Вы тут

Дом у мініяцюры: Дзяўчына прыдумала, як захаваць цёплыя ўспаміны дзяцінства


Дыван з лебедзямі на сцяне, выцінанкі на вокнах; за шклом серванта — сервіз, які даставалі толькі па вялікіх святах, цёплая печ, дзе так прыемна паляжаць узімку з кніжкай... Усё гэта было ў дзяцінстве многіх з нас. Вось толькі адным пашанцавала больш: вясковая хата захавалася, і яны працягваюць прыязджаць туды і даглядаць яе. У некага ж так склаліся абставіны, што радавое гняздо давялося прадаць ці яго наогул закапаў у зямлю бульдозер. Засталіся толькі ўспаміны — у сэрцы, у сямейных альбомах. А ў гераіні гэтага артыкула — яшчэ і на кніжнай паліцы...


«Там мы разам кармілі куранят, збіралі вішні...»

Хатка, дарагая сэрцу Настассі Студзянцовай, настаўніцы пачатковых класаў з Мінска, знаходзіцца ў невялічкім гарадскім пасёлку Хоцімск, што ў Магілёўскай вобласці. Там яе пабудавалі прадзед (ён быў сталяром) і дзядуля маёй гераіні прыблізна 70 гадоў таму. «Дзядуля з бабуляй пражылі ў той хатцы ўсё сумеснае жыццё, — распавядае Настасся. — Яны пазнаёміліся праз пару гадоў пасля вайны ў вясковым клубе недалёка ад Хоцімска. Бабулю размеркавалі туды настаўніцай, а дзядуля прыехаў у родную вёску са службы ў адпачынак. Я заўсёды была вельмі прывязаная да гэтага месца. Там прайшло маё дзяцінства, там палюбіла прыроду, там клікала куранят да бабулі, калі яна выходзіла іх карміць. Там мы з дзядулем разам капалі бульбу, збіралі вішні. І разам баяліся бабулю (яна ж у нас была заслужанай настаўніцай матэматыкі), калі „касячылі“. Мая маці паехала мяне туды нараджаць, хоць ужо жыла ў Мінску. Таму я звязана з Хоцімскам з самага свайго нараджэння. Менавіта гэта месца, лічу, зрабіла мяне той, хто я ёсць».

Але... гэта жыццё. Са стратай родных вельмі часта прыходзіць і страта доміка... «Дзядуля памёр у 2012 годзе, бабуля — у верасні 2022-га, — працягвае свой аповед мая гераіня. — У Хоцімску нікога з родных не засталося. Было зразумела, што рана ці позна хату давядзецца прадаць, ніхто не будзе з Мінска ездзіць яе даглядаць. Гэта быў вялікі боль майго сэрца. Там столькі маёй душы, успамінаў, я вельмі люблю і ведаю ў той хаце кожны брусочак, кожную палічку. І расставацца з гэтым было вельмі цяжка. Таму я пастаянна думала, як мне гэта захаваць, акрамя сваёй памяці і фотаздымкаў».

Настасся верыць у Бога. І лічыць, што гэта менавіта Ён нейкім чынам зрабіў так, каб яна ўбачыла ў Іnstagram акаўнт майстроў-мініяцюрыстаў Сняжаны і Аляксея.

— Памятаю, разглядала там фотаздымкі з маленечкімі, памерам з кнігу, дамкамі-мары ды пакойчыкамі з папулярных фільмаў. І падумала: «А чаму б не захаваць і нашу вясковую хатку ў такой мініяцюры. Я адразу ж напісала майстрам і запыталася, ці маглі б яны зрабіць яе маленькую копію». Сняжана адказала: «Можам паспрабаваць» і папрасіла даслаць шмат падрабязных фотаздымкаў. Якраз у жніўні ў маёй маці, якая нарадзілася ў гэтай хаце, быў юбілей, таму я вырашыла, што зраблю ёй такі незвычайны падарунак.

