёвы партнёр. Але нарошчванне эканамічнага супрацоўніцтва з іншымі краінамі — Кітаем, дзяржавамі далёкай дугі, не менш важна. Нельга яйкі класці ў адзін кошык. Задача па росце аб’ёмаў экспарту і павелічэнні валютных паступленняў стаіць перад усімі. І вы не выключэнне».

Сёмае. Кадры.

Аляксандр Лукашэнка настойвае на тым, што трэба абнаўленне і прыток моладзі. «А чым яе зацікавіць? Каб утрымаць у сваіх шэрагах дастойных спецыялістаў і прыцягнуць новых, патрабуецца дастойная аплата працы. Яе можна знайсці, калі вы сістэматызуецеся. Калі вы пакінеце на працоўных месцах тых, хто сёння патрэбен і хто працуе. Па маіх разліках, каля 50 працэнтаў вы спакойна можаце скараціць. Аддайце гэтыя грошы людзям, аддайце тым, хто хоча працаваць і зарабляць», — заявіў ён. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што моладзь трэба прывучаць да працы. І тут на першы план выходзіць дысцыпліна, якая павінна ляжаць у аснове кадравай палітыкі. «Нягледзячы на тое, што па Белкаапсаюзе пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце заробку няма, яе ўзровень застаецца адным з самых нізкіх у краіне. За 2023 год сярэднямесячная зарплата склала 1034,7 рубля, што менш за агульнарэспубліканскі паказчык амаль удвая», — заявіў беларускі лідар. Па яго словах, кіраўнікі раённага звяна павінны выйсці з кабінета, праехаць па сваіх крамах і цэхах, нарэшце, зразумець, чаму такія зарплаты. «На паперы ўсё проста — няма нагрузкі. А што вы зрабілі, каб нагрузка была? Каб быў шырокі асартымент тавараў? Гэта датычыцца радавых супрацоўнікаў. Кіраўніка любога ўзроўню правяраць адразу ў баявых умовах: узялі на пасаду, нарэзалі задачы. Не выканана? Значыць, не справіўся. Шукаем новага, нягледзячы на былыя заслугі», — расставіў акцэнты Аляксандр Лукашэнка. 

Восьмае. Фінансавы стан.

Прэзідэнт прызнаўся, што гэты пункт выклікае асаблівую заклапочанасць. Стратнасць працы і высокая пазыковая нагрузка прывялі да адсутнасці ўласных абаротных сродкаў у арганізацыях спажыўкааперацыі. Прычым сітуацыя з кожным годам толькі пагаршаецца. «І, ведаеце хачу папярэдзіць, каб у вашай далейшай рабоце не было ніякага ашуканства. Інакш наракайце на сябе. Растлумачу на пэўным прыкладзе. Па выніках 2023 года вы вывелі сабе па бухгалтэрыі чысты прыбытак у памеры 800 тысяч рублёў. Аж 800 тысяч рублёў. Нядрэнна, праўда? Але толькі на першы погляд. Калі ўважліва вывучыць дакументы, становіцца зразумела: уся справа ў тым, што для такога прыемнага бухгалтарскага балансу вы сабе ў плюс запісалі атрыманне прадпрыемствам «Белкаапфутра» датацый з бюджэту на набыццё пушных звяроў і перадачу вашых назапашаных даўгоў Агенцтву па кіраванні актывамі. Дапамагалі мы вам такім чынам, а вы палічылі, што зарабілі гэтыя грошы. А па факце, за студзень — лістапад 2023 года атрымана чыстая страта ў памеры 6,6 мільёна рублёў, што амаль у 2 разы больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Вось ваша эканоміка. Пры гэтым запазычанасць па крэдытах і пазыках за 2023 год павялічылася больш чым на 3 працэнты і склала на пачатак студзеня 2024 года каля 417 мільёнаў рублёў. Пратэрмінаваныя даўгі перад банкамі выраслі больш як у 2 разы і склалі амаль 43 мільёны. Крэдыты трэба вяртаць. Таму крытэр адзнакі вашай працы адзін — прыбытак, які расце. З нашай ці без нашай дапамогі», — адзначыў беларускі лідар. 


