Вы тут

Дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяна Стэльмах — пра працу, чытачоў і кнігі


Кожная карціна, узятая ў галерэю, і кожная прыстойная кніга, якая трапіла ў бібліятэку, якімі бы малымі яны ні былі, служаць вялікай справе — назапашванню ў краіне багаццяў.

А. П. Чэхаў

На Гродзеншчыне, на беразе адной з найбуйнейшых рэк Беларусі — Нёмана, у пасляваенны час (1946) у горадзе Масты была створана раённая бібліятэка, якая размяшчалася ў невялікім пакойчыку мясцовай школы. Цяпер гэта асобны прыгожы будынак, нядаўна рэканструяваны. Аб тым, што такое сённяшняя бібліятэка — памяшканне для захоўвання кніг, рукапісаў, інфармацыі на лічбавых носьбітах альбо, як сцвярджаў В. Г. Бялінскі, «найвялікшы скарб», паразважалі з дырэктарам Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццянай Стэльмах.


— Таццяна Іосіфаўна, як вы сталі бібліятэкарам?

— Мне здаецца, што ўжо гадоў у дзесяць я ведала, што буду бібліятэкарам. І з кожным годам гэтая ўпэўненасць мацнела. Па-першае, я вырасла ў чытаючай сям’і. Па-другое, вельмі любіла гасцяваць у сваёй стрыечнай сястры, якая працавала ў сельскай бібліятэцы. Яна была сапраўднай гаспадыняй «кніжнага царства». Было вельмі цікава дапамагаць ёй разбіраць скрынкі з новымі выданнямі, разглядаць кнігі, быць іх першай чытачкай. І ўжо ў 15 гадоў у час летніх канікул я прыйшла працаваць на месяц у нашу раённую бібліятэку. І не расчаравалася.

— Прафесія бібліятэкара — адна з самых старажытных і паважаных. Якімі кампетэнцыямі павінен валодаць бібліятэкар XXI стагоддзя, каб адчуваць павагу чытачоў?

— Часта бібліятэкара ўспрымаюць як работніка, які проста выдае кнігі. І вельмі цікава назіраць за людзьмі, якія ў сілу розных абставін сутыкаюцца з унутраным жыццём нашай бібліятэкі, з шалёным рытмам, у якім мы працуем. Колькі здзіўлення і павагі! Што патрэбна, каб выклікаць гэтыя пачуцці? Любіць сваю работу. Сучасны бібліятэкар павінен быць камунікабельным, мець крэатыўнае мысленне, бо без творчых ідэй і праектаў немагчыма зацікавіць чытачоў. А яшчэ патрэбна быць шматпрофільным айцішнікам. Сучасны спецыяліст павінен ведаць не толькі, што такое Word, але і разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, валодаць камп’ютарнымі праграмамі, фоташопам, відэамантажом і шмат чым іншым. 

— Якія новыя формы работы з чытачамі выкарыстоўваюць вашы бібліятэкары?

— Сапраўды, без крэатыву ніяк. Кожнае мерапрыемства хочацца зрабіць цікавым, з асаблівай разыначкай, новым элементам. Гэта кніжныя жмуркі, навагодняе канфеці, інтэлектуарыум, вялікія кніжныя гонкі, кніжная эстафета «Брэнд-book», акцыі «Вершы ў падарунак», маляўнічы бібліяфеерверк «Віват, бібліятэка!», майстар-класы па вырабе кветак з паветраных шароў, срэбнае шоу, работа чытальнай залы «Пад блакітным небам», якая арганізоўваецца падчас летніх канікул. З задавальненнем жыхары складалі чарадзейную казку пра родны горад.

Летась распрацавана анлайн гульня-вандроўка «Алисомания для книгочеев», якая была прадстаўлена на абласны конкурс «Бібліятэка.by» і атрымала дыплом III ступені ў намінацыі «Найлепшы інфармацыйна-забаўляльны рэсурс, створаны раённай (цэнтральнай гарадской) і гарадскімі бібліятэкамі». 

Выклікаў цікавасць у карыстальнікаў бібліятэкі і тэатр ценяў, створаны ў 2023 годзе пры сектары па абслугоўванні дзіцячага чытача.

— Што можна пабачыць у вашым бібліятэчным тэатры ценяў?

— Першая пастаноўка-эксперымент — казка «Церамок». Спецыяльны экран, фігуркі — усё было зроблена рукамі бібліятэкараў. Пасля кожнага спектакля ў гледачоў ёсць магчымасць паспрабаваць кіраваць фігуркамі самому. 

Ёсць яшчэ некалькі казак, але асабіста ў мяне, дарослага чалавека, выклікае мурашкі спектакль «Цені вайны», у якім — цэлае жыццё двух хлапчукоў. 

За мінулы год прадстаўленні тэатра ценяў наведалі больш за 450 хлопчыкаў і дзяўчынак і амаль 100 дарослых. 