Настасся папрасіла рамеснікаў зрабіць не толькі макет дома, але і яшчэ ўнутры яго адзін пакой. «У нашай хаце два вялікія пакоі, і калі я думала, які з іх увасобіць, спынілася менавіта на зале, дзе падчас свят збіралася ўся сям’я. Што б ні святкавалі — Новы год ці чыйсьці дзень нараджэння, — дзядуля заўсёды сядзеў на чале стала. Ён быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, меў шмат узнагарод. Дык вось на нейкае свята дзядулю падарылі вялікі партрэт, на якім ён у пінжаку, увешаным ордэнамі і медалямі. Ён шмат гадоў займаў пачэснае месца ў нас на буфеце. Радасна, што Сняжана з Аляксеем зрабілі паменшаную копію ў тым ліку і гэтага партрэта. 

Такім чынам, дзядуля нават тварам прысутнічае ў мініяцюрным дамку. Таксама ў міні-пакоі над сталом вісіць копія калажа з фотаздымкаў, які я рабіла на залатое вяселле бабулі і дзядулі.

— Што самае каштоўнае ў міні-пакоі — партрэт дзядулі?

— Напэўна, усё. Партрэту ўсяго дваццаць гадоў, а буфет, напрыклад, там стаяў, колькі я сябе памятаю. 

У нашым сямейным альбоме шмат чорна-белых фотаздымкаў на яго фоне. Канапа, засцеленая мякенькім пакрывалам, таксама ўсё маё жыццё там стаяла. Каб дакладна паўтарыць узоры на ім, Сняжана з Аляксеем прымянілі друк па тканіне з фотаздымка. Таму да гэтага пакрывала ў мініяцюрным дамку можна дакрануцца і адчуць яго навобмацак. Мы былі са Сняжанай увесь час на сувязі, узгаднялі кожную дэталь. І зусім нечакана гэтыя званкі ды перапіска, сам працэс падбору матэрыялаў сталі для мяне своеасаблівай псіхатэрапіяй. Калі я ўзяла ў рукі бабулін і дзядулеў дамок, адразу пачала плакаць, бо адчула ўжо не боль, а светлы сум, пяшчоту. Цяпер міні-копія хаткі — сапраўдная рэліквія ў нашай сям’і, якая будзе перадавацца як скарб, з пакалення ў пакалення.

— А як ваша маці адрэагавала на такі незвычайны падарунак?

— Калі я падняла дах і ўключыла ў хатцы святло, яна таксама пачала плакаць. На той момант наша радавое гняздо яшчэ належала нам. Мінулай вясной мы ездзілі туды на Радаўніцу і прыхапілі з сабой яго мініяцюрную копію. Для мяне было вельмі важна, каб яны пазнаёміліся, каб маленькая хатка пабывала ўнутры вялікай. Не так даўно мы перадалі бабулін дом у добрыя рукі знаёмых нашай сям’і…

...Я вельмі ўдзячная Сняжане і Аляксею. Я даверыла ім каштоўную частку майго сэрца, і яны беражліва і з любоўю падарылі ёй працяг. Дзякуючы іх таленту, цяпер памяць пра хатку будзе жыць не толькі ў маім сэрцы, але і на кніжнай паліцы. Кожны раз, калі гляджу на яе, адчуваю спакой, цеплыню, любоў, абарону. Зазіраю ў акенца, у якім гарыць цёплае святло, — і згадваю сваё дзяцінства, уяўляю, што зноў сяджу на печы (на месцы празрыстай здымнай сцяны, якая аберагае ад пылу, у рэальнасці знаходзіцца печ) і зверху назіраю за дарослымі, слухаю, што яны абмяркоўваюць. Ці вось прайшло шумнае свята, і мы сядзім з кніжкамі і семечкамі, ужо вузкім колам. Нехта на канапе, а нехта за сталом. У гэтым доме, непасрэдна ў гэтым пакоі. Хоцімск і наша хатка — гэта мая моц на ўсё жыццё, месца сілы і любові назаўсёды. Калі мне цяжка, я заўсёды думкамі вяртаюся туды, дзе, маленькая, гуляю з братам і сябрамі ў «Казакі-разбойнікі» ды будую шалаш з галінак і лісця, а ў двары бабуля з дзядулем чакаюць нас з поўнай міскай суніц з нашага агарода. І ўсе праблемы падаюцца ўжо не такімі страшнымі, жыццё становіцца прасцейшым і святлейшым.

