Вы тут

Да музейнага пакоя ў Грабаўскай сярэдняй школе Гомельскага раёна вядзе... пах


Тонкі пах становіцца насычаным, калі разам з настаўнікам біялогіі Аленай Баравіковай адчыняем дзверы і трапляем у сапраўднае царства водараў. 33 шкляныя ёмістасці напоўнены травамі, вырашчанымі ці сабранымі на тэрыторыі вакол гэтай школы. А яшчэ тут складаныя букеты, кампазіцыі, сашэ, разнастайныя падарункавыя скрыначкі з пахкім змесцівам. Незвычайныя экспанаты, запэўнівае педагог, выкарыстоўваюцца на занятках, а не толькі цешаць вока і органы нюху.


Настаўнік біялогіі  Алена Баравікова з вучнямі

Калекцыя, якая працуе

— Менавіта тут у сёмым класе мы вывучаем тыпы, класы і сямействы. Напрыклад, паказваю роднасныя прыкметы сямейства раслін. Бываем тут на геаграфіі і краіназнаўстве, калі вывучаем флору. Глядзім прыродныя зоны — дзе што вырошчваюць. Дзеці, калі трымаюць на далоньцы пахкія пацеркі, хутка запамінаюць, што, напрыклад, В’етнам займае першае месца ў свеце па экспарце чорнага перцу. Калекцыя змяняецца з году ў год — травы ўвесь час абнаўляюцца.

Алена Васільеўна распавядае, што ідэя стварыць незвычайны музей водараў узнікла ў 2010 годзе. Менавіта тады школьнікі, знаходзячыся ў летнім лагеры, збіралі расліны для гербарыя. Хтосьці прынёс велізарны букет мяты і паклаў яго на парту.

— І тады адна з маіх вучаніц сказала: «Як добра было б захаваць водар лета». З гэтага ўсё і пачалося. Цяпер у нашай калекцыі самыя розныя віды раслін. Частка — культурных, частка — дзікарослых. Мы сталі апытваць мясцовых жыхароў, якія расліны яны ўжываюць у ежу. Пятрушку і кроп ведалі ўсе. А вось пра тое, што ў гародзе можна вырошчваць мацярдушку і базілік, раней ведалі нямногія. Мы навучыліся вырошчваць гэтыя і іншыя цікавыя расліны — такая градка прыгожая атрымалася! На ёй, напрыклад, манарда, некалькі відаў мяты, мацярдушка, лаванда, палын, аксаміткі... Ведаеце, што аксаміткі ў Грузіі называюць «імерацінскі шафран» і дадаюць у спецыі?

Хрызантэма для салаты

А яшчэ, высвятляецца, хрызантэма — гэта не толькі выдатныя восеньскія кветкі, але і... гародніна. Некаторыя сарты з мноствам лісця рэкамендуюцца для ўжывання ў ежу. У Грабаўцы не тэарэтызуюць доўга. Проста садзяць на градку і потым прапануюць наразаць мясістае вельмі карыснае лісце ў салату.

Выхавальнік Святлана Шульга з дзецьмі

— Лісце і кветкі хрызантэм мы збіраем. Пасля зрэзкі кусцікі хутка зноў абрастаюць. Смак у іх нейтральны. Зеляніна ўтрымлівае шмат калію. Дарэчы, кветачкамі хрызантэмы ўпрыгожваюць нават вясельныя тарты. У Кітаі і Японіі іх ядуць. Калі захочаце пасадзіць хрызантэму агароднінную, — Алена Васільеўна адразу пераходзіць да рэкамендацый, — майце на ўвазе, што ўсходжасць насення і выжывальнасць раслін вельмі добрая. Такім чынам можна атрымліваць зеляніну хрызантэмы круглы год.

Захавальнік водараў распавядае, што школьны музей ведаюць усе жыхары Грабаўкі. Адны зазываюць у госці, каб падарыць галінку тыбецкага шалфею ці цытрынавага палыну. Усе разам збіраюць у гістарычным Грабаўскім парку дзікарослую цыбулю.

— У гэтай расліне велізарная канцэнтрацыя вітаміну С і карысных мікраэлементаў, — растлумачвае Алена Баравікова. — Цыбуля падыходзіць для вясновай салаты. А яшчэ ў нашай школе кожны месяц асаблівы. Прайшлі «палынавы верасень», «кастрычнік, які пахне хрызантэмай», «лістапад са смакам і водарам айвы», «снежаньскія вітаміны шыпшыны»...

