Вы тут

«Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай»


​Развіццё беларускага спорту і ў прыватнасці футбола абмеркавалі ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На даклад да кіраўніка дзяржавы сабраліся віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Мікалай Шарснёў і член Савета Рэспублікі Дзмітрый Баскаў, які курыруе спартыўную сферу.


Фота: БелТА

«Я вас запрасіў для таго. каб пагаварыць аб сітуацыі, якая складваецца ў нашай спартыўнай супольнасці. І перш за ўсё, у галіне футбола. Самы масавы від спорту. Самы любімы від спорту сярод нашага насельніцтва. І такі від спорту, якім можна займацца ў любы час сутак і ў любых умовах надвор’я. Ёсць і іншыя віды спорту, пра якія сёння можна гаварыць», — задаў тон размовы Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што прысутныя самі спартсмены, любяць спорт і займаюцца ім. 

«Калі ў цэлым ацэньваць нашы спартыўныя дасягненні, яны нікуды не вартыя. Пры тых укладаннях і тым клопаце дзяржавы, які мы аказваем спорту», — заявіў Прэзідэнт. Ён паставіў задачу ў найбліжэйшы час навесці парадак у спорце — у першым квартале бягучага года. «Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай, у адваротным выпадку вы будзеце ўсё пазбаўлены льгот. Клубы на сваіх чыноўнікаў і іншых прыбліжаных павінны зарабляць грошы самі, няхай ідуць і просяць у спонсараў. А так у нас дзяржава з’яўляецца асноўным спонсарам», — падкрэсліў кіраўнік дзржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што многія спартсмены «пачалі выць», што з-за санкцый іх не пускаюць на буйныя спаборніцтвы. «А куды вас не пускаюць? Вас што, у Расію не пускаюць? Гэта наймацнейшая спартыўная дзяржава нашай планеты. Я назіраю зараз самым уважлівым чынам. Больш ведаю, чым хто-небудзь з вас, што адбываецца ў Расійскай Федэрацыі са спортам. Там увесь час паказчыкі ў спорце растуць. — заявіў ён. — Выйграйце ў расіян. Выйграйце ва ўсіх відах спорту. Паспаборнічайце з імі і прыйдзіце далажыце, што вы выступілі лепш, чым расіяне ва ўсіх відах спорту. Ад вас больш нічога не трэба. Краіна будзе шчаслівая».

«Сорамна глядзець. Часам брыдка», — такую агульную адзнаку цяпершнім вынікам у спорце даў Прэзідэнт. Ён таксама звярнуў увагу, што там, дзе ёсць вынікі, яны часта нестабільныя, і значныя перамогі змяняюцца невыразнымі паражэннямі. «Такі спорт народу не патрэбны. І з бюджэту ніхто гэта фінансаваць не будзе. Пра футбол я баюся нават казаць. Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаў раней у футболе проста не заўважалі. А зараз?! Але мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з міністрам спорту нешта не падзялілі. Яны не могуць працаваць адзін з адным. Цуды! Ды там жа дзяліць няма чаго!» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Увогуле, мужыкі, так: у гэтым годзе не будзе па відах спорту прагрэсу значнага і нармальных паказчыкаў — на пасады і крэслы не разлічвайце. Разумейце мяне як хочаце», — папярэдзіў Прэзідэнт. 

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у сваім дакладзе падкрэсліў, што сёння, нягледзячы на праблемы, ў многіх відах спорту ёсць станоўчая дынаміка. І падмацаваў свае словы прыкладамі. Упершыню за доўнія гады беларусы заваявалі медалі на чэмпіянаце свету па таэквандо. Упершыню ў гісторыі беларускага сінхроннога плавання ёсць бронзавы медаль чэмпіянату свету. На нядаўнім чэмпіянаце свету па плаванні упершыню за апошнія 12 гадоў заваяваны бронзавы медаль. 

«Вы так параўноваеце з гісторыяй, калі мы ўвогуле не плавалі і ў нас была адна “лужына”, дзе можна было трэніравацца. Сёння дастаткова басейнаў і ў вас толькі адзін чалавек там штосьці паказаў, а астатнія ў фінал выйшлі 2-3 чалавекі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Дык дзе аддача ад сродкаў, якія мы ўкладваем? Нацыянальны басейн будуецца, нацыянальны стадыён які будуецца для футбола. Навошта?»

«Аддача ўжо ідзе», — адказаў Сяргей Кавальчук. Ён адзначыў, што ў многіх відах ёсць моцны рэзерв. 

