Вы тут

Чаму Польшчу накрыла хваля пратэстаў?


У Польшчы пашыраецца хваля пратэстаў. 

Апошнім часам «хэдлайнерамі» масавых акцый сталі сельгасвытворцы. Днямі фермеры правялі «Зорны марш на сталіцу», паведаміла польскае выданне Onet. Па ацэнках мэрыі, у Варшаве сабралася каля 10 тысяч чалавек. Асноўныя патрабаванні пратэстоўцаў — не выконваць палажэнні «Зялёнага курсу» ЕС і абмежаваць імпарт прадуктаў харчавання з Украіны. Да акцыі пратэсту далучыліся шахцёры і паляўнічыя, паведаміла Gazeta Wyborcza. «Надышоў час для больш жорсткіх форм пратэсту. Фермеры не павінны падманвацца касметычнымі саступкамі», — заявіў кіраўнік горназдабыўнога аб’яднання «Жнівень 80», якое адправіла ў Варшаву сотні чалавек. Пры гэтым працягваецца масавая блакіроўка аўтамагістраляў і граніцы з украінскага, літоўскага і нямецкага напрамкаў. Чаму Польшчу накрыла хваля пратэстаў, чаго чакаць надалей?


У рэжыме блакіроўкі

У акцыях пратэсту на граніцы з Украінай удзельнічаюць сотні чалавек, якія поўнасцю заблакавалі пункты пропуску, а таксама транспартныя вузлы і пад’язныя шляхі да перавалачных чыгуначных станцый і марскіх партоў. Каля пагранічных пунктаў гараць вогнішчы, устаноўлены электрагенератары і біяпрыбіральні. Усё гэта сведчыць аб намеры фермераў блакіраваць граніцы працяглы час, заўважае vz.ru.

Паводле інфармацыі кіеўскіх улад, заблакаваны некаторыя пункты пропуску. Найбольш крытычная сітуацыя склалася на КПП «Ягадзін — Дарагуск», дзе цалкам перакрыты грузавы рух. Раней з’явіліся паведамленні аб блакіроўцы чыгуначных пуцей, на якія з грузавікоў высыпаюць металалом.

Польска-ўкраінскія адносіны ўскладніліся ў верасні мінулага года з-за эмбарга ў адносінах да ўкраінскага збожжа. Еўракамісія вырашыла не працягваць абмежаванні на ўвоз чатырох найменняў сельгаспрадукцыі Украіны ў некалькі прыгранічных краін Еўрасаюза, але абавязала Кіеў увесці меры па кантролі за экспартам. У адказ улады Славакіі, Венгрыі і Польшчы працягнулі забарону ў аднабаковым парадку.

Напрыканцы мінулага года польскія ўлады дасягнулі пагаднення з сельгасвытворцамі, паабяцаўшы дадатковыя льготы і субсідыі, але ўжо ў студзені акцыі аднавіліся: фермеры лічаць, што танная сельгаспрадукцыя з Украіны не павінна трапляць на польскі рынак з-за льгот Еўрасаюза. 9 лютага пачаўся агульнапольскі пратэст сельгасвытворцаў, якія абяцаюць не сыходзіць з вуліц па меншай меры да 10 сакавіка. Як паведамляе Zet, усеагульную ўвагу прыцягнуў адзін з плакатаў, прымацаваных на аўтамабілях, ён змяшчаў заклік да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна разабрацца «з Украінай, Бруселем і нашымі кіраўнікамі».

Пры гэтым афіцыйная Варшава, асабліва напярэдадні выбараў у мясцовыя органы ўлады, выказвае (на словах) заклапочанасць станам спраў. Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Чэслаў Секерскі адзначыў, што фермеры «знаходзяцца ў вельмі складанай эканамічнай сітуацыі». «Напярэдадні вясенне-палявых работ у іх няма грошай на куплю ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін. Цяжка не зразумець іх роспачы», — падкрэслівалася ў заяве Секерскага.

Негатыўны фон

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі называе тое, што адбываецца на граніцы, здзекам, а Польшчу — «памочніцай Расіі». На яго думку, сітуацыя на КПП выклікана палітычнымі працэсамі, а не экспартам украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. У пацвярджэнне сваіх слоў ён адзначыў, што толькі пяць працэнтаў украінскага аграэкспарту праходзіць праз граніцу Польшчы. Раней з крытыкай у адрас польскіх фермераў выступіў мэр Львова Андрэй Садавой, які назваў удзельнікаў пратэстаў «прарасійскімі правакатарамі». У адказ польскі міністр развіцця і тэхналогій Кшыштаф Гетман заклікаў украінскія ўлады захоўваць асцярожнасць у выказванні падобных меркаванняў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск адхіліў запрашэнне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прыняць удзел у перагаворах на граніцы наконт пратэстаў польскіх фермераў, піша Onet. Туск заўважыў, што Польшчы неабходны канкрэтныя прапановы для яе рынку і сельскай гаспадаркі. «Калі справа датычыцца эканамічных інтарэсаў, мы павінны знайсці агульнае рашэнне для абароны польскіх інтарэсаў, і мы ад гэтага не адмовімся. Нам не патрэбны сімвалізм у нашых адносінах», — заявіў польскі прэм’ер-міністр.

