Вы тут

Даходы растуць хутчэй, чым інфляцыя


У апошнія гады з прыняццем шэрагу заканадаўчых і нарматыўных актаў, у краіне склалася цэласная заканадаўчая база ў галіне цэнаўтварэння, якая дазваляе кіраваць працэсамі рэгулявання і кантролю за цэнаўтварэннем. З першых дзён года дзейнічае новая рэдакцыя пастановы ўрада «Аб сістэме рэгулявання цэн». Рэгуляванне, уведзенае яшчэ ў 2022 годзе, прывяло да зніжэння інфляцыі, а даходы беларусаў, наадварот, набралі хуткасць. Як адзначыў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец, сітуацыя з цэнамі пастаянна аналізуецца, адсочваецца эфектыўнасць рэгулявання і магчымыя негатыўныя наступствы.


Фота: pixabay.com

Рэгуляванне зразумелае, бізнес гатовы працаваць

«На працягу ўсяго 2023 года мы праводзілі серыю мерапрыемстваў па растлумачэнні норм пастановы № 713 „Аб сістэме рэгулявання цэн“. У самым пачатку ўвядзення гэтай сістэмы да нас за адзін месяц паступіла больш за дзевяць тысяч зваротаў. Для бізнесу, у першую чаргу для гандлю, гэта была абсалютна новая сістэма, з якой яны не працавалі. У апошні час, нават з улікам карэкціровак, якія былі ўнесены ў сістэму рэгулявання, яна ўжо выклікае не такую значную колькасць пытанняў і тлумачэнняў. Гэта значыць, што бізнес разумее, як працаваць у новых умовах, нормы пастановы яму зразумелыя, і сістэма цэнаўтварэння таксама зразумелая», — адзначыў Іван Вежнавец.

У рамках гэтай сістэмы адрэгуляваны ўвесь ланцужок руху тавараў і фарміравання цэн. «Для гандлю і імпарцёраў рэгулююцца надбаўкі з пэўнымі нюансамі для той ці іншай катэгорыі. Для вытворцаў мы ўвялі новыя падыходы з 1 студзеня, калі далі дадатковыя магчымасці ўсталёўваць цэны самастойна і павышаць іх без узгаднення з дзяржаўнымі органамі. Мы далі таксама магчымасць штомесяц на 0,3 працэнта павялічваць цэны без узгаднення з кампетэнтнымі органамі. Па плодаагародніннай прадукцыі прадугледзелі формульнае цэнаўтварэнне для фарміравання цаны ў адносінах да аналагічнага месяца мінулага года, таму што ў плодаагародніннай прадукцыі існуе сезоннасць, ад якой нельга сысці, таму мы ўлічылі і гэтыя нюансы», — расказаў пра навацыі першы намеснік міністра.

За мінулы год па дзеянні сістэмы цэнавага рэгулявання была дасягнута ключавая задача — фарміраванне справядлівай сістэмы цэнаўтварэння, якая ўлічвае інтарэсы як насельніцтва, так і бізнесу, прадпрыемстваў. «Па выніках 2023 года пры прагнозе інфляцыі ў 7-8% мы забяспечылі ўзровень індэкса спажывецкіх цэн на ўзроўні 5,8%, гэта значыць нават менш запланаванага. Пры гэтым забяспечана насычанасць паліц крам як айчыннымі таварамі, так і таварамі імпартнай вытворчасці. Спажывец, нягледзячы на пэўны скепсіс, які быў у асобных колах, не заўважыў нейкіх негатыўных наступстваў ад цэнавага рэгулявання, тавару было дастаткова», — сказаў Іван Вежнавец.

Сістэма рабочая, і змяненняў не плануецца

Дзеянне сістэмы цэнавага рэгулявання ў 2024 годзе працягнецца, падкрэсліў Іван Вежнавец. «Мы пастаянна аналізуем яе эфектыўнасць і адсочваем магчымыя негатыўныя тэндэнцыі, якія могуць выяўляцца. У нас створана спецыяльная рабочая група, якая займаецца гэтымі пытаннямі. На сённяшні момант мы не бачым нейкіх глабальных перадумоў да змены сістэмы цэнавага рэгулявання альбо яе кардынальнай перабудовы. Так, магчымыя нейкія пэўныя пунктавыя карэкціроўкі, такія як летась», — адзначыў ён. Працаваць ва ўмовах выбудаванай сістэмы цэнаўтварэння магчыма, і вытворцы з гандлем да гэтага гатовыя, рэзюмаваў першы намеснік міністра.

Рэнтабельнасць расце

Іван Вежнавец адзначыў, што гандаль за мінулы год адаптаваўся да сістэмы цэнаўтварэння і выйшаў на рост рэнтабельнасці.

