Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Няма тых вышынь, якіх не дасягнулі б беларускі!


Больш за 170 тысяч жанчын, якія займаюцца палітыкай, выхоўваюць і вучаць дзяцей, ратуюць людзей, адказваюць за эканоміку, забяспечваюць бяспеку, пішуць кнігі, кормяць усю краіну, ствараюць творы мастацтва, клапоцяцца аб жывёлах і робяць усё, што толькі магчыма. Шэраг рэспубліканскіх акцый, накіраваных на захаванне традыцыйных каштоўнасцей беларусаў, сотні дабрачынных мерапрыемстваў і тысячы карысных сустрэч. Грамадскае аб’яднанне Беларускі саюз жанчын сёння — маладая квітнеючая арганізацыя, якая займаецца стваральнай працай. З яе найлепшымі прадстаўніцамі з усёй краіны сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 


Свята 8 сакавіка стала сапраўды ўсенародным

Аляксандр Лукашэнка адразу падкрэсліў, што гатовы да шчырай і адкрытай размовы. «Гэта не проста заява. Вы ведаеце нашу сістэму ўлады, калі аб нечым дамовімся, гэта абавязкова будзе рэалізавана ў нашай краіне. Таму наша сённяшняя сустрэча, магчыма, дзесьці будзе вызначальнай», — сказаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што першыя хвіліны сустрэчы (прысутныя жанчыны шчыра віталі кіраўніка дзяржавы) яго нават сканфузілі: «Я, вядома, разумею, што жанчыны да мяне добра ставяцца, таму што я ваш самы заўзяты прыхільнік і чалавек далёка не ідэальны, але выключна адданы жанчыне. Лічу, што наша прырода нічога больш дасканалага не стварыла, чым жанчыну. Гэта маё цвёрдае перакананне». Таксама Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў свой час узначальваў арганізацыю, дзе было 1200 жанчын. Ён адзначыў адданасць і шчырасць жанчын. 

«Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я думаў: а чаму вы да гэтага часу не сталі партыяй? Не-не, я вас не штурхаю да гэтага. Вы ведаеце маё стаўленне да партыйнага будаўніцтва: усё павінна быць натуральна, усё павінна саспець. Ніякіх там праўладных і іншых партый — партыі павінны выкрышталізоўвацца самі, калі мы сапраўды жадаем, каб у будучыні ў нас былі сапраўдныя партыі. — заўважыў Прэзідэнт. — Мне здаецца, калі б жаночая партыя была ў нас, ёй проста б сапернікаў не было. Роўных проста б не было. Я гэта шчыра гавару. А ў той жа час падумаў: а, у прынцыпе, навошта, калі людзі не вельмі ўспрымаюць партыі. Вы і так аказваеце каласальны ўплыў, удзельнічаеце ва ўсіх палітычных і іншых працэсах». 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на працягу многіх гадоў у Беларусі захоўваецца традыцыя віншаваць нашых любімых, моцных, мужных, прыгожых, надзейных, у першыя дні вясны. «Свята 8 сакавіка стала для нас сапраўды ўсенародным, — адзначыў ён. — Гэта не толькі магчымасць павіншаваць жанчын і падзякаваць ім за разуменне і адданасць, дабрыню і чуласць. Гэта яшчэ адна нагода задумацца аб іх ролі ў грамадстве, адказаць на пытанні, ці ўсё мы зрабілі, каб нашы маці і жонкі, сёстры і дочкі былі шчаслівыя, і што яшчэ трэба зрабіць, каб любімая Беларусь была прыгажэйшай і магла адпавядаць прыгажосці нашай жанчыны».

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што прыгажэйшых за беларускіх жанчын няма у свеце. Ён расказаў, што за гады прэзідэнтсва бачыў шмат жанчын на розных кантынентах, але беларускія жанчыны — найлепшыя і напрыгажэйшыя. «Гэта маё перакананне па жыцці», — сказаў ён. 

Прэзідэнт расказаў, што прыняў запрашэнне Беларускага саюза жанчын паразмаўляць на важныя тэмы напярэдадні 8 Сакавік, бо менавіта жанчыны, якія прысутнічалі ў зале, і яшчэ 170 тысяч актыву БСЖ, па яго словах, асабліва востра адчуваюць адказнасць за лёс сваёй краіны, хвалююцца за яе будучыню. «Гэта бясспрэчна. Вы тут на першым месцы. Вы і толькі вы з’яўляецеся ў аванградзе гэтага патрыятычнага руху. Менавіта вы любіце так сваю краіну, Радзіму, як ніхто іншы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэтаму ёсць адпаведнае тлумачэнне: «Будучыня любой краіны ў моладзі, і ў дзецях. Таму вы хочаце, каб у нас было ціха, спакойна і наша краіна квітнела. Будучыня дзяржавы — гэта будучыня нашых дзетак. Таму так важны ваш жаночы погляд на развіццё грамадства». 

