Вы тут

Старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка прыняў удзел у адзіным дні галасавання і пагутарыў з журналістамі


Па інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, на вечар 21 лютага яўка на датэрміновым галасаванні склала 14,61%. «Гэта дастаткова высокі ўзровень яўкі выбаршчыкаў, — звярнуў увагу Ігар Карпенка. — Прыемна, што моладзь ідзе. Дарэчы, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі мы атрымліваем добрыя, цікавыя карцінкі з месцаў. Мы бачым настрой людзей, адчуваем гэта. Паступаюць званкі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Мы маем зносіны з рэгіянальнымі выбарчымі камісіямі. Я кожны дзень фактычна на сувязі з усімі абласнымі, Мінскай гарадской выбарчымі камісіямі. Таму ў цэлым можна ацаніць, што выбарчы працэс ідзе ў штатным рэжыме і ніякія заявы, інфармацыйныя ўкіды ніякім чынам не ўплываюць на выбарчы працэс. Людзі ідуць, у іх ёсць магчымасць свабодна прагаласаваць. Кожны робіць свой свядомы выбар».


Каментуючы адзін з інфармацыйных укідаў — крытычную заяву БДІПЧ АБСЕ «аб пагаршэнні ўмоў волевыяўлення ў нашай краіне» — старшыня ЦВК адзначыў, што дадзеная арганізацыя выступіла з падобнымі дакладамі задоўга да правядзення выбараў. «Яшчэ ў маі мінулага года яны выставілі (на сайце. — „Зв“.) даклад „Аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэнню ў Беларусі пасля 2020 года“, дзе поўнасцю ў негатыўных танах ідуць выказванні аб нашай палітычнай рэформе, — нагадаў ён. — Гэтыя выбары — частка палітычнай рэформы, якая пачалася дзякуючы ўнясенню змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. БДІПЧ АБСЕ трэба ў першую чаргу паглядзець на сваю структуру, на тое, як яна працуе, як прымяняюцца двайныя стандарты, як ідзе ўмяшанне ва ўнутраныя справы такіх электаральных кампаній, якія мы праводзім».

У сувязі з гэтым, па словах Ігара Карпенкі, было прынята рашэнне не запрашаць прадстаўнікоў дадзенай арганізацыі для назірання за адзіным днём галасавання. Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок адкрыты — уся актуальная інфармацыя своечасова размяшчаецца на сайце ЦВК.

Ігар Карпенка дадаў, што ў краіне працуюць 45 505 нацыянальных назіральнікаў, разгорнуты Цэнтр грамадскага назірання. Акрамя таго, на бягучы момант акрэдытавана 294 міжнародныя назіральнікі. Сярод іх — і 23 эксперты з краін Еўрасаюза: Польшчы, Літвы, Германіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі.

Адрэагаваў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі і на яшчэ адзін інфармацыйны ўкід — аб «прызначэнні Цэнтрвыбаркамам участкаў для раптоўнай праверкі місіі СНД у адзіны дзень галасавання». Ігар Карпенка падкрэсліў, што такую інфармацыю трансліруюць людзі, якія не разумеюць, аб чым пішуць. «Любая місія просіць парэкамендаваць участкі для наведвання, — канстатаваў ён. — Мы, вядома, такія ўчасткі называем, але не хаваем увесь пералік участкаў. Больш за тое, мы не абмяжоўваем прадстаўнікоў місій міжнародных назіральнікаў у магчымасці наведаць тыя ці іншыя ўчасткі. Ім дастаткова акрэдытацыйнага пасведчання для таго, каб прыехаць на любы ўчастак, у любую акруговую тэрытарыяльную камісію».

Па словах старшыні ЦВК, людзі, якія распаўсюджваюць фэйкавую інфармацыю, прызвычаіліся, што іх саміх інспектуюць, як яны расходуюць замежныя гранты, таму думаюць, што і да нас міжнародныя назіральнікі прыехалі з той жа мэтай. «Міжнародныя назіральнікі нікога не інспектуюць, яны назіраюць за выбарамі і выказваюць сваю пазіцыю: адпавядае выбарчы працэс нацыянальнаму заканадаўству або не адпавядае, — агучыў Ігар Карпенка галоўную задачу міжнародных назіральнікаў. — Акрамя таго, міжнародныя назіральнікі маюць магчымасць пагутарыць з арганізатарамі выбараў ад нашай краіны. Мы вывучаем вопыт, мы размаўляем, мы ўзаемадзейнічаем, улічваем пэўныя меркаванні і прапановы, бо выбарчы працэс, як і ўсе грамадска-палітычныя працэсы ў краіне, не стаіць на месцы, развіваецца. Таму, магчыма, патрабуе некаторых змяненняў і заканадаўства, і ў цэлым тэхналогія правядзення выбарчых працэдур».

Старшыня Цэнтрвыбаркама парэкамендаваў БДІПЧ АБСЕ, якая з’яўляецца інструментам шэрагу дзяржаў, што праследуюць ваяўнічыя і санкцыйныя мэты, перш за ўсё паглядзець на тое, як арганізацыя забяспечвае бяспеку і супрацоўніцтва ў Еўропе.

У завяршэнне Ігар Карпенка нагадаў, што ўсяго ў адзіны дзень галасавання выбіраецца 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 12 514 дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. «У першую чаргу галасаваў за мір, дабрабыт, паступальнае развіццё нашай краіны, — адзначыў у размове з журналістамі Ігар Карпенка, кажучы аб уласным выбары. — Хацеў бы, каб усюды былі выбраны дэпутаты, сфарміраваны прадстаўнічыя органы, што дазволіць нам у далейшым сфарміраваць корпус дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, які будзе вызначаць стратэгію развіцця нашай краіны на перспектыву, зацвярджаць Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, што цяпер вельмі немалаважна ва ўмовах абстаноўкі, якая нагнятаецца вакол нашых граніц, вакол нашай краіны».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.