Вы тут

Іван Кубракоў сустрэўся са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ


Міністр унутраных спраў расказаў аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне, асноўных відах злачынстваў. Кажучы аб электаральнай кампаніі, кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што на этапе яе падрыхтоўкі грамадска-палітычная сітуацыя ў рэспубліцы заставалася стабільнай і кантралюемай. Па яго словах, работа органаў унутраных спраў выбудавана на апярэджанне і галоўная задача — не дапусціць правакацый у месцах правядзення галасавання і дэстабілізацыі ў краіне.


З 19 лютага асабовы склад органаў унутраных спраў пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Усе выбарчыя ўчасткі ўзяты пад кругласутачную ахову. Па вопыце мінулых гадоў актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял добраахвотных дружын і маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Вялікая ўвага надаецца пытанням бяспекі членаў выбарчых камісій. Любой інфармацыі, якая змяшчае пагрозы і абразы, даецца прававая ацэнка.

«Не трэба памыляцца і спадзявацца на ананімнасць у сацсетках, — звярнуў увагу Іван Кубракоў. — Сусветная павуціна не такая заблытаная, як часта думаюць. Мы валодаем дастатковым інструментарыем па выяўленні віноўных».

Міністр таксама нагадаў аб мерах, прынятых дзяржавай па супрацьдзеянні экстрэмізму, і падкрэсліў, што міліцыя гатова да эфектыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні аператыўнай абстаноўкі. «Грамадскі парадак у рэспубліцы ў перыяд выбарчай кампаніі будзе забяспечаны», — дадаў ён.

Пасля адбыўся адкрыты дыялог з аўдыторыяй. Студэнтаў і выкладчыкаў, у прыватнасці, цікавіла, наколькі прэстыжная прафесія міліцыянера, як адбываецца адбор кандыдатаў на службу, ці можна наведаць з экскурсіяй міліцэйскія падраздзяленні. 

Падводзячы вынік зносін са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у размове з журналістамі міністр унутраных спраў адзначыў, што падобныя сустрэчы кіраўніцтвам ведамства праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. «Яны асабліва актуальныя напярэдадні такіх значных мерапрыемстваў, як электаральная кампанія, — удакладніў Іван Кубракоў. — Сёння, адказваючы на вялікую колькасць пытанняў, чарговы раз пераканаўся — у нас выдатная моладзь, якая цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне».

Міністр акцэнтаваў увагу, што ў перыяд выбарчай кампаніі разам з міліцыянерамі спакой і бяспеку людзей забяспечваюць прадстаўнікі маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. «Яны выдатна разумеюць: мір і парадак на беларускай зямлі — справа не толькі дзяржаўных органаў, а кожнага з нас, — сказаў Іван Уладзіміравіч. — Хацеў бы падзякаваць моладзі за законапаслухмяныя паводзіны, дапамогу органам унутраных спраў. МУС адкрыта для зносін і ўзаемадзеяння».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?