Стаўленне да жанчыны ў нашым грамадстве асаблівае 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларускі саюз жанчын — аднагодак незалежнасці. Ён расказаў, што памятае першую сустрэчу ў 1996 годзе, калі адкрывалі сталічны Цэнтр сацыяльнай падтрымкі Беларускага саюза жанчын. Пасля чаго такія ўстановы былі створаны па ўсёй краіне. І падобных ініцыятыў за гэтыя гады было нямала. Саюз развіваўся і сталеў разам з нашай дзяржаўнасцю. «Жаночы рух за параўнальна кароткі час дадаў, стаў той сілай, з якой нельга не лічыцца. Вы былі і застаецеся адным са слупоў грамадзянскай супольнасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, вынікі мінулай выбарчай кампаніі — таму пацверджанне: жанчыны складаюць трэць дэпутатаў Парламента, а тысячы прадстаўніц прыгожага полу абраныя ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. «Многія сёння тут, у гэтай зале. І я вас віншую з гэтым даверам нашага народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашнаданнем канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу ўзрос і статус БСЖ. Саюз атрымаў права дэлегаваць у склад ВНС сваіх лепшых прадстаўнікоў. 

«Стаўленне да жанчыны ў нашым грамадстве асаблівае. Гэтаму ёсць тлумачэнне. Яно з нашай гісторыі. Беларуская жанчына нароўні з мужчынамі падзяліла цяжар ваеннага перыяду. Ратавала параненых на полі бою, працавала ў тыле, аказвала дапамогу партызанскаму руху, у падпольным руху ўдзельнічала. Ёй выпала нялёгкая доля аднаўлення рэспублікі ў пасляваенныя гады. Страціўшы на фронце мужоў, бацькоў, сыноў, нашы бабулі і маці знайшлі ў сабе сілы адрадзіць краіну нанова. І трэба мець на ўвазе, што на гэтым кавалку зямлі, дзе размешчана наша Беларусь, увогуле мужыкоў не засталося: усе былі знішчаны, ці на фронце, ці ў партызанах, ці ў падполлі. І наша зямля, палітая потам і крывёю вашых папярэдніц, жанчын. Калі зноў стала пытанне захавання дзяржавы, вы, знешне такія пяшчтоныя, далікатныя і ранімыя, аказаліся цвярдзейшыя за сталь. І ў гэтым былі прыкладам для нас, мужчын. Мы проста не мелі права быць слабейшымі, не маглі здрадзіць вам. Дзякуючы чаму выстаялі і разам перамаглі. Дзякуючы гэтаму, мы і ёсць, мужыкі», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тэлепраект БСЖ «Беларуская Super — жанчына», прысвечаны найлепшым прадстаўніцам гэтай грамадскай арганізацыі. «Беларускія жанчыны — сапраўдныя працаўніцы. Вы ўносіце значны ўклад у эканоміку краіны, рэалізуеце сябе ва ўсіх галінах, у тым ліку ў высокатэхналагічных і інавацыйных сектарах. Няма тых вышынь, якіх не дасягнулі б беларускі! Ужо зусім хутка наша суайчынніца адправіцца ў космас. Ёсць вобласці, дзе мужчынам складана, а часам і немагчыма перасягнуць жанчын. Без вашага дзейнага ўдзелу было б проста немагчымым развіццё найважнейшых для грамадства сфер — медыцыны і адукацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, жанчына — гэта найлепшы доктар, бо лячэнне, гэта не толькі скальпель і лекі, а ў першую чаргу пяшчотныя вочы жанчыны, у тым ліку калі прыходзіш да ўрача. 

