Вы тут

У НЦСМ можна пазнаёміцца з работамі сучасных саярсістаў


На мінулым тыдні ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава, 3 адкрылася міжнародная выстаўка «Саярсізм». У экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 работ жывапісу, графікі і скульптуры, якія ілюструюць тэорыю саярсізму. Ёсць час пазнаёміцца з кірункам у мастацтве і ацаніць творы сучасных мастакоў (апошні дзень работы выстаўкі — 26 мая). 


Сяргей Дождж «Ментальныя лабірынты», 2018 г.

Універсальны стыль

Саярсізм — кірунак у сучасным мастацтве, болей у жывапісе, які апісваецца як новая хваля рускага авангарда. Сапраўды, многія творы выстаўкі нагадваюць авангард — тут і выкарыстанне геаметрычных фігур, і прага чыстых колераў... Галоўнае адрозненне ў тым, што сучасныя мастакі імкнуцца адлюстраваць аб’ект адначасова з розных бакоў і падкрэсліць уласцівасці, нябачныя ў больш звыклай выяве. Рэальнае, абстрактнае, ментальнае — аўтары нібы імкнуцца іх аб’яднаць. Аднак у цэнтры іх увагі — унутраная мастацкая прастора. 

Тым часам арганізатары экспазіцыі ў НЦСМ адзначаюць, што саярсічная тэорыя прапаноўвае асаблівую сістэму разумення мастацкай абстракцыі, у якой квадрат сімвалізуе думку, круг — пачуцці, а трохвугольнік — інтуіцыю. Больш складаныя фігуры, вобразы і формулы ў гэтым рэчышчы паўстаюць няпростымі для разумення элементамі свядомасці. 

Сяргей Дождж «Нараджэнне думкі», 2020 г.

Але ж стыль лічыцца ўніверсальным: выкарыстоўваюцца рэалістычныя і абстрактныя мастацкія элементы, знакі і апісанні, агульныя ці ўласныя мастацкія рашэнні. Да таго ж саярсізм — гэта рух, які аб’ядноўвае мастакоў і дзеячаў культуры з многіх краін. За час яго існавання было праведзена больш за 50 міжнародных выставак на розных пляцоўках, сярод якіх значацца Дзяржаўны Рускі музей, Маскоўскі музей сучаснага мастацтва, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, Рускі культурны цэнтр у Кітаі. 

Адкрываць вялікія таямніцы

Заснавальнікам гэтага кірунку з’яўляецца расійскі мастак-абстракцыяніст, мастацтвазнаўца, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў Сяргей Дождж, які прыйшоў у сваёй творчасці да так званай усвядомленай абстракцыі. Лёсавызначальным стала, тое, што блізкія сваякі былі прафесійнымі мастакамі, а хтосьці належаў да свету навукі і тэхнікі. Як вынік — ён рос пад уплывам дзвюх супрацьлеглых сфер жыцця. 

Аляксандр Забаўчык «Медытацыя», 2007

Праз многія гады і склаўся саярсізм, што знаходзіцца, як падкрэслівае Сяргей Дождж, на скрыжаванні навукі і мастацтва. Само паняцце ўтворана ад двух лацінскіх слоў: «саенцыя», што абазначае навуку, і «арс» — мастацтва. 

Першыя карціны ў гэтым стылі Сяргей Дождж стварыў каля 30 гадоў таму. Пазней мастак займаўся творчасцю, якая адлюстроўвала ўплыў псіхалогіі на фарміраванне мастацкага вобраза ў свядомасці аўтара. Пошукі і знаходкі ў гэтым кірунку ляглі ў аснову будучай тэорыі. Праца працягвалася, і спантанны творчы працэс, які так ці інакш суправаджаецца назапашваннем вопыту і матэрыялу, аформіўся ў скончаную творчую тэорыю саярсізму. Упершыню яна была прадстаўлена ў 2015 годзе — на выстаўцы ў Расійскай акадэміі мастацтваў. Хутка быў апублікаваны маніфест і выпушчаны каталог.

На думку аўтара тэорыі, саярсізм дапамагае стварыць абстрактныя ці ментальна-мастацкія карціны, якія можна растлумачыць іншым — і калегам, і гледачам. У дадзеным выпадку творца не засяроджаны на тых ці іншых прыёмах; важна, што тэорыя дапамагае яму вылучыць у свядомасці і затым перадаць на палатне ментальна-мастацкія вобразы, якія потым будуць зразуметы.

