Вы тут

Паэзія Навума Гальпяровіча гучыць па-кітайску


Перакладчык рускай і беларускай літаратуры, прафесар Нанькайскага ўніверсітэта Гу Юй працягвае знаёміць кітайскіх чытачоў з сучаснай беларускай паэзіяй. Гу Юй ужо пераклаў творы Максіма Танка (сто вершаў), Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Цётку, Анатоля Сыса, Міколу Пракаповіча і іншых беларускіх паэтаў. А ў сённяшнім нумары мы прапануем яго пераўвасабленні на кітайскую мову вершаў Навума Гальпяровіча. 


Паэт, празаік, перакладчык і журналіст Навум Якаўлевіч Гальпяровіч нарадзіўся ў 1948 годзе ў Полацку. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе, затым у полацкай аб’яднанай газеце «Сцяг камунізму», рэдактарам радыёвяшчання вытворчага аб’яднання «Палімір» у Наваполацку, супрацоўнікам наваполацкай гарадской газеты «Химик». З 1981-га ўласным карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Навум Якаўлевіч — аўтар шматлікіх рэпартажаў, аналітычных матэрыялаў. З 1997 года жыве ў Мінску. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Вожык», намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў. Зараз Навум Якаўлевіч — намеснік дырэктара — загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, вядучы аўтарскай культуралагiчнай праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3». За творчыя і грамадскія здабыткі адзначаны медалём Францыска Скарыны, званнем «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».

Дэбютаваў вершам у 1967 годзе на старонках газеты «Химик» (Наваполацк). Аўтар кніг паэзіі «Сцяжына», «Брама», «Востраў душы», «Струна», «Святло ў акне», «Гэта ўсё для цябе», «Голас і рэха», кнігі прозы «Шляхі і вяртанні», а таксама шматлікіх публікацый у калектыўных сборніках. На вершы Навума Гальпяровіча напісаны песні кампазітарамі Эдуардам Зарыцкім, Уладзімірам Буднікам, Алегам Елісеенкавым, Валерыем Івановым і інш. Асобныя творы перакладзены на рускую, балгарскую, румынскую, марыйскую і польскую мовы.

Наум Гальпяровіч мае цесныя стасункі з Кітаем. Сам паэт сцвярджае, што кітайская тэма адыграла значную ролю ў яго жыцці: «Вось ужо больш за дзесяць гадоў там жыве і працуе мая дачка, на нашым радыё „Беларусь“ мы арганізавалі вяшчанне на кітайскай мове, і ў мяне з’явілася шмат сяброў з ліку мастакоў, журналістаў, пісьменнікаў, дыпламатаў гэтай вялікай краіны. Незабыўнае ўражанне на мяне аказаў выдатны дзеяч культуры спадар Гаа Ман. Я пазнаёміўся з ім падчас майго першага візіту ў Пекін. Гэтае знаёмства перарасло ў сапраўднае сяброўства. Гаа Ман нават напісаў мой партрэт з вершам-прысвячэннем, які я беражліва захоўваю ў сваім кабінеце. Мне двойчы давялося пабываць у Кітаі, і я захоплены гэтай краінай, яе людзьмі, і свамі ўражаннямі не раз дзяліўся ў сваіх вершаваных і празаічных творах».

Адзін з такіх вершаў Навума Гальпяровіча — «Пад адным небам», прысвечаны Гаа Ману. У перакладзе кітайскага русіста спадара Лю Вэньфэя верш быў надрукаваны па-кітайску ў кнізе ўспамінаў пра Гаа Мана «Дзеяч мастацтва з „пячоры тыгра“» (Пекін, 2023). Другі пераклад, карыстаючыся рускамоўнай версіяй у выкананні беларускай паэткі Юліі Алейчанка, зрабіў спадар Гу Юй. Кітайскі перакладчык адзначыў, што гэта верш, які «са шчырымі эмоцыямі, лёгкай мовай і гарманічнай рыфмай апісвае сардэчнае сяброўства паміж вучонымі дзеячамі з Кітая і Беларусі, кранае чытачоў». 

Навум Гальпяровіч таксама далучыўся да перакладчыцкай дзейнасці. У яго пераўвасабленні на беларускай мове загучалі вершы старажытнакітайскіх паэтаў Лі Бо, Ду Фу і Мэн Хаажаня і паэтычныя творы паэтаў сучаснай і найноўшай літаратуры Вэнь Ідо, Сюй Джымо, Ван Годжэня і іншых.

Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ


Навум Гальпяровіч

Пад адным небам

Памяці Гаа Мана

Качка па-пекінску і сівы стары

З кім я пачуваўся сціплым сынам....

Як было прыемна гаварыць

Нібы дома, пасярод Пекіна.

І нібы спыніўся раптам час,

Праляталі светлыя імгненні

І яднала душы светла нас

Шчырае паэзіі служэнне.

І радніла чыстая любоў

Для краіны для яго далёкай

Мы шукалі сярод новых слоў

Свет эмоцый, чысты і высокі.

Не дзяліў нас прывідны туман

І адчуў у момант я знянацку,

Што падобны ў нечым Гаа Ман

Раптам на майго сівога бацьку

І сядзеў тады, нібыта сын

У бацькоўскім ціхім родным доме

І я ведаў, што чужым Пекін

Для мяне не будзе ўжо ніколі

* * *

Жоўты колер. Карціна. Гаген.

Прадчуванне зімы і самоты.

І чакае душа перамен,

Пра якія я мроіў употай.

На палотнах чужое жыццё

І жанчыны, якіх мне не ўбачыць.

Час бязлітасны фарбы не сцёр

І не здолеў настрой перайначыць.

І жаданне імкнецца са сцен,

Дзе чакаюць сінеча і вецер.

Жоўты колер. Карціна. Гаген —

Як маленькая кропка ў Сусвеце.

* * *

Агеньчык дрогкі у тваіх руках,

Дзе воск і ладан, дзе спакой і спевы,

Ён праз стагоддзі, морак і залевы

Не згаснуў, не змарнеў іне зачах.

У нас дзве свечкі. Я тваю здаля

Убачыў, каб аднойчы запаліцца.

Каб у імкненні радасным адкрыцца,

Каб зноў намацаць пакручасты шлях.

Гараць дзве свечкі. Быццам дзве сястры,

Два лёсы, дзве душы, і дзве пяшчоты,

Дзве зоркі ў небе і дзве адзіноты,

І дзве сасонкі ў залатым бары..

Начныя ўскраіны

Маналог гарадскіх ускраін

У асенняй начной пары...

Як дзяцінства сваё , чытаю

Я і вуліцы, і двары

Адступаюць туга і гора

І вяртаюць душу назад.

І зусім не чужы мне горад.

Што схаваўся за свой фасад.

А вакол ліхтары і цені.

І лістоты калянай тлум.

І загадкавае спляценне

Даўніх мараў і дзіўных дум.

І салодка душа згарае

На бязлітасным тым кастры

Адзінокіх начных ускраін.

Дзе і вуліцы, і двары.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.