Вы тут

Пісьменнік-публіцыст Іван з Перасвеціцы


«Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» так прадстаўляе Івана Перасветава: «Публіцыст і пісьменнік XVI ст. Паходзіў з беларускага шляхецкага роду...». Больш канкрэтная «Беларуская энцыклапедыя»: «Пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі...» А расійскі бібліёграф, даследчык рускага Сярэднявечча Аляксандр Зімін яшчэ бліжэйшы да ісціны. Па яго меркаванні, Іван Перасветаў нарадзіўся на Браслаўшчыне, у вёсцы Плюсы, якая колісь называлася Перасвеціца. Нярэдка ў яго творах, напісаных па-руску, сустракаецца слова «юнакі». Нярэдка трапляюцца і польскія словы, бо «служил... трем королям». У адной з чалабітных Івану Грознаму назваўся «Ивашко Семенов сын Пересветова». 


Іван Перасветаў

Авантуры ў натуры 

Тры каралі — польскі Жыгімонт І Стары, а таксама чэшкі кароль, аўстрыйскі эрцгерцаг Фердынанд і венгерскі кароль, трансільванскі князь Ян Заполья. У звароце да Івана Грознага пісаў: «Было нас, государь, 300 дворян королевских, короля польского». У іншым месцы: «Было, государь, нас, дворян польского короля, пятьсот». Хутчэй за ўсё ўспамінаў розныя перыяды сваёй службы ў Жыгімонта І Старога, дакладней — у наёмных войсках Фёдара Сапегі. Да яго прыйшоў дзесьці ў канцы 1528 года. Сапега ж, у сваю чаргу, «с ведома» Жыгімонта І знаходзіўся на службе ў Яна Запольі — стаўленіка турэцкага султана. Туркі падтрымлівалі Заполью ў барацьбе з каралём Чэхіі Фердынандам І. 

Разам з Сапегам Перасветаў быў у венгерскага караля да канца 1531 — пачатку 1532 года, калі настала перамір’е паміж прэтэндэнтамі на прастол. Мог развітацца са сваімі нядаўнімі гаспадарамі і па іншай прычыне. У польскай шляхты ўзмацнялася незадаволенасць пратурэцкай арыентацыяй Запольі. А ў выніку Іван Перасветаў парваў і з Сапегам. Ездзіў да Фердынанда з «королевскими грамотами». Удзельнічаў у вайне з туркамі. Пасля накіраваўся «на Волоскую землю» — у Малдавію, дзе каля пяці месяцаў знаходзіўся пры двары ваяводы Пятра Рарэша ў Сочаве. Потым «оставив службы богатые и безкручинные», вырашыў падацца ў Маскву, бо шмат добрага начуўся пра Івана ІІІ. А падобныя сведчанні пра Івана Васільевіча ён атрымаў ад «многих мудрецов» і «великих дохтуров и философов». 

У Маскве апынуўся прыкладна ў 1538–1539 гадах. З сабой прывёз з каралеўства кніжкі і «образцы службы» — «щиты гусарские с макидонсково оброзца, с клеем и с кожею сырицею и с ыскрами и с рожны железными». Прапанаваў іх на ўзбраенне рускага войска, дзеля чаго выказаў жаданне адкрыць спецыяльную майстэрню для іх вырабу. 

Кнігі не трэба? Аддай! 

У 1533 годзе, як вядома, вялікім князем «усяе Русі» быў аб’яўлены сын Івана ІІІ, які ўвайшоў у гісторыю як Іван Грозны. Яму споўнілася толькі тры гады, рэгенткай пры ім да 1538 год з’яўлялася яго маці Алена Глінская. Пасля яе смерці з 1538 да 1548 года правілі баярскія групоўкі Шуйскіх, Бельскіх, Глінскіх. Іван ІV самастойна пачаў кіраваць з 1549 года, хоць ужо ў 1547-м быў аб’яўлены царом. 

Да Івана ІV, нягледзячы на яго малалецтва, і звярнуўся Іван Перасветаў, жадаючы служыць Маскве. У адным з твораў чытаем: «И ты, государь, образецъ службы моей смотрил, и Михайлу Юрьевичу <...> же дал. И Михайло Юрьевич образца посмотрив и тебе, государю, службу мою похвалил и обо мне тебе, государю, печаловался». Міхаіл Юр’евіч — гэта баярын Захар’ін. Быў не толькі вядомым дзяржаўным дзеячам, але і ваяводам, які праславіўся як знаўца артылерыі. Таму прапанова аб стварэнні майстэрні, дзе б вырабляліся шчыты па ўзоры, прадстаўленым ім, была ўхвалена. 