Эканаміст і палітолаг Іван Лізан заўважыў vz.ru, што палякам усё роўна, якія машыны блакіраваць на граніцы з Украінай, — «няхай збожжа, тэхніка альбо ваенная дапамога УСУ». А заявы Кіева аб нібыта прарасійскай пазіцыі фермераў выглядаюць абсурдна, адзначае аналітык. «Яны вырашаюць выключна свае ўнутраныя праблемы, — упэўнены Лізан. — Калі б транзіт ажыццяўляўся па лініі польскага Мінабароны, тады якія-небудзь цяжкасці наўрад ці ўзніклі б. І калі б фермеры і перакрылі рух, то, думаю, вайскоўцы не сталі б цырымоніцца і вырашылі б гэтае пытанне з дапамогай ломаў і дубінак досыць хутка».

Паланіст Станіслаў Страмідлоўскі канстатуе, што безумоўная падтрымка Кіева адыходзіць у мінулае. Паводле яго слоў, рашэнне офіса Зяленскага скардзіцца ў Еўракамісію з мэтай разблакіраваць граніцу «стварае вельмі негатыўны фон для ўкраінскіх улад». «У такой сітуацыі ўявіць, што нехта ў Варшаве вырашыць актыўна заступіцца за Украіну, згуляць на яе баку, вельмі складана. Не думаю, што такія палітыкі знойдуцца. Тым больш у Польшчы набліжаюцца чарговыя выбары ў мясцовыя органы ўлады, якія адбудуцца ў красавіку, — растлумачыў Страмідлоўскі. — Урад Дональда Туска, які адхіліў ад улады партыю „Права і справядлівасць“, хацеў бы замацаваць свой поспех. Роля фермераў у дадзеным выпадку вельмі важная, таму што гэта вялікі электарат. Фермерская тэма настолькі актыўна ўвайшла ў абарот, што ў Польшчы, мусіць, няма такіх сіл, якія маглі б яе ігнараваць ці не спрабавалі на ёй гуляць».

Як стала вядома, амаль палова палякаў падтрымліваюць патрабаванне фермераў закрыць граніцу для ўкраінскай сельгаспрадукцыі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, якое правёў сацыялагічны цэнтр SW Research на замову газеты Rzeczpospolіta.

Як утаймаваць алігархаў?

Сітуацыя на польска-ўкраінскай граніцы «выклікана дэмпінгам, які ўкраінскія алігархі зрабілі ў Польшчы, пастаўляючы туды танныя прадукты, збожжа», заўважыла vz.ru старшыня Саюза палітэмігрантаў і палітвязняў Украіны Ларыса Шэслер. «У выніку польскія фермеры нясуць вялізныя страты. Нягледзячы на тое што палякі нібыта салідарныя і падтрымліваюць Украіну, свая кашуля бліжэй да цела», — лічыць Ларыса Шэслер. Яна назвала памылковымі чаканні ўкраінцаў пра тое, што пасля прыходу да ўлады Туска сітуацыя разрадзіцца: «Прэм’ер-міністр аказаўся не здольны ўтаймаваць абураных фермераў. Польская ўлада не робіць кардынальных крокаў па змене сітуацыі, менавіта таму абурэнне сельгасвытворцаў прыняло такія радыкальныя меры — пратэстоўцы ўжо затрымліваюць пасажырскія цягнікі з украінцамі і ваенныя грузы». Шэслер мяркуе, што для нармалізацыі сітуацыі кіеўская ўлада павінна «ўтаймаваць сваіх алігархаў», таму што «польскія фермеры на саступкі не пойдуць».

Між тым сельская гаспадарка Украіны карумпавана «да дна», заявіў экс-міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Ян-Кшыштаф Арданоўскі падчас дэбатаў, якія трансліраваў партал Іnterіa. Ён адзначыў, што сельская гаспадарка Украіны знаходзіцца ў руках транснацыянальных карпарацый, а не фермераў ці дзяржавы. «Транснацыянальныя карпарацыі інвеставалі туды ў вельмі ўрадлівыя раёны Чарназем’я. У алігархічнай сістэме гэтых магутных міжнародных карпарацый ва Украіне нават не пабудавана сістэма закупак. Толькі гэтыя кампаніі вырашаюць усе пытанні, — сказаў Арданоўскі. — Рэгістрацыя ў падатковых раях, напрыклад на Кіпры, прыводзіць да таго, што гэтыя кампаніі нават не ўдзельнічаюць у даходах украінскага бюджэту».