«Нашы жанчыны-творцы не толькі вырашаюць паўсядзённыя задачы, але і спраўляюцца з буйнымі праектамі, ініцыююць і ўвасабляюць у жыццё новыя ідэі. Жанчыны іграюць важную ролю ва ўмацаванні міру і бяспекі (калі б не вы, мужыкі б ужо даўно ваяваць пачалі, у тым ліку ў Беларусі), міжнацыянальнага і міжканфесійнага дыялогу. Я казаў і яшчэ раз паўтару: вы — наша самая эфектыўная дыпламатычная зброя!». — заявіў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ганарыцца тым, што ў Беларусі многія жанчыны займаюць высокія пасады ў дзяржаўных органах, грамадскіх арганізацыях, кіруюць прадпрыемствамі. І на кожным участку даказваюць сваю кампетэнтнасць, — прафесіяналізм і адданасць Радзіме. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што вельмі радуецца, калі жанчына кіруе вялікай арганізацыяй, і ставіцца да такіх жанчын з павагай. «І вельмі шкадую, таму што на яе плечы кладзецца цяжкая праца. Розныя, вядома, ёсць людзі, але я ўпэўнены: у пераважнай большасці жанчына не здрадзіць і не будзе займацца тым, чым мужыкі часам займаюцца, а потым ідуць сядзець. Вось карупцыянераў сярод жанчын практычна няма. Таму мая празмерная павага, рэспект і давер вам, жанчынам», — адзначыў ён. Таму, па словах Прэзідэнта, усе размовы аб гендэрнай няроўнасці для нас неактуальныя. «Становішча жанчыны ў беларускім грамадстве вызначаецца яе прафесіяналізмам, адукаванасцю, павагай і чулымі адносінамі з боку мужчын. І дзяржава для гэтага стварае адпаведныя ўмовы», — падсумаваў беларускі лідар.

Баланс працоўных і сямейных абавязкаў, стварэнне максімальна камфортных умоў для рэалізацыі сябе і ў кар’еры, і ў ганаровым статусе мамы — адна з прыярытэтных задач, звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што жанчынам прадстаўлена права працаваць няпоўны працоўны час, па гнуткім графіку або дыстанцыйна, напрыклад, дома. «Цяпер вы можаце зарабляць і вырашаць хатнія справы, не марнуючы час на дарогу ў офіс. І гэта толькі пачатак, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэба паглядзець на рэжым работы дзіцячых садоў і падстроіцца пад бацькоў. І падчас вучобы ў школе, асабліва пачатковай, вы павінны быць упэўнены, што дзеці будуць пад наглядам педагогаў да вечара, калі ў гэтым ёсць патрэба». 

«Нараджайце і гадуйце дзяцей. А мір і дабрабыт мы забяспечым»

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сапраўднае прызначэнне жанчыны на зямлі — мацярынства. «Якія б там ні былі „ружовыя“, рознакаляровыя і іншыя на Захадзе (гэтая хваля, можа, ужо і да нас рухаецца, на жаль), акрамя жанчыны, сапраўднага спадчынніка для нас нарадзіць ніхто не зможа. Жанчына-маці не толькі захавальніца сямейнага ачага, але і традыцыйных асноў нашага грамадства. Выхоўваючы дзяцей патрыётамі, вы ўмацоўваеце дзяржаву, закладваеце надзейны фундамент будучыні Беларусі. Нараджайце, гадуйце, беражыце сваіх дзяцей. А мір і дабрабыт мы пастараемся, мы абавязаны вам забяспечыць», — запэўніў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы ведае, што ўсіх маці і тых, хто рыхтуецца імі стаць, хвалюе пытанне, ці будзе дзяржава і надалей падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. «Вы правільна адчуваеце сутнасць гэтага пытання — гэта вельмі нятанная справа. Мы самая-самая сацыяльная дзяржава. У нас, мусіць, не дзясяткі, а сотні льгот для насельніцтва і першым чынам для жанчын. Сямейны капітал — гэта мільёны долараў. Таму вы тонка адчуваеце: а ці вытрымае дзяржава, ці зможа яна? Смею запэўніць: пры любых умовах і абставінах дзяржава будзе несці гэту нагрузку. У поўным аб’ёме, і, калі трэба, па-за межамі гэтых аб’ёмаў. Будуць выплачвацца з тэндэнцыяй да росту дзіцячыя дапамогі, ніхто не замахваецца на водпускі па догляду дзіцяці, мы адшукаем патрэбныя сродкі, каб дзіцячая медыцына ішла ў нагу з сусветнай (мы блізкія да гэтага), а дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры былі ўзорам для пераймання», — запэўніў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што дапамога дзяржавы вельмі важная для кожнай жанчыны, але не менш важная і падтрымка мужчыны. Таму што мужчына ў сям’і — гэта не толькі матэрыяльнае забеспячэнне, але ў першую чаргу надзейнае плячо ў хатніх абавязках. «Прывучайце да гэтага мужыкоў паціху. Штодзённа і штогадзінна, каб яны ўдзельнічалі ў выхаванні дзяцей, не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак», — параіў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што па прапанове жанчын устаноўлены новы святочны дзень — Дзень бацькі (21 кастрычніка). «Ён натуральным чынам увайшоў у наша жыццё. І гэта яшчэ адно пацверджанне, што мы ўсё робім правільна». — падсумаваў беларускі лідар. 