Фрагмент экспазіцыі

Алена Бароўская, Аляксандр Гордзін «Чорны квадрат, які бяжыць, альбо Скрозь час», 2018 г.

Аднак што з падсвядомасцю ў мастацтве? Сяргей Дождж выказваецца на гэты конт наступным чынам: «Падсвядомасць апошнім часам ператварылася ў святую святых творчасці. Але насамрэч гэта проста дрэнна ўсвядомленая крыніца творчасці, якая з-за недастатковага разумення ўспрымаецца амаль містычна. Не трэба маліцца на падсвядомасць — больш важна проста развіваць сістэмы творчасці ў сабе. Падсвядомасць таксама праецыруе феномен судакранання з неспасціжнай таямніцай спазнання сябе. Творчая свядомасць адкрывае новую вялікую таямніцу пазнання — судакранання з бясконцай крыніцай натхнення, якая знаходзіцца дзякуючы творчаму пераўтварэнню неўсвядомленага. Менавіта неўсвядомленае — аснова ўсіх таямніц свядомасці, вялікая пустата, у якой ёсць усё...»

Змест і глыбіня

Удзел у выстаўцы «Саярсізм» у Мінску прымаюць мастакі з 8 краін. Гэта Сяргей Дождж (Расія), Канстанцін Худзякоў (Расія), Алена Бароўская (Расія), Марына Князева (Расія), Тэймур Рустам аглы Тагіеў (Азербайджан), Валерый Кузняцоў (Расія), Франка Віёла (Італія), Інэс Берлін (Германія), Віктар Папоў (Германія), Ігар Новікаў (Швейцарыя), Жан Філіп Дзюнье (Францыя), Вольга Кісялёва (Францыя), Том Чэмберс (ЗША) і Аляксандр Гордзін (Расія). Беларусь тым часам прадстаўлена творчасцю Сяргея Крыштаповіча, Аляксандра Забаўчыка, Ігара Кашкурэвіча, Уладзіміра Клімушкі, Аляксея Кузьміча, Галіны Васільевай, Аляксандра Слепава і Паліны Піраговай. Кожны з іх у той ці іншай ступені кіруецца прынцыпамі саярсізму. Якія яны? Па-першае, у аснове — творчасць; па-другое, шлях мастака — бясконцасць унутранай філасофска-мастацкай прасторы. Такім чынам творцы імкнуцца да ўласнага ідэалу, да адлюстравання прыгажосці, унутранай і знешняй. Прыхільнікі саярсізму па-рознаму выяўляюць свае пошукі. Рэальная прастора, напрыклад, можа быць адлюстравана выразна, а можа толькі ўгадвацца ці цалкам адсутнічаць. Відавочна, да зробленага кожным з аўтараў патрэбен асобны ключык. І ўсё ж асноўная задача любога твора выстаўкі — абудзіць фантазію гледача, даць штуршок шэрагу разумовых працэсаў, дазволіць кожнаму прыслухацца да інтуітыўных арыенціраў. 

Валерый Кузняцоў «Інтуітыўныя звязкі пачуццёвых азарэнняў», 1972 г.

Адносна экспазіцыі — найчасцей прыхільнікі саярсізму звяртаюцца да тэмы прыгажосці думкі. Сяргей Дождж, напрыклад, прэзентуе работы «Формула абсалютнай прыгажосці» (2020), «Формула прыгажосці» (2020) і «Вымярэнне прыгажосці», Віктар Папоў дэманструе «Прыгажосць неўсвядомленай думкі» (2018), а Франка Віёла прадстаўляе «Вялікую думку» (2018). Між тым некаторыя аўтары звяртаюцца не столькі да розуму, колькі да пачуццяў гледача, а іх творы напоўнены сімволікай, адпаведнай не толькі саярсізму. Напрыклад, палотны мастака, дырэктара НЦСМ Сяргея Крыштаповіча «Асенні пейзаж з лесвіцай у неба» (1999), «Сельскі пейзаж» (2000–2014), «Горад. Начны пейзаж» (2002–2019), «Чатыры стыхіі» (2018) цалкам упісваюцца ў канцэпцыю выстаўкі, але выходзяць па-за межы саярсізму, маюць глыбейшы мастацкі змест. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.