Вы тут

Наталля Качанава правяла сустрэчы з групамі міжнародных назіральнікаў ад ПА АДКБ і МПА СНД


На пачатку Старшыня Савета Рэспублікі падзякавала дэлегацыі за ўдзел у назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Спікер верхняй палаты парламента разлічвае на аб’ектыўную і прафесійную ацэнку міжнародных назіральнікаў за ходам выбарчага працэсу ў нашай краіне. 


«Павінна быць аб’ектыўнасць»

Наталля Качанава падкрэсліла, што выбары — важны палітычны этап у развіцці кожнай дзяржавы, і ў Беларусі гэтаму працэсу надаецца вялікая ўвага. «Да гэтай выбарчай кампаніі мы рыхтаваліся сур’ёзна, — удакладніла яна. — У 2022 годзе на рэферэндуме, які адбыўся, вашы калегі, якія працавалі тут, бачылі, наколькі людзі былі актыўныя, каб унесці дапаўненні і змяненні ў Асноўны Закон нашай краіны — у Канстытуцыю. І людзі сталі больш палітызаваныя, ім цікавы гэты працэс. Таму мы шмат працавалі над абноўленай Канстытуцыяй, прымалі і ацэньвалі прапановы». 

Шэраг з іх, дарэчы, унеслі і члены Савета Рэспублікі. У прыватнасці, аб правядзенні адзінага дня галасавання. Беларускі народ падтрымаў гэтую прапанову. 

Спікер верхняй палаты парламента расказала, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аўтаматычна становяцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. «Для нас гэта не новая форма работы, але цяпер Усебеларускі народны сход мае канстытуцыйны статус, гэта найвышэйшы орган народаўладдзя, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Таму такая ўвага ўдзяляецца і кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў».

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што для Беларусі вельмі важна, каб гэтая выбарчая кампанія прайшла сумленна, адкрыта, галосна. Яна расказала, што звыш 57 тысяч нашых грамадзян удзельнічае ў рабоце камісій. 

Кажучы аб рабоце міжнародных назіральнікаў, спікер заўважыла, што не ўсе міжнародныя місіі запрошаны для работы ў Беларусі. «Яшчэ ўказа Прэзідэнта не было аб прызначэнні выбараў, а яны (БДІПЧ АБСЕ. — „Зв“.) ужо казалі аб тым, што тут усё няправільна, — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі. — Павінна быць аб’ектыўнасць. Я вельмі спадзяюся на тое, што вы дадзіце аб’ектыўную, прафесійную ацэнку таму, як адбываецца выбарчая кампанія ў нашай краіне». 

«Голас дэпутатаў павінен гучаць больш ярка»

Кажучы аб паўнамоцтвах дэпутацкага корпуса, Наталля Качанава падкрэсліла, што голас дэпутатаў павінен гучаць больш ярка. «Яны павінны даносіць праўду аб працэсах, якія адбываюцца ў нашай краіне, чым і як жыве наш народ, — канкрэтызавала спікер. — Мы аб’явілі, Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў, бязвізавы рэжым з нашымі суседзямі. Гэта краіны Балтыі, Польшчы — калі ласка, прыязджайце. Людзі едуць, бачаць, як жыве народ. І, вядома, яны нясуць гэтую праўду, якая там не патрэбна. У гэтай сітуацыі нам важна, каб як мага больш людзей у свеце ведала праўду аб рэчаіснасці, як жыве Рэспублікі Беларусь. Мы жывём, развіваемся, прычым дастаткова паспяхова».

«Мы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб мір быў на зямлі»

Старшыня Савета Рэспублікі паведаміла, што пасля таго, як будзе сфарміраваны дэпутацкі корпус, пройдзе першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу. Гэтым канстутыцыйным органам будуць зацверджаны Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Ключавое ў гэтых найважнейшых дакументах, як падкрэсліла спікер, — міралюбівая палітыка нашай краіны ў адносінах да ўсіх дзяржаў у свеце.

«Мы разумеем, што апаненты ўлады, якія сёння імкнуцца ўнесці раскол у наша грамадства, не супакойваюцца, — патлумачыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Яны плануюць і сілавы захоп улады, і ў такія важныя палітычныя перыяды шматлікага роду тэракты. У апошні час нашы сілавыя структуры затрымліваюць экстрэмістаў, тэрарыстаў з украінскай тэрыторыі. Далей яны плануюць, разумеючы, што цяпер не атрымаецца, гуляць у доўгую для таго, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне, зрабіць усё для таго, каб тое, што адбываецца на тэрыторыі Украіны, было і ў нас, бо мы — плацдарм для Расійскай Федэрацыі. Мы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб мір быў на зямлі. Нельга ўмешвацца ва ўнутраныя справы кожнай краіны. Кожная краіна жыве і развіваецца па сваіх традыцыях, у адпаведнасці са сваімі законамі».