«Мы не сыдзем з барыкад!»

Тым часам польскія пратэсты пашыраюцца. Аграрыі ў рамках усеагульнай акцыі пратэсту заблакавалі праезд грузавікоў на трасе A2 у населеным пункце Свецко паблізу граніцы з Германіяй. Аб гэтым паведаміла радыёстанцыя RMF24. Паводле яе даных, фермеры, якія пратэстуюць, вывелі на абодва бакі праезнай часткі сельскагаспадарчую тэхніку, тым самым стварыўшы калідор, праз які можа праехаць толькі легкавы аўтатранспарт.

Фермеры плануюць з 1 сакавіка перакрыць адну з дарог праз літоўска-польскую граніцу, яны будуць правяраць змесціва грузавікоў, асабліва сельскагаспадарчыя грузы, заявіў у эфіры літоўскай радыёстанцыі арганізатар пратэсту Караль Пячынскі. «Вядома, гэта не датычыцца асабістага транспарту, — паведаміў ён. — Пытанне аб блакіраванні літоўскай граніцы ўзнікла пры разважаннях аб тым, як узмацніць ціск на польскі ўрад, і аб, магчыма, не зусім легальнай транспарціроўцы сельгаспрадукцыі паміж Польшчай і Літвой. Мы проста жадаем прыцягнуць увагу».

На думку старшыні Літоўскай асацыяцыі вытворцаў збожжа Аўшрыса Мацыяўскаса, падазрэнні польскіх фермераў наконт таго, што ўкраінскае збожжа, прывезенае з Польшчы ў Літву, вяртаецца або перапрацоўваецца і рээкспартуецца як літоўскі тавар, апраўданы. «Польскія фермеры падазраюць, што гэта зерне разгортваецца і вяртаецца назад. У нас ёсць інфармацыя, што ўкраінскае зерне перамолваецца ў Літве, а літоўская мука экспартуецца ў Польшчу. Нібыта з літоўскага збожжа, у нас ёсць такія звесткі. Я дакладна ведаю, што ўкраінскае зерне паступае ў Літву, а літоўская мытня пра гэта не ведае», — сказаў BNS старшыня Літоўскай асацыяцыі.

Акцыя фермераў на літоўска-польскай граніцы нанясе вялікую шкоду Літве, прагназуе генеральны сакратар Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Lіnava Зянонас Буйвідас: «Блакіраванне граніцы — вялізныя страты для нас як транзітнай краіны. Цяпер існуе рынак Еўрапейскага саюза, а не закрыты рынак. Шкода для нас будзе большая, чым для Польшчы».

З 1 сакавіка таксама польскія перавозчыкі маюць намер аднавіць блакаду пагранпераходаў з Украінай у Падкарпацкім і Любельскім ваяводствах. Пра гэта паведамляе радыёстанцыя RMF FM. «У нас было абяцанне Міністэрства інфраструктуры [Польшчы] аб тым, што будзе распрацаваны праект закона, які ўзмацняе кантроль за ўкраінскімі перавозчыкамі. Прайшлі чарговыя [некалькі] тыдняў — праекта няма, — цытуе радыёстанцыя старшыню Польскага саюза транспарту і лагістыкі Мачэя Вроньскага. «Калі ў гэтым пытанні нічога не зменіцца, колькасць пратэстаў 

[і іх маштаб] на граніцы з Украінай можа стаць толькі яшчэ большай». Паводле яго слоў, польскія перавозчыкі з лістапада мінулага года патрабуюць уводу ліцэнзій для перавозчыкаў з Украіны, якія дзейнічаюць на польскай тэрыторыі, паколькі бескантрольная дзейнасць украінскіх перавозчыкаў «выціскае з рынку» польскія транспартныя фірмы. Як паведаміла RMF FM, падчас новай акцыі пратэсту будуць зноў заблакіраваныя пагранпераходы ў Дарахуску, Хрыбене, Карчове і, магчыма, у Медыку.

Тым часам стала вядома, што новыя пратэсты фермераў пройдуць у польскай сталіцы ўжо ў пачатку сакавіка. Пра гэта паведамляе ТАСС. Адзін з арганізатараў пратэснага руху аграрыяў Шчэпан Вуйчык па выніках сустрэчы з кіраўніком канцылярыі прэм’ер-міністра Янам Грабецам заявіў: «Пратэсты будуць працягвацца, 6 сакавіка зноў сустрэнемся ў Варшаве. Мы будзем працягваць блакаду дарог і гарадоў Польшчы, мы не сыдзем з барыкад!» Аграрыі вельмі незадаволены ходам перагавораў з польскімі ўладамі і пагражаюць узмацніць пратэсты па ўсёй краіне. Фермеры на мяжы адчаю.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.