Вы тут

Дэклараванне даходаў за 2023 год: што трэба ведаць?


У нашай краіне з першых дзён студзеня праходзіць кампанія па дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў за 2023 год. Начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі адказаў на ўсе актуальныя пытанні па гэтай тэме, у тым ліку пры ўліку даходаў з-за мяжы, пры продажы маёмасці, атрыманні дарагіх падарункаў, а таксама пры атрыманні даходаў ад блогерства.


Плюс панядзелак

«Штогод грамадзяне, якія ў справаздачным каляндарным годзе атрымалі пэўныя даходы, якія абкладаюцца падатковымі органамі, павінны прадставіць падатковыя дэкларацыі. Тэрмін прадстаўлення дэкларацыі — не пазней за 31 сакавіка наступнага за справаздачным года. Але паколькі ў 2024 годзе гэты дзень прыпадае на нядзелю, тэрмін падачы — не пазней за 1 красавіка», — адзначыў Андрэй Кавалеўскі. Зрабіць гэта чалавек можа асабіста шляхам наведвання падатковага органа, па пошце, перадаць з дапамогай праграмных і тэхнічных сродкаў праз асабісты кабінет плацельшчыка, а таксама праз свайго законнага або ўпаўнаважанага прадстаўніка.

«Чатыры гады таму толькі 4% грамадзян падавалі дэкларацыю ў электронным выглядзе. Летась гэты паказчык склаў 88%, — адзначыў спецыяліст падатковай. — Апошні дзень — 1 красавіка, панядзелак».

Улічваць даходы з-за мяжы. Безагаворачна

Адразу наш эксперт вызначыў, хто абавязаны падаць дэкларацыю. Тут самы масавы блок — гэта тыя людзі, якія прызнаныя ў 2023 годзе падатковымі рэзідэнтамі Беларусі і якія атрымалі даходы з-за мяжы або за мяжой. «Падатковымі рэзідэнтамі прызнаюцца незалежна ад грамадзянства, падданства тыя людзі, якія знаходзіліся на тэрыторыі нашай краіны на працягу 2023 года 183 і больш каляндарныя дні. Прычым ёсць асаблівасць. Калі чалавек за гэты год не пражыў 183 дні ні ў адной краіне свету, напрыклад, знаходзіўся па два месяцы ў кожнай краіне, то па беларускім заканадаўстве ён прызнаецца падатковым рэзідэнтам нашай краіны, калі мае грамадзянства Беларусі», — звярнуў увагу прадстаўнік міністэрства.

У якасці даходаў, атрыманых з-за мяжы або за мяжой, разглядаюцца любыя атрыманыя там сродкі. Прыкладам могуць з’яўляцца наступныя даходы: ад работы па найме (кантракце), ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян, выйгрышы ў замежных казіно, прадпрымальніцкая дзейнасць.

Што датычыцца заработнай платы за мяжой, тут ёсць важны нюанс. У адпаведнасці з падатковым заканадаўствам і з заключанымі Беларуссю пагадненнямі аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання сума падатку, выплачанага з заработнай платы або любых даходаў за мяжой, падлягае заліку і ў нашай краіне.

«Гэта значыць, напрыклад, калі чалавек некалькі месяцаў працаваў у Расіі, у яго ўтрымалі 13% падатку, то ў Беларусі пры прадстаўленні пэўнага пакета дакументаў яму не прыйдзецца даплочваць, паколькі ў нас стаўкі адзіныя. Але для правядзення заліку фізічная асоба павінна прадставіць разам з дэкларацыяй альбо дакументы аб выплаце падатку ў замежнай дзяржаве, якія пацвярджаюцца падатковай службай гэтай краіны, альбо першапачаткова дакументы аб суме даходу і выплачаных падаткаў, выдадзеныя наймальнікам (але пры гэтым на працягу года павінна дадаткова прадставіць дакументы, пацверджаныя падатковым органам)», — удакладніў Андрэй Кавалеўскі.

Калі падарункі трэба падлічыць

«Калі падарункі атрыманыя ад блізкіх сваякоў (бацькоў, дзецей, родных братоў і сясцёр, дзядуль і бабуль, унукаў, мужа і жонкі і іх блізкіх сваякоў), яны не абкладаюцца падаходным падаткам і не патрабуюць прадстаўлення падатковай дэкларацыі. Нават калі сродкі атрыманы ад такіх асоб грашовым пераводам з-за мяжы, дэкларацыю падаваць не трэба, падатак выплачваць не патрабуецца», — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Што датычыцца падарункаў ад іншых фізічных асоб, то штогод у Падатковым кодэксе ўстанаўліваецца лімітная сума, якая не абкладаецца падаткам. У 2023 годзе такая сума складала 9338 рублёў па сукупнасці ўсіх падарункаў, атрыманых не ад блізкіх сваякоў. «Калі былі нейкія падарункі не ад блізкіх людзей у межах гэтай сумы, падаваць дэкларацыю не трэба. Калі даходы яе перавысілі, то трэба падаць дэкларацыю на суму перавышэння і з яе выплаціць падаходны падатак. Дэкларацыю прадстаўляюць і тыя, хто атрымаў падарункі на тэрыторыі нашай краіны — пры ўмове, што гэта не сваякі і сума перавышаная», — дадаў Андрэй Кавалеўскі.