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што вельмі важным з’яўляецца тое, як людзі рэагуюць на выбарчую кампанію. Мяркуючы па датэрміновым галасаванні, яўка вышэйшая ў параўнанні з рэферэндумам. Спікер паведаміла, што прынцыпова ходзіць галасаваць у асноўны дзень галасавання, бо для яе — гэта свята. «Мы ўдзячны вам за тое, што вы разам з намі ў гэты важны перыяд у жыцці нашай краіны», — рэзюмавала Наталля Качанава. 

Прадстаўнікі місіі задалі спікеру пытанні, якія іх цікавяць, — у выніку адбыўся шчыры і канструктыўны дыялог. 

У размове з журналістамі каардынатар групы міжнародных назіральнікаў ад Парламенцкай Асамблеі АДКБ, член Камітэта Жагорку Кенэша Кыргызскай Рэспублікі па аграрнай палітыцы, водных рэсурсах, экалогіі і рэгіянальным развіцці Алішэр Эрбаеў назваў сустрэчу са Старшынёй Савета Рэспублікі сяброўскай і плённай. 

«Мы вывучылі ваша заканадаўства, паглядзелі на падрыхтоўку да выбараў, — удакладніў ён. — Падрыхтоўка — на належным узроўні, з выкананнем усіх стандартаў міжнароднага права і адпавядае Канвенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

Пры гэтым каардынатар групы міжнародных назіральнікаў ад ПА АДКБ адзначыў, што выбарчы працэс у Беларусі мае шэраг асаблівасцяў. «Напрыклад, я прадстаўляю парламент Кыргызскай Рэспублікі, і ён адрозніваецца ад усіх парламентаў краін-удзельніц АДКБ: усюды двухпалатны, а ў нас аднапалатны, — расказаў Алішэр Эрбаеў. — Выбарчы працэс у нас поўнасцю праходзіць па біяметрычных даных, у аўтаматызаваным рэжыме». 

Таксама Наталля Качанава сустрэлася з міжнароднымі назіральнікамі ад Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД

Старшыня Савета Рэспублікі падзякавала місіі за назіранне за выбарамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціны Матвіенкі, якая прыняла рашэнне накіраваць такую прадстаўнічую місію ў нашу краіну.

Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла, што для кожнай краіны правядзенне электаральнай кампаніі — заўсёды вялікая адказнасць, важны этап, які вызначае далейшае развіццё дзяржавы. Па словах Наталлі Качанавай, для беларусаў бягучыя выбары асаблівыя, бо ў нас упершыню прыходзіць адзіны дзень галасавання. Спікер расказала, што гэтаму папярэднічала маштабная работа, звязаная з рэферэндумам па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, які праходзіў у 2022 годзе. 

«У сваёй рабоце выкарыстоўвалі тое мадэльнае заканадаўства, якое сёння дзейнічае ў МПА СНД, — удакладніла Наталля Качанава. — І канвенцыі, і рэкамендацыі, якія былі прыняты. Усё гэта мы ўлічвалі пры ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс». 

Спікер падкрэсліла, што адзіны дзень галасавання з’яўляецца адказным перыядам у жыцці нашай краіны, калі мы выберам дэпутатаў усіх узроўняў: пачынаючы ад сельскіх Саветаў, заканчваючы Палатай прадстаўнікоў. «А крыху пазней, 4 красавіка, — членаў Савета Рэспублікі будуць ужо выбіраць зноў выбраныя дэпутаты, — канстатавала Наталля Качанава. — Тады мы сфарміруем новы склад дэпутацкага корпуса, які, у адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, будзе працаваць пяць гадоў. І для нас вельмі адказна, што ўпершыню адразу ж у найкарацейшыя тэрміны мы павінны будзем сфарміраваць Усебеларускі народны сход».

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што што ў Беларусі прынялі абсалютна новы Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе». У Канстытуцыю ўнеслі, што гэта канстытуцыйны орган, найвышэйшы орган народаўладдзя ў нашай краіне. Спікер праінфармавала міжнародных назіральнікаў аб тым, што Усебеларускі народны сход будзе зацвярджаць найважнейшыя стратэгічныя дакументы нашай краіны — Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

Наталля Качанава паведаміла, што летам Беларусь адзначыць 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і запрасіла прадстаўнікоў місіі да ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах. Яна падкрэсліла, што захаванне гістарычнай памяці з’яўляецца вельмі важным аспектам дзяржаўнай палітыкі. Невыпадкова ў Беларусі па ініцыятыве генеральнай пракуратуры ідзе расследаванне крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Кажучы аб электаральным працэсе, Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на актыўнасць выбаршчыкаў. Па стане на ўчарашні дзень, яўка грамадзян на датэрміновым галасаванні склала 33, 61% выбаршчыкаў. «Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што актыўнасць людзей вельмі высокая, — рэзюмавала спікер. — Будзем рады пачуць вашу прафесійную, аб’ектыўную ацэнку электаральнай кампаніі ў Беларусі, каб выкарыстаць гэтую інфармацыю ў далейшай рабоце».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.