«Нам з мужам таксама блізкая вясковая тэма»

Майстры-мініяцюрысты з Мінска Сняжана і Аляксей пакуль што зрабілі ўсяго дзве вясковыя хаткі, цяпер працуюць над трэцяй. Але заказаў ужо больш за семдзесят. «Таму, — усміхаюцца рамеснікі, — відаць, у найбліжэйшы час будзем займацца толькі вясковымі інтэр’ерамі. Ідэя адгукнулася ў сэрцах нашых людзей, і яны пачалі дасылаць нам фотаздымкі. Усе хочуць захаваць цёплыя ўспаміны з дзяцінства. І мы шчаслівыя ім у гэтым дапамагчы. Мы ўдзячны Насці за яе заказ з зорачкай ва ўсіх сэнсах, бо яна нам адкрыла новы, асаблівы, этап у нашай творчасці і дапамагла паказаць іншым, што яны могуць на доўгія гады захаваць свае хаты і перадаваць іх сваім дзецям і ўнукам як сямейную рэліквію».

Па адукацыі Сняжана з Аляксеем — педагогі, вучыліся ў адным універсітэце, там і пазнаёміліся. Ім абаім блізкая тэма вясковых дамкоў. «Я ўсё дзяцінства пражыла ў вёсцы, — кажа Сняжана. — Лёша ж часта ездзіў у вёску да бабулі з дзядулем. Менавіта таму мы раздзяляем эмоцыі сваіх заказчыкаў. Цяпер, калі прыязджаем у вёску да сваякоў, на хаты глядзім зусім іншымі вачыма: як што ўладкавана, як зроблены комін, дах, ганак, ліштвы, як выкладзены дошчачкі на фасадзе. Хацелася б у будучыні змайстраваць мініяцюрную копію хаты нашага дзядулі. Але пакуль што трэба выконваць заказы іншых, людзі чакаюць».

Прыемна, што рамеснікі не шукаюць простых шляхоў, стараюцца, каб усё выглядала як мага больш рэалістычна. Напрыклад, тыя ж шпалеры было б прасцей раздрукаваць з разлікам адзін ліст на адну сцяну. Але тады не будзе відаць стыкаў. Таму яны робяць спачатку маленечкія рулоны, а потым размотваюць і клеяць іх палоскамі, як у жыцці, каб малюнак супадаў. «Стараемся захаваць пацёртае пакрывала на канапе, спецыяльна састарыць дошкі, дадаць натуральныя трэшчынкі. Кожны этап узгадняем з заказчыкам. Праца над домам нагадвае сапраўдную будоўлю, рамонт. Мы ездзім па крамах, выбіраем фарбу, падбіраем матэрыялы для мэблі, колер шпалер, фіранак, узоры дываноў. Часта няпроста знайсці дакладна такую ж тканіну, таму даводзіцца шукаць падобную, гэта займае шмат часу».

