Хакейны клуб «Дынама-Мінск» выйшаў у плэй-оф рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Сезон 2023/2024, які ўжо перасягнуў свой экватар, запомніцца аматарам мноствам яркіх матчаў, неверагодных перамог і крыўдных паражэнняў. Але ёсць тыя, каму гэты сезон запомніцца як час, калі яны сапраўды сталі часткай жыцця любімага клуба, убачылі, чым жыве каманда не з трыбун ці сацыяльных сетак, а знутры. Гэта 10 самых юных аматараў «зуброў», якім пашчасціла стаць удзельнікамі праекта «Аддзел трэндаў».
Сёння спартыўным аматарам, акрамя дынамічнага відовішча ў тры перыяды па 20 хвілін, патрабуюцца шоу перад гульнёй і ў перапынках плюс цікавы кантэнт у сацыяльных сетках. Зразумела, усё гэта павінна быць сучасным і захапляльным. А хто лепей за сучасных дзяцей ведае трэнды і можа падказаць, як працаваць з маладзёжнай аўдыторыяй? Таму «Аддзел трэндаў» у структуры «Дынама-Мінск» стаў сапраўдным прарывам. Мінскі клуб стаў першым і ў чэмпіянаце Беларусі, і ў КХЛ, у якім сталі працаваць дзеці.
«У мінулым годзе праект выдатна сябе праявіў, як сведчанне таму — прэмія КХЛ па маркетынгу. Мы не маглі не паўтарыць яго ў гэтым сезоне. Сёлета мы пашырылі пералік вакансій, каб як мага больш дзяцей маглі адчуць атмасферу нашага хакейнага клуба знутры. Мы вельмі ўважліва падыходзілі да кожнай вакансіі, бо наша задача — не проста забаўляць дзяцей, паказаць ім закуліссе клуба, але і нечаму навучыць», — расказвае Вікторыя Любамірава, event-менеджар хакейнага клуба «Дынама-Мінск».
У мінулым сезоне маладыя спецыялісты (у прамым сэнсе гэтага слова) былі вядучымі матча, падбіралі для іх музыку, вялі сацыяльныя сеткі, арганізоўвалі дзіцячую зону — карацей, рабілі ўсё, каб прыцягнуць увагу балельшчыкаў і стварыць непаўторную атмасферу падчас матча. Сёлета гісторыя паўтарылася. Але з дапаўненнямі. Пералік вакансій пашырыўся такімі адказнымі пасадамі, як адміністратар каманды і трэнер. «Гэта вельмі складаныя вакансіі, якія патрабуюць адказнасці, канцэнтрацыі. Падрыхтаваць каманду для гульні вельмі няпроста. І мы вырашылі паказаць дзецям гэтую працу знутры. Да выбару супрацоўнікаў на гэтыя вакансіі мы падыходзілі надзвычай уважліва, хваляваліся, каб дзеці не «зламаліся» і не перагарэлі ад адказнасці», — дзеліцца Вікторыя Любамірава. Але дарослыя хваляваліся дарма. Дзеці са сваёй задачай справіліся і, здаецца, атрымалі ад яе задавальненне. «Адміністратар каманды — вельмі сур’ёзная работа. Я пастаянна павінен быць побач з камандай, каб дапамагчы хакеістам, калі ім нешта спатрэбіцца. Прыходзіцца ўвесь час быць засяроджаным, планаваць час, адразу пасля школы — на матчы. У будучыні я хацеў бы звязаць сваё жыццё са спортам. І працаваць у хакейным клубе «Дынама-Мінск», — адзначае Іван Якаўчыц, 12-гадовы адміністратар каманды «Дынама-Мінск».
