Вы тут

Наталля Качанава: «У нас цудоўная моладзь»


Прыярытэты дзяржаўнай палітыкі і міжнароднае становішча, асаблівасці заканадаўчай дзейнасці і работы верхняй палаты Парламента, электаральная кампанія і роля моладзі ў ёй, інфармацыйная гігіена і адказнасць за будучыню краіны — вось тыя асноўныя тэмы, што абмяркоўваліся на сустрэчы. Акрамя іх, было яшчэ многа абмеркаванняў, цікавых пытанняў і шчырых адказаў на іх.


Пачалася сустрэча традыцыйна — з расказу Наталлі Качанавай аб тым, чым жыве краіна сёння, якія мэты і задачы наперадзе, што зроблена і што патрабуе ўвагі ў будучым. Аднак была і адна акалічнасць — у аўдыторыі былі выключна студэнты. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла: «Я папрасіла, каб сёння тут прысутнічалі толькі студэнты, без выкладчыкаў, без рэктара. Я папрасіла прабачэння, канешне, маўляў, разумею, што пажадана, каб былі і кіраўнікі, але... Чаму так? Таму што я проста хачу з вамі пагаварыць. Я зараз давяду да вас інфармацыю, якой хацела б падзяліцца, а потым вы мне задасце любыя пытанні, якія вам будуць цікавымі. Асабістага плану, наконт развіцця нашай краіны, канкрэтна маёй працы — усё, што вам цікава».

«Работа над законапраектамі цікавая, не сухая»

Менавіта так ахарактарызавала Старшыня Савета Рэспублікі заканадаўчую дзейнасць. Яна адзначыла, што Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых саветаў выбіраюцца па восем членаў Савета Рэспублікі, яшчэ восем — прызначаюцца Прэзідэнтам. На сёння ў склад верхняй палаты Парламента ўваходзяць 58 чалавек, якія займаюцца заканатворчай дзейнасцю і не толькі.

У Беларусі каля 2,3 тысячы дзеючых законаў, з іх прыкладна палова — аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, далучэнні да дакументаў міжнародных арганізацый. Апошнім часам асноўная работа вялася па прывядзенні дзеючага заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Наталля Качанава адзначыла, што план гэтай работы выкананы на 100 %, неабходныя змяненні ўнесены ў 86 законаў, а таксама былі прыняты два абсалютна новыя: «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб асновах грамадзянскай супольнасці».

Спікер падкрэсліла, што работа гэтая надзвычай сур’ёзная, часта патрабуе далучэння вузкіх спецыялістаў. Каб усе заканадаўчыя акты і нарматыўныя прававыя акты былі дакладнымі і выверанымі, у Савеце Рэспублікі дзейнічае экспертны савет. За час яго работы разгледжана 252 дакументы, з якіх без заўваг было падтрымана толькі каля 30 %, што сведчыць аб дасканалай і скрупулёзнай рабоце спецыялістаў савета.

Звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі і на важнасць работы з людзьмі. «Гэта важная і значная частка нашай дзейнасці. Дзякуючы сустрэчам з моладдзю, з працоўнымі калектывамі, асабістым прыёмам і тэлефонным лініям мы бачым і чуем, што хвалюе людзей, на што трэба звярнуць увагу ў першую чаргу. Такім чынам удакладняюцца і карэкціруюцца планы нашай работы», — адзначыла яна. Акрамя таго, карысць такіх сустрэч яшчэ і ў тым, што людзі непасрэдна ад дзеючых палітыкаў атрымліваюць вычарпальную інфармацыю аб дзейнасці органаў улады, прыярытэтах развіцця краіны. І, што немалаважна, інфармацыю дакладную, аб’ектыўную і праўдзівую. У адносінах жа да фэйкаў аб нашай краіне, якія распаўсюджваюцца ў сеціве, Наталля Качанава зазначыла, што не трэба бяздумна паглынаць інфармацыю, тым больш з сумнеўных сайтаў ці тэлеграм-каналаў: «...Адкрытая хлусня ў адносінах да людзей, краіны, падзей — вядома, гэта бяда. І вам у такім патоку інфармацыі, канешне, трэба для сябе дакладна разумець: што правільна, дзе прыярытэты расставіць у гэтым жыцці, што трэба зрабіць сёння, каб заўтра жыць у міры і спакоі».