«Жаль, в ту пору прекрасную жить не придется ни мне, ни тебе», — іранічна заўважыў Прэзідэнт, інтэрпрытаваўшы словы класіка. 

Міністр спорту і турызму нагадаў, што на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы па барацьбе беларускія спартсмены заваявалі восем медалёў: два залатыя, два сярэбраныя і чатыры бронзавых. Прэзідэнт параіў не надта радавацца поспехам на кантынетальных спаборніцтвах, бо на чэмпіянатах свету канкурэнцыя значна павышаецца і там вынікі не такія добрыя. Сяргей Кавальчук заўважыў, што чэмпіёнкі чэмпіяната Еўропы Ванэса Каладзінская, Ірына Курачкіна і прызёр Магамедхабіб Кадзімагамедаў былі прызёрамі Алімпійскіх гульняў у Токіа. Па яго словах, у барацьбе падрастае і добрая моладзь. Міністр таксама падкрэсліў, што з міжнародных стартаў з медалямі вяртаюцца і цяжкаатлеты. На нядаўнім чэмпіянаце Расіі па лёгкай атлетыцы нашы спартсмены выступілі з найлепшых вынікамі сусветнага сезону ў закрытых памяшканнях. 

У тэму 
У кожным відзе спорту трэба правесці рэвізію

У размове з журналістамі міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што крытыка Прэзідэнта спартыўнай галіны цалкам аб’ектыўная. Не ўсе віды спорту паказваюць вартыя вынікі. Але і шмат момантаў, якія сведачаць пра станоўчую дынаміку развіцця некаторых відаў спорту. «Дзяржава ўкладае вялікія сродкі ў развіццё спорту, і аддача павінны быць ва ўсіх відах спорту. Мы павінны гэтыя сродкі разумна і рацыянальна выкарыстоўваць, паказваць вынік спартсменаў на міжнароднай арэне», — сказаў Сяргей Кавальчук.

Міністр падкрэсліў, што прычыны праблем у розных відах спорту розныя. Перад галіной пастаўлена задача за першае паўгоддзе сумесна з Нацыянальным алімпійскім камітэтам і федэрацыямі ў кожным відзе спорту перагледзець сістэму падрыхтоўкі спартсменаў, удзяліўшы асаблівую ўвагу заняткам з дзецьмі і падлеткамі, падрыхтоўцы, кваліфікацыі трэнераў, крытэрыям адбору на розныя ступені спартыўнай кар’еры. «У кожным відзе спорту трэба правесці сумесна такую рэвізію», — сказаў Сяргей Кавальчук. Міністр заўважыў, што асобную ўвагу трэба звярнуць на спорт у глыбінцы, развіваць масавы спорт. Па яго словах, самыя масавыя віды спорту — футбол і лёгкая атлетыка — павінны быць развіты ва ўсіх раённых цэнтрах. Тым больш, што заняткі ва ўсіх дзяржаўных секцыях, дзіцяча-юнацка спартыўных школах у нашых краінах бясплатныя. 

Трэба выбудаваць сістэму падрыхтоўкі футбалістаў

Старшыня Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што сёння вельмі важная задача — выбудаваць тэхналогію выхавання і давядзення гульцоў да спартыўнай дасканаласці. «Калі гэтая тэхналогія будзе працаваць, заўсёды на выхадзе будзе цудоўны спартсмен. Сёння тут мы бачым шэраг агрэхаў», — сказаў ён. Мікалай Шарснёў расказаў, што ў самым пачатку сваёй працы на пасадзе старшыні АБФФ параўнаў сённяшнюю сістэму падрыхтоўку футбалістаў з той эталоннай, што была раней. У цяпершняй сістэме ўбачылі шэраг недахопаў. Раней працавала сістэма падрыхтоўкі дзіцяча-юнацкага футбола, якая складалася з шэрагу прыступак, пачынаючы ад рэгіянальных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Была выбудавана дакладная піраміда падрыхтоўкі юнага футбаліста і забяспечаны пераход у дублюючыя склады, маладзёжны склад і, адпаведна, прафесійны футбол. 