Больш знаёмая для сучасных дзяцей вакансія TіkTok-мейкер. Але гэта не азначае, што яна лягчэйшая. Набраць шмат праглядаў на роліках — той яшчэ выклік. Напярэдадні кастынгу ў пераліку вакансій значылася вакансія «відэааператар». Арганізатары замянілі яе журналістам каманды. «Сафія вельмі ўразіла нас на кастынгу. Яна сама дамовілася з гульцом клуба «Тарпеда» Багданам Канюшковым, узяла ў яго інтэрв’ю. Мы не маглі адпусціць такога чалавека», — тлумачыць Вікторыя Любамірава. Перакладчыка Оскара яна ўвогуле называе ўнікальным хлопчыкам. Ён з ходу разумее легіянераў, чый акцэнт часта складана зразумець дарослым, і дакладна перакладае ўсё, што яны кажуць. Event-менеджар прадставіла на кастынгу невялікія вершы пра кожны клуб КХЛ. Вікторыя Любамірава прызнаецца, што ўзяла на заметку гэтую ідэю. Дзевяцігадовая дзяўчынка, якая адбіралася на менеджара дзіцячай зоны, сама зрабіла макеты трох гульняў, прыдумала хакейныя рэбусы. Фатограф уразіла не па гадах прафесійнай падрыхтоўкай фотаздымкай і бачаннем кадра.
«Усе дзеці, безумоўна, таленавітыя. І калі спачатку мы перажывалі, што нам прыйдзецца іх курыраваць, то потым зразумелі, што нам трэба напружвацца, каб увасобіць усе іх ідэі. Не толькі яны ў нас вучацца, але і мы — у іх, — прызнаецца Вікторыя Любамірава. — Аднак у працы з дзецьмі ёсць адна значная цяжкасць — мы, дарослыя, не такія энергічныя, як яны, у некаторых пытаннях яны на крок наперадзе. Але мы расцэньваем гэта як пэўны выклік і эмацыянальную разгрузку. Працуючы з «Аддзелам трэндаў», мы нібыта вярнуліся ў сваё дзяцінства, адчулі бестурботны пазітыўны настрой».
Самае галоўнае, што хакеісты і трэнерскі штаб вельмі ветліва ставяцца да маладых супрацоўнікаў клуба. Цімафей Каўрыгеня, Віталь Пінчук, Аляксандр Сувораў прысутнічалі на кастынгу і, безумоўна, нікому не адмовілі ў сэлфі і аўтографе. Гульцы з задавальненнем здымаюцца ў роліках для сацыяльных сетак, удзельнічаюць у фотасесіях, даюць інтэрв’ю спецыялістам «Аддзела трэндаў».
Магчыма, такія цёплыя адносіны паміж хакеістамі і дзецьмі прынеслі камандзе поспех. Кантрольным экзаменам для «Аддзела трэндаў» стаў дамашні матч «Дынама-Мінск» супраць «Сібіры». Пакуль хакеісты рыхтаваліся да гульні на лёдзе і ў трэнажорнай зале, дзеці рыхтавалі сцэнарый перадматчавага шоу, стваралі дзіцячую зону, падбіралі музыку, пісалі сцэнарыі. Вынікам такой працы стала грандыёзнае шоу на «Мінск-арэне». А яго галоўным нумарам стала перамога «зуброў» з вынікам 4:1. Дарэчы, на гэты матч сабралася поўная «Мінск-арэна». У той вечар (як, прынамсі, амаль на кожным дамашнім матчы «Дынама-Мінск») на трыбунах можна было ўбачыць шмат дзяцей і падлеткаў. Адны прыходзяць разам з бацькамі, другія — з сябрамі.
Матч у студзені стаў экзаменам для юных спецыялістаў, справаздачай. Але гэта не азначае, што іх праца заканчваецца. «Аддзел трэндаў» будзе працаваць у клубе да канца сезона. «Для нас «Аддзел трэндаў» — яшчэ і вельмі эфектыўны сродак у барацьбе за аматара. Нам важна, каб «Дынама-Мінск» падтрымлівалі не толькі дарослыя. Нам трэба выхаваць свайго аматара, а для гэтага трэба размаўляць з ім на адной мове. Нашаму калектыву ў сілу ўзросту гэта няпроста, таму мы карыстаемся дапамогай дзяцей. І нам карысна, а ім, спадзяюся, незабыўна, — тлумачыць Вікторыя Любамірава. — Наша мэта — зрабіць так, каб пасля «Аддзела трэндаў» дзеці выйшлі з новымі навыкамі і ўменнямі. А самае важнае, каб з праекта яны вынеслі ўсведамленне, што нават самая смелая і амбіцыйная мара можа здзейсніцца, і гэта дапамагала ім ісці да сваіх мэт».
Валерыя СЦЯЦКО
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».