Вы тут

Міністэрства прамысловасці падвяло вынікі работы за год


На выніковай калегіі Міністэрства прамысловасці нашай краіны на парадку дня былі вынікі работы галіны за мінулы год, а таксама задачы на год бягучы. Удзел у пасяджэнні прымаў віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык. Перад пачаткам мерапрыемства ён Пархомчык азнаёміўся з выставай інавацыйнай тэхнікі МАЗ. Аб магчымасцях прадстаўленых транспартных сродкаў дакладвалі міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік і генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Валерый Іванковіч. Трэба адзначыць, што галіна не толькі захавала працоўныя калектывы, але і за апошнія гады прырастае па колькасці занятых. Забяспечана сацыяльная стабільнасць прамысловых прадпрыемстваў, уключаючы рост зарплаты.


Шэсць паказчыкаў, якія фарміруюць эканоміку краіны

Для Міністэрства прамысловасці мінулы год быў дастаткова выніковы. «Ацэнка работы станоўчая: з 10 даведзеных паказчыкаў цалкам выканана 6. Прычым, гэта 6 ключавых паказчыкаў, якія фарміруюць эканоміку краіны. І добрая станоўчая дынаміка назіраецца на працягу трох гадоў. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці за тры гады склаў 139,8%. Калі ўзяць экспарт, то тут яшчэ вышэйшыя паказчыкі», — адзначыў Пётр Пархомчык.

Паводле яго слоў, адбываецца пэўнае насычэнне рынку Расіі. Сёлета трэба будзе правесці сур’ёзную работу па дыверсіфікацыі рынкаў і сыходзіць на іншыя. «Яны пазначаны. Гэта Афрыка, Лацінская Амерыка, Паўднёва-Усходняя Азія. Зроблены пэўныя крокі. 

У мінулым годзе пастаўлены шэраг тэхнікі сельгасмашынабудавання, аўтамабілебудавання, якія замацоўваюцца на гэтых рынках», — распавёў віцэ-прэм’ер.

«Мы патрабавальна падыходзілі да абароны бізнес-планаў усіх найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінпрама. Мы бачым, што вынікі студзеня станоўчыя. Прамысловасць спрацавала з ростам 105,4% да ўзроўню мінулага года. І як вынік тэмп росту ВУП — 102,8%. Галоўнае — утрымацца на гэтай вышыні і далей нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і павялічваць экспартны патэнцыял. Заданне ўстаноўлена: прырасці па экспарце 107,6%, рост ВУП — 103,8%. Адпаведна па аб’ёмах вытворчасці прамысловай прадукцыі трэба спрацаваць з тэмпам не ніжэй за 105%», — адзначыў Пётр Пархомчык.

Амаль 30 сумесных праектаў

Намеснік прэм’ер-міністра лічыць, што Расія можа выдзеліць дадатковыя сродкі на рэалізацыю новых сумесных праектаў.

«Прапрацоўка новых сумесных праектаў — пастаянны працэс, — адзначыў Пётр Пархомчык. — Сёння ў нас узгоднена 27 праектаў. Пяць знаходзіцца ў высокай стадыі ўзгаднення. Мы практычна ўсе крэдытныя рэсурсы, выдадзеныя расійскім бокам, ужо распісалі на існуючыя інвестыцыйныя праекты. Падчас маёй нядаўняй сустрэчы з міністрам прамысловасці і гандлю Расіі Дзянісам Мантуравым было заяўлена, што калі будуць новыя праекты, то знойдуцца і дадатковыя грашовыя сродкі. Гэта пацвердзіў і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы, які праходзіў нядаўна. Мы гэта пытанне ўздымалі. І ён звярнуў увагу, што рэсурсы на новыя праекты знойдуцца».

Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра, вынікі сумеснай работы ўжо ёсць. Гэта выразна прасочваецца па інвестыцыях, накіраваных у мінулым годзе. «Па Мінпраме лічба — 1,83 мільярда долараў. Гэта ў два разы больш, чым у 2022 годзе. Самае галоўнае, што па інвестыцыйных праектах, якія ідуць у рамках інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, асноўныя капітальныя ўкладанні будуць у 2024–2025 гадах. У прыватнасці пастаўка абсталявання. Ёсць упэўненасць, што і сёлета Мінпрам прырасце».

Пётр Пархомчык падкрэсліў, што гэта вельмі сур’ёзны штуршок для развіцця прадпрыемстваў. «Капітальныя ўкладанні закранаюць не толькі буйныя абласныя гарады і буйныя прадпрыемствы. У асноўным мы пайшлі ў рэгіёны і невялікія гарады. Там будуць стварацца дадатковыя працоўныя месцы, дадатковыя магутнасці. Будуць прымацца неабходныя меры, каб прамысловасць працавала больш эфектыўна, — паведаміў ён. — Тыя рашэнні, якія раней прымаліся ў рамках Саюзнай дзяржавы, цяпер пачынаюць працаваць. Мы бачым, як бурна развіваюцца „Інтэграл“ і „Планар“. Напрыклад, „Інтэграл“ за два гады ў 2,2 раза нарасціў аб’ёмы вытворчасці. Заробак на прадпрыемстве летась дасягнуў 3,3 тысячы рублёў. Задача, каб у цэлым па прамысловасці людзі атрымлівалі як мага больш высокі заробак».