Лёсавызначальны этап у жыцці краіны

«Мы ўвайшлі ў палітычна важны этап у жыцці нашай краіны — ідзе электаральная кампанія... І ўсе, хто мае права браць удзел у выбарчай кампаніі, будуць аддаваць свой голас за дэпутата... І вы, каму споўнілася 18 гадоў, пойдзеце на ўчасткі і будзеце галасаваць», — звярнулася да моладзі Старшыня Савета Рэспублікі. На выбарах, у Адзіны дзень галасавання выбаршчыкам трэба будзе выбраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 12 514 — мясцовых Саветаў. Потым будуць абраны члены Савета Рэспублікі, а затым сфарміраваны склад Усебеларускага народнага сходу, які ўжо стаў канстытуцыйным органам. Наступны год будзе адметны прэзідэнцкімі выбарамі. Зразумела, што перыяд сапраўды лёсавызначальны і ігнараваць гэтыя падзеі, па сутнасці, тое ж самае, што ігнараваць будучыню сваёй краіны.

Асобна Наталля Качанава адзначыла ролю ў жыцці краіны УНС. Яго члены, агульная колькасць якіх складзе 1200 дэлегатаў, будуць працаваць на працягу пяці гадоў, як і дэпутаты. Усебеларускі народны сход атрымаў надзвычай вялікія паўнамоцтвы, менавіта ён будзе вызначаць стратэгію развіцця дзяржавы і прымаць значныя праграмныя дакументы: Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, Ваенную дактрыну.

«Міжнароднае супрацоўніцтва для нас архіважнае»

Значную частку размовы Старшыня Савета Рэспублікі прысвяціла знешняй палітыцы. «Сітуацыя, што складваецца вакол нашай дзяржавы, архісур’ёзная. Усё, што адбываецца вакол нашых граніц на захадзе, канешне, не можа нас не насцярожваць. Бо гэта гонка ўзбраенняў, нагнятанне істэрыі ў адносінах да нашай краіны. Маўляў, яны — Захад — абараняюцца ад Беларусі і Расіі, сцягваюць зброю і праводзяць манеўры...

Але тысячы, тысячы разоў мы паўтараем: наша дзяржава міралюбівая, мы ніколі нікому не пагражалі. І ніколі нікому не будзем пагражаць. Таму што надта многа нацярпеўся наш народ. Усе войны на нашай зямлі заўсёды былі развязаны не намі і не па нашай волі. Вы гэта ведаеце», — падкрэсліла Наталля Качанава і звярнула ўвагу студэнтаў на тым, што сёлета краіна будзе святкаваць 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму для ўсіх нас так важна захаваць мір і спакой.

Яна зазначыла, што важная задача парламентарыяў — даносіць да сваіх калег у іншых краінах праўду аб тым, як жыве Беларусь. І Савет Рэспублікі актыўна ўдзельнічае у гэтай рабоце, настойліва даводзіць да сусветнай супольнасці пазіцыю аб непрымальнасці навязвання нам чужой ідэалогіі і канцэптаў. Так, прынята 12 заяў і зваротаў па актуальнай знешнепалітычнай тэматыцы, якія былі накіраваны ў парламенты замежных краін, міжнародныя арганізацыі і апублікаваны ў якасці афіцыйных дакументаў у ААН.

Роўны вучыць роўнага

Гаворачы аб маладзёжнай палітыцы, Наталля Качанава яшчэ раз падкрэсліла важнасць сустрэч прадстаўнікоў улады з моладдзю і існавання маладзёжных арганізацый. Іх удзельнікі не толькі самі атрымліваюць актуальную і карысную інфармацыю, але і перадаюць яе іншым, сваім сябрам, калегам, аднакашнікам. Так, прыводзячы прыклад дзейнасці Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, яна зазначыла: «Для нас вельмі важна, каб яны расказвалі тое, што чуюць ад нас. Словы «роўны вучыць роўнага» аб многім гавораць».

Згадала Старшыня Савета Рэспублікі і адносіны моладзі да традыцыйных каштоўнасцяў. У прыватнасці, сямейных. Наталля Качанава зазначыла, што каштоўнасці, якія дамінуюць на Захадзе, для нас непрымальныя. Нашы традыцыі — сям’ю ствараць, дзяцей выхоўваць. Таксама яна запэўніла студэнтаў БДУ, што сям’я ніколі не была і не будзе перашкодай для кар’еры ці для самарэалізацыі. Наадварот, гэта дадатковы стымул імкнуцца да дасягнення сваіх мэт. Не гаворачы ўжо пра душэўны спакой і згоду. А дзе як не ў сямейным коле можна абмеркаваць пытанні, што цябе хвалююць? Гэта і ёсць мір і спакой, што ўсім нам трэба зберагчы.