Прэзідэнт канстатаваў, што мяркуючы па сапраўдных, а не намаляваных выніках, належных высноў з мінулай размовы зроблена не было. І ніякага фінансавага запасу трываласці па-ранейшаму няма. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы абазначыў толькі самыя І асноўныя задачы. Ён даручыў кіраўніцтву — Белкаапсаюза разам з мэрам Мінска, урадам, губернатарамі, мабілізавацца ў самыя кароткія тэрміны і навесці жалезны парадак у кожным напрамку дзейнасці. «Усе праблемы ляжаць у плоскасці эфектыўнасці кіраўнічых працэсаў. Рэзерваў дастаткова — ад кіравання ўласнасцю, рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы да аўтаматызацыі, глыбокага аналізу і ўнутрыведамаснага кантролю. Няма і быць не можа другарадных пытанняў, калі працуеце са стратамі», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што для больш эфектыўнай работы, у тым ліку ў аддаленых малых населенных пунктах, даручаў да гэтага віду дзейнасці прыцягнуць буйныя гандлёвыя сеткі, якія здольныя дапамагчы Белкаапсюазу. 

«Праграма развіцця спажывецкай кааперацыі зацверджана, вы самі яе пісалі. Значыць, бачыце свае слабыя месцы, ведаеце над чым працаваць. Яна, як мне дакладвалі, аблічбаваная, рэальная да выканання. Пасля нашай размовы дапрацуйце. Усе кадры проста павінны мабілізавацца для дасягнення пастаўленых праграмай мэт». — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што 2 лютага 2024 года быў падпісаны Указ № 42, накіраваны на развіццё вёскі і стварэнне максімальна камфортных умоў для людзей, якія там жывуць. Калі ўрад распрацоўваў праект, спрабавалі ўлічыць асноўнае: інфраструктуру гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Для індывідуальных прадпрымальнікаў і суб’ектаў гаспадарання, якія займаюцца дадзенымі напрамкамі, у тым ліку і для арганізацый Белкаапсаюза, да канца 2028 года будуць дзейнічаць спецыяльныя паніжаныя тарыфы на электраэнергію і значныя падатковыя льготы, аж да вызвалення ад некаторых відаў падаткаў. Правам вызначаць пералікі населеных пунктаў, дзе будуць давацца прэферэнцыі, надзелены абласныя Саветы дэпутатаў. «Як бачыце, гэта важкая дзяржаўная падтрымка. — заўважыў Прэзідэнт. — Белкаапсаюз мае магутны патэнцыял і ўсе рэсурсы -матэрыяльна-тэхнічную базу, людзей і тэхналогіі — вы ўсё маеце». Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што з гэтага дня да дэвізу працы кааператараў, акрамя пасылу аб дабры для чалавека, дадасца простая фраза: якасць вышэй за ўсё".

Магазіны крокавай даступнасці будуць захаваны

Намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц у сваім дакладзе адзначыў, што Белкаапсаюз — важны партнёр дзяржавы, і таму прынята перспектыўная праграма развіцця гэтай структуры. Так, прыняты шэраг рашэнняў па перафарматаванні дзейнасці спажывецкай кааперацыі для паляпшэння абслугоўвання насельніцтва краіны, асноўную частку якога ў рабоце Белкаапсаюза складае сельскае насельніцтва. Па словах віцэ-прэм’ера, няглядзячы на праблемы, за 2023 год прадпрыемствы Белкаапсаюза забяспечылі бясстратную работу. І хоць прыбытак пакуль невялікі, Леанід Заяц лічыць важнай гэту пазітыўную тэндэнцыю. Кажучы пра фінансава-эканамічную дзейнасць і праблемы ў дзейнасці спажыўкааперацыі, віцэ-прэм’ер звярнуў увагу на важнасць прынцыпова новых падыходаў і аптымізацыі работы гэтай структуры, забеспячэнні росту прадукцыйнасці працы і павышэнні зарплаты за кошт добрай работы.

Па словах Леаніда Зайца магазінам Белкаапсаюза неабходна павялічваць сваю канкурэнтаздольнасці, пашыраць практыкі дыстанцыйнага гандлю, уніфікаваць працэсы закупкі сыравіны і ў цэлым пашыраць асартымент прадукцыі. Ён расказаў, што работа раней зачыненых крам будзе адноўленая. 

