Вы тут

Скарачэнне працоўнага тыдня і «хвароба» нямецкай эканомікі


Колькасць нафтагазавых свідравых установак у свеце ўзрасла за кошт Канады

Колькасць дзейных нафтавых і газавых свідравых установак у свеце ў студзені павялічылася, у асноўным, за кошт Канады. Аб гэтым паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на даныя амерыканскай нафтасэрвіснай кампаніі Baker Hughes.

У сярэднім у мінулым месяцы ў свеце працавала 1784 устаноўкі супраць 1739 у снежні. Пры гэтым студзеньскі ўзровень на 115 ніжэй за паказчык за аналагічны месяц 2023 года. У ЗША колькасць установак у студзені знізілася на дзве адносна папярэдняга месяца і склала 621. Між тым у Канадзе іх колькасць павялічылася на 37 — да 198 (максімум з лютага мінулага года).

Колькасць свідравых на Блізкім Усходзе за мінулы месяц узрасла на 12 (да 348, самы высокі ўзровень з мая 2020 года), у Афрыцы — на дзве (да 111). Пры гэтым у Лацінскай Амерыцы паказчык знізіўся на чатыры (да 170, мінімум за год). У Еўропе і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне колькасць установак не змянілася і склала адпаведна 122 і 214.

Baker Hughes публікуе даныя аб дзеючых свідравых устаноўках з 1944 года. Спачатку кампанія збірала інфармацыю толькі ў ЗША і Канадзе, з 1975-га — па ўсім свеце. З чэрвеня 2019 года яна ўключае ў свае разлікі колькасць свідравых ва Украіне, пры гэтым пералікі зводных даных па Еўропе за мінулыя перыяды ў сувязі з гэтым не праводзіліся.

Сярэднямесячная колькасць працоўных нафтавых і газавых свідравых установак у свеце ў 2023 годзе павялічылася па выніках трэцяга года запар. Паказчык узняўся да 1814 у параўнанні з 1747 у 2022-м. Гістарычны максімум па колькасці працоўных свідравых быў адзначаны ў 1981 годзе — 5624 устаноўкі. Мінімальная колькасць была зафіксавана ў 2020-м і складала 1352 устаноўкі.


У Турцыі плануюць скараціць працоўны тыдзень

Урад Турцыі пачаў падрыхтоўку заканадаўчых паправак да працоўнага кодэкса, якія могуць скараціць працягласць працоўнага тыдня з 48 гадзін да 35–40. Як паведамляе газета Sabah, улады плануюць аб’яднаць адрозныя па сектарах нормы законаў аб працоўнай дзейнасці і выпрацаваць комплексны і адзіны рэгламент для сферы працаўладкавання.

Закон аб працы 1936 года замацаваў норму працоўнай дзейнасці — 8 гадзін за суткі і 48 гадзін у тыдзень. У 2003-м гэты дакумент быў перагледжаны, працягласць працоўнага тыдня склала 45 гадзін. Аднак адпаведныя нормы з-за наяўнасці асобных рэгламентаў па сектарах не прымяняюцца ўніверсальна. Так, у сферы СМІ і ў марскім працоўным праве застаецца норма 48-гадзіннага рабочага тыдня, у іншых сектарах прымяняецца правіла 45-гадзіннага тыдня. Пры гэтым прыцягваць супрацоўніка да звышурочнай працы можна да 270 гадзін за год.

Урад мае намер уніфікаваць правілы для ўсіх прафесійных груп і ўвесці ў якасці нормы 35–40 працоўных гадзін у тыдзень і новы рэгламент звышурочнай дзейнасці. Гэтыя змяненні плануецца выпрацаваць з улікам сучаснага стану развіцця тэхналогій, што дае магчымасць за кошт павышэння эфектыўнасці працэсаў скараціць час работы. Акрамя таго, плануецца перагледзець і некаторыя юрыдычныя нормы, якія датычацца правоў наёмных супрацоўнікаў, правіл і памераў прэміравання, каэфіцыентаў за звышурочную дзейнасць, сацыяльныя гарантыі. Адзначаецца, што рэвізія гэтых правілаў будзе зроблена ў інтарэсах супрацоўнікаў.


«Лакаматыў» пайшоў пад адхон

На што хворая нямецкая эканоміка?