— Раскажыце, калі ласка, пра найбольш значныя ідэі, акцыі, праекты, якія вам удалося рэалізаваць.

— Значнай падзеяй у культурным жыцці Мастоўшчыны стала правядзенне брэндавага мерапрыемства — бібліякаравана «Кнігі будуюць МАСТЫ». 

Летась адбыўся ўжо трэці. Кожны з іх дае магчымасць на працягу чатырох дзён, як правіла з 12 да 15 верасня, прыняць удзел у творчых сустрэчах, падчас якіх жыхары і госці Мастоў могуць пазнаёміцца з вядомымі празаікамі, паэтамі, выдаўцамі, кампазітарамі, мастакамі, задаць пытанне аўтарам і атрымаць аўтограф. Асаблівасцю з’яўляюцца бібліятэчныя падворкі «Штурманы кніжных мораў», якія арганізоўваюцца сельскімі бібліятэкарамі. 

Не магу не расказаць яшчэ аб адной навіне. У 2023 годзе фондам «Русский мир» была падтрымана заяўка на выдзяленне гранта на рэалізацыю гуманітарнага праекта «Руская народная казка як феномен нацыянальнай культуры», распрацаванага ДУК «Мастоўская раённая бібліятэка». Гэта вельмі прыемна і радасна. Падтрымка ў 350 тысяч расійскіх рублёў будзе значнай для нашай бібліятэкі. 

— Якія паслугі бібліятэка прапануе чытачу? Якія з іх карыстаюцца найбольшым попытам?

— Прапануем сваім чытачам шмат паслуг, як стандартных бясплатных (выдача кніг і часопісаў, шматлікія мерапрыемствы), так і 41 від платных паслуг. Карыстаюцца попытам «Аквагрым», майстар-класы па вырабе кветак з паветраных шароў, сувенірная прадукцыя (календары, магніты, бірулькі і іншае), гульнёвыя пляцоўкі на свежым паветры «Почытаем, адпачнём, час з карысцю правядзём», што арганізоўваюцца як у саміх Мастах, так і ў аграгарадках. Праводзяцца забаўляльна-гульнёвыя праграмы, дні нараджэння, квэсты. Але ўсё ж асобна хочацца вылучыць работу гульнёвага пакоя (толькі платных наведванняў амаль 400, а колькі яшчэ бясплатных!). Нікога не пакідае абыякавым наш міні-музей «Свет дакамп’ютарнай тэхнікі» (толькі за 9 месяцаў 2023 года 286 платных наведванняў і 130 бясплатных). А з якім захапленнем дзеці вучацца пісаць пёравай ручкай і чарніламі і маляваць праз рознакаляровыя капіркі!

— Раскажыце, калі ласка, пра перасоўную бібліятэку? Які маршрут у вашага бібліёбуса, як сустракаюць яго жыхары раёна?

— Ідэя стварэння перасоўных бібліятэк не новая. Такія бібліятэкі працуюць у многіх краінах. Што тычыцца нашага раёна, то, калі ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя было 38 бібліятэк, на сёння іх толькі 15. Скарачэнне адбывалася паступова, але ўжо ў 2007 годзе востра паўстала пытанне аб набыцці бібліёбуса. Я добра памятаю першы выезд. Папярэдне мы заручыліся падтрымкай кіраўніцтва вёсак. Але ўсё роўна вельмі хваляваліся, як сустрэнуць жыхары. І было вельмі прыемна, калі ў кожнай вёсцы знаходзіліся людзі, якія сустракалі нас як доўгачаканых гасцей. 

І вось ужо 16 гадоў тры разы на тыдзень выязджае бібліёбус па дзесяці маршрутах у сельскія населеныя пункты, дзе няма стацыянарных бібліятэк. Сёння гэта 48 вёсак. Дарэчы, многія з іх раскіданы на дзясяткі кіламетраў ад сельскіх бібліятэк. У мінулым годзе паслугамі перасоўнай бібліятэкі карысталіся 385 жыхароў.

З мэтай паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва аддаленых вёсак штогод супрацоўнікамі бібліятэкі праводзяцца масавыя мерапрыемствы: экспрэс-навіны, гадзіны цікавых паведамленняў, святочныя экспрэс-маршруты, акцыі, афармляюцца кніжныя выставы і інш. І, вядома, жыхары раёна з задавальненнем сустракаюць бібліёбус. 

— Як захоўвае раённая бібліятэка літаратурную спадчыну Мастоўшчыны?

— На мой погляд, краязнаўчая работа — адна з самых галоўных у дзейнасці бібліятэк. Мы часта едзем за многія кіламетры, каб убачыць нешта цікавае. І пры гэтым зусім не ведаем сваёй мясцовасці. Гэта тычыцца і літаратурнага краязнаўства. Таму, безумоўна, надаецца вялікая ўвага захаванню літаратурнай спадчыны Мастоўшчыны.