Гістарычныя вечарыны і бізнес

Такая магія водараў знаходзіць працяг пры арганізацыі ўтульных школьных мерапрыемстваў. Тэматычны вечар можа быць прысвечаны, напрыклад, адной пэўнай расліне. Усім удзельнікам трэба знайсці стыльныя ўборы ў вызначаным колеры, зрабіць адпаведны макіяж, падрыхтаваць цікавую інфармацыю і мастацкія творы, вывучыць вершы…

З жалудоў атрымаецца дубрава

Заалагічны куток Грабаўскай школы

— Напрыклад, на мятную вечарынку мы п’ём чай з гэтай выдатнай раслінай, з заплюшчанымі вачыма імкнёмся апазнаць розныя пахі, — выкладае свае ідэі Алена Васільеўна. — У нас плануецца правесці кававы фестываль. Можна будзе пакаштаваць каву з кардамонам, з бадзяном, з карыцай... Духмяныя сезоны прысвецім Кацярыне Вялікай, якая вельмі любіла каву і калісьці даўно праязджала праз наш населены пункт. Зробім кававую вечарынку ў стылі XVІІІ стагоддзя. Ёсць думка правесці ў нашай цудоўнай Грабаўцы кантры-фестываль.

Яшчэ адзін кірунак работы музея водараў — стварэнне духмяных сувеніраў. За гэта адказвае намеснік дырэктара і кіраўнік бізнес-кампаніі «Юны прадпрымальнік» Наталля Панькова:

— Сёння мы вырабляем духмяныя паштоўкі, чаі, водарныя боксы, сашэ для араматызацыі адзення і памяшканняў — альтэрнатыву штучным араматызатарам. Прадукцыі вырабляем шмат. Усё вырашчана сваімі рукамі без хімікатаў. Музей жыве і развіваецца, а ў нас нараджаюцца новыя ідэі. Адны школьнікі ствараюць гэту прыгажосць, іншыя афармляюць, трэція прадаюць. Пакуем прыгожа, каб людзям спадабалася. Мы ўзаемадзейнічаем з Гомельскім медыцынскім каледжам. Многія дзеці, якія ўдзельнічаюць у нашай бізнес-кампаніі, будуць ведаць, як ствараць свой бізнес. У будучыні ім гэты досвед спатрэбіцца.

Прафарыентацыя спакваля

У актыў музея ўваходзяць старшакласнікі. Арцём Ганчарэнка — алімпіяднік і актывіст, цяпер вучыцца ў 10 класе. Юнак кажа, што бачыць сябе ў будучыні настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У роднай школе, вядома.

Намеснік дырэктара Наталля Панькова з вучнямі

— На конкурсе «100 ідэй для Беларусі» я прадстаўляў наш музей водараў і нашу гістарычную ліпавую алею. Хацеў бы вучыцца ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны і потым вярнуцца сюды працаваць. Пакуль што хачу правесці даследаванне наконт назваў раслін на беларускай, рускай мовах і мясцовых дыялектах.

Сярод пахаў мясцовага лесу дзеці знаходзяць сабе справы па душы. Менавіта тут школьнікі разумеюць, што ім больш падабаецца: батаніка, краязнаўства, фармацэўтыка, медыцына ці, напрыклад, як дзевяцікласніцы Багдане Нікіцінай, ландшафтны дызайн:

— Хачу стаць дызайнерам інтэр’ера і ландшафту. Я дапамагаю Алене Васільеўне ствараць сувеніры. Прыгажосць і эстэтыка важныя ў жыцці, і мне вельмі падабаецца ўсё прыводзіць у гармонію.

Каця Іванчанка, як і Настасся Цыганова, займаецца пакаваннем духмяных сувеніраў. Каця ў школьнай бізнес-кампаніі — яшчэ і памочнік кіраўніка:

— У нашым музеі кожны вучань можа знайсці тое, што менавіта яму больш падабаецца. Я дапамагаю пакаваць сувеніры, а для гэтага папярэдне трэба падабраць паперу, выразаць, прыдумаць дызайн.

Наталля Мельнікава збіраецца паступаць у каледж на майстра лесу. Дзевяцікласніца ўпэўнена, што досвед удзелу ў школьнай бізнес-кампаніі абавязкова будзе запатрабаваны:

— Я на градках вырошчвала і потым збірала розныя расліны. Ведаю, што кожнай патрэбна свая глеба, умовы, падыход.

Дуб пачынаецца з жолуда

Дарэчы, рыхтаваць леснікоў тут павольна пачынаюць з дзіцячага садка, адзначае выхавальнік Святлана Шульга і бярэ ў рукі вялікую рэптылію:

— Глядзіце, гэта чарапаха вельмі вялікая, але яна не кусаецца, а вось гэтыя меншыя, у акварыуме — больш небяспечныя, яны любяць паесці на сняданак мяса. Таму іх мы ў рукі браць не будзем.

Малым вывучаць паводзіны чарапашак не менш цікава, чым вырошчваць сапраўдны дуб. Гэтай сур’ёзнай справай з дзецьмі займаецца выхавальнік Наталля Шарко. Педагог падрабязна растлумачвае, што трэба рабіць, каб маленькі жолуд ператварыўся ў велізарнае магутнае дрэва:

Выхавальніца Наталля Шарко з дзецьмі

— У нас з дзецьмі ідзе сапраўдная даследчая работа. Тут, у Грабаўцы, ёсць дубы, з якіх дзеці збіраюць якасны пасадачны матэрыял. Жалуды прарошчваюць і назіраюць, як развіваюцца расліны.