Некаму патрэбны проста вонкавы выгляд хаткі, камусьці — з інтэр’ерам (адзін-два пакоі), таму адну замову можна рабіць два тыдні, а можна — і чатыры месяцы, усё залежыць ад дэталізацыі. «Мініяцюры — не наша асноўная работа, мы гэтым займаемся ў свой вольны час. Менавіта таму ў нас чарга на некалькі гадоў, бо гэта ручная работа. Бывае так, што ты цэлы вечар робіш адну жырандолю ці чатырохміліметровую дзвярную ручку. Узводзім домікі ў маштабе 1:40, 1:20. Вельмі цяжка зрабіць планіроўку, калі няма лічбаў. Таму будучых заказчыкаў просім па магчымасці дасылаць нам падрабязныя замеры хаткі, мэблі. Мы, канешне, можам зрабіць усё і на вока, але папярэджваем, што будуць скажэнні, дзесьці парушацца прапорцыі. Па фота атрымаць дакладную копію не атрымаецца. У нас ёсць адзін заказ, з тых, што ў чарзе, дзе захаваўся ўсяго адзін стары фотаздымак хаткі, нават успамінаў мала засталося. Я нават не ўяўляю, як мы будзем рабіць яго копію. Але для нас з мужам чым складаней, тым цікавей».

У дзяцінстве ў Сняжаны, як і ў большасці дзяўчынак, быў лялечны дом. «Мы яго змайстравалі з мамай з каробкі з-пад халадзільніка. Там былі ўласнаручна пашытыя фіранкі на вокнах, самаробная мэбля з падручных матэрыялаў». Сняжана вырасла і забылася на тыя мініяцюры да таго часу, пакуль ёй, школьнай настаўніцы замежнай мовы, не спатрэбілася да міжнароднага праекта зрабіць з вучнямі штосьці сваімі рукамі з адходаў. «У мяне дома было сабрана шмат драўляных палачак ад марожанага. Зайшла ў інтэрнэт і загугліла: што з іх можна зрабіць. І ўбачыла маленькую шафу. Тут жа згадала, як з мамай у дзяцінстве рабілі штосьці падобнае для лялечнага доміка. У мяне не было ніякіх інструментаў. Памятаю, рэзала тыя палачкі нажніцамі, яны ламаліся, трэскаліся. Пасля таго, як шафа была гатова, мне захацелася зрабіць крэсла, у якасці ножак прыстасавала зубачысткі. Потым узяла каробку ад пячэння — і ў выніку атрымаўся навагодні пакой у маленькай савецкай кватэрцы. Я імправізавала як магла, мне падабаецца прыдумваць, што з чаго можна зрабіць: фіранкі там былі з чорнага смеццевага пакета, дыван — з пушыстай часткі пальчаткі. Потым трэба было прыдумаць нейкі сувенір у дадатак да падарунка на вяселле нашым знаёмым. Я зрабіла бокс з двух мініяцюрных пакояў. Лёша мне тады дапамог з электрычнасцю. Затым зрабіла навагодні пакой у рамцы ў падарунак сястры. З кожным разам атрымлівалася ўсё лепш і лепш. І мне захацелася паказваць свае работы знаёмым, таму пачала выкладваць фотаздымкі ў інтэрнэце».

Спачатку Аляксей дапамагаў Сняжане з цяжкай работай: нешта адрэзаць, адпілаваць. Аказалася, што ў яго некаторыя рэчы атрымліваюцца лепш, чым у жонкі. У выніку яны размеркавалі абавязкі і пачалі працаваць над мініяцюрамі разам. «Напрыклад, у Лёшы лепш атрымліваецца корпусная мэбля, у мяне — мяккая, дробныя дэталі, накшталт посуду, дэкору». За электрыку ў творчым тандэме адказвае Аляксей. У мініяцюрах можна ўключаць і выключаць маленькія жырандолі, настольныя лямпы, навагоднія ёлкі, каміны. І гэта асвятленне стварае цудоўную цёплую атмасферу, утульнасць. «Да вясковых хатак чаго мы толькі не рабілі — сучасныя інтэр’еры, домік хобіта, гасцінныя па матывах „Гары Потэра“, кватэру, дзе нейкі час жылі Шэрлак Холмс і Доктар Ватсан... Нам цікава рабіць абсалютна ўсё. Мы проста гарым гэтай мініяцюрнай справай».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з архіва герояў артыкула

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.