Вы тут

Айчыннае кнігавыданне паўстагоддзя таму


Часам сухія дакладныя запіскі, якія пільна захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, падаюцца даволі красамоўнымі справаздачамі пра шырокую, неабсяжную супольную працу і творчай грамадскасці, і органаў дзяржаўнага, на той час, час даўно мінулых дзесяцігоддзяў, рэспубліканскага кіравання...


У лютым 1968 года сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся да Першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава і старшыні Савета Міністраў БССР Ціхана Якаўлевіча Кісялёва з даволі прэтэнзійнай і разам з тым, відавочна, шмат у чым абгрунтаванай запіскай. Пра градус напружвання тэмы сведчаць наступныя словы (пад імі падпісаліся Максім Танк, Янка Брыль, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Мікола Ткачоў, Іван Шамякін, Аляксей Кулакоўскі): «За апошнія дзесяць гадоў у адносінах выдавецтва з пісьменнікамі адбыліся змены, якія парушылі ранейшыя, нармальныя ўзаемадачыненні паміж пісьменнікамі і выдавецтвамі. Змены гэтыя адбыліся пад націскам фінансавых органаў рэспублікі і з’яўляюцца аднабаковымі, выгаднымі толькі адной старане — выдавецтву, несправядлівымі ў адносінах да пісьменнікаў.

Гэтыя пытанні неаднойчы ўздымаліся пісьменнікамі на розных сходах, і мы лічым сваім абавязкам паставіць іх перад ЦК Кампартыі Беларусі і Саветам Міністраў БССР...»

Што ж было на самай справе?.. Якой была кніжная, кнігавыдавецкая рэчаіснасць на самай справе?.. Звернемся да адной пазіцыі, бо за ёю — лічбы і факты. Па прычыне звароту літаратараў у ЦК і ва ўрад старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку Рыгор Канавалаў са сваімі падначаленымі падрыхтаваў даволі падрабязную даведку... Звернемся да яе, каб паспрабаваць прасвятліць пытанне, агучанае аўтарытэтнымі пісьменнікамі, кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў (сярод аўтараў звароту — шэсць прадстаўнікоў сакратарыята Саюза і сакратар партыйнай арганізацыі грамадскага творчага аб’яднання).

«Творы беларускіх пісьменнікаў у сённяшні час выпускаюцца ў асноўным выдавецтвамі „Беларусь“ і „Народная асвета“ (нагадаем, што не было яшчэ тады ні „Мастацкай літаратуры“, ні „Юнацтва“, ні „Полымя“. — К. Л., В. С.). Штогод у сярэднім выдаецца 135 назваў кніг на роднай мове. Выданне кніг расце па колькасці назваў, аб’ёму і тыражах. Калі ў 1947 годзе было выдадзена 46 назваў кніг агульным аб’ёмам 379 друкаваных аркушаў, тыражом 560 тысяч экзэмпляраў, то ў 1957 годзе — 89 назваў кніг агульным аб’ёмам 829 друкаваных аркушаў, тыражом 1226 тысяч экзэмпляраў. У 1966 годзе выдадзена 136 назваў беларускай мастацкай літаратуры на беларускай мове агульным аб’ёмам 1198 друкаваных аркушаў, тыражом 3802 тысячы экзэмпляраў, у 1967 годзе — 135 назваў агульным аб’ёмам 1173 друкаваныя аркушы, тыражом 3735 тысяч экзэмпляраў. На 1968 год запланавана выдаць (даведка была датавана сакавіком 1968 года. — К. Л. , В. С.) 181 кнігу агульным аб’ёмам 1672 друкаваных лістоў, тыражом 5649 тысяч экзэмпляраў...»