Продаж маёмасці

Абавязкова трэба падаваць падатковую дэкларацыю ў выпадку, калі на працягу каляндарнага года жыхар нашай краіны прадаў два і больш легкавыя аўтамабілі, тэхнічна дапушчальная агульная маса якіх не перавышае 3,5 тоны, а колькасць сядзячых месцаў якога, акрамя сядзення кіроўцы, не перавышае васьмі. Альбо прадаў адзін грузавы аўтамабіль, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога перавышае 3,5 тоны. Або аўтамабіль, колькасць сядзячых месцаў якога, акрамя сядзення кіроўцы, перавышае восем (напрыклад, аўтобус). З гэтым усё зразумела, але…

Ёсць некалькі нюансаў. «Пры разліку падатковай базы і, адпаведна, сумы падатку ўлічваюцца выдаткі, звязаныя з набыццём такой маёмасці. Выдаткі асучасніваюцца з улікам змены курсу. Напрыклад, чалавек у 2023 годзе прадаў два легкавыя аўтамабілі, у дачыненні да даходаў ад продажу другога ён павінен падаць дэкларацыю. Калі аўто было набыта за суму, эквівалентную 20 тысячам долараў, а прададзена за меншую суму, напрыклад 15 тысяч долараў, тады падатку да даплаты не будзе наогул. Але дэкларацыя прадстаўляецца. Калі транспартны сродак прададзены даражэй, чым выдаткі на яго набыццё, то з гэтай розніцы і выплачваецца падатак», — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі.

Таксама дэкларацыю прадстаўляюць асобы, якія на працягу пяці апошніх гадоў прадалі больш за адну кватэру, больш за адзін жылы дом, больш за адзін гараж, больш за адно машына-месца. «Тут трэба ўлічваць, што кожны від маёмасці бярэцца паасобку. Каб трэба было падаваць дэкларацыю і выплачваць падатак, неабходна за пяць гадоў прадаць менавіта дзве кватэры, два дамы альбо два гаражы. Так што за пяць гадоў можна смела без падаткаабкладання прадаць адзін дом, адну кватэру, адзін гараж, адно машына-месца і адзін садовы домік», — удакладніў прадстаўнік падатковай службы.

Гэта пра «бытавую» нерухомасць. Акрамя таго, дэкларацыю прадстаўляюць асобы, якія прадалі любую іншую нерухомую маёмасць. Да такіх аб’ектаў, напрыклад, адносяцца гандлёвыя, офісныя і адміністрацыйныя памяшканні. Гэта чыстай вады камерцыя. Тут ільгот няма, дэкларацыю трэба прадстаўляць нават пры першай продажы аб’екта нерухомасці. Але трэба ўлічваць наступнае, што «як і па транспартных сродках, пры рэалізацыі нерухомасці ўлічваюцца выдаткі на яе набыццё», дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Дэкларацыю таксама трэба падаваць у выпадку продажу ці іншага выплатнага адчужэння долі (паю, часткі долі або паю) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе. Тут таксама ніякіх ільгот няма.

Блогер таксама падаткаплацельшчык

«Беларуская падатковая служба вывучала гэты кірунак. На падставе атрыманай інфармацыі быў вызначаны шэраг блогераў, якія сапраўды не выплачвалі падаткі, — заўважыў спецыяліст. — Гэта і падаткі з фізічных асоб (падаходны падатак), і падаткі з прадпрымальнікаў. Шэраг блогераў былі зарэгістраваныя ў гэтай якасці і давалі справаздачу як прадпрымальнікі па рэкламнай дзейнасці, па вытворчасці відэакантэнту, але пры гэтым хавалі шэраг сваіх даходаў.

Падатковымі органамі ў канцы 2023 — пачатку 2024 года выяўлены такія асобы, якім прад’яўлены даволі вялікія сумы падаткаў — яны даходзілі да сотняў тысяч рублёў. «Хочацца звярнуць увагу: трэба жыць сумленна і выплачваць падаткі. Тым больш падатковая стаўка ў нашай краіне адна з самых нізкіх у свеце. Падаходны падатак для фізічных асоб складае 13%. Падатак на прафесійны даход складае 10% і ўключае яшчэ адлічэнні ў ФСАН», — падкрэсліў Андрэй Кавалеўскі.

Крыптавалюта і чаявыя

Цяпер дзейнічае Дэкрэт Прэзідэнта № 8, па ім фізічныя асобы маюць права валодаць, майніць і адчужаць крыптавалюты — гэта не з’яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Даходы ад дзейнасці па майнінзе і набыцці «крыпты» да 1 студзеня 2025 года не абкладаюцца падаткам.