Наступствы пандэміі, рост цэн на энерганосьбіты на фоне ваеннага канфлікту ва Украіне і закручванне гаек з боку ЕЦБ — нямецкая эканоміка, якую лічылі «лакаматывам» еўрапейскай, у апошні час дэманструе нулявы ці адмоўны рост, аказваючы ціск на краіны еўразоны, адзначыў Еuronews. 

Чарговым пацвярджэннем стала апублікаваная днямі справаздача аб валавым унутраным прадукце Германіі за ІV квартал 2023 года. Паводле даных федэральнага статыстычнага ўпраўлення (Destatіs), летась у апошнім квартале найбуйнейшая эканоміка Еўропы скарацілася на 0,3 працэнта. Гэта супала з чаканнямі аналітыкаў.

Германія цудам пазбегла стану тэхнічнай рэцэсіі (скарачэнне паказчыка два кварталы запар), паколькі лічбы за трэці квартал 2023 года дэманстравалі стагнацыю або нулявы рост. Ранейшая ацэнка меркавала зніжэнне на 0,1 працэнта. Тым не менш рызыкі рэцэсіі не выключаны, паколькі, як піша Reuters, «аднаўлення эканомікі Германіі па-ранейшаму не назіраецца, а ВУП можа зноў знізіцца ў першым квартале 2024 года».

Эканамічны спад тлумачыцца ростам цэн, а таксама рэзкім павышэннем працэнтных ставак і падаражэннем крэдытаў. Зніжэнне попыту на замежную прадукцыю ў будаўнічым і апрацоўчым сектарах таксама негатыўна ўплываюць на эканоміку. Валавое назапашванне асноўнага капіталу скарацілася на 1,9% у ІV квартале 2023 года, у асноўным з-за рэзкага зніжэння інвестыцый у машыннае абсталяванне (мінус 3,5 працэнта ў чацвёртым квартале 2023 года супраць 1,4 працэнта ў трэцім). Інвестыцыі ў будаўніцтва таксама працягнулі заўважнае скарачэнне (мінус 1,7 працэнта супраць мінус 0,8 працэнта).

За ўвесь мінулы год ВУП Германіі сціснуўся на 0,3 працэнта. Рост флагмана еўрапейскай эканомікі запавольваецца пад уплывам цэлага шэрагу фактараў, галоўныя з якіх — зніжэнне актыўнасці ў жыллёвым будаўніцтве, а таксама скарачэнне прамысловага попыту за мяжой. Верагодна, гэта звязана з больш асцярожным стаўленнем да выдаткаў, паколькі большасць краін свету змагаюцца з наступствамі пандэміі, а таксама адчуваюць на сабе наступствы ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі.

З-за значнага павышэння працэнтных ставак у шэрагу найбуйнейшых эканомік свету, такіх як ЕС і ЗША, інвестыцыі ў новыя будаўнічыя праекты былі або прыпынены, або ў некаторых выпадках увогуле адкладзены «да лепшых часоў». У многім гэта звязана з тым, што праекты, як правіла, фінансуюцца за кошт пазыковых сродкаў.

У ФРГ таксама назіраецца павелічэнне колькасці пратэсных акцый у шэрагу сектараў, такіх як сельская гаспадарка. Фермеры, у прыватнасці, незадаволены тым, што дзяржава перастала субсідзіраваць дызельнае паліва. Пачасціліся стачкі і ў авіяцыйнай галіне: за апошнія некалькі дзён нацыянальны перавозчык Lufthansa быў вымушаны адмяніць да 80 працэнтаў рэйсаў. Як паведамляе газета Telegraph, Карстэн Бржэскі, кіраўнік глабальнага макраэканамічнага аддзела ІNG, заявіў: «Мы чакаем, што 2024-ы стане яшчэ адным годам рэцэсіі».


Амаль 100 мільёнаў афрыканскіх дзяцей не атрымліваюць базавай адукацыі

Амаль 100 мільёнаў дзяцей і моладзі не атрымліваюць адукацыю ў афрыканскіх краінах, прыводзіць інфармацыю Афрыканскага саюза (АС) па адукацыі, навуцы, тэхналогіях і інавацыях турэцкае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Anadolu. Школьнікі і маладыя людзі ва ўзросце ад 5 да 19 гадоў па ўсёй Афрыцы не могуць быць інтэграваныя ў грамадства з прычыны таго, што не маюць базавай школьнай адукацыі, паведамляе АС.

