Вы тут

Чым знакаміты літаратуразнаўца Ісідар Бас


Гэты матэрыял быў падрыхтаваны яшчэ ў мінулым годзе — да юбілею Ісідара (Ізраіля) Баса, народжанага 22 снежня 1913 года ў Віцебску. Для канчатковага афармлення і перадачы ў рэдакцыю «ЛіМа» неставала двух важных біяграфічных акцэнтаў. Па-першае, існуючыя даведачныя выданні змяшчаюць артыкулы пра адметнага навукоўца, але не падаюць яго фотапартрэт. Па-другое, калі І. Басу і быў наканаваны мафусаілаў век, то ўсё ж найноўшыя сеціўныя крыніцы павінны фіксаваць год яго спачыну. А гэтага дасюль няма.

Запаўненне названых лакун у жыццяпісе навукоўца прадвызначыла мэту і напрамкі пошуку, а таксама фармат выніковай публікацыі.


Ісідар Бас

Візуальнае знаёмства

Пасля безвыніковых зваротаў у мінскія архівы і музеі, дзе, як меркавалася, могуць захоўвацца арыгінальныя дакументы, звязаныя з жыццём і навуковай дзейнасцю Ісідара Баса, шлях здабыцця рэплік фотавыяў падказала «Бібліяграфія» прац вучонага, падрыхтаваная Яўгенам Гарадніцкім для слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (1992, т. 1). Спадзяванні былі на публікацыі са здымкамі. Яны спраўдзіліся. 

Да 60-годдзя І. Баса невялікія допісы-віншаванні змешчаны ў «Літаратуры і мастацтве» (21.12.1973), «Беларусі» (1973, № 12). У часопіснай публікацыі партрэтная выява, хоць і дробнага фармату, не толькі давала ўяўленне пра знешнасць віноўніка ўрачыстасці, але і пакідала надзею на тэхнічную магчымасць яе сучаснага ўзнаўлення. 

Асноўныя вынікі дзейнасці юбіляра — дацэнта Мінскай вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПБ — характарызаваліся наступным чынам: «Літаратурнай і навуковай працай Ісідар Бас пачаў займацца ў пасляваенныя гады. Яго артыкулы па гісторыі літаратуры, рэцэнзіі, даследаванні часта з’яўляліся на старонках перыядычных выданняў, друкаваліся ў зборніках. Найбольш важныя з іх — „Творчасць М. Горкага“, „Мова — наша зброя“, „Чэхаў і беларуская літаратура“, „Рускія пісьменнікі на Брэстчыне“. Найлепшыя гістарычныя нарысы і літаратуразнаўчыя артыкулы ўвайшлі ў кнігі „Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні“ (1969), „Падарожжа ў літаратурнае мінулае“ (1970)».

Паэмны дыптых

Сказаць, што ўсё ў навуковай кар’еры І. Баса было роўным і беспраблемным (асабліва напачатку) не даводзіцца, тым больш калі ў ходзе рэтраспектыўнага аналізу адкрываюцца невядомыя эпізоды персаналізаванай мінуўшчыны. 

Аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі «Каля вытокаў рэалізму беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя („Энеіда навыварат“, „Тарас на Парнасе“)», падрыхтаванай у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, датуецца 1954 годам. Сам тэкст кваліфікацыйнай працы быў гатовы ўжо ў 1953-м. 

Рэцэнзіі на кандыдацкую дысертацыю І. Баса, датаваныя 1954–1956 гг., а таксама станоўчы водгук Сапраўднага члена Акадэміі навук БССР Міхася Лынькова, падпісаны 15 сакавіка 1957 г., сёння можна пабачыць у зборах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (ф. 191).

Між тым у фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца тэкст дысертацыі І. Баса ўзору 1947 года, з адрознай назвай: «Беларускія камічныя паэмы — „Энеіда навыварат“, „Тарас на Парнасе“, „Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла“». Месца яе выканання — Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Кіраўнік — старшы навуковы супрацоўнік АН БССР, кандыдат філалагічных навук Васіль Барысенка.

Адрозненні паміж тэкстамі вельмі істотныя; яны датычацца не толькі назвы, аб’ектаў даследавання (тры паэмы ў першым варыянце, дзве — у другім), але і канцэптуальных падыходаў, структуры, аб’ёму (222 і 355 старонак) і інш. 

Першая частка кнігі І. Баса «Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні» (1969) мае назву «Беларускія сатырычная паэмы — „Энеіда навыварат“, „Тарас на Парнасе“». У «Дадатку» выдання змешчаны параўнальны спіс «Энеіды навыварат», зроблены на аснове публікацый твора ў часопісе «Крывічанін» (Вільня; 1918, № 1), «Хрэстаматыі беларускай літаратуры» М. Гарэцкага (Вільня, 1922), зборніку «Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя» (Мінск; АН БССР, 1940).

Найбольшая адпаведнасць назвы часткі кнігі і першага варыянта дысертацыі наглядна пераконвае, што кваліфікацыйная праца ўзору 1947 года не была адхілена аўтарам як памылковая або выключна этапная. Фактура і зместавая напоўненасць выяўленых архіўных матэрыялаў захавалі сваю запатрабаванасць для літаратуразнаўчай навукі ў наступныя дзесяцігоддзі.