Тры гарады, дзе транспарт не «дыміць»

Акрамя таго, Пётр Пархомчык лічыць, што яшчэ адзін горад краіны плануецца перавесці на электрычны грамадскі транспарт.

«Цяпер рэалізоўваюцца два пілотныя праекты ў Шклове і Жодзіне. Але ўжо рыхтуецца яшчэ адзін. Узгаднім, які гэта будзе горад — з колькасцю насельніцтва да 100 тысяч чалавек. Закладзены пэўны грашовы рэсурс. Сёлета плануем прыступіць да рэалізацыі, — распавёў Пётр Пархомчык. — Мы размеркавалі двух вытворцаў па розных гарадах, каб пераканацца, чыя канструктарская ідэя і мадэль больш эканамічная ў эксплуатацыі. Будзем праводзіць параўнальны аналіз. На падставе гэтага прымаем адпаведныя рашэнні. Сёння кошт электробуса перавышае кошт звычайнага пасажырскага транспарту. Важна атрымаць эфектыўнасць, бо на кароткім плячы яе не відаць».

Ён дадаў, што паступаюць заказы на электробусы з Расійскай Федэрацыі. «Там ёмістасць рынку каласальная. Многія гарады звяртаюцца па пастаўцы электробусаў. І мы ў пэўнай ступені нават перагружаныя», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Трэба выходзіць і на іншыя рынкі

І сапраўды, нашы прамысловыя гіганты плануюць чвэрць паставак пераарыентаваць на рынкі Азіі, Афрыкі, Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі, лічыць міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік.

«Па мінулым годзе мы спрацавалі выдатна: і па аб’ёмах вытворчасці, і па экспарце. Разам з тым асноўная ўдзельная вага экспарту прыйшлася на Расійскую Федэрацыю. Калі на расійскім рынку вызвалілася ніша, мы павінны былі зрабіць усё, каб яе заняць. Але абмежаванні ў пастаўках на еўрапейскі рынак, Украіну, — сказаў Аляксандр Рагожнік. — Мы зрабілі ўсё, каб прадпрыемствы працавалі стабільна. У экспарце мы прыраслі практычна па ўсіх групах тавараў за апошнія тры гады».

Паводле яго слоў, асноўнай задачай, якая стаіць перад Міністэрствам прамысловасці, з’яўляецца дыверсіфікацыя паставак. «Мы прарабілі вялікую працу па рынках Паўднёвай Амерыкі, Цэнтральнай Амерыкі. Цяпер усе намаганні накіроўваем на рынак Афрыкі і Азіі. Там вельмі нядрэнныя перспектывы. Мы добра працавалі ва Узбекістане. І візіт Прэзідэнта ў дадзеную краіну паказаў гэта, — адзначыў міністр. — Спадзяюся, гэты год стане вызначальным і пакажа, што мы можам працаваць і на іншых рынках. Ставім перад сабой задачу — 25% ад агульнага аб’ёму экспарту пераарыентаваць на пазначаныя рынкі».

Працаваць з чыстым прыбыткам

Пра тое, што гэта ведамства выканала большасць даведзеных мэтавых параметраў эфектыўнасці, паведаміў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў.

«У 2023 годзе прамысловасць працягнула курс станоўчага развіцця як па росце аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі, так і з выкананнем паказчыкаў эфектыўнасці — рэнтабельнасці, чыстага прыбытку. Галіна не толькі захавала працоўныя калектывы, але і за апошнія гады пераступіла парог па прыросце колькасці занятых. Забяспечана сацыяльная стабільнасць прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку і па росце заработнай платы, якая склала 2116,1 рубля, або 111,2% ад агульнарэспубліканскага ўзроўню», — паведаміў Аляксандр Агароднікаў.

Паводле яго слоў, Міністэрства прамысловасці выканала большасць даведзеных мэтавых параметраў эфектыўнасці. Выраблена прамысловай прадукцыі на 29,4 мільярда рублёў, тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 112,6% (пры павышаным заданні 112,1%). Тэмп росту экспарту па арганізацыях галіны — 107,9%.

«У рамках мэтавага плана на 2023 год выканана большасць пазіцый па вытворчасці і экспарце тавараў у натуральным выражэнні: камбайны, гатовы пракат, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, тэлевізары і іншыя», — адзначыў першы намеснік міністра.

Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці па дзяржаўных арганізацыях і акцыянерных таварыствах з доляй дзяржавы больш за 50% за студзень — снежань мінулага года склала 8,6% (пры заданні 7,5%).

Беларуска-расійскае супрацоўніцтва

Аляксандр Агароднікаў таксама адзначыў, што працягваецца стварэнне ў Расіі вытворчых уласных ТПС (тавараправоднай сеткі) і сэрвісных прадпрыемстваў. Так, у 2023 годзе ў Башкартастане адкрыты завод па пасляўборачнай апрацоўцы збожжа «Амкадор-Агідэль», у Краснадарскім краі пачала працаваць зборачная вытворчасць камбайнаў, у Маскве адкрыты гандлёвы дом «Інтэграл», — адзначыў Аляксандр Агароднікаў.

Паводле яго слоў, разглядаюцца варыянты лакалізацыі тэхнікі па сельскагаспадарчай наменклатуры ў Татарстане і Башкартастане, у Ліпецкай, а таксама Чалябінскай абласцях. МАЗ працягвае ва ўзаемадзеянні з Уфімскім трамвайна-тралейбусным заводам рэалізацыю кааперацыйнага праекта па зборцы тралейбусаў. Развіваюцца кааперацыйныя праекты па зборцы спецыяльнай тэхнікі на базе шасі МА3 у рэгіёнах Расіі. Дзейнічае 25 практычных пагадненняў, яшчэ частка — у прапрацоўцы. Напрыклад, «Белкамунмаш» развівае вытворчыя пляцоўкі: у Новасібірску — «БКМ Сібір» і СП «Ніжэкатранс» — у Ніжнім Ноўгарадзе.

«Станоўча ацэньваецца работа па адкрыцці ў Расійскай Федэрацыі навучальных класаў, дзе рыхтуюць спецыялістаў сэрвіснага абслугоўвання беларускай тэхнікі. „Гомсельмашам“ адкрыта шэсць навучальных класаў, „БелАЗам“ — 10, МТ3 — 26», — паведаміў першы намеснік міністра.

Мультыбрэндавыя цэнтры беларускай тэхнікі ў краінах далёкага замежжа Аляксандр Агароднікаў падчас выніковай калегіі ведамства адзначыў, што ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы і ўрада ў 2023 годзе прынята да рэалізацыі канцэпцыя стварэння ў рэгіёнах Расіі адзіных мультыбрэндавых цэнтраў продажаў і сэрвіснага абслугоўвання беларускай тэхнікі.

«Рашэнне аб стварэнні такіх цэнтраў прадыктавана неабходнасцю ўтрымання пазіцый на асноўным для прадпрыемстваў Мінпрама рынку, павышэння эфектыўнасці каналаў размеркавання прадукцыі, выключэння ў ланцужку рэалізацыі пасрэдніцкіх структур і зацвярджэння спажыўцам цэн, максімальна прыраўнаваных да цэн заводаў-вытворцаў», — адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, ідзе актыўная работа па стварэнні мультыбрэндавых цэнтраў у Рэспубліцы Татарстан, Новасібірскай вобласці, Прыморскім краі, Кемераўскай, Растоўскай абласцях, Краснадарскім і Стаўрапальскім краях, Санкт-Пецярбургу.

«Стварэнне цэнтраў праводзіцца пад кіраўніцтвам МТЗ, МАЗ і БелАЗ. У далейшым практыка будзе распаўсюджана і на іншыя прадпрыемствы. Будуць задзейнічаны практычна ўсе прадпрыемствы галіны, — адзначыў першы намеснік міністра. — Разглядаем неабходнасць прымянення такой практыкі і ў краінах далёкага замежжа».

«Адзін раён — адзін праект»

Начальнік упраўлення інвестыцый Міністэрства прамысловасці Дзмітрый Рукшын падчас выніковай калегіі ведамства адзначыў, што ў 2023 годзе арганізацыямі Мінпрама ажыццяўлялася рэалізацыя 26 імпартазамяшчальных праектаў з агульным аб’ёмам фінансавання 2,47 мільярда рублёў. «Па выніках мінулага года на дадзеную групу праектаў накіравана 194,46 мільёна рублёў, створана 60 працоўных месцаў», — сказаў Дзмітрый Рукшын.

Таксама ён распавёў аб праектах, якія рэалізоўваюцца ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках па прынцыпе «Адзін раён — адзін праект». «Усяго ў 2023 годзе ажыццяўлялася 20 такіх праектаў з агульным аб’ёмам фінансавання каля 837 мільёнаў рублёў. На іх рэалізацыю накіравана крыху больш за 61 мільён рублёў, створана 54 працоўныя месцы», — адзначыў начальнік упраўлення інвестыцый Мінпрама.

У рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на бягучую пяцігодку рэалізуюцца 22 інавацыйныя праекты з агульным аб’ёмам фінансавання больш за 613 мільёнаў рублёў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.