«Мы штомесяц адсочвалі сітуацыю з рэнтабельнасцю. Мы бачылі, што пачатак 2023 года быў для гандлёвых суб’ектаў гаспадарання негатыўным, рэнтабельнасць па галіне ўпала да 0,4%. І гэта быў адзін з самых нізкіх паказчыкаў за гісторыю. Былі прынятыя меры, унесеныя змены ў пастанову № 713, і да канца года мы выйшлі на рэнтабельнасць 1–1,5%, і колькасць стратных арганізацый да канца года знізілася. Гэта значыць, што і нашы карэкціроўкі былі своечасовыя, і арганізацыі гандлю падстроіліся, — адзначыў спецыяліст. — Што датычыцца вытворцаў, то і ў іх знізілася рэнтабельнасць, але ім прасцей. Яны могуць звярнуцца ў ведамствы і мясцовыя органы ўлады, абгрунтаваць рост цэн. Узровень рэнтабельнасці — адзін з паказчыкаў, які ўлічваецца на месцах».

Давярай, але правярай

Таксама Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю праводзіліся кантрольныя мерапрыемствы, таму што выбудоўванне сістэмы без кантролю за яе выкананнем не можа быць эфектыўным, падкрэсліў спецыяліст. «Больш за 400 суб’ектаў гаспадарання былі прыцягнутыя да адказнасці. Агульная сума штрафаў, якія былі спагнаны работнікамі міністэрства, склала больш за 800 тысяч рублёў. Гэта ўсё таксама падахвочвае суб’ектаў гаспадарання прытрымлівацца сістэмы цэнавага рэгулявання і не дапускаць парушэнняў. Агульная колькасць парушэнняў, якое выяўляецца міністэрствам, у 2023-м знізілася ў адносінах да 2022 года. Гэта таксама кажа пра тое, што бізнес і прадпрыемствы разумеюць і гатовыя працаваць у гэтых умовах», — сказаў на заканчэнне Іван Вежнавец.

Куды можна паскардзіцца на завышэнне

Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Андрэй Лабовіч расказаў пра тое, куды грамадзяне могуць паведаміць інфармацыю аб завышэнні цэн у крамах і іншых парушэннях цэнаўтварэння.

Камітэт дастаткова адкрыты з пункту гледжання атрымання інфармацыі ад спажыўцоў, адзначыў Андрэй Лабовіч. «У КДК ёсць кароткі нумар 191. Перыядычна мы праводзім тэматычныя прамыя лініі, калі грамадзяне могуць патэлефанаваць і паведаміць пра факты завышэння цэн на тавары. Летась такая тэматычная прамая лінія была па запасных частках да аўтамабіляў, па хлебабулачных вырабах, па тэме падрыхтоўкі да школьнага сезона. Наша насельніцтва досыць актыўна адгукаецца на гэтыя формы зносін. Па кожным факце камітэтам праводзяцца праверачныя мерапрыемствы і, магчыма, пацвярджаюцца парушэнні, пра якія паведамляюць грамадзяне», — распавёў ён.

Акрамя гэтага, паведаміць аб парушэннях можна на сайце камітэта праз спецыяльную панэль або ў чат-боце Telegram. «Ніводны зварот, які прыходзіць па гэтых каналах, не застаецца без разгляду», — запэўніў Андрэй Лабовіч.

Парушэнняў становіцца значна менш

Кантроль за цэнавай сітуацыяй на спажывецкім рынку — адна з ключавых задач і кірункаў работы Камітэта дзяржаўнага кантролю, адзначыў Андрэй Лабовіч. «Калі гаварыць у лічбах аб выніках гэтай работы, то за мінулы год у 1145 суб’ектах гаспадарання былі праведзеныя праверкі і маніторынгі. Доля суб’ектаў, у якіх праводзіліся кантрольныя мерапрыемствы і выяўляліся пытанні па цэнаўтварэнні, у параўнанні з 2022 годам паменшылася. Калі летась толькі ў 12% правераных суб’ектаў выявілі парушэнне цэнаўтварэння, то ў 2022 годзе такія парушэнні выяўляліся амаль у кожным чацвёртым», — падзяліўся лічбамі намеснік старшыні.

Акрамя пытанняў цэнаўтварэння, у асноўным выяўляюцца парушэнні правілаў гандлю, санітарных нормаў і правілаў, такія як рэалізацыя тавараў з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці. «У каля 18% суб’ектаў такія факты былі вызначаны. Пры выяўленні грубых парушэнняў Камітэт дзяржкантролю досыць жорстка рэагуе. У мінулым годзе работа 53 суб’ектаў гаспадарання па рашэнні камітэта прыпыненая, пры гэтым у 23 суб’ектаў — за парушэнне ў цэнаўтварэнні», — расказаў ён.