Але Перасветаў нядоўга карыстаўся падтрымкай. Захар’ін памёр. Пасля гэтага Іван Сямёнавіч стаў у Маскве нікому не патрэбны. Па яго прызнанні, служба «задлялася» на адзінаццаць гадоў — столькі часу ён быў пакінуты на волю лёсу. Пашанцавала ў 1549 годзе: «у празника в церкве Рожество пречістыя Богродицы» змог наблізіцца да цара і перадаць яму «две книжки с речами царскими», што былі вывезены з Вялікага Княства Літоўскага і «из иных королевств». Іван ІV, на жаль, з дарункамі не пазнаёміўся. Яны аселі ў гасударавай казне, хоць Перасветаў быў «гораздо пожалован». 

Звяртаючыся да рускага цара, меў на ўвазе не карыслівыя мэты, а хацеў, па меры магчымасці і ўласнага вопыту, дапамагчы яму ў дзяржаўным упарадкаванні Масковіі, таму ў тым жа 1549 годзе ўслед за «Малой чалабітнай» (яна была перададзена 8 верасня), накіраваў і другую — «Вялікую... Дзейнічаў рашуча, асмеліўся нават заявіць Івану ІV, што калі «не полюбится службишко мое и речи» яго, то няхай «книжки» и «почетки» верне. А мяркуючы, што перададзеныя раней матэрыялы маглі згубіцца, цяпер падрыхтаваў копіі «книжиц». 

Дзе ўзорнае воінства 

На гэтым у біяграфіі Івана Перасветава трэба паставіць кропку, бо далейшы лёс яго невядомы. А кніжкі захаваліся — «Казанне пра цара Канстанціна» і «Казанне пра Магмет-Султана», што па жанры набліжаюцца да алегарычных аповесцей-памфлетаў і якія трэба разглядаць як помнікі грамадска-палітычнай думкі і ў рэшце рэшт як помнікі літаратурныя. 

У сваіх казаннях ён як бы падагульняе вопыт дзяржаўнага кіравання і ўпарадкавання дзвюх краін — Візантыі і Турцыі, стаўленне да якіх у яго неаднолькавае. У Турцыі, нягледзячы на тое, што яна была мусульманская, ці, як тады казалі, «басурманская», знаходзіў шмат станоўчага, таму і прапанаваў яе рускаму цару ў якасці ідэальнай дзяржавы. І, наадварот, хоць Візантыя з Руссю былі адной веры, гэта не перашкодзіла ўбачыць у ёй шмат адмоўнага. Неаднаразова перасцерагаў Івана ІV, каб той не паўтараў памылак, зробленых у розны час візантыйскімі правіцелямі. 

У літаратуры, у духоўным вопыце Іван Перасветаў бачыў надзіва жыватворную і жыццядайную крыніцу. За прагу да ведаў і паважаў Магмет-Султана, бо той «снял образец жития света сего от христианских книг» і толькі пасля гэтага распачаў рэформы, якія з поспехам можна пераняць і Масковіі. Не забываў нагадваць, што Магмет-Султан у ажыццяўленні планаў спадзяваўся і на сваё «образцовое воинство». Дзякуючы гэтаму і выходзіў пераможцам у многіх войнах, заваяваў Візантыю, узяў свяшчэнны Царград. 

Калі маскоўскія кніжнікі паражэнне візантыйцаў вытлумачвалі паслабленнем у іх хрысціянскай веры пад уплывам «лацінства», якое пачалося пасля прыняцця Фларэнційскай уніі, то Іван Перасветаў прытрымліваецца іншай думкі. У сваіх меркаваннях і развагах куды бліжэй быў да ісціны: «...велможи греческия при царе Констянтине Ивановиче царьством обладали и крестное целование ни во чтоже ставили, и изменяли, и царьство измытарили своими неправедными суды, от слез и от крови християнския богатели и богатство свое наполнили нечистым собранием. А сами обленивеле за веру християнскую крепко не стояли и царя укротили от воинства своими вражбами, и прелестными путми, и ерестными чародействы...» 

Добрае імя трэба даказаць 

Чым не сітуацыя, што склалася тады на Русі, калі баяры, адчуваючы беспакаранасць, дбалі толькі аб асабістай нажыве: «Вельможи руского царя сами богатеют а ленивеют, а царьство оскужают его. И тем ему слуги называются, что цветно и конно и людно выезжают на службу его, а крепко за веру християнскую не стоят и люто против недруга смертною игрою не играют, тем Богу лгут и государю...» 

Выкрываючы рускае дваранства, дводзіў цару, што поспехі тых, хто знаходзіцца на дзяржаўнай службе, не павінны быць звязаны з іх саслоўным паходжаннем. Добрае імя кожны павінен пацвердзіць канкрэтнымі справамі на карысць Айчыны. Таму Магмет-Султан і адмяніў прывілеі вяльможам, знішчыў так званую сістэму «кармленняў», жорстка караў хабарніцтва. Разам з тым Перасветаў разумеў, што ўлада правіцеля будзе моцнай, калі побач акажуцца аднадумцы. Апору Магмет-Султан бачыў у «воинниках», а, прасцей кажучы, — у служылых людзях. Раіў Івану ІV «воинника всегда чредити яко сокола, сердце ему веселити, ни в чемъ кручины на него не напускати». Карысць для дзяржаўнай казны будзе большай, калі тыя, хто клапоціцца аб паступлені грошай у яе, атрымаюць шчодрае ўзнагароджанне. 