У педагогаў ёсць мэта — высадзіць вырашчаныя дубы ў лясным масіве недалёка ад школы. Дарэчы, установа адукацыі знаходзіцца ў гістарычным месцы. Праз населены пункт некалі праходзіў шлях імператрыцы Кацярыны ІІ з Пецярбурга ў Кіеў. Магутныя ліпы і дагэтуль вызначаюць «Кацярынінскі шлях».

— Дубовы парк — дуброву плануем дзесьці паблізу размясціць, — адзначае дырэктар Грабаўской сярэдняй школы Гомельскага раёна Таццяна Мацюшэнка. — Школьнае лясніцтва для старшакласнікаў у нас існуе вельмі даўно. Але сёння мы аб’яднаны ў комплекс з дзіцячым садам. Хочам, каб дзеці з маленства спасцігалі асновы прыродазнаўства. Ну, а форму для малых падарыў Гомельскі лясгас. Гэта абсалютная копія формы дарослых: з таго ж матэрыялу, з тымі ж нашыўкамі. Мы жывём сярод лесу і, вядома, вельмі сябруем з тымі, хто гэты лес ахоўвае. Леснікі прыходзіць да нас, а мы наведваем іх.

Леснікі і медыкі

Сёння ва ўстанове адукацыі працуюць над стварэннем экалагічнай сцяжынкі. Плануюць не занадта працяглы, але вельмі цікавы маршрут. Ён будзе пачынацца ад установы адукацыі і пройдзе ў межах населенага пункта, дзе ёсць усе асноўныя прыродныя зоны, пра якія цікава даведацца юным абаронцам прыродных багаццяў Беларусі. Намеснік дырэктара Грабаўскай сярэдняй школы Наталля Панькова кажа, што праект, распрацаваны педагогамі ўстановы адукацыі, прадугледжвае рознабаковае экалагічнае выхаванне дашкольнікаў на працягу ўсяго навучальнага года:

— У праграме — экалагічны дэсант, квэст, акцыі «Пасадзі дрэва» і «Чысты лес», фотавыставы і тэматычныя гутаркі, экапаляванне і вывучэнне экалагічнага становішча. Наш праект «Дашкольнае лясніцтва» спрыяе стварэнню выхаваўча-адукацыйнага асяроддзя, у якім дашкольнікі падчас практычнай дзейнасці набудуць навыкі лесаводчай, прыродаахоўнай дзейнасці.

Сёння многія дарослыя выпускнікі Грабаўскай школы ганарацца «сваім» навакольным лесам. Яны былі членамі мясцовага лясніцтва, як і сённяшнія вучні школы, а значыць, удзельнічалі ў працоўных акцыях, у навядзенні парадку ў лясных масівах, у назіраннях за прыродай і, вядома, у пасадках дрэў. Многія вызначыліся з прафесіяй менавіта дзякуючы ўдзелу ў рабоце школьнага лясніцтва і сёння ўжо працуюць па розных спецыяльнасцях лясной гаспадаркі.

— А яшчэ сярод маіх былых вучняў вельмі шмат медыкаў, — адзначае кіраўнік «Музея водараў» Алена Баравікова. — Ёсць і хірургі, і тэрапеўты, і фітатэрапеўты, і медсёстры розных профіляў. Я з усімі на сувязі, яны заходзяць у госці, прывозяць пахкія сувеніры. Нават тыя, чыя прафесія ніяк не звязана з біялогіяй, аб’яднаны духмяным захапленнем.

Прырасці да сваёй зямлі

Начальнік аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама Кацярына Пляга ўпэўнена, што экалогія — гэта частка патрыятычнага выхавання школьнікаў:

— Вучні Грабаўскай сярэдняй школы набываюць не толькі добрыя веды, але і ўменні працаваць рукамі. Атрыманыя навыкі дазволяць ім у будучыні нябедна існаваць на сваёй зямлі. Яны на сваім досведзе ведаюць, як пасадзіць расліны, як іх сабраць і перапрацаваць, як прадаць. Адначасова прыходзіць такая неабходная ўсім нам любоў да роднай зямлі. Па сутнасці, яны самі каранямі прырастаюць да гэтай унікальнай вёскі, да свайго раёна. Такім чынам адначасова ідзе экалагічная, этнаграфічная і патрыятычная работа. Дзеці, узрастаючы, якарацца на гэтай зямлі. Цяжка кінуць і з’ехаць ад таго, да чаго ты моцна прывязаны. Таму мясцовыя, нават калі з’язджаюць адсюль, не забываюць сваю малую радзіму і абавязкова вяртаюцца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Водар любові да роднай зямлі

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.