Камітэт робіць акцэнт у сваёй працы на папярэджанне і недапушчэнне далейшых парушэнняў, у першую чаргу ў цэнаўтварэнні. «Каля 550 рэкамендацый было выдадзена суб’ектам гаспадарання. Трэба адзначыць, што ўсе на іх рэагуюць, аператыўна ліквідуюць выяўленыя парушэнні і прымаюць меры, каб такія парушэнні ў далейшым не дапускаліся», — падкрэсліў Андрэй Лабовіч.

Спажывецкі рынак стабільны

Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Наталля Тарасюк. Паводле яе слоў, інфляцыя ў 2023 годзе склала 5,8%, што ніжэй устаноўленага прагнознага значэння на мінулы год. «Пры гэтым зніжэнне тэмпаў росту інфляцыі летась суправаджалася ростам грашовых даходаў насельніцтва на 13,6%, што сведчыць аб стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку краіны ў параўнанні з папярэднімі гадамі», — адзначыла яна.

У цэлым спажывецкі рынак у 2023 годзе характарызаваўся стабільнасцю. «Аб гэтым сведчаць і лічбы, і паліцы магазінаў, якія мы кожны дзень бачым у аб’ектах гандлю. Асартымент быў найшырэйшы, а тая сістэма рэгулявання, якая была ўкаранёна ў гандаль у 2022 годзе і ўзмацнілася ў мінулым, не дала вымыцца таварам з нашых крам. Вядома, быў і рост цэн на некаторыя тавары ў крамах», — растлумачыла Наталля Тарасюк.

У мінулым годзе ўзраслі цэны на шэраг імпартных тавараў: алей аліўкавы, рыбу марожаную, цытрусавыя, бананы, вінаград, запчасткі да аўтамабіляў, рыс і іншыя. Разам з гэтым былі і тавары, па якіх адбылося істотнае зніжэнне цэнаў, гэта — грачаныя крупы, чай, кава, раслінны алей, бульба і гэтак далей. Сёлета рост цэн на асноўныя спажывецкія тавары знаходзіцца ніжэй запланаваных значэнняў, заключыла намеснік старшыні.

Купляюць беларускае

Пачатак гэтага года Наталля Тарасюк ацаніла пазітыўна. У студзені 2024 года ўзровень інфляцыі склаўся на ўзроўні 0,8%. «Узровень інфляцыі за студзень — меншы за запланаваныя значэнні. Пазітыўным з’яўляецца і тое, што на спажывецкім рынку па вельмі многіх таварных пазіцыях адбыўся рост долі айчынных тавараў. Тыя працэсы, якія адбываліся з улікам увядзення сістэмы цэнавага рэгулявання, заахвоцілі насельніцтва купляць больш беларускіх тавараў», — расказала яна.

Наталля Тарасюк патлумачыла, як Белстат збірае інфармацыю па індэксе спажывецкіх цэн. Ва ўлік бяруцца больш за 70 тысяч цэнавых каціровак у 31 горадзе, абследуецца 8,5 тысячы аб’ектаў — буйныя сеткі, малы і сярэдні бізнес, рынкі, індывідуальныя прадпрымальнікі і гэтак далей.

«Сёлета мы ўкаранілі некалькі навацый, якія палягчаюць нам работу і робяць якасць інфармацыі, якая збіраецца, яшчэ больш дакладнай, — адзначыла Наталля Тарасюк. — Мы выкарыстоўваем звесткі АІС СККА, інфармацыю, сабраную з дапамогай касавых падсумавальных апаратаў Міністэрства па падатках і зборах. Мы ўжо працуем з гэтай сістэмай па пяці буйнейшых аб’ектах Мінска. Аналіз сітуацыі на спажывецкім рынку і тых лічбаў, якія атрымліваем з дапамогай збору рэгістратарамі і па касавых падсумавальных апаратах, сведчаць аб дакладнасці работы нашых супрацоўнікаў. Акрамя таго, укаранілі ў практыку вэб-скрэйпінг. У некаторых невялікіх гарадах можа не быць пэўнага тавару. Аднак мы разумеем, што жыхары гэтага населенага пункта маюць магчымасць набыць такія тавары праз інтэрнэт. Напрыклад, заказаць матацыкл на сайце „Мотавела“. Таму з дапамогай вэб-скрэйпінга далучаем падобныя каціроўкі».

Наталля Тарасюк заявіла, што «сістэма па статыстычным уліку індэкса спажывецкіх цэн выбудаваная, інфляцыя ў нашай краіне падлічана дакладна, і тыя меры, якія прыняты ўрадам у рамках пастановы № 713, эфектыўныя».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.