Дзеля ўмацавання дзяржавы ён не адмаўляў і жорсткіх мер. І тут таксама звяртаўся да вопыту турэцкага султана. І трэба сказаць, што ў сваім захапленні яго «вопытам» не ведаў меры. Калі суддзі Магмет-Султана парушылі правіла, ён загадаў зняць з іх скуру і пры гэтым яшчэ пажартаваў па-чорнаму: «Обростешь телом, отдастъ ти ся вина тася». Пасля скуры (і падумаць страшна!) былі вывешаны ў судах з прымацаванай на іх паперкай: «Без таковыя грозы правды в царстве не мочно ввести». 

Пад «грозой» ён меў на ўвазе цвёрдасць волі правіцеля, калі той мусіў прымаць самыя строгія меры дзеля навядзення парадку ў дзяржаве. Але «гроза» не павінна была прыводзіць да несправядлівасці. У сувязі з гэтым важным з’яўляецца дыялог валошскага ваяводы Пятра і нейкага масквіцяніна Ваські Мерцалава з «Вялікай чалабітнай»: «Таковое сильное и славное, и всемъ богатое то царьство Московское! Есть ли в том царьстве правда?.. Ты гораздо знаешь про то царьство Московское, скажи ми подлинно!» — «Вера, государь, християнская добра, всемъ сполна и красота церковная велика, а правды нету». Пачуўшы такое, ваявода са словамі: «Коли правды нетъ, ино то и всего нету», — заплакаў. 

Калі анёлы гутараць 

Паняцце «праўды» Перасветаў асэнсоўвае і ў іншых месцах. Ёсць у яго і нечаканае параўнанне: «...Богъ не веру любит, правду...» Аднак яно хутчэй за ўсё з’явілася не з-пад пяра самога Івана Перасветава, а было дапоўнена кімсьці з перапісчыкаў. У цэлым жа праўда для яго — не столькі маральны, колькі палітычны ідэал, і яна цесна звязана з яшчэ адным важным паняццем — справядлівасцю. А справядлівасць — усё тое, што працуе ў імя праўды. Таму і заставаўся жорсткім прыхільнікам цэнтралізаванай улады, якая люта карае непаслушнікаў і адначасова не прымае насілля над тымі, хто жыве праведна, не парушае законаў. 

З поглядамі Івана Перасветава ў нечым можна спрачацца. Відавочна і тое, што ў сваіх развагах ён ідэалізаваў Івана Грознага. Дый і прыклады, якія раіць яму пераняць у туркаў дзеля ўмацавання краіны, з вышыні сённяшняга дня выглядаюць далёка не лепшым чынам. Аднак не будзем забываць, што яго творы цікавыя і з літаратурнага боку. Тыя ж чалабітныя напісаны не казённай, а жывой мовай. Многія выказванні ўспрымаюцца афарыстычна. У мастацкую канву сваіх твораў, развіваючы тагачасную літаратурную традыцыю, уводзіў прытчы, а гэта збліжае яго казанні са старажытнарускай літаратурай, якая таксама надавала падобнаму жанру вялікую ўвагу. 

«Казанне пра Магмет-Султана» заканчваецца такімі словамі: «Чтобы к той истинной вере християнской да правда турецкая: ино бы с ними ангелы беседовали». За імі — увесь Іван Перасветаў з яго жаданнем ідэальнага грамадства, якое б увабрала ў сябе ўсё лепшае, што ёсць у іншых народаў, і з імкненнем зблізіць народы. 


Ён, бадай, стаў ахвярай беззаконня. Знайшліся ахвочыя абвінаваціць Івана Сямёнавіча ў здрадзе. Меркаваць так дае падставы «черный список Ивашки Пересветова да Петра Губастого и иные списки», што захаваўся ў «Вопісе царскага архіва» за 1562–1572 гг.«. Відаць, з ім вырашылі расправіцца тыя, хто зайздросціў падтрымцы, якую ён меў ад цара. Іван Грозны паверыў паклёпу. Яшчэ адзін цікавы момант у біяграфіі Івана Перасветава. Ён лічыў сябе нашчадкам былога бранскага баярына і манаха Аляксандра Перасвета. Многія ведаюць пра «паядынак багатыроў». Пасля таго, як адначасова загінулі Перасвет і татарын Чалубей, і пачалася Кулікоўская бітва. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.