Міністр нагадвае, што яшчэ да V з’езда пісьменнікаў Беларусі Дзяржкамітэтам па друку сумесна з выдавецтвамі быў распрацаваны зводны план перавыдання найлепшых твораў беларускай літаратуры на 1966–1970 гадоў. Што ж было вызначана ў прыярытэтах? Зборы твораў вядомых літаратараў — Петруся Броўкі ў чатырох тамах, Івана Шамякіна ў пяці тамах, Аркадзя Куляшова ў чатырох тамах, Максіма Танка ў чатырох тамах, Міхася Лынькова ў чатырох тамах, Пятра Глебкі ў трох тамах, Янкі Брыля ў чатырох тамах, Пімна Панчанкі ў трох тамах, Максіма Лужаніна ў трох тамах, Піліпа Пестрака ў пяці тамах, Івана Мележа ў пяці тамах. План выдання, падкрэслівае Рыгор Канавалаў, быў разгледжаны ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Па прапанове праўлення Саюза пісьменнікаў у план дадаткова было ўключана выданне Збору твораў Аляксея Кулакоўскага ў чатырох тамах (яно і зразумела: «забыліся» ж на сакратара партыйнай арганізацыі).

З даведкі старшыні Дзяржкамдруку: «...Кожны з выдадзеных Збораў твораў выпушчаны ў свет тыражом ад 5,5 да 10 тысяч экзэмпляраў.

У Дзяржаўным камітэце Савета Міністраў БССР па друку разгледжана пытанне аб выданні новых Збораў твораў Я. Купалы, Я. Коласа і К. Чорнага. Да працы над выпускам твораў гэтых пісьменнікаў выдавецтвы павінны падыйсці ў 1971 годзе. Ужо зараз вядзецца падрыхтоўка і рэдагаванне тэкстаў.

Выйшлі ў свет першыя два тамы „Гісторыі беларускай літаратуры“, падрыхтаваныя Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР. У гэтых тамах асвятляецца савецкі перыяд гісторыі беларускай літаратуры. Падрыхтаваны і знаходзяцца ў вытворчасці два чарговых тамы „Гісторыі беларускай літаратуры“, прысвечаныя яе дакастрычніцкаму перыяду. Пасля абмеркавання і дапрацоўкі „Гісторыі беларускай літаратуры“ прапаноўваецца выпусціць яе ў чатырох тамах у палепшаным афармленні ў якасці падпіснога выдання...»

Кіраўнік «кніжнага» міністэрства звяртае ўвагу, што ўжо выпушчаны юбілейныя выданні выбраных твораў Рамана Сабаленкі (у двух тамах), Аляксея Якімовіча (у двух тамах), Алеся Звонака і іншых пісьменнікаў. У 1968 годзе павінны выйсці кнігі выбраных твораў К. Буйло, Э. Валасевіча, А. Бачылы, А. Бажко, Н. Гілевіча, П. Пранузы, А. Пысіна. Выдавецтвам «Беларусь» сумесна з Прэзідыумам праўлення Саюза пісьменнікаў БССР распрацаваны, а Дзяржкамітэтам па друку быў ухвалены план выпуску серыі «Бібліятэка беларускай прозы». У гэты план па прапанове Саюза пісьменнікаў БССР уключаны 24 кнігі аб’ёмам па 20–30 аркушаў кожная. Меркавалася, што ўсе гэтыя кнігі будуць перавыданнем найлепшых твораў пісьменнікаў на беларускай мове. Зазірніце сёння ў букіністычныя аддзелы сучасных кнігарняў ці ў інтэрнэт-крамы па продажы старых кніг, і вы знойдзеце нямала назваў кніг гэтай аўтарытэтнай серыі. Відавочна, што і цяпер да зборнікаў, выдадзеных пад «брэндам» «Бібліятэка беларускай прозы», звяртаюцца і чытачы новых пакаленняў, і даследчыкі беларускай літаратуры.

Сёння ідзе шмат спрэчак на тэму ўвагі да паэзіі. Тыражы вершаваных зборнікаў у большасці сваёй «дасягнулі» крытычнай мяжы ў 200–300 экзэмпляраў і выдаюцца большай часткай у прыватных выдавецтвах за кошт саміх аўтараў. Хіба што можна падзякаваць выдавецтву «Мастацкая літаратура» за стварэнне новага «паэтычнага» праекта — «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». І выбар аўтараў даволі шырокі і годны, і тыражы з разлікам, што кніга можа патрапіць у самыя розныя бібліятэкі краіны, а таксама знайсці свайго чытача праз кнігарні ААТ «Белкніга» ці сталічную «Акадэмкнігу».