«Пастаўлена задача на працягу паўгода навесці парадак. Гэта значыць выбудаваць сістэму падрыхтоўкі футбалістаў, забяспечыць плаўны пераход у маладзёжны футбол і ў дарослы. Усё, што на сёння разбалансавана ў нарматыўнай базе, прывесці ў парадак. Нас чакае паўгода плённай працы, і тое, што згублена па розных прычынах за многія гады, аднавіць і зрабіць футбол тым відам спорту, які любяць і шануюць», — адзначыў Мікалай Шарснёў. Па словах старшыні АБФФ, выбудоўваючы гэтую сістэму, трэба ісці ў нагу з часам, каб быць канкурэнтаздольнымі з іншымі краінамі. «Мы бачым, куды рухаецца сёння свет, куды рухаюцца ў напрамку развіцця футбола ў Еўропе. Трэба ў адпаведнасці з гэтым усё рабіць, каб не адставаць. Сістэма, якую мы створым, будзе асноватворнай на доўгія гады», — сказаў ён. 

Пры гэтым, кіраўнік айчыннага футбола заўважыў, што будаўніцтва сістэмы, якая дасць новых футбалістаў, не азначае, што праца з сённяшнімі камандамі спыніцца. Гэта праца вядзецца паралельна. У мінулым годзе быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на ўдасканаленне падрыхтоўкі футбалістаў. «Мы бачым, што нам неабходна. Па-першае, на больш раннім узроўні сабраць гульцоў і даць ім умовы для работы ў зборнай. Патрабаванні ФІФА апускаюцца па ўзростах ніжэй і ніжэй. У нас гэтая тэма застапарылася. Мы прынялі рашэнне пры Федэрацыі практычна апусціцца да набору найлепшых гульцоў з ДЮСШ з рэгіёнаў, з футбольных акадэмій да 12 гадоў. Тым самым мы дадзім гэтым хлопцам магчымасць ужо разам працаваць да выхаду з акадэміі», — расказаў Мікалай Шарстнёў. Ён расказаў, што раней з футбольнай акадэміі маладыя гульцы выпускаліся ў 17 гадоў, пасля заканчэння сярэдняй школы. У АБФФ прынялі рашэнне іх захаваць і каманду 17-гадовых гульцоў зрабіць асноўнай для будучага развіцця футбола. Такім чынам, яны застаюцца ў акадэміі футбола, і ў 18-19 гадоў атрымліваюць большую фізічную нагрузку, выконваюць большыя аб’ёмы пад кантролем спецыялістаў. Таксама такая каманда праводзіць міжнародныя таварыскія матчы, выступае на розных турнірах, каб атрымаць спаборніцкую практыку. «Прынята рашэнне, што каманда 17-гадовых футбалістаў ужо сёлета будзе гуляць у складзе Першай лігі нароўні з прафесіяналамі. Сезон, вядома, дасць вельмі шмат вопыту хлопцам. І практычнага, і тэарэтычнага. Праз год-два мы ўбачым ужо вынік гэтай каманды, зусім адрозны ад таго, што мы маем сёння», — расказаў Мікалай Шарснёў. Тым больш, што вынікі гэта каманда ўжо стала паказваць. На Кубку развіцця ў фінальным матчы з лікам 2:1 перайграла расійскіх аднагодкаў. Месяц таму на Кубку Дружбы ў Санкт-Пецярбургу ў акадэміі «Зеніта» каманда 17-гадовых футбалістаў выйграла ў аднагодкаў з Расіі з вынікам 5:1. 

Журналісты заўважылі, што для развіцця футбола неабходна і цікавасць насельніцтва да гэтай гульні, найперш — жаданне дзяцей гуляць у футбол. Адзін са сродкаў для вырашэння гэтай праблемы — правядзенне ўжо з гэтага сезона пастаяннага чэмпіяната па сярод каманд гульцоў 12, 13 і 14 гадоў. «Гэта дае найперш тое, што дзіцяча-юнацкія школы будуць абавязаны сфарміраваць каманды па гэтых узростах, тое чаго зараз няма. Няма пастаянага чэмпіянату, адпаведна, навошта ім ствараць каманду. А калі няма футбольнай каманды, навошта трэнеру напружвацца. Сістэма разбалансавана. І калі мы яе сабяром, махавік закруціцца», — растлумачыў Мікалай Шарснёў. У адпаведнасці з рашэннем АБФФ, у гэтым чэмпіянаце могуць удзельнічаць прыватныя школы, сярэднія школы, прафсаюзныя школы — усе жадаючыя. «На працягу сезона гэта зменіць адносіны да спорту. Дзеці будуць на вачах у трэнераў, стане больш прадукцыйнай селекцыя гульцоў. Вырасце цікаўнасць бацькоў, бабуль, дзядуль, аднакласнікаў, і на матчах будуць запаўняцца трыбуны. Махавік пачне працаваць. З’явіцца зусім іншае стаўленне да футбола», — запэўніў старшыня АБФФ. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?