Напрыклад, краязнаўчая картатэка, пачынаючы з 1974 года, утрымлівае звесткі аб нашых земляках-літаратарах, іх творчасці, адлюстраванай у перыядычным друку, зборніках і энцыклапедыях. На працягу многіх гадоў шмат матэрыялаў было сабрана ў тэматычных папках. Штогод супрацоўнікамі бібліятэкі выдаюцца буклеты, закладкі, бібліяграфічныя даведкі, прысвечаныя землякам. А ў наш час — камп’ютарных тэхналогій і інтэрнэту — з’явілася магчымаць пашырыць гэтую дзейнасць і зрабіць яе даступнай шырокаму колу карыстальнікаў. Так, з 2018 года працуе краязнаўчая база «Сцежкамі Мастоўскага краю», адзін з раздзелаў якой — «Знакамітыя людзі Мастоўшчыны». У 2021 годзе створана краязнаўчая база «Літаратурная карта Мастоўскага раёна», прысвечаная паэтам, празаікам, літаратуразнаўцам, журналістам, чый жыццёвы і творчы шлях цесна звязаны з Мастоўскім раёнам. Па меры паступлення інфармацыі база дапаўняецца новымі звесткамі. У 2023 годзе раённы конкурс відэапрэзентацый «Гонар маёй вёскі» даў штуршок стварэнню яшчэ аднаго электроннага рэсурсу.

На працягу мінулага года нашай бібліятэкай сумесна з раённай газетай «Зара над Нёманам» рэалізоўваўся праект «Родной край — источник вдохновения», прысвечаны паэтычнай Мастоўшчыне. На старонках газеты мы расказвалі аб нашых таленавітых земляках, іх творчасці, аб вершах і кнігах. А яшчэ быў праведзены конкурс на найлепшы аўтарскі верш, прысвечаны гораду Масты і малой радзіме «Роднаму краю часцінку сябе прысвячаю...» 

— Якія кнігі карыстаюцца найбольшым попытам?

— У наш высакахуткасны час, калі жыццё прымушае круціцца як вавёрка ў коле, калі за дзень чалавек атрымлівае вялікую колькасць інфармацыі, вечарам часта хочацца адпачыць за чытаннем цікавага дэтэктыва, фантастыкі, рамана пра каханне... Але я ні ў якім разе не хачу абагульняць густы ўсіх нашых чытачоў. Апошнім часам карыстаюцца папулярнасцю кнігі беларускіх аўтараў. Напрыклад, Сяргея Трахімёнка, Паўла Гушынца, Ганны Чыж-Літаш, Ксеніі Бахаравай і многіх іншых. Па-ранейшаму не затрымліваюцца на паліцах і кнігі Мікалая Чаргінца.

...краязнаўчая работа — адна з самых галоўных у дзейнасці бібліятэк. Мы часта едзем за многія кіламетры, каб убачыць нешта цікавае. І пры гэтым зусім не ведаем сваёй мясцовасці. Гэта тычыцца і літаратурнага краязнаўства. Таму, безумоўна, надаецца вялікая ўвага захаванню літаратурнай спадчыны Мастоўшчыны. Напрыклад, краязнаўчая картатэка, пачынаючы з 1974 года, утрымлівае звесткі аб нашых земляках- літаратарах, іх творчасці, адлюстраванай у перыядычным друку, зборніках і энцыклапедыях. На працягу многіх гадоў шмат матэрыялаў было сабрана ў тэматычных папках.

— Людзі якіх узроставых катэгорый з’яўляюцца самымі актыўнымі чытачамі?

— На мой погляд, людзі сталага ўзросту і дзеці.

— А што з папулярызацыяй дзіцячай літаратуры?

— Знаёмства з бібліятэкай у дзяцей адбываецца яшчэ з дзічячага садка, калі цэлыя групы прыходзяць у бібліятэку на экскурсію альбо на мерапрыемства. Усяго за мінулы год для дзяцей і падлеткаў было праведзена больш за пяцьсот мерапрыемстваў. На кожным з іх — кніга ў цэнтры ўвагі. З цікавасцю слухаюць дзеці і «жывых» пісьменнікаў. Пасля адной з сустрэч дзяўчынка папрасіла дакрануцца да «жывога» пісьменніка, другая — абняць, а хлопчык шчыра паціскаў руку.

— З якімі складанасцямі сутыкаецца сучасны дырэктар раённай бібліятэкі?

— Складанасці існуюць у любога кіраўніка і ў любой сферы дзейнасці. Гэта і фінансавыя цяжкасці, і гаспадарчыя, часта трэба хутка спланаваць і арганізаваць якое-небудзь мерапрыемства. Але ўсе праблемы вырашаюцца, калі побач надзейныя памочнікі — зладжаны, дружны калектыў. Мне ў гэтым сэнсе вельмі пашанцавала. Ганаруся нашым калектывам і ўдзячна за адданасць прафесіі, за добрасумленную працу і падтрымку!

Валянціна ДРАБЫШЭЎСКАЯ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.