Падводзячы вынікі сустрэчы Наталля Качанава зазначыла: «Я заўсёды з вялізнай радасцю сустракаюся з маладзёжнай аўдыторыяй. І, канешне, мне сёння было вельмі цікава сустрэцца з хлопцамі і дзяўчатамі, гэта ў асноўным першы, другі і трэці курсы. Тыя, хто толькі пачалі вучыцца тут, многія з іх прыехалі з іншых гарадоў, рэгіёнаў. Пры такіх асабістых сустрэчах каторы раз пераконваешся: у нас цудоўная моладзь, якая думае пра будучыню сваёй краіны. Мы ўпэўнены: яны зробяць усё дзеля таго, каб развіваць і прымнажаць тыя традыцыі, якія ёсць у нашай роднай Беларусі».

Уладзімір ВЯРЭНІЧ


Што цікавіла студэнтаў?

Выбарчая кампанія. Ці мэтазгодна ўвядзенне сістэмы электроннага галасавання ў нашай краіне?.

— Нашы выбары праводзяцца сумленна і адкрыта. Кожны чалавек мае права прыйсці і таемна аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата. І калі пачынаюць казаць пра нейкія фальсіфікацыі, то гэта проста смешна. На мінулай выбарчай кампаніі працавалі 70 тысяч чалавек, зараз будзе каля 50 тысяч людзей ва ўчастковых камісіях, якія ўсе разам будуць лічыць. Як тут сфальсіфікуеш? Ніяк.

Што да электроннага галасавання, то я лічу, што яго ўвядзенне магчымае. Таму што яно зручнае для людзей. Але трэба зрабіць гэта правільна і сумленна, каб гэта не ўшчаміла нікога і каб не дапусціць фальсіфікацый пры галасаванні. Над гэтым пытаннем сёння працуе ЦВК...

Усебеларускі народны сход. Ці магчыма стварэнне маладзёжнай структуры ў межах УНС?

— Мы гэта не абмяркоўвалі. 1200 дэлегатаў, якія будуць выбірацца, — гэта і моладзь. З ліку дэлегатаў 80 чалавек — прадстаўнікі БРСМ, маладыя людзі. Можна будзе думаць над гэтым, але, на мой погляд, гэта і будзе маладзёжнае крыло.

Мэты ўстойлівага развіцця. Якія з іх выглядаюць найбольш перспектыўнымі для прасоўвання ў маладзёжным асяроддзі і ў Год якасці?

— Мэты ўстойлівага развіцця, якія былі прыняты ААН, вядома, добрыя. Гэта і мір, і стварэнне роўных умоў для жанчын і мужчын, і развіццё моладзі... Але цяпер дасягненне ўсяго гэтага пад вялікім пытаннем. Зневажаюцца ўсе міжнародныя дамоўленасці, нашу краіну на некаторыя мерапрыемствы нават не запрашаюць, а калі і запрашаюць, то ў апошні момант узнікаюць пытанні з візамі і іншае. Пры гэтым мае калегі, Валерый Бельскі і Сяргей Рачкоў, былі ў Нью­Ёрку. На Генеральнай Асамблеі ААН яны выступалі і даносілі праўду — пад пагрозай усё.
Я лічу, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый можа паставіць тысячы добрых задач, але яны не будуць мець сэнсу, калі адны прыгожа пішуць, а другія — ствараюць перашкоды. Чалавек не будзе думаць ні пра якія пытанні гендарнай роўнасці ці пра развіццё моладзі, калі яму трэба проста выжываць. Таму самае галоўнае, што ўсе мы павінны зрабіць сёння — гэта забяспечыць мір. А яшчэ даць магчымасць кожнай краіне развівацца так, як таго жадае яе народ. Тады можна будзе казаць і пра Мэты ўстойлівага развіцця.

Прафесійнае станаўленне. Якія ключавыя моманты, на погляд Старшыні Савета Рэспублікі дапамагаюць у прыняцці рашэння аб прафесійным станаўленні?

— ...Асноўнае для мяне — адказнае стаўленне да ўсяго. Мне ўсюды было камфортна працаваць....

У нашай краіне, калі ты сумленны чалавек і сапраўды добрасумленна ставішся да сваіх абавязкаў, разумееш адказнасць не толькі за сваю сям’ю, але і за краіну, то ўсё магчыма.

Сацыяльныя сеткі. Ці варта ў хуткім часе чакаць персанальнага акаўнта Наталлі Качанавай у сеціве?

— Я думаю — так. Выбары пройдуць, пагляджу, калі застануся — буду ствараць. Не застануся — тым больш буду!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.