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся праблемамі работы прадпрыемстваў спажыўкааперацыі. Прэзідэнт пытаўся, чаго не хапае ў дзейнасці Белкаапсаюза для паляпшэння вынікаў у гэтай сістэме. Ён яшчэ раз зрабіў акцэнт на тым, што арганізаванасць і дысцыпліна павінны быць на першым месцы. Асабліва гэта важна, калі ўлічваць, што ёсць арганізацыйныя пытанні, якія вырашаюцца на ўзроўні аблвыканкамаў, райвыканкамаў. «Хто сёння са старшынь райвыканкамаў (я пра губернатараў не гавару) або кіраўнікоў гаспадарак аказвае падтрымку спажывецкай кааперацыі?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт вярнуўся і да ўзнятай тэмы аўтамабільнага парку і эфектыўнасці работы аўтапарка ў цэлым. Ён даручыў усё дакладна прааналізаваць і разабрацца з гэтымі пытаннямі. «Тыя аўтамабілі, што аб’ектыўна выпрацавалі свой рэсурс, мы паступова будзем мяняць. Трэба стварыць спецыфічны аўтамабіль», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Але ён звярнуў увагу на тое, што аўтамабільная тэхніка павінна выкарыстоўвацца эфектыўна і толькі для тых задач, якія яна павінны выконваць. 

На прыкладзе Мінскай вобласці беларускі лідар закрануў тэму пераўтварэнняў у сістэме спажыўкааперацыі. Па яго словах, усе пераўтварэнні павінны быць прадуманымі, абгрунтаванымі і з дакладным разуменнем рэзультатыўнасці і эфектыўнасці змяненняў, якія ўносяцца.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на важнасці захавання магазінаў крокавай даступнасці для людзей. Па яго словах, сеткавыя магазіны могуць і павінны працаваць. Але магазіны спажыўкааперацыі, зручныя для насельніцтва, страціць нельга. «Вы адказваеце галавой за абслугоўванне людзей», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы і кіраўніцтва Белкаапсаюза, і мясцовыя органы ўлады. 

Падчас сваёй прамовы на сходзе прадстаўнікоў членаў Белкаапсаюза Прэзідэнт неаднаразова звяртаўся да лічбаў. З дапамогай аб’ектыўных і неперадузятых лічбаў праблемныя аспекты работы арганізацый Белкаапсаюза прадставіла і старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Інна Мядзведзева. Па яе словах, году ў год гандлёвыя арганізацыі страчваюць свае пазіцыі на спажывецкім рынку рэспублікі: "На фоне росту агульнарэспубліканскага паказчыка ў 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м рознічны тавараабарот арганізацый Белкаапсаюза знізіўся на 8,4 працэнта, а за апошнія тры гады — на чвэрць. Пры гэтым рознічны тавараабарот рэспублікі дэманстраваў рост на 8,3 працэнта. У студзені сітуацыя аналагічная: працягваецца падзенне (рознічнага тавараабароту ў арганізацыях Белкаапсаюза), яно склала 5,4 працэнта.

Старшыня Белстата звярнула ўвагу, што пастаянна скарачаецца колькасць магазінаў Белкаапсаюза. Толькі за апошнія тры гады закрыта 607 магазінаў. Доля спажывецкай кааперацыі ў рознічным тавараабароце ў сельскіх населеных пунктах таксама знізілася: з 16,9 працэнта ў 2020 годзе да 12,4 працэнта ў 2022 годзе. Пры гэтым у аб’ектах Белкаапсаюза назіраецца абмежаваны асартымент як прадуктаў харчавання, так і нехарчовых тавараў. «Негатыўныя тэндэнцыі назіраюцца і ў грамадскім харчаванні: за тры гады колькасць аб’ектаў грамадскага харчавання скарацілася на 138 адзінак. Пры гэтым палова з іх знаходзілася ў сельскіх населеных пунктах. Тавараабарот за аналізаваны перыяд знізіўся на 6,2 працэнта ў супастаўных цэнах, — сказала Іна Мядзведзева. Экспертны патэнцыял Белкаапсаюза фарміруюць зверагаспадаркі і прамысловыя арганізацыі. Але за тры гады экспартныя пастаўкі арганізацый спажыўкааперацыі знізіліся практычна на трэць. 