Жаночае здароўе і прапаганда сям’і з дзецьмі 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі ўжо Беларускі саюз жанчын запрасіў яго на сур’ёзную размову, то ён хацеў бы прасіць БСЖ узяць пад свой мацярынскі кантроль шэраг найважнейшых для нашага грамадства пытанняў.

Найперш — жаночае здароўе. «Слоган аднаго з праектаў БСЖ „Здароўе жанчыны — здароўе нацыі“- гэта праўда. Наша краіна прымае беспрэцэдэнтныя меры па ахове мацярынства і дзяцінства, суправаджэнні жанчыны падчас цяжарнасці, прадугледжаны бясплатнае прадастаўленне працэдуры ЭКА, штогадовая дыспансерызацыя. Але ўсе меры дзяржавы дарэмныя, калі жанчына сама не будзе беражліва адносіцца да свайго здароўя», — сказаў Прэзідэнт. Ён папрасіў жанчын, як бы ні было складана, якая б ні была занятасць, знаходзіць час на прабежку, расцяжку, прагулку, каб адчуваць сябе здаровым чалавекам. 

Другое — прапаганда сям’і з дзецьмі. Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларускі саюз жанчын павінен стаць сцяной на шляху прасоўвання ў грамадстве розных сучасных вычварэнняў. «Толькі жанчына, якая зведала радасць мацярынства, ведае, што гэта і ёсць сапраўдны сэнс жыцця. Яго не заменяць ні прэстыжныя пасады, ні заморскія курорты. У дзецях — ваш працяг», — канстатаваў ён. 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ папрасіў жанчын заставацца для мужчын надзейным тылам. «Каб мы, гледзячы на вас, вар’яцелі. І больш нічога не трэба. Мы ўсё потым зробім. Мы зробім усё для таго, каб Беларусь у гэты складаны час не проста выстаяла, але і выйшла з усіх выпрабаванняў мацнейшай, развітой і загартаванай», — канстатаваў ён. 

Шчасце жанчыны — самая вялікая каштоўнасць

Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўсе часы матчына ласка і жаночае каханне захоўвалі Беларусь, засцерагалі ад нягод, лячылі параненыя сэрцы, давалі сэнс жыцця і сілы ў барацьбе ў імя Айчыны. «Калі шчыра, то ўсе мы, мужыкі, жывём, ў імя і дзеля вас. Вы — наша Радзіма, наш патрыятызм, вы — наша Айчына. І дазвольце падзякаваць вам за ўклад ва ўмацаванне сям’і і сямейных каштоўнасцяў, за штодзённую працу, міласэрнасць і дабрыню! Няхай кожная з вас, прымудроная досведам або толькі пачынаючы свой жыццёвы шлях, будзе шчаслівая. Шчасце жанчыны — самая вялікая каштоўнасць. Бо шчасце жанчыны — яно вялізнае, яно ўсёабдымнае, пачынаючы ад нашых малышоў і заканчваючы нашай краінай. Няхай у вашых дамах заўсёды пануюць свет, любоў і самае галоўнае — дзіцячы смех. І пажадана, не аднаго дзіцяткі... ну, траіх... Вось адзінае, што я прашу ад вас», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да жанчын, прысутных у зале: «Вы ж не за грошы, бясплатна, нясеце гэты патрыятызм. Вы ўсіх нас, і асабліва моладзь, дзяцей, выхоўваеце ў гэтым рэчышчы. Вось гэтая бескарыслівасць дарагога варта. Я хачу вам за гэта падзякаваць. 

