Вы тут

Якія ідэі «лунаюць» у лютаўскім «Полымі»


Не быць уведзенымі ў зман, як у гісторыі неаднойчы здаралася, усімі сіламі пазбягаць вайны і служыць жыццю, «прышчапляць» культуру нацыянальнай памяці, як юбіляры, любіць прыроду, як паэты, не цурацца архіваў і старых папер ды старанна ўчытвацца ў аўтографы класікаў, як даследчыкі, — вось асноўныя ідэі, што «лунаюць» у лютаўскім нумары «Полымя».


У паэтычнай рубрыцы чытача «вітае» «Акрылены вясной» Уладзімір Мазго, у аднайменнай падборцы якога навідавоку прыхільнасць да такога мастацкага сродку, як паўтор. Лірычны герой, слухаючы «мелодыю дажджу», як сапраўдны паэт пачуваецца выдатным музыказнаўцам — і дырыжорам, і выканаўцам адначасова. Валянцін Семяняка прапануе чытачу нізку «Нясу табе прызнанне», у якой дае надзею-абяцанне і людзям шаноўнага ўзросту. Не забывае аўтар іранічна пахваліць і сябе: «Ну, і заўважу яшчэ пры нагодзе — // Вершы абы да каго не прыходзяць». Цеплынёй «абдае» чытача яго твор «Сястры Раісе», з якога праступаюць абрысы патрэта сталай жанчыны і яе не заўсёды простага, але годна пройдзенага жыцця. Віктар Ярац пераконвае вершаванай нізкай, што «Усё вядома нябёсам». Асабліва змястоўныя развагі выяўлены ў жанравай форме, якая пераклікаецца з выкарыстанай Алесем Разанавым. Згаданаму паэту прысвечаны верш «На канвертах выцвілыя штэмпелі...», а самі наследаванні ў нізцы найбольш запамінальныя, сэнсавана ёмкія і глыбокія.

Лютаўскае «Полымя» не прапануе гэтым разам раман, як бывае звычайна, затое дорыць нам аповесць Віктара Кунцэвіча «Люстэрка старой шафы». Твор з’яўляецца ўзорам містычнай прозы, якая заўсёды знаходзіць сваіх аматараў, прычым іх у яе, падаецца, бывае нават болей, чым у фантастыкі. Чалавеку ўласціва адчуванне прысутнасці незямнога, часам нехта сам настойліва шукае яго прыкметы, каб апраўдаць тыя ці іншыя здарэнні, адмаўляючыся браць персанальную адказнасць за тое, што з ім адбываецца.

У сюжэце, падзейна насычаным апісаннем жыцця людзей, паказаны ўплыў невядомага і нябачнага на чалавечыя лёсы. Люстэрка, па сутнасці, знішчае хваробай мужа здрадніцы, калі той адмаўляецца забіць яе, прычым, як становіцца вядома, рэч ажыццяўляе гэта не ўпершыню. Нібы сам збег абставін перамяшчае шафу з люстэркам з адной кватэры ў іншую, каб яно магло выканаць сваю місію пакарання таго, хто не імкнецца да ўсталявання «справядлівасці». 

Вольга Таляронак падрыхтавала для нас два апавяданні — «Платон-шалапут» і «Знахар», якія аднолькава (і назвамі, і зместам) акунаюць у атмасферу, што валадарыла ў беларускай прозе нашаніўскага Адраджэння. У першым прадстаўлены герой-хітрун, які выкарыстоўвае людзей і абставіны на сваю карысць, але, падаецца, не робіць нічога празмерна жорсткага і агіднага, таму, паказаны з гумарам, выглядае ў цэлым пазітыўна, нягледзячы на свае ўчынкі. У другім жа апісана трагічна-іранічная сітуацыя звароту бацькоў хворага дзіцяці да вясковага лекара, які на самай справе не здольны нічым дапамагчы, але ўсёй душой хоча гэтага, як і наведвальнікі, — цуд выздараўлення адбываецца. Светапогляд, атаясамлены стагоддзе таму, у век развіцця навукі, у прыватнасці медыцыны, з «забабонамі», быў уласцівы тагачасным беларусам. Зрэшты, мы і дагэтуль яго не зусім пазбавіліся, схільныя ў крытычныя моманты жыцця шукаць паратунку ўсюды, верачы і ў неверагодныя цудадзейныя сродкі.

Ніна Рыбік прапануе чытачу апавяданне «Маці», якое магло б мець і экзатычны загаловак, напрыклад «Лэйла», — паводле аднаго з імёнаў гераіні твора. Аднак аўтар расстаўляе свае акцэнты, выстаўляючы на першы план асобу, якая, не будучы ў кроўнай сувязі з дзяўчынкай, выхавала яе і не аддала бацьку, калі той аб’явіўся. У назву твора ўкладзена адсылка да яшчэ адной гераіні, якая не вельмі клапацілася пра народжаных ёй дзяцей і ўвогуле лёгка ставілася да жыцця. У кожным з агучаных выпадкаў выбар назвы акцэнтуе «мараль» твора, правадніком якой з’яўляецца нябачны аўтар.