А вось праблемы могуць узнікнуць там, дзе вы раіце і дапамагаеце іншым людзям купіць крыпту, — садзейнічанне іншым асобам з’яўляецца незаконным, тлумачыць наш спецыяліст.

«Калі чалавек стварыў чат-бот, дзе прапануе іншым людзям купіць для іх крыптавалюту, гэта ўжо забараняецца. Прадугледжана адміністрацыйная адказнасць з высокімі штрафамі, пагражае канфіскацыяй усяго атрыманага даходу. А тое, што не канфіскуюць, будзе абкладацца падаходным падаткам. Пры гэтым для даходаў ад забароненых відаў дзейнасці стаўка будзе двухразовая — 26%. І не ўлічваюцца выдаткі, звязаныя з такой дзейнасцю», — тлумачыць Андрэй Кавалеўскі.

Чаявыя. Па словах падатковага эксперта, у Беларусі «пэўныя дзяржаўныя органы ў цяперашні час працуюць над пытаннем замацавання тэрміна „чаявыя“, якога пакуль у заканадаўстве няма».

Ён адзначыў, што сёння міністэрства не схільнае разглядаць чаявыя як дарэнне, бо яно прадугледжвае бязвыплатны характар перадачы сродкаў. А чаявыя мяркуюць аказанне паслугі.

«Гэта дадатковая плата. Я пакідаю чаявыя ў тым ці іншым пункце грамадскага харчавання, што значыць, усё ж такі гэта ўжо не бязвыплатна, іншымі словамі, гэта мая дадатковая плата за тое, што мне спадабалася абслугоўванне, кухня і яшчэ што-небудзь», — сказаў Андрэй Кавалеўскі.

Акрамя таго, па словах спецыяліста, таксама важна зразумець, каму першапачаткова належаць чаявыя. Хоць іх і пакідаюць канкрэтнай асобе, яна тым не менш з’яўляецца работнікам таго ці іншага прадпрыемства. «Я ж чаявыя не проста дзяўчыне, выпадкова спатканай на вуліцы, пакідаю, якая мне спадабалася. Я пакідаю таму, што прыйшоў у пэўную ўстанову. Узнікае пытанне: гэта грошы юрыдычнай асобы, уладальніка гэтай установы або афіцыянта? І вось гэта ўсё патрабуе вызначэння. Яшчэ раз падкрэслю, у цяперашні час пытанне прапрацоўваецца», — пазначыў тэму Андрэй Кавалеўскі.

40 тысяч дэкларацый

Летась было прадстаўлена каля 40 тысяч падатковых дэкларацый. Пры гэтым 2,5 тысячы грамадзян несвоечасова падалі дэкларацыі па розных прычынах. Падатковыя дэкларацыі арыентаваны на камеральны кантроль, гэта значыць, на папераджальныя дзеянні.

Спачатку асобе, якая не прадставіла дэкларацыю, накіроўваецца апавяшчэнне, прапануецца падаць яе добраахвотна і выканаць падатковыя абавязацельствы. Калі чалавек усё роўна не падае дэкларацыю альбо не прадстаўляе дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць неабходнасці падаткаабкладання, тады складаецца акт камеральнай праверкі, сума прад’яўляецца да выплаты. Пры нявыплаце сродкі спаганяюцца ва ўстаноўленым парадку.

І яшчэ. Не пазней за 1 чэрвеня гэтага года грамадзяне павінны заплаціць падаходны падатак, згодна з дэкларацыяй.

Утойваць не варта

Наш эксперт таксама адзначыў, што адным з самых распаўсюджаных парушэнняў з’яўляецца ўтойванне падаткаў шляхам пераводу наёмных работнікаў у індывідуальныя прадпрымальнікі з выплатай прафесійнага даходу.

«Асобнае пытанне — падмена працоўных адносін. Нядбайныя наймальнікі раней што рабілі? Прыходзіш у офіс, там сядзяць 20 менеджараў — наёмных работнікаў. Потым рэзка 20 менеджараў сталі чамусьці прадпрымальнікамі на спрошчанай сістэме падаткаабкладання», — прывёў прыклад прадстаўнік падатковай службы. Паводле яго слоў, гэтыя хітрыкі цяпер раскрываюцца падаткавікамі элементарна.

«Мы бачым, кім быў работнік да гэтага, бачым, што ён стаў плацельшчыкам падатку на прафесійную дзейнасць. Складаем: працаваў у нейкай фірме раней, сёння там жа ажыццяўляе дзейнасць: таму налічэнне падаткаў ідзе ў першую чаргу такому нядбайнаму наймальніку», — расказаў спецыяліст. Ён дадаў, што пакутуюць у гэтым выпадку і наёмныя работнікі: з-за ўтойвання падаткаў яны пазбаўляюцца пэўных сацыяльных выгод, у тым ліку зніжаюць памер пенсіённых выплат.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Час успомніць усе свае даходы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.