На сустрэчы прысутнічалі жанчыны, якія ўжо атрымалі падарункі да 8 сакавіка. І падарункі непаўторныя. 15 жанчын атрылі дзяржаўныя ўзнагароды з рук Прэзідэнта. Ордэн маці атрымалі жанчыны, якія займаюцца рознай справай. Напрыклад Ганна Гарбакова — хатняя гаспадыня, а Дар’я Леановіч — медыцынская сястра, Марына Цітко — прадавец. Але ў іх удаецца сумяшчаць працу і сям’ю. Некаторыя маці, выхоўваюць дзяцей дома і на працы. Надзея Дзянішчыц, Святлана Зуева, Ірына Курбан працуюць у дзіцячых садках. Беларускія жанчыны ўмеюць будаваць добрую кар’еру. Медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны начальнік галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці Вольга Вілаўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага індустрыяльнага каледжа Наталля Волкава, прафесар кафедры эканамічнай тэорыі Беларуская дзяржаўнай сельагасакадэміі Ларыса Пакуш. Медаль з рук Прэзідэнта атрымалі і намеснік дырэктара — кіраўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Алена Сямашка і загадчыца клініка-біяхімічнай лабараторыі галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскаг цэнтра Узброеных Сіл Таццяна Чырыкава. Беларускім жанчынам няма роўных у справах гуманітарнай накіраванасці. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны галоўны балетмейстар трупы Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных сіл Анжэла Андрачык, дырэктар пачатковай школы № 7 горада Брэста Ганна Амельянчук, дырэктар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка» горада Мінска Святлана Шматгароўская. Ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» прысвоена настаўніцы рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Інне Віннік. 

Прэзідэнт заўважыў: «Заўсёды гэта такі нялёгкі пратакольны абавязак. Але сёння я атрымаў сапраўднае задавальненне, узнагароджваючы выключна жанчын».

Няма больш важнага пытання, чым прырост насельніцтва

Падчас сустрэчы актывісткі БСЖ скарысталіся магчымасцю задаць Прэзідэнту пытанні, якія хвалююць многіх беларускіх жанчын, агучыць свае прапановы. Аляксандр Лукашэнка сам папрасіў задаваць яму самыя розныя пытанні, прама і не саромеючыся. «Мяне шкадаваць не трэба», — параіў ён. 

Першае пытанне — філасофскае. Інжынер-праграміст з Ваўкавыска, спытала ў кіраўніка дзяржавы, якой, на яго думку, павінна быць жанчына: эканомнай гаспадыняй, захавальніцай хатняга ачага і сціплай у запытах або жыць тут і цяпер. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў беларускай жанчыны ўсе збалансавана: яна ўмее назапашваць і ўмее своечасова патраціць. «Трэба жыць тут і цяпер, зазіраючы ў будучыню», — даў параду ён. «Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч. Гэта кіраўніцтва да дзеяння. Хто як мы не мы, жанчыны», — адрэагавала старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.

Прадстаўніца Столінскага раёна, дзе жыве больш за дзве тысячы шматдзетных сямей, задала Прэзідэнту пытанне, актульнае для многіх жанчын. Яна спытала наконт прадаўжэння праграмы сямейнага капіталу, якая паказала сваю эфектыўнасць. З тым, што праграма эфектыўная, пагадзіўся і кіраўнік дзяржавы. І ў пацверджанне прывёў лічбы. Калі праграма ўводзілася, у краіне было 63 тысячы шматдзетных сямей, зараз гэты паказчык вырас да 120 тысяч. Па яго словах, з дапамогай гэтай праграмы вырашаецца важнейшае пытанне. 

«Няма больш важнага пытання, чым прырост насельніцтва. У нас з гэтым праблемы. Я часта кажу, 15, а то і 20 мільёнаў наша Беларусь з нашымі працаздольнымі людзьмі, з нашымі рэсурсамі, магла б пракарміць, улічваючы наша геапалітычнае становішча. Нам трэба разгарнуць тэндэнцыю да нараджальнасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што адно дзіця ў сям’і — гэта вельмі мала, іх павінна быць мінімум трое. Таму, паводле беларускага лідара, сёння трэба ўсё зрабіць для падтрымкі шматдзетных сем’яў. Адна з самых вострых праблем — жыллё — ужо вырашана. «Шматдзетная сям’я і жыллё — гэта галоўнае. Калі ёсць дом, значыць, ёсць і сям’я», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Аналагічным чынам вырашаецца пытанне з прадастаўленнем жылля вайскоўцам. «Мы павінны, як бы ні было складана, вырашыць праблему жылля для вайскоўцаў. На працягу двух гадоў (я паабяцаў ваенным) мы гэту праблему знімем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца сямейнага капіталу, то Прэзідэнт адзначыў, што з задавальненнем прыме рашэнне аб прадаўжэнні праграмы сямейнага капіталу. «Адзінае, каб гэтыя грошы паступалі каму трэба», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што грошы, якія выдзяляюцца на дзяцей, павінны і расходавацца на дзяцей. Ён прывёў прыклад са сваёй практыкі, калі даводзілася карміць і апранаць дзяцей нядбайных бацькоў. «Сямейны капітал мы захаваем. Гэта, па-першае, адукацыя, па-другое, здароўе, па-трэцяе, жыллё. Я з гэтага зыходзіў. І хацеў бы, каб гэтыя грошы былі патрачаны менавіта на гэта. Але больш за ўсё на адукацыю, каб дзеці мелі перспектыву ў гэтым жыцці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская запэўніла, што Беларускі саюз жанчын будзе па меры магчымасцей кантраляваць, як выкарыстоўваецца сямейны капітал у праблемных сем’ях і ўдзяляць ім больш увагі. «Вазьміце, калі ласка, на кантроль і дзейнічайце. Трэба абараніць нашых дзяцей», — сказаў Прэзідэнт.

Студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта спытала, якой Прэзідэнт бачыць Беларусь 2035 года. Аляксандр Лукашэнка нагадаў усім вядомы тэзіс, што для беларусаў галоўнае, каб быў мір і спакой. Калі гэта будзе, то і ў Беларусі 2035 года будзе ўсё добра «Калі гэтага не будзе — не будзе ні пенсій, ні аховы здароўя, і дзяцей не будуць нараджаць. Жанчыне трэба стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні. Тады яна будзе нараджаць. Гэта самая галоўная ўмова. А цяжкасці мы пераадолеем», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. 

Кажучы пра будучыню дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка быў вельмі шчырым. «Я разумею, што такое Прэзідэнт для Беларусі, пры такой уладзе. Вы адчуваеце небяспеку. Жанчына сапраўды адчувае. Можа, перабіраеце крыху: маўляў, ніхто нас не абароніць акрамя яго. Да не, людзей моцных дастаткова. Але праблема ў тым, што мы іх часам не бачым. Мы бачым рэальна, калі хтосьці можа абараніць. Паверце, гэта цяжкая ноша Недзе ёсць гэтыя людзі. Але яны павінны выйсці на паверхню. Вы павінны ўбачыць свайго чалавека, які вас можа абараніць і не пашкадуе свайго жыцця, як бы гэта пафасна ні гучала», — сказаў ён. 

У адзіны дзень галасавання журналісты спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі спыталі, ці будзе ён удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Тады ён адказаў станоўча. «Гэта не азначае, што я прыняў рашэнне. Я проста хацеў сказаць: „ды пайду, супакойцеся“. Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў. А калі аб’явіцца чалавек, якому мы можам даверыць... Але ўсякае можа быць. Таму мы стварылі УНС, каб вы ведалі. Не для Лукашэнкі. Гэта найскладайнейшая праца,- заявіў беларускі лідар. — Але гэта маё жыццё. У мяне няма іншага жыцця, акрамя вас. Але тым не менш, вы павінны разумець, я не вечны. Вы будзеце жыць пры новым прэзідэнце. І гэта вялікая мая задача. Я хачу, каб наша рэспубліка жыла ціха, спакойна і мы жылі на сваёй зямлі і развіваліся».

Нішто не заменіць жывое слова

Уздымалася таксама пытанне прасоўванне лічбавых тэханалогій, штучнага інтэлекту ў наша жыццё. Жанчын цікавіла, як існаваць у гэтых умовах. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь у плане лічбавізацыі — у авангардзе: шмат гадоў існуе Парк высокіх тэхнлогій, на айчынных прадпрыемствах ствараюцца беспілотныя аўтамабілі, тэсціруюцца новыя мадэлі. Прэзідэнт заўважыў, што ад лічбавых тэхналогій, штучнага інтэлекту сёння нікуды не падзецца, гэта даніна часу і трэба ёй адпавядаць. «Гэта вялікая выгада, вялікая карысць. Гэта шмат у чым разгружае чалавека. Але, мусіць, яшчэ больш прыносіць бяды ў наша жыццё. Калі мы гэтым ня будзем займацца, будуць займацца іншыя. Мы адстанем, нас затопчуць. Але мы заўсёды павінны дакладна разумець, як гэтаму супрацьстаяць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, лічбавізацыя, камп’ютарызацыя — гэта памочнікі сучаснага чалавека. Але яны ніколі не заменяць жывое слова, жывыя зносіны паміж людзьмі.