Гэты пласт грамадства становіцца ўразлівым для ўсіх відаў бедстваў, імі могуць лёгка маніпуляваць тэрарыстычныя групы, гандляры наркотыкамі і гандляры людзьмі, заявіў журналістам спікер саюза на палях саміту Афрыканскага саюза, які праходзіў у Адыс-Абэбе. Пры гэтым ён заўважыў, што многія з іх у выніку трапляюць у розныя злачынныя сеткі або мігрыруюць у іншыя часткі Афрыкі, а таксама за межы кантынента.

Прадстаўнік Афрыканскага саюза адзначыў неабходнасць дадатковай падтрымкі дзяцей і моладзі праз прадастаўленне ім магчымасці атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама неабходных навыкаў, каб стаць самазанятымі.

Краіны Афрыкі сутыкаюцца з праблемамі ў навучанні, асабліва гэта датычыцца малодшых класаў, у выніку чаго дзевяць з 10 дзяцей на поўдзень ад Сахары да 10 гадоў не могуць чытаць і разумець просты тэкст.


Японія становіцца галоўнай пагрозай бяспецы ў Азіі

Планы Японіі па перааснашчэнні сіл самаабароны новымі ракетамі сведчаць аб тым, што ў Токіа не адмовіліся ад планаў па пабудове «вялікай сферы супрацвітання ва Усходняй Азіі». Японія становіцца галоўнай пагрозай у рэгіёне. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле навуковага супрацоўніка Інстытута па справах Японіі пры МЗС КНДР Кім Соль Хва, паведаміла ТАСС.

Па словах аўтара, у апошні час Японія паскарае перааснашчэнне сіл самаабароны новым ракетным узбраеннем. У жніўні мінулага года японскія ўлады атрымалі адабрэнне на куплю 50 ракет для знішчальнікаў F-15, дамовіліся аб набыцці ракет «Тамагаўк». У Токіа вядуць работу над павелічэннем далёкасці прынятых на ўзбраенне супрацькарабельных ракет, распрацоўваюць гіпергукавую кіраваную ракету.

«Японія адчайна чапляецца за ўладанне здольнасцю да нанясення прэвентыўнага ўдару», адзначыла Кім Соль Хва. Японія пры магчымасці распаўсюджвае сцвярджэнні аб тым, што яе «акружае пагроза». «А гэта не што іншае, як махінацыя, накіраваная на абавязковае паскарэнне размяшчэння ракет вялікай далёкасці», — дадала аналітык, назваўшы гэтыя планы самагубнымі.

Замест выплаты кампенсацый і выбачэнняў японскія ўлады «рэгулярна праводзяць малітву ў сінтаісцкім храме Ясукуні». «Такія паводзіны Японіі, накіраваныя на валоданне здольнасцю да прэвентыўнага ўдару, ва ўсёй галізне выяўляюць яе славалюбівую задуму аб паўторнай агрэсіі, якая не змяняецца ні на ёту», — лічыць Кім Соль Хва.

Акрамя гэтага, на думку аўтара, Японія выношвае планы па ператварэнні краіны ў ваенную дзяржаву, а ЗША спрабуюць ператварыць «сваіх малодшых паслугачоў» у «прыслужнікаў апасродкаванай вайны» супраць КНДР, РФ і КНР. «Японія, якая, зняўшы нават маску „мірнай дзяржавы“, пад эгідай і пры актыўнай падтрымцы ЗША шалёна чапляецца за набыццё дальнабойных ракет, што бяруць на свой прыцэл навакольныя краіны, цяпер становіцца найбуйнейшай пагрозлівай дзяржавай у рэгіёне», — лічыць навуковец. «Японія павінна засекчы сабе на носе, што, калі яна ўсё яшчэ чапляецца за ажыццяўленне былой мары аб „сферы супрацвітання вялікай Усходняй Азіі“, актыўна падпарадкоўваючыся ЗША, вар’ятам у анахранічным гегеманізме і ілюзійным экспансіянізме, то стане агульнай мішэнню справядлівай рэгіянальнай супольнасці», — заключае Кім Соль Хва.

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».