Вячаслаў Мойсак выступае з творам «Таварыш Крымянец. Сіквел апавядання Міхася Лынькова „Сустрэчы“ да 80-годдзя вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў». З нагоды публікацыі давялося асвяжыць у памяці і змест апавядання М. Лынькова для глыбейшага асэнсавання сіквела (як жа выбіваецца замежнае слова!). Як ні дзіўна, успрымаючы творы ў тандэме, трошкі нават шкадуеш героя В. Мойсака. Пісьменнік падумаў, што, па-першае, адплата ў «Сустрэчы» Захарам атрымана недастатковая, па-другое, не завершаны маральнае і духоўнае «выхаванне», у сувязі з чым аўтар і натхніўся на цікавы мастацкі эксперымент.

Час многае расстаўляе на месцы, паказваючы нашы промахі, прымушаючы аплаціць рахунак: некалі добрае і правільнае можа аказацца ілюзіяй. Чалавека здольны ўвесці ў зман палітыка, ідэалогія, філасофія, нават навука, але традыцыйныя каштоўнасці, сярод якіх і «не забі», недарэмна перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Адным са слупоў этычнай сістэмы адвеку выступае хрысціянства і царква, куды герой накіроўваецца ў фінале. Ну а чытачу, паводле меркавання аўтара, трэба таксама быць вельмі асцярожным, каб не аказацца ўведзеным у зман той ці іншай сацыяльнай структурай.

Міхась Шыманскі ва ўспамінах «Не пакінь нас, памяць» згадвае ранняе дзяцінства, азмрочанае Вялікай Айчыннай вайной. З замалёвак паўстаюць жахлівыя карціны таго, як сям’я з маленькімі дзецьмі назірае за паміраннем у агні роднай вёскі і ўласнага дома. У памяці аўтара засталося і тое, як усёй вёскай жанчыны ў галодны год вызвалення, узрадаваныя блізкасцю чырвонаармейцаў, гатуюць агульны шчодры стол і дзеці радуюцца магчымасці ўволю паесці яечні. Боль М. Шыманскага прабіваецца ў радках пра тое, як яны з сястрой, употайкі ад бацькоў, стараючыся не натрапіць на міны, хадзілі паглядзець на свой сад на папялішчы.

Жудасная рэч вайна, і пазбягаць яе чалавецтву трэба любымі сродкамі, асабліва ў часы, калі вырашаць і геапалітычныя, і эканамічныя пытанні можна самымі рознымі, больш эфектыўнымі сродкамі. Але чамусьці людзі зноў і зноў выбіраюць рух па тым самым «зручным» сваёй звыкласцю, тысячагоддзямі апрабаваным прымітыўным шляху…

Навуковыя публiкацыi прадстаўлены артыкулам Сун Цзэ «Семантыка і функцыі пейзажных малюнкаў у прозе для дзяцей (на матэрыяле творчасці Цаа Вэньсюаня, Якуба Коласа і Міхаіла Прышвіна)». У тэксце разглядаюцца выявы ландшафту ў літаратуры жыхароў аднаго паўшар’я, але тэрыторый з адметным кліматам. Прысутная ў мастацкай тканіне пісьменнікаў трох літаратур магія прасторы дапамагае дзецям і дарослым спасцігаць свет прыгожага, выхоўвае пачуццё патрыятызму і ўсеагульнай еднасці людзей між сабой і з Сусветам.

Юбiлеi «святкуюць» у гэтым нумары дзве асобы: адна — з самай што ні ёсць сучаснасці, другая — з беларускай гісторыі, не такой ужо і далёкай. Першую віншуе Алесь Марціновіч у публікацыі «Сучаснасць праз шкельца гісторыі. Да 60-годдзя Алеся Карлюкевіча», другую — Мікола Мікуліч навуковым артыкулам «„Пілую вершам краты...“. Да 110-годдзя Валянціна Таўлая».

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», лаўрэат дзяржаўных і міжнародных прэмій, уладальнік шэрагу іншых ганаровых узнагарод А. Карлюкевіч паўстае з тэксту найперш шчырым працаўніком, на рахунку якога вялікі спіс выдадзеных кніг, у тым ліку і для маленькіх чытачоў. Між радкоў чытаецца, што намаганнямі такіх адданых рупліўцаў нівы нацыянальнага краязнаўства, ці шырэй — «радзімазнаўства», цяперашняму пакаленню і «прышчапляецца» культура нацыянальнай памяці.