Аднагалосна

Своеасаблівым навігатарам да жыццяпісу Ісідара Баса для нас паслужылі дакументы са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Зыходныя звесткі знаходзім у «Спісах членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў СССР па стане на 1971–1974 гг.» (фонд 78, справа 299). Паводле гэтых дакументаў, Ізраіль Самуілавіч Бас — член КПСС з 1932 г. Скончыў Інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава (1936), дацэнт Мінскай Вышэйшай партыйнай школы. 

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1942), Айчыннай вайны ІІ ступені (1943), медалямі «За перамогу над Германіяй», «20 гадоў Перамогі», «50 гадоў Узброеных Сіл ССР», «За доблесную працу» і інш.

У названым фондзе захоўваюцца пратаколы пасяджэнняў камісіі па прыёме ў члены Саюза пісьменнікаў БССР. 10 красавіка 1970 г. разглядаліся заявы пяці кандыдатаў, у іх ліку Ісідара Баса. Прысутнічалі А. Бачыла, В. Вітка, М. Аўрамчык і інш., старшынстваваў на пасяджэнні І. Мележ. 

З выступлення У. Калесніка: «Даўно ведаю Ісідара Баса як сур’ёзнага гісторыка і даследчыка літаратуры. Выдадзеная ім нядаўна кніга („Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні“. — М. Т.) вельмі цікавая і каштоўная. Творы аналізуюцца на фоне тагачасных літаратурных плыняў. Да таго ж аўтар аперыруе новымі архіўнымі матэрыяламі. Ён, напрыклад, сказаў многа новага пра жыццё і творчасць Паўлюка Багрыма».

Падтрымаў кандыдата і Р. Шкраба: «Работы Ісідара Баса — гэта навука. Гэта і факты з першых, што называецца, рук, і сваё асвятленне іх. 

Цікава даследаваны ананімныя творы». Са станоўчымі ацэнкамі выступілі таксама В. Вітка, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі.

Вынікі галасавання прыёмнай камісіі: «за» кандыдатуру І. Баса — 12; «супраць» — няма. Пашанцавала ў той дзень і У. Скарынкіну, а вось заявы яшчэ трох прэтэндэнтаў на членства ў СП былі адхілены…

Публікацыі ў перыядычным друку, кнігі пацвердзілі асноўныя прынцыпы даследчыцкіх падыходаў І. Баса, заўважаныя і ацэненыя калегамі. Айчынная гуманітарыстыка ўзбагацілася шматлікімі звесткамі пра сувязі з Беларуссю рускіх, польскіх, украінскіх майстроў пяра ХІХ — пачатку ХХ ст. Літаратурныя эцюды — апрабаваны жанр — рэпрэзентавалі «Палескія пісьмы Аляксандра Блока», «Успаміны ўнука Радзішчава», сведчанні пра Уладзіміра Самойлу, рэцэнзента «Жалейкі» Янкі Купалы («Уладак з Казіміраўкі»). Упершыню была публічна засведча-на адметнасць рускамоўнай творчасці Д. Бохана, А. Мікульчыка, Я. Окуня і інш. 

Ісідар Бас меў доступ да многіх архіваў і музеяў Савецкага Саюза і працаваў у іх. Напрыклад, раздзел «Сявец у родных слоў сяўбе», прысвечаны Сяргею Палуяну і змешчаны ў кнізе «Літаратурныя эцюды» (1977), на 36 старонках дэманструе вынікі асабістых паездак, росшукаў, работу з перыёдыкай і кніжнымі выданнямі пачатку ХХ ст., матэрыяламі Кіеўскага гарадскога архіва, метрычнымі царкоўнымі кнігамі і інш. У агульны корпус тэксту ўлучана шмат імёнаў, падзей культурнага жыцця; аўтар задае пытанні і прапануе свае адказы, што надае літаратуразнаўчаму эцюду некаторае дэтэктыўнае гучанне.

Выключэнне

У фондзе 78 БДАМЛМ захоўваюцца і пратаколы пасяджэнняў Прэзідыума Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Асноўнае пытанне парадку дня творчага арэапага 19 мая 1981 г. — падрыхтоўка да VII усесаюзнага з’езда пісьменнікаў. Было і закрытае пасяджэнне Прэзідума, вынікі якога дакументальна аформлены наступным чынам:

«СЛУХАЛІ: Персанальную справу пісьменніка Ісідара Баса.

ПАСТАНАВІЛІ: Згодна з афіцыйным паведамленнем аб афармленні дакументаў Ісідарам Басам з мэтай пакінуць Радзіму і выехаць на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, выключыць Баса Ізраіля Самуйлавіча (Ісідара Баса) з членаў СП БССР як недастойнага насіць высокае званне савецкага пісьменніка. (Аднагалосна).

Першы сакратар Праўлення

СП БССР Ніл Гілевіч».

Па іроніі лёсу рашэнне аб выключэнні І. Баса з шэрагаў арганізацыі прымалі і творцы, якія аднадушна патрымалі яго кандыдатуру 11 гадоў таму назад…

У наступныя дзесяцігоддзі кардынальным чынам мянялася грамадска-палітычная і міжнародная кан’юнктура. За акіянам за ёй, напэўна, з вялікай цікавасцю назіраў Israil Bass, аўтар многіх архіўных адкрыццяў, звязаных з гісторыяй беларускай мінуўшчыны, культурнымі сувязямі розных народаў. У ходзе запытаў былі выяўлены месца і час яго спачыну: Нью-Ёрк, 21 студзеня 2013 года. Такім чынам, Ісідар Бас, адметны літаратуразнаўца, пакінуў гэты свет на наўпростым шляху да мафусаілавага веку.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».