Выяўленыя недахопы ў рабоце Белкаапсюза далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Знайшлося месца хабарніцтву, злоўжыванню службовымі паўнамоцтвамі, грашовым махінацыям — узбуджаны крымінальныя справы. Таксама кіраўнік КДК расказаў, што выяўлены факты невыканання патрабаванняў аб недапушчальнасці гандлю сыравінай замест прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. «Губернатары, вазьміце гэта на кантроль. Вам жа гэта было даручана — не выпускаць сыравіну за межы. З высокай дабаўленай вартасцю трэба вырабляць прадукт. Сёння вялізнае запатрабаванне ў нашай прадукцыі, мы ўсё можам прадаць. Навошта вы возіце (на экспарт. — Зв. ) тушы, паўтушы?» — адрэагаваў на гэта Прэзідэнт Беларусі.

«Павінна быць канкрэтная дарожная карта без балбатні»

Прэзідэнт падвёў асноўныя вынікі схода прадстаўнікоў членаў Белкаапсаюза. 

Асноўны з іх — неабходнасць пераглядзець праграму развіцця спажыўкааперацыі. У сваім дакладзе старшыня КДК Васіль Герасімаў адзначыў, што праграма развіцця Белкаапсаюза на 2024–2025 гады ніякіх прарыўных ідэй не змяшчае. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым з гэтым пагадзіўся. «Новаму кіраўніцтву Белкаапсаюза, усім вам трэба ўзяць гэтую праграму і зрабіць з яе сапраўдны план дзеянняў. Трэба яе пералапаціць, каб яна не засталася проста пажаданнем, канцэптуальным нейкім дакументам. Патрэбны дакумент прамога дзеяння. Калі гэта грошы — вось туды вось такія грошы. Калі гэта будаўніцтва нейкіх аб’ектаў — туды гэтыя грошы. Калі гэта аўтамабілі — колькі штук, каб міністру прамысловасці маглі сказаць, колькі трэба аўтамабіляў. Павінна быць канкрэтная дарожная карта без балбатні. З улікам сённяшняга абмеркавання гэта трэба зрабіць. У адваротным выпадку страцім людзей», — запатрабаваў ён. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на кадравую палітыку, на чале якой — дысцыпліна. Прэзідэнт запатрабаваў спыніць разброд і хістанні ў кадравых адносінах. «Ніводнае кадравае пытанне сёння без старшыні райвыканкама ў сваёй кампетэнцыі, аблвыканкама, урада і Прэзідэнта вырашана быць не можа. Кадравая палітыка, патрабавальнасць з майго боку, а значыць, і па вертыкалі будзе толькі ўзмацняцца», — заявіў ён. 

У цэлым ацэньваючы работу спажыўкааперацыі Прэзідэнт падкрэсліў: «Я не кажу, што ўсё катастрофа. Не. Але тое, што ёсць, — гэта не для нас. Трэба каб было лепей, калі мы хочам развівацца і ісці наперадзе іншых. Трэба больш якасна. Трэба зрабіць так, каб людзі не крыўдзіліся». Таксама Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што яго жорсткія патрабаванні абумоўлены і зменай пакаленняў. «Прыйдзе моладзь. Новыя людзі. Што мы ім пакінем? Як яны будуць працаваь? — задаў рытарычныя пытанні кіраўнік дзяржавы. — Мы заўтра будзем звычайнымі людзьмі. Маладосць — гэта такая штука, якая вельмі хутка праходзіць. Вы з гэтага павінны зыходзіць. І да людзей па-чалавечы ставіцеся».

Не засталася без увагі Прэзідэнта і такая праблема як крыміналітэт. «Вось гэтыя хабары і іншае. Колькі разоў паўтараю начальнікам: гэта не можа быць таямніцай! Калі ты сотню тысяч долараў узяў хабар, то ты вырашыў пытанне на мільёны. І гэта лягло на вашыя выдаткі. Не рабіце гэтага!» — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што гэта асабліва тычыцца службовых асоб, якія на віду ў народа. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, лепей жыць дрэнна, але на свабодзе. 

У завяршэнне сустрэчы Прэзідэнт заўважыў, што хоць Белкаапсаюз носіць грамадскі характар, на самай справе гэта больш чым дзяржаўная арганізацыя. «Белкаапсаюз — гэта самая дзяржаўная арганізацыя. Самая-самая дзяржаўная! Не забывайце пра гэта, дапамагайце і кантралюйце. Гэта вельмі дзяржаўная грамадская арганізацыя», — рэзюмаваў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».