Пра В. Таўлая М. Мікуліч, абапіраючыся на погляды папярэднікаў, гаворыць як пра цікавы прыклад таго, што камунізм з’яўляецца патрыятычным. Ды і ўвогуле, на думку даследчыка, рэдка бывае ў гісторыі літаратуры, як у гэтым выпадку, што паэтычная спадчына паўтарае біяграфію паэта.

Алена Стэльмах у памяць аб Міколе Мятліцкім прапануе публікацыю «Пашырыць геаграфію душы», якую складаюць матэрыялы некалі запісаных гутарак з паэтам. Для гэтых сустрэч была нагода — работа аўтара ў часопісе «Родная прырода», а паэт навакольны свет вельмі любіў. Гэта выяўляе тэматыка прапанаваных матэрыялаў, сярод якіх знойдзем і непадробны клопат пра беларускія балоты, і шчырую любоў, замілаванне айчыннай прыродай. Паэт нібыта «прачыніў» сваёй добрай знаёмай, а ўслед за ёю і нам, чытачам часопіса, «акенца ў таямніцы свайго светаадчування, дазволіў зазірнуць туды, дзе песцілася яго вялікая Паэзія».

Пятро Жаўняровіч падрыхтаваў для «Полымя», пераклаўшы з рускай мовы і дадаўшы каментарыі, асабістыя запісы Уладзіміра Караткевіча «„Які ж мы багаты народ...“ З запісных кніжак. 1954–1961 гг.» З прыведзенага звяртаюць на сябе ўвагу спробы рэфлексіі ў выглядзе вызначэння пісьменнікам уласнага псіхалагічнага тыпу (відаць, паводле папулярных некалі класіфікацый), а таксама нечаканыя, але па-чалавечы шчырыя развагі. Напрыклад, наступная: «Самае хвалюючае і нікому не надаедлівае відовішча — глядзець у люстэрку на самога сябе. Самае цікавае, заўсёды напоўненае глыбокім зачараваннем чытанне — чытанне сваіх вершаў».

Не даюць нам засумаваць і «Архiвы»: звяртаючыся да гэтай рубрыкі, зайздросціш людзям, здольным перабіраць старыя паперы, расчытваць рукапісы, «дыхаючы» паветрам мінуўшчыны. У мяне на гэтую засяроджаную і карпатлівую, хоць і не заўсёды ўдзячную, ды цікавую работу не стае цярпення, у адрозненне ад аўтараў наступнай публікацыі. Кастусь Лешніца і Вячаслаў Селяменеў у яе назве «„Полымя“: „Год на год не прыходзіцца...“» цытуюць захаваную ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь цікавую тлумачальную запіску з 1969 года, якая была адрасавана сакратару ЦК Кампартыі Беларусі. Аўтар гэтага дакумента робіць агляд часопіса, спрабуючы паўплываць на фарміраванне яго жаданага для краіны аблічча (прыкладна, як я, але больш крытычна, кіруючыся дзяржаўнымі задачамі).

Адзначаецца ў дакуменце, што літаратуразнаўчыя артыкулы адметныя большым прафесіяналізмам і грунтоўнасцю, чым крытычныя. Гэта зусім не дзіўна: літаратурнаму крытыку, звычайна пазбаўленаму магчымасці абаперціся на папярэднікаў з іх навуковымі росшукамі і важкімі высновамі па тэме канкрэтных мастацкіх тэкстаў, заўсёды цяжэй «ісці» па новым матэрыяле. Ды і больш адказна. Адэкватна ацаніць твор можа перашкодзіць не толькі ідэалогія, але і вузкасць далягляду, і недахоп вопыту, і — у найбольшай, відаць, ступені — суб’ектыўнасць, у палоне якой па сваёй «прыродзе» мы ўсе вымушана знаходзімся, рэдка здольныя цалкам вызваліцца.

Раман Сэрвач у рэцэнзіі «Аўтографы Якуба Коласа на кнігах» знаёміць нас з новым, незвычайным выданнем, у якім сабраны і арыгінальна ў форме навукова-публіцыстычнага эсэ інтэрпрэтаваны дарчыя надпісы, зробленыя класікам беларускай літаратуры XX стагоддзя. Канешне, словы на кнігах — гэта, у першую чаргу, «гісторыя» адносін Коласа з іншымі людзьмі, якую ў тым ліку даследуюць аўтары выдання.

У публікацыі — ужо не ўпершыю ў часопісе, нават у бягучым годзе — гучыць думка, што беларусы «губляюць» кнігу, што колькасць асобнікаў сацыяльна значных выданняў сёння вельмі малая. Але не такі вялікі і попыт на падобныя выданні: яны лічацца спецыялізаванымі, хоць патэнцыяльна здольны зацікавіць шырокае кола. Магчыма, трэба глядзець у гэты бок — узмацнення вагі культурнай спадчыны Беларусі ў сучасным свеце, які няўхільна лічбавізуецца, — і прымаць узважаныя рашэнні.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».