Шматдзетная маці Інга Станкевіч, якая жыве ў вёсцы і зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, падзякавала Аляксандру Лукашэнку за падтрымку на дзяржаўным узроўні шматдзетных сем’яў. Яна расказала, што яе сям’я — фіналіст рэспубліканскага конкурса «Сям’я года». Па словах Інгі, такія конкурсы згуртоўваюць сем’і, садзейнічаюць захаванні сямейных каштоўнасцей. Інга таксама падзякавала кіраўніку дзяржавы за тое, што сёння жыццё ў сельскай мясцовасці насычанае і камфортнае для маладых сем’яў. «Вельмі важная рыса Прэзідэнта, калі ён з высокіх дыпламатычных трыбун можа паглядзець на зямлю. Але гэта трэба ведаць — зямное», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ў сёння ў краіне шмат закінутых вёсак. Кіраўнік дзяржавы заклікаў усіх за зусім невялікія грошы купіць сабе кавалак зямлі ў самым цэнтры Еўропы. Тым больш што на дзяржаўным узроўні прынята рашэнне аб магчымасці купляць за мінімальныя сродкі пакінутыя ў вёсках дамы, каб гэтыя ўчасткі атрымалі новае жыццё. На гэтых участках можна зрабіць дачу. «Дзяцей туды прывязі, няхай басанож паходзяць па зямлі. Чалавек іншы, калі па зямлі басанож ходзіць, па траве. Гэта для здароўя чалавека. Але не ўсе гэта пачулі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Пабольш бы такіх людзей было, якія імкнуцца ўзяць сваё». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, магчымасцю набыць участкі ў Беларусі, дзе можна адпачыць ад шуму і мітусні, актыўна карыстаюцца жыхары іншых краін. Варта падключыцца і беларусам. «Займіце сабе кавалак зямлі, які застанецца вам і вашым дзецям», — параіў кіраўнік дзяржавы. 

Усё ідзе ад сям’і

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў, што БСЖ сёння павінен стаць сцяной на шляху прасоўвання ў грамадства розных сучасных вычварэнняў. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага гарвыканкама Іна Караткевіч спытала, як засцерагчы моладзь ад такіх праяў як чайлдфры ці нетрадыцыйныя адносіны. «Трэба нараджаць, нараджаць і яшчэ раз нараджаць, і арыентаваць на гэта дзяцей... Жанчыны могуць гэтую праблему вырашыць», — адказаў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што прапаганды нетрадыцыйных адносін у беларускім грамадстве не будзе. «Мы павінны перш за ўсё ў нашым грамадстве спарадзіць тэндэнцыю неўспрымання. Калі нашы дзеці будуць жыць у шматдзетнай (ці хаця б двое дзетак) сям’і, бацькі будуць кожны раз казаць пра сям’ю, пра ўзаемаадносіны... Усё ў сям’і», — канстатаваў беларускі лідар. 

У працяг тэмы ў Прэзідэнта спыталі ці ёсць неабходнасць у тым, каб рыхтаваць дзяцей да сямейнага жыцця не толькі на факультатыўных занятках, але і распрацаваць вучэбную праграму, накіраваную на фарміраванне ў падлеткаў культуры сямейнага жыцця, падрыхтоўку да шлюбу, адказнага бацькоўства. Па словах кіраўніка дзяржавы, усе сямейныя і традыцыйныя каштоўнасці павінны закладвацца найперш у сям’і. Традыцыйныя каштоўнасці павінны быць ладам жыцця сямей. Што тычыцца школ, то з іх гэта, на жаль, знікла. Таму Прэзідэнт не супраць, калі будзе выпрацавана нейкая праграма пра сямейныя каштоўнасці і падрыхтоўку да сямейнага жыцця. «Толькі я вас прашу, не спадзявайцеся, што мы ў школе павялічым колькасць гадзін. Я прыхільнік таго, каб у суботу дзеці адпачывалі. Нельга дзяцей перагружаць», — папярэдзіў ён.