Але ж вернемся ў 1960-я... З даведкі Р. Канавалава: «...Сумесна з Саюзам пісьменнікаў Дзяржкамітэт па друку распрацаваў план выпуску серыі „Бібліятэка беларускай паэзіі“. У гэтую серыю ўвойдзе 60–70 кніг, якія ўключаюць найлепшыя творы класікаў беларускай літаратуры і сучасных паэтаў. У Камітэце было разгледжана афармленне серыі. Дзяржкамітэт па друку і сакратарыят праўлення Саюза пісьменнікаў БССР зацвердзіў рэдакцыйную калегію „Бібліятэкі беларускай паэзіі“ ў складзе П. Панчанкі (галоўны рэдактар), М. Танка, М. Лужаніна, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна.

У 1967 годзе ў гэтай серыі выйшлі кнігі М. Чарота, П. Труса, В. Таўлая, Ц. Гартнага і калектыўны зборнік „Крывёю сэрца“, у які ўвайшлі лепшыя творы беларускіх паэтаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У план выдавецтва „Беларусь“ на 1968 год па прапанове Саюза пісьменнікаў БССР уключаны і выйдуць у серыі „Бібліятэка беларускай паэзіі“ кнігі выбраных вершаў З. Астапенкі, У. Хадыкі, Я. Пушчы, В. Віткі, П. Макаля. У 1969 годзе ў гэтай серыі мяркуецца выпусціць кнігі вершаў Ю. Таўбіна, А. Русецкага, М. Васілька, Г. Бураўкіна.

Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку прыняў рашэнне пра штогадовае выданне зборніка „Дзень паэзіі“. Ужо выдадзены тры зборнікі „Дня паэзіі“ (1965, 1966, 1967 гады). Па віне праўлення Саюза пісьменнікаў БССР зборнік „Дзень паэзіі. 1968“ да гэтага часу не паступіў у выдавецтва».

І хоць зварот у ЦК і да ўрада з боку пісьменніцкай арганізацыі насіў відавочна крытычны характар (іначай бы не звярталіся!), са справаздачы Канавалава вынікае, што робіцца ўсё ж шмат, і прагрэсіўны рух ад аднаго дзесяцігоддзя да другога навідавоку. Ва ўсе часы (а сёння, у XXІ стагоддзі, як ніколі!) выклікаў занепакоенасць стан драматургіі, сітуацыя з выданннем п’ес — таксама. Не забыліся ў Дзяржкамдруку і пра драматургію... «Сумесна з Саюзам пісьменнікаў і Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку склаў спіс найлепшых п’ес беларускіх пісьменнікаў, якія ўвойдуць у серыю „Бібліятэка беларускай драматургіі“ (выдаецца замест раней запланаванага трохтомніка „Беларуская драматургія“). Гэты спіс быў узгоднены з Міністэрствам культуры БССР. У серыі „Бібліятэка беларускай драматургіі“ павінна выйсці каля 30 кніг. Ужо выдадзены п’есы У. Галубка („Суд“, „Пісаравы імяніны“, „Ганка“), В. Дуніна-Марцінкевіча („Пінская шляхта“), А. Макаёнка („Выбачайце, калі ласка“). Выданне серыі кніг „Бібліятэка беларускай драматургіі“ будзе прадоўжана на працягу некалькіх гадоў...» Магчыма, зважаючы, безумоўна, на адметнасці сённяшняга часу, вопыт паўвекавой даўнасці варта было б даволі пільна разгледзець і, магчыма, некаторыя творчыя выдавецкія праекты ўзяць на ўзбраенне. Тым больш што пастаноўка п’ес айчынных аўтараў — не такая частая з’ява ў сучасным тэатры.

З даведкі Дзяржкамдруку: «...Прынята прапанова Саюза пісьменнікаў БССР пра серыйнае выданне першых кніг маладых беларускіх паэтаў. Выпуск гэтай серыі пачнецца ў бягучым годзе і будзе рэгулярна прадаўжацца ў наступныя гады.