На памяць аб сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын Прэзідэнту падарылі пано «Мой старажытны Полацк». Яно выканана ў тэхніцы лапікавага шыцця, аднаго з найстаражытных традыцыйных рамёстваў. Унікальнасць тэхнікі ў тым, што работа выконваецца з кавалачкаў тканіны, якія замацоўваюцца аздобнымі радкамі. У выніку атрымліваецца цэласная мастацкая выява. Полацкія майстры аднымі з першых засвоілі гэта народнае рамёства. На пано прадстаўлены куток старажытнага Полацка зімой. Выява самабытнай архітэктуры спалучаецца з велічнымі вежамі Сафійскага сабора, што надае карцінет асаблівы культуралагічны сэнс. Старажытны Полацак — цэнтр беларускай дзяржаўнасці. Менавіта тут тысячу гадоў таму прападобная Еўфрасіння Полацкая паклала пачатак жаночаму руху на беларускіх землях, выбраўшы шлях самаадданага служэння Радзіме і людзям, стаўшы прыкладам для ўсіх беларускіх жанчын. Аўтар пано — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Святлана Балтрушэвіч.

У тэму

Калі ў жанчыны ёсць жаданне — яна здольная на многае

Актывісткі Беларускага саюза жанчын ведаюць, што немагчымае магчыма

Для многіх актывістак Беларускага саюза жанчын сустрэча з Прэзідэнтам стала падзеяй незвычайнай. Як прызнаваліся некаторыя з іх, нават уявіць не маглі, што простыя жанчыны, з невялікіх гарадоў могуць асабіста задаць пытанне кіраўніку дзяржавы і выказаць свае прапановы. 

Па словах старшыні грамадскага аб’ядання Вольгі Шпілеўскай, дзіўнага тут няма. У размове з журналістамі яна падкрэсліла, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы, каб жанчына рэалізавала сябе. «Беларуская жанчына (не стамлюся гэта казаць) — самая сапраўдная жанчына. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб жанчына адчувала сябе жанчынай, каб мы спакойна жылі, рэалізоўвалі сябе як маці, жонкі і ў той жа час маглі ўдала пабудаваць сваю кар’еру. Таму сапраўдная беларуская жанчына здольная на ўсё, але галоўнае яе прызначэнне — гэта, вядома, сям’я, дзеці і тыл для нашых мужчын», — сказала яна. 

Намеснік начальніка ўпраўлення па рэгістры насельніцтва і лічбавізацыі Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Інна Ляліна адзначыла, што беларуская жанчына — моцная і здольная на ўсё. Па яе словах, мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы — таму пацверджанне. «Калі жанчына хоча рэалізавацца, то ў нашай краіне для гэтага створаны ўсе ўмовы. Калі ў жанчыны ёсць жаданне — яна здольная на многае», — адзначыла яна. 

Валянціна Багатырова, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава расказала, што Беларускі саюз жанчын прыцягвае студэнтак універсітэта, ім цікава гэта дзейнасць. «Вельмі знакавым я лічу наш праект „Віртуальны музей маці“. Гэта жывы праект, сфарміраваны сіламі маладзёжнага крыла БСЖ. Не так шмат сучасных маладых людзей, якія пойдуць у музей. А віртуальны музей — гэта магчымасць паглядзець на лёсы і прыклады цікавых жанчын, ролю якіх немагчыма пераацаніць. Прыклад нашых знакамітых суайчынніц натхняе нашых маладых беларусак», — расказала яна. Валянціна Багатырова падкрэсліла, што Беларускі саюз жанчын — гэта і выдатная пляцоўка для жывых зносін, для сяброўства, перадачы вопыту малодшаму пакаленню ад старэйшага. Па яе словах, гэта самае каштоўнае.

Ярына Парфіяновіч ужо 30 гадоў займаецца фермерскай справай. Для таго, каб людзям у вёсцы жылося лепей, прымае актыўны ўдзел у дзейнасці Беларускага саюза жанчын — разам з аднадумцамі арганізоўвае розныя мерапрыемствы, калі трэба дапамагае землякам. «У Беларускім саюзе жанчын я гадоў 25. Для мяне гэта вельмі важна. Бо мы, беларускія жанчыны, вельмі многае можам. Ад нас залежыць выхаванне дзяцей, надвор’е ў доме, парадак у краіне. І мы павінны несці гэта ў масы», — падзялілася яна. Ярына Фёдараўна расказала, што калі засноўвала сваю фермерскую гаспадарку, хвалялася, што з-за працы застанецца па-за грамадскай дзейнасцю. Але, дязкуючы БСЖ, хваляванні не апраўдаліся: «І я вельмі ўдзячна, што сёння мяне запрасілі на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы. Я ўдзельнічаю ў жыцці краіны і я адчуваю, што патрэбна краіне. Я ўжо даўно на пенсіі, але працую і буду працаваць, пакуль магу».

 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.