Выдавецтва прымае меры да павелічэння выпуска першых кніг маладых беларускіх аўтараў, паляпшае іх афармленне. У 1965 годзе было выдадзена 13 першых кніг маладых пісьменнікаў, у 1967 — 16, на 1968 запланавана — 16, на 1969 — 19. Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку, Упраўленне кніжнага гандлю і Белкаапсаюз (так, у Белкаапсаюзе актыўна гандлявалі кнігай у самых далёкіх рэгіёнах рэспублікі! — К. Л., В. С.) прымаюць меры, скіраваныя на паляпшэнне прапаганды кніг маладых аўтараў, павелічэнне іх тыражоў».

Дзякуючы такім рашэнням, развіццю ўвагі да выдання кніг маладых пісьменнікаў у серыі «Першая кніга паэта» ў 1965–1969 гадах пабачылі свет вершаваныя зборнікі Міколы Федзюковіча — «Зямля-магніт», Сымона Блатуна — «Раўнавага», Яўгена Крупенькі — «Салаўі», Яўгена Шабана — «Нарачанка», Яўгена Вераб’я — «Свежасць», Казіміра Камейшы — «Восеньскія позвы», Уладзіміра Скарынкіна — «Буслы над аэрадромам», Рыгора Семашкевіча — «Леснічоўка», Юркі Голуба — «Гром на зялёнае голле», Леаніда Дайнекі — «Галасы», Міхася Казакова — «Млечны шлях» ... Гэтых аўтараў і многіх іх равеснікаў імёны і творы і сёння — у полі зроку, пад прыцэлам чытацкай увагі сапраўдных аматараў паэтычнага слова. Хоць вершы некаторых з тагачаснай кагорты маладых паэтаў і не перавыдаюцца зараз... Значыць ідзе пошук тых даўніх і шмат для каго не забытых кніг.

Менавіта да другой паловы 1960-х гадоў адносіцца і нараджэнне добра вядомай і сённяшнім бібліятэкарам, настаўнікам роднай літаратуры, ды і рускай літаратуры таксама, яшчэ адной серыі... З даведкі старшыні Дзяржкамдруку: «...Дзяржаўным камітэтам Савета Міністраў БССР па друку сумесна з Міністэрствам асветы БССР распрацаваны перспектыўны план выпуску „Школьнай бібліятэкі“, куды ўвайшлі творы беларускіх пісьменнікаў, якія вывучаюцца ў школе, а таксама кніг для пазакласнага чытання. У план на 1966–1970 гады ўключана каля 50 кніг. З цягам часу „Школьная бібліятэка“ будзе папаўняцца новымі творамі. Штогод у гэтай бібліятэцы выходзіць у сярэднім 8–10 кніг. У выніку работы, праведзенай Міністэрствам асветы БССР, Упраўленнем кніжнага гандлю па друку Дзяржкамітэта па друку і Белкаапсаюзам, тыражы кніг, якія ўваходзяць у „Школьную бібліятэку“, істотна выраслі.

Улічваючы запыты і пажаданні настаўнікаў і навучэнцаў, Дзяржкамітэт па друку даручыў выдавецтву „Народная асвета“ выпусціць у 1968 годзе кнігу крытычных артыкулаў, прысвечаных творам беларускай літаратуры, якія вывучаюцца ў сярэдняй школе. Кніга гэта рыхтуецца да друку і ў бягучым годзе выйдзе ў свет. Выданне падобных зборнікаў будзе практыкавацца і надалей...»

І пісьменнікам, і ЦК, і ўраду Дзяржкамдрук, відавочна, не адказаў гэтай даведкай на ўсе пытанні. Дакладней, рэчаіснасць яшчэ не дацягвала да жаданняў, памкненняў творчай грамадскасці бачыць плён сваёй працы больш тыражным і запатрабаваным. Вось толькі і гэтыя стасункі нагадваюць, што вечнай дылемай у пытаннях запатрабаванасці з’яўляюцца як мінімум два супярэчлівыя судакрананні — мастацкія вартасці зробленага і ўзровень падрыхтаванасці, інтэлектуальнай зацікаўленасці спажыўца, ці, кажучы больш прама, зацікаўленасці